Пыха і перадузятасць  Джэйн Остэн

Пыха і перадузятасць

Джэйн Остэн
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 396с.
Мінск 2019
101.34 МБ
Ёй зрабілася вельмі сорамна. Яна не магла думаць ні пра Дарсі, ні пра Уікхэма, не ўсведамляючы, што была сляпой, небесстаронняй, перадузятай і проста бязглуздай.
— Як ганебна я паводзілася! — усклікнула яна. — А яшчэ ганарылася сваёй праніклівасцю! Цаніла сваю здагадлівасць! Глядзела звысоку на добразычлівасць сястры і патурала ўласнаму самалюбству, бессэнсоўна і неапраўдана ўсіх падазраючы. Якое прыніжальнае адкрыццё! Так, якое прыніжэнне! Нават калі б я закахалася, я ўсё адно б так жудасна не аслепла! Але гэта ўсё не праз каханне, а праз пыхлівасць. Задаволеная ў пачатку знаёмства ўвагай аднаго і абражаная абыякавасцю другога, я песціла бяздумную перадузятасць і адкідала разумныя довады ва ўсім, што тычылася іх абодвух. Як жа я сябе дагэтуль не ведала!
Пераходзячы ў думках ад сябе да Джэйн, ад Джэйн да Бінглі, яна неўзабаве вярнулася да тлумачэнняў містара Дарсі, якія спачатку падаліся ёй непераканаўчымі, і перачытала іх. Вынік аказаўся не такі, як пасля першага чытання. Як яна магла не давяраць яго сведчанням у адным пытанні, хоць была вымушаная давяраць у другім? Паводле яго словаў, ён зусім не падазраваў, што яе сястра моцна прывязалася да Бінглі, — і Элізабэт не магла не ўспомніць, што на гэты конт ду-
мала Шарлота. He магла яна і не пагадзіцца, піто ён правільна апісаў паводзіны Джэйн. Элізабэт зразумела, што, якімі б гарачымі ні былі пачуцці сястры, вонкава яны амаль не праяўляліся і што ўласцівая Джэйн нязменная лагоднасць у настроі і паводзінах нячаста спалучаецца з вялікай чуллівасцю.
Калі яна дайшла да месца ў лісце з балючымі і тым не менш заслужанымі папрокамі яе сям’і, яе сорам зрабіўся яшчэ мацнейшым. Іх справядлівасць занадта моцна яе ўразіла, каб яна магла іх адмаўляць: усе абставіны, на якія Дарсі спасылаўся і якія ўмацавалі яго пярэчанні супраць шлюбу, сапраўды мелі месца на нэзэрфілдскім балі і запомніліся яму наўрад ці лепш, чым ёй самой.
He прапусціла яна і тое месца, дзе ён іх з Джэйн пахваліў. Гэта змякчыла яе абурэнне паводзінамі ўласнай сям’і, але сцішыць яго не здолела. Яна зразумела, што ў расчараванні Джэйн вінаватыя яе найбліжэйшыя сваякі, і, падумаўшы, як цярпіць рэпутацыя іх абедзвюх ад непрыстойных манераў радні, адчула сябе такой няшчаснай, як ніколі раней.
Яна праблукала па сцяжынцы каля дзвюх гадзін, даўшы волю ўсім пачуццям: успамінала мінулыя здарэнні, узважвала наступствы, прывыкала, наколькі гэта было магчыма, да такіх нечаканых і істотных зменаў — але ўрэшце стамілася і ўспомніла, як доўга адсутнічае, а таму павярнула назад. У дом яна ўвайшла з намерам выглядаць такой жа вясёлай, як звычайна, і стрымліваць усе думкі, што перашкодзяць ёй удзельнічаць у размовах.
Ей адразу ж паведамілі, што пакуль яе не было, у дом святара па чарзе заходзілі абодва джэнтльмены зРозінгза. Містар Дарсі зазірнуўтолькі на некалькі хвілін развітацца, палкоўнік Фіцуільям жа праседзеў не менш за гадзіну, чакаючы, што яна вернецца, і ледзь не адправіўся шукаць яе. Элізабэт заставалася толькі
зрабіць выгляд, іпто яна засмуцілася, не сустрэўшыся з ім, хоць насамрэч яе гэта нават парадавала. Палкоўнік Фіцуільям яе больш не цікавіў — яна магла думаць толькі пра ліст.
