Пыха і перадузятасць  Джэйн Остэн

Пыха і перадузятасць

Джэйн Остэн
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 396с.
Мінск 2019
101.34 МБ
Такімі гісторыямі пра вечарынкі і выхадкі Лідыя з дапамогай Кіці, якая часам устаўляла заўвагі, спрабавала забавіць спадарожніц усю дарогу да Лонгбарна. Элізабэт старалася не слухаць, але ўсё адно заўважыла, як часта згадваецца імя Уікхэма.
Дома іх сустрэлі вельмі цёпла. Місіс Бэнэт парадавалася, што прыгажосць Джэйн не паблякла, а падчас абеду містар Бэнэт не раз шматзначна казаў Элізабэт:
— Як я рады, Лізі, што ты вярнулася.
За сталом сабралася шмат людзей, бо Лукасы амаль поўным складам прыйшлі сустрэць Марыю і дазнацца пра навіны, і таму падчас абеду ўздымаліся самыя розныя тэмы: лэдзі Лукас распытвала малодшую дачку пра дастатак і птушнік старэйшай, місіс Бэнэт удзельнічала адразу ў дзвюх размовах, выведваючы ў Джэйн, якая сядзела далекавата ад яе, звесткі пра навінкі моды і тут жа пераказваючы іх малодшым сёстрам Лукас, а Лідыя, чый голас быў гучнейшы за астатнія, пералічвала шматлікія радасці гэтай раніцы, звяртаючыся да ўсіх, хто хацеў яе слухаць.
— Ах, Мэры, — казала яна, — як шкада, што ты з намі не паехала! Было так весела! Спачатку мы з Кіці завесілі шторы і рабілі выгляд, што ў экіпажы нікога няма. Я б так ехала да канца, але ў выніку Кіці зрабілася блага, а калі мы дабраліся да Джорджа, думаю, мы трымаліся малайцамі, бо пачаставалі іх траіх найлепшым другім сняданкам у свеце, і калі б ты з намі выбралася, мы пачаставалі б і цябе. А калі мы сабраліся ехаць, было яшчэ цікавей! Я баялася, што мы ніколі не ўлезем у экіпаж, і ледзь не памерла ад смеху! А потым мы так весела ехалі дадому! Мы так гучна балбаталі і смяяліся, што нас, напэўна, чулі на дзесяць міляў вакол!
— Дарагая сястрыца, — змрочна адказала на гэта Мэры, — траціць час на такія забавы — не для мяне! Яны, несумненна, знойдуць водгук у большасці жаночых розумаў, але мне яны, мушу прызнацца, не цікавыя: я аддаю перавагу кнізе.
Але Лідыя не пачула ні слова з яе адказу. Яна рэдка слухала кагосьці даўжэй чым паўхвіліны, а на Мэры дык увогуле ніколі не зважала.
Па абедзе Лідыя настойліва ўгаворвала рэшту паненак прагуляцца ў Мэрытан і паглядзець, што там і як, але Элізабэт рашуча працівілася яе плану: пра малодшых Бэнэт не павінныя казаць, што яны не здольныя і паўдня пасядзець дома, не ганяючыся за афіцэрамі. Але яе пярэчанні мелі і іншую прычыну. Яна баялася зноў убачыць містара Уікхэма і пастанавіла пазбягаць яго як мага даўжэй. Хуткі адыход палка з Мэрытана невымоўна яе радаваў. Праз два тыдні іх не будзе, і тады, спадзявалася яна, ёй больш не давядзецца праз яго мучыцца.
He прабыўшы дома і некалькі гадзін, яна зразумела, што бацькі часта абмяркоўваюць ідэю паехаць у Брайтан, якую Лідыя згадвала ў карчме. Было відавочна: бацька не збіраецца здавацца, але яго адказы гучаць так цьмяна і двухсэнсоўна, што маці, нягледзячы на частыя расчараванні, не адчайваецца і спадзяецца на перамогу.
Раздзел XL
Элізабэт не магла больш стрымліваць жаданне расказаць Джэйн пра нядаўнія падзеі, і ўрэшце наступным ранкам, падрыхтаваўшы сястру да незвычайнай гісторыі, апісала ёй сцэну, якая адбылася паміж ёй і містарам Дарсі, апусціўшы ўсё, што тычылася самой Джэйн.
Здзіўлялася Джэйн нядоўга: яна так моцна любіла Элізабэт, што лічыла натуральным любое захапленне ёю. Неўзабаве яе ўражанне патанула ў іншых пачуццях. Яна засмуцілася, што містар Дарсі зрабіў прапанову ў стылі, які не надта натхняў яе прыняць. Але яшчэ больш Джэйн маркоцілася, уяўляючы, якім няшчасным зрабіла містара Дарсі адмова яе сястры.
— Яго ўпэўненасць у поспеху была памылковай, — сказала яна. — He варта было яе дэманстраваць. Праз гэта расчараванне толькі мацнейшае!
— Маеш рацыю, — адказала Элізабэт. — Мне шчыра яго шкада, але я думаю, што іншыя яго пачуцці хутка дапамогуць яму справіцца з гэтай прыхільнасцю. Ты не асуджаеш мяне за адмову?
— Асуджаю? Вядома, не!
— Але ж асуджаеш за цёплыя словы пра Уікхэма?
— He, бо не ведаю, ці сапраўды ты памылялася, калі казала яму тыя словы.
— Але ты даведаешся, калі я раскажу табе, што здарылася на наступны дзень.
Тут яна апавяла пра ліст — пра тую яго частку, дзе вялося пра Джорджа Уікхэма. Якім ударам гэтая гісторыя аказалася для беднай Джэйн, што была гатовая абысці ўвесь свет і не знайсці сярод людзей столькі заганаў, колькі іх раптам выявілася ў адной асобе! Нават такая мілая яе сэрцу магчымасць апраўдаць Дарсі не здолела суцешыць яе пасля гэтага адкрыцця. Яна горача пачала даказваць Элізабэт, што тут схавалася нейкая памылка, якая апраўдвае аднаго з іх, не няславячы другога.
— Нічога ў цябе не атрымаецца! — сказала Элізабэт. — Ты ніколі не зможаш давесці, што яны абодва аднолькава добрыя. Рабі свой выбар, але абмяжуйся толькі адным з іх. Той годнасці, якая ёсць у іх дваіх, якраз хапіла б на аднаго прыстойнага чалавека, і за апошні час гэтае званне занадта часта пераходзіла ад аднаго да другога. Я са свайго боку схіляюся да думкі, што ўся яна належыць Дарсі, але ты можаш меркаваць як хочаш.
Аднак мінуў пэўны час, перш чым Джэйн здолела выціснуць з сябе ўсмешку.
— He прыгадваю, калі яшчэ я была так моцна ўражаная, — сказала яна. — Каб Уікхэм аказаўся такім ня-
годнікам! Паверыць у гэта амаль немагчыма. А бедны містар Дарсі! Мілая Лізі, толькі ўяві, як ён мусіў пакутаваць. Гэта ж такое расчараванне, а тут яшчэ і ты так кепска пра яго думаеш! I ён вымушаны быў расказаць тую гісторыю пра сястру! Як жа гэта балюча. Я ўпэўненая, ты гэта адчуваеш.
— О не, мае шкадаванне і спачуванне збеглі, калі я ўбачыла, як яны перапаўняюць цябе. 3 кожным момантам я раблюся ўсё больш спакойнай і абыякавай, бо ведаю, з якім размахам за Дарсі патурбуешся ты. Твая шчодрасць змушае мяне да сквапнасці, і калі ты яшчэ трошкі пааплакваеш яго лёс, маё сэрца зробіцца лягчэйшым за пёрка.
— Бедны Уікхэм! Але які добры ў яго твар, якія ветлыя і адкрытыя манеры!
— Выхаванне двух гэтых джэнтльменаў, відаць, вялося памылковым спосабам, і ў выніку адзін з іх атрымаў усю велікадушнасць, а другі — усе яе вонкавыя праявы.
— Ніколі не пагаджуся з табой, што містар Дарсі зусім гэтых праяваў пазбаўлены.
— I ўсё ж я лічыла сябе неймаверна разумнай, калі ставілася да яго з упэўненай, хоць і неабгрунтаванай, непрыяззю. Такая непрыязь — цудоўная шпора для розуму, выдатны выхад для дасціпнасці. Можна бесперастанку лаяць чалавека, не сказаўшы нічога вартага, але нельга заўсёды кпіць з яго, каб час ад часу не выдаць нешта дасціпнае.
— Лізі, калі ты першы раз чытала той ліст, ты напэўна яшчэ не ставілася да ўсяго так, як цяпер.
— Вядома, не. Я адчувала сябе досыць засмучанай. Нават вельмі засмучанай, можна сказаць, няшчаснай. А побач не было нікога, каму я магла адкрыцца, ніякай Джэйн, якая б мяне супакоіла і сказала, што я зусім не такая безразважная, самалюбная і недарэчная, якой я насамрэч была! Ах, як мне цябе не хапала!