Раздзел XXXVII
Абодва джэнтльмены наступным ранкам пакінулі Розінгз, і містар Колінз, які чакаў іх ля вартоўні, каб яшчэ раз засведчыць сваю павагу, прынёс дадому радасную вестку, што яны ад’язджаюць у добрым здароўі і не ў найгоршым настроі, наколькі гэта магчыма пасля такога нядаўняга і, несумненна, сумнага развітання са сваячкамі. Пасля ён адразу ж паспяшаўся ў Розінгз, каб суцешыць лэдзі Кэтрын і яе дачку, і, задаволены, вярнуўся дадому з пасланнем ад яе светласці: ёй так маркотна, што яна нецярпліва чакае іх усіх на абед.
Гледзячы на лэдзі Кэтрын, Элізабэт не магла адагнаць думку, што калі б яна захацела, яе цяпер прадстаўлялі б шаноўнай даме як будучую пляменніцу. Абурэнне яе светласці немагчыма было ўявіць без усмешкі. «Што б яна тады сказала? Як бы яна трымалася?» — такімі пытаннямі забаўляла сябе Элізабэт.
Спачатку размова вялася вакол змяншэння розінгзскага таварыства.
— Паверце мне, я адчуваю гэта асабліва востра, — сказала лэдзі Кэтрын. — He думаю, што хтосьці пакутуе ад разлукі з сябрамі гэтак жа глыбока, як я. А я ж так прывязаная да гэтых маладых людзей і ведаю, што яны не менш прывязаныя да мяне! Ім зусім не хацелася з’язджаць! I так заўсёды. Бедны палкоўнік трымаўся да апошняй хвіліны, а вось Дарсі, здаецца, перажываў ад’езд цяжэй, чым летась. Ен відавочна палюбіў Розінгз яшчэ мацней.
У містара Колінза якраз знайшлася дарэчная пахвала, і схаваны ў ёй намёк прымусіў маці і дачку паблажліва ўсміхнуцца.
Пасля вячэры лэдзі Кэтрын зазначыла, што міс Бэнэт не ў настроі, і тут жа прапанавала гэтаму тлумачэнне: Элізабэт не хоча так хутка вяртацца дадому.
— Але калі праблема сапраўды ў гэтым, — дадала яна, — вы мусіце напісаць маці, каб яна дазволіла вам застацца даўжэй. Я ўпэўненая, ваша таварыства радуе місіс Колінз.
— Я вельмі ўдзячная вашай светласці за ласкавае запрашэнне, — адказала Элізабэт, — але не магу прыняць яго. У наступную суботу мне трэба быць у Лондане.
— Але ў такім выпадку вы прагасцюеце тут усяго шэсць тыдняў. Я ж чакала, што вы застаняцеся на два месяцы. Я казала пра гэта місіс Колінз яшчэ да вашага прыезду. Вам няма патрэбы з’язджаць так хутка. Місіс Бэнэт напэўна абыдзецца без вас яшчэ два тыдні.
— Але бацька не абыдзецца. На мінулым тыдні ён пісаў, каб я хутчэй вярталася.
—Ах, калі маці справіцца без вас, дык бацька і пагатоў. Дочкі ніколі не маюць для бацькі асаблівага значэння. Калі ж вы застаняцеся на цэлы месяц, я змагу адвезці адну з вас да самага Лондана, бо збіраюся туды на тыдзень у пачатку чэрвеня. Доўсан не будзе супраць чатырохмеснай каляскі, тамудля адной паненкі месца хопіць —а калі яшчэ надарыцца прахалоднае надвор’е, я буду гатовая ўзяць вас абедзвюх — вы ж зусім невялічкія.
— Вы сама дабрыня, мадам, але, баюся, мы мусім трымацца ранейшых планаў.
Лэдзі Кэтрын, відаць, вырашыла саступіць.
— Містар Колінз, вы мусіце адправіць з імі слугу. Вы ведаеце, я заўсёды кажу іпто думаю і не магу дапусціць, каб дзве юныя паненкі самі падарожнічалі на паштовых. Гэта ж так непрыстойна. Вы мусіце пастарацца
і кагосьці адправіць. Я такое ненавіджу больш за ўсё ў свеце. Маладых паненак заўсёды трэба годным чынам ахоўваць і суправаджаць, безумоўна, у адпаведнасці з іх становішчам у грамадстве. Калі мінулым летам мая пляменніца Джарджыяна адправілася ў Рамсгейт, я наказала, каб з ёй паехалі два слугі мужчынскага полу. Міс Дарсі, дачка містара Дарсі з Пэмбэрлі і лэдзі Анны, не магла з’явіцца на людзях неналежным чынам. Я з надзвычайнай увагай стаўлюся да такіх рэчаў. Вы мусіце адправіць з юнымі лэдзі Джона, містар Колінз. Я радая, што мне прыйшло ў галаву гэта сказаць, бо з вашага боку было б ганебна аправіць іх адных.