— Як шкада, што ў размове з містарам Дарсі пра Уікхэма ты выкарыстала такія моцныя выразы, бо пасля яны выявіліся цалкам незаслужанымі.
— Менавіта. Аднак такая нягода, як несвоечасова рэзкі тон, — гэта натуральны вынік маёй перадузятасці. Мне патрэбная парада. Скажы, як ты думаеш, ці трэба мне адкрыць нашым знаёмым сапраўдную сутнасць Уікхэма?
Джэйн на хвілінку задумалася і адказала:
— У нас напэўна няма прычын так жудасна яго выкрываць. А што думаеш ты сама?
— Што рабіць гэтага не варта. Містар Дарсі не ўпаўнаважыў мяне распаўсюджваць яго гісторыю. Наадварот, ён прасіў захоўваць у таямніцы ўсе акалічнасці, што тычацца яго сястры, а калі я паспрабую адкрыць людзям вочы на іншыя падкопы Уікхэма, хто мне паверыць? Усеагульная перадузятасць супраць містара Дарсі такая вялікая, што палова нашых добрых суседзяў з Мэрытана лепш памрэ, чым зірне на яго добразычліва. Пераканаць іх мне не пад сілу. Неўзабаве Уікхэм з’едзе, і тады нікому тут не будзе справы да таго, які ён насамрэч. Рана ці позна ўсё адкрыецца, і мы яшчэ пасмяёмся з недалёкасці тых, хто ні пра што не здагадваўся. А пакуль я не буду нічога расказваць.
— Маеш рацыю. Калі адкрыць людзям яго заганы, гэта назаўжды яго знішчыць. А ён, магчыма, якраз раскайваецца і думае, як бы выправіцца. He варта даводзіць яго да адчаю.
Гэтая размова суцішыла хваляванне Элізабэт. Яна вызвалілася ад дзвюх з таямніц, якія абцяжарвалі яе пару тыдняў, і ўпэўнілася, што Джэйн заўсёды ахвотна яе выслухае, калі ў яе зноў з’явіцца патрэба пагаварыць. Але абачлівасць прымусіла яе ўсё ж нешта ўтаіць. Элізабэт не наважылася пераказаць сястры тую частку ліста містара Дарсі, дзе вялося пра шчырую прыхіль-
насць яго сябра да Джэйн. Падзяліцца гэтым нельга было ні з кім: Элізабэт усведамляла, што адкрыць свой апошні сакрэт ёй дазволіць толькі поўнае ўзаемаразуменне паміж абаімі закаханымі. «I калі гэтая неверагодная падзея раптам здарыцца, — казала яна сабе, — я змагу паведаміць ёй толькі тое ж, што і сам Бінглі, але ён зробіць гэта нашмат больш прыемным чынам. Шчырасць мне забароненая да таго часу, пакуль яна не страціць каштоўнасці».
Цяпер, вярнуўшыся дадому, Элізабэт мела час паназіраць за душэўным станам сястры. Джэйн не была шчаслівай і яшчэ захоўвала пяшчотнае стаўленне да Бінглі. Яна ніколі не перажывала нават уяўнай закаханасці, а таму яе пачуццё гарэла ўсім палам першай любові ў спалучэнні з уласцівым для такога ўзросту і нораву пастаянствам, якім першая любоў звычайна пахваліцца не можа. Джэйн горача трымалася за ўспаміны і аддавала Бінглі перавагу перад астатнімі маладымі людзьмі, таму ёй спатрэбіўся ўвесь яе здаровы сэнс і ўся чуласць да пачуццяў сяброў, каб устрымацца ад шкадавання, якое магло кепска паўплываць на яе здароўе і іх спакой.
— Ну, Лізі, — сказала аднойчы місіс Бэнэт, — што ты цяпер скажаш пра няшчасны лёс Джэйн? Я са свайго боку вырашыла болын ніколі і ні з кім гэта не абмяркоўваць. Так я надоечы сястрыцы Філіпс і сказала. Але я дагэтуль не разумею, ці бачылася з ім Джэйн у Лондане. Ён зусім няварты чалавек, і я не думаю, што цяпер у яе ёсць хоць нейкі шанец выйсці за яго. Пра яго вяртанне ў Нэзэрфілд гэтым летам ніхто не гаворыць, а я ж распытала ўсіх, хто можа пра гэта нешта ведаць.
Я не думаю, што ён калі-небудзь яшчэ паселіцца ў Нэзэрфілдзе.
— Ну што ж, хай робіць як хоча. Ніхто яго тут і не чакае. Я заўсёды буду казаць, што ён абышоўся з маёй