— Мой дзядзька прышле па нас слугу.
— Ах, ваш дзядзька! Ен трымае слугу? Я радая, што ў вас ёсць нехта, хто думае пра такія рэчы. Дзе вы будзеце мяняць коней? Ах, вядома, у Бромлі! Згадайце маё імя ў «Звоне», і пра вас паклапоцяцца.
У лэдзі Кэтрын было яшчэ шмат пытанняў пра іх падарожжа, і паколькі не на ўсе з іх яна адказвала сама, трэба было пільнавацца — на шчасце Элізабэт, якая так заглыбілася ў думкі пра нядаўнія падзеі, што магла забыць, дзе знаходзіцца. Разважанні варта было адкласці на вальнейшы час — і ў адзіноце яна магла аддацца ім з найвялікшай палёгкай. He было і дня, калі яна не адпраўлялася на самотную прагулку, падчас якой цешылася ўсімі радасцямі непрыемных успамінаў.
Ліст містара Дарсі Элізабэт ужо амаль вывучыла на памяць. Яна асэнсавала ў ім кожны сказ, і яе стаўленне да аўтара ў розныя часы было розным. Калі яна ўспамінала, як ён рабіў ёй прапанову, у ёй закіпаў гнеў, а калі думала пра несправядлівасць сваіх абвінавачанняў і папрокаў, то скіроўвала гэты гнеў на сябе і пачынала спачуваць расчараванню містара Дарсі. Яго прыхільнасць выклікала ўдзячнасць, яго характар — павагу, і ўсё ж яна не магла захапляцца ім, ні імгнення не раскайва-
лася ў адмове і не мела ніякага жадання яшчэ хоць раз з ім сустрэцца. Яе ўласныя паводзіны ў мінулым былі для яе прычынай пастаяннай прыкрасці і шкадавання, а злашчасныя недахопы яе сям’і — яшчэ больш горкага засмучэння. Надзеяў на іх выкараненне не было. Бацька, якому падабалася пакепліваць з малодшых дачок, ніколі не патурбуецца пра тое, каб зацугляць іх шалёную безразважнасць, маці ж, чые манеры таксама далёкія ад дасканаласці, проста не разумее, што з дочкамі нешта не так. Элізабэт і Джэйн часта аб’ядноўвалі высілкі, каб змагацца з легкадумнасцю Кэтрын і Лідыі, але хіба маглі яны спадзявацца на поспех, калі маці малодшым патурала? Слабахарактарная і раздражняльная Кэтрын знаходзілася пад уплывам Лідыі і на заўвагі старэйшых сясцёр толькі крыўдзілася, а натурыстая і бесклапотная Лідыя прапускала ўсё міма вушэй. Яны былі дурныя, лянівыя і фанабэрлівыя. Пакуль у Мэрытане застаецца хоць адзін афіцэр, яны будуць з ім какетнічаць, а пакуль да Мэрытана можна дабрацца з Лонгбарна пехатой, яны ніколі не перастануць гэта рабіць.
Другой крыніцай яе трывог была Джэйн: тлумачэнні містара Дарсі вярнулі ёй добрае меркаванне пра Бінглі, і яна зразумела, як шмат страціла сястра. Яго пачуцці аказаліся шчырымі, а паводзіны — вышэйшымі за ўсе абвінавачанні, калі толькі не вінаваціць яго ў безагаворачным даверы да сябра. Як балюча было разумець, што праз дурасць і бестактоўнасць яе сям’і расстроіўся такі пажаданы ва ўсіх адносінах шлюб, які абяцаў Джэйн столькі шчасця і іншых перавагаў!
Калі да ўсіх успамінаў дадаць выкрыццё сапраўднай сутнасці Уікхэма, было лёгка зразумець, чаму Элізабэт, чый звычайна добры настрой дагэтуль рэдка пагаршаўся, зрабілася цяпер прыгнечанай і з вялікай цяжкасцю захоўвала хаця б вонкавую жыццярадаснасць.
Цягам апошняга тыдня ў доме Колінзаў у Розінгз іх запрашалі гэтак жа часта, як у першы тыдзень пасля прыезду. Там яны прабавілі і апошні вечар. Яе светласць зноў да дробязяў распытвала іх пра хуткае падарожжа, тлумачыла, як найлепш запакоўваць рэчы, і так упарта настойвала, каб яны склалі сукенкі згаданым ёй адзіна правільным спосабам, што, вярнуўшыся дадому, Марыя палічыла неабходным перарабіць ранішнюю працу і зноў запакаваць дарожны куфар.