Пыха і перадузятасць  Джэйн Остэн

Пыха і перадузятасць

Джэйн Остэн
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 396с.
Мінск 2019
101.34 МБ
— Ен найлепшы землеўласнік і найлепшы гаспадар у свеце, — казала яна, — не тое што цяперашнія шалапуты, якія дбаюць толькі пра сябе. Ніводны яго арандатар ці слуга не скажа пра яго і кепскага слова. Некаторыя лічаць яго пыхлівым, але я нічога такога ў ім не бачу. Мне здаецца, уся яго пыха — у тым, што ён не балбоча абы-чаго, як іншыя маладыя людзі.
«Яе апісанне выстаўляе яго ў такім выгадным святле!» — падумала Элізабэт.
— Гэты бліскучы водгук, — шапнула ёй па дарозе цётка, — не надта стасуецца з тым, як ён абышоўся з нашым бедным сябрам.
— Магчыма, нас падманулі.
— У гэта цяжка паверыць — крыніца вельмі надзейная.
Місіс Рэйналдс правяла іх праз прасторны пярэдні пакой на другім паверсе, паказала нядаўна абстаўленую вельмі мілую гасцёўню, нашмат болып вытанчаную і светлую, чым памяшканні ўнізе, і паведаміла, што пакой якраз перарабілі, каб парадаваць міс Дарсі, якая ў мінулы прыезд у Пэмбэрлі вельмі яго ўпадабала.
— Містар Дарсі, несумненна, добры брат, — сказала Элізабэт, падыходзячы да аднаго з вокнаў.
Місіс Рэйналдс загадзя прадчувала, як усцешыцца міс Дарсі, зайшоўшы сюды.
— Ён заўсёды такі, — дадала яна. — Калі нешта можа парадаваць яго сястру, ён тут жа гэта робіць. Гатовы дзеля яе на ўсё.
Ім заставалася агледзець карцінную галерэю і дзве ці тры вялікія спальні. У галерэі было шмат сапраўды добрых карцін, але Элізабэт не разбіралася ў мастацтве, і пасля ўсяго, што яна пабачыла ўнізе, ёй захацелася
пазнаёміцца з нашмат болып зразумелымі і цікавымі для яе малюнкамі міс Дарсі, зробленымі алоўкамі.
Было ў галерэі і нямала сямейных партрэтаў, якія наўрад ці маглі забраць увагу чужога чалавека. Элізабэт шукала сярод іх выяву таго адзінага твару, чые рысы былі ёй знаёмыя, а знайшоўшы, спынілася ля яе — і адразу ж адзначыла дзівоснае падабенства з арыгіналам і тую ўсмешку, з якой, як яна помніла, ён часам глядзеў на яе. Некалькі хвілін яна засяроджана пастаяла перад карцінай і потым зноў да яе вярнулася, калі яны пакідалі галерэю. Місіс Рэйналдс паведаміла, што партрэт быў напісаны яшчэ пры жыцці бацькі містара Дарсі.
У гэты момант Элізабэт, несумненна, адчувала да арыгінала партрэта нашмат цяплейшае пачуццё, чым калі-небудзь за ўсё іх знаёмства. Пахвалы місіс Рэйналдс былі відавочна не пустыя. Чый водгук можа быць каштоўнейпіы за водгук разумнай прыслугі? Брат, землеўласнік, гаспадар маёнтка — шчасце столькіх людзей залежала ад яго апекі! Колькі радасці і болю быў ён у сілах прынесці іншым! Колькі мог зрабіць дабра і зла! Кожная згадка ахмістрыні пра характар містара Дарсі гаварыла на яго карысць. Элізабэт стаяла перад палатном, з якога на яе глядзелі яго вочы, і думала пра яго пачуццё з нашмат большай удзячнасцю, чым раней, успамінала яго палкасць і змякчала недарэчнасць яго выразаў.
Агледзеўшы ўсе даступныя наведнікам памяшканні, яны вярнуліся ўніз і, развітаўшыся з ахмістрыняй, аддаліся ў рукі садоўніка, які ўжо чакаў іх ля дзвярэй пярэдняга пакоя.
Калі яны ішлі праз двор да ракі, Элізабэт павярнулася, каб зірнуць на дом яшчэ раз. Дзядзька з цёткай таксама спыніліся, і пакуль першы разважаў пра ўзрост будынка, на дарожцы, што зварочвала да стайняў, раптам паказаўся сам яго ўласнік.
Паміж імі было ўсяго дваццаць ярдаў, і ён з’явіўся так нечакана, што Элізабэт не паспела ўнікнуць яго погляду. Іх вочы тут жа сустрэліся, і шчокі абаіх густа пачырванелі. Містар Дарсі сцепануўся і на імгненне, здавалася, здранцвеў ад нечаканасці, але хутка апамятаўся, падышоў да іх і звярнуўся да Элізабэт калі яшчэ не дасканала валодаючы сабой, дык прынамсі з дасканалай ветлівасцю.
Спачатку яна мімаволі адступілася, але калі ён наблізіўся, спынілася і з бязмежнай збянтэжанасцю выслухала яго вітанні. Калі яго з’яўленне, а таксама падабенства да ўбачанага нядаўна партрэта не адразу пераканалі Гардынераў, што перад імі сам містар Дарсі, то выраз твару садоўніка, якога ўразіў нечаканы прыезд гаспадара, пазбавіў іх апошніх сумненняў. Яны пастаялі трохі ўбаку, пакуль містар Дарсі размаўляў з іх пляменніцай, якая настолькі здзівілася і разгубілася, што не магла падняць вочы і сама ледзь разумела, як адказвала на яго ветлыя роспыты пра сям’ю. Уражаная тым, наколькі моцна з іх апошняй сустрэчы змяніліся яго манеры, яна з кожнай яго фразай усё болып бянтэжылася. 3 яе галавы не ішла думка пра тое, як недарэчна ён яе тут заспеў, і некалькі хвілін размовы падаліся ёй самымі няёмкімі ў яе жыцці. Яму, здавалася, было не лягчэй, бо ў яго тоне не адчувалася звычайнай паважнасці, і ён зноў і зноў паспешліва перапытваў яе, калі яна пакінула Лонгбарн і як надоўга застанецца ў Дэрбішыры, выдаючы такім чынам сваё замяшанне.
Пад канец містар Дарсі ужо не ведаў, што сказаць, і, пастаяўшы трошкі ў маўчанні, раптам спахапіўся і развітаўся.
Тады да Элізабэт наблізіліся Гардынеры і пачалі захапляцца яго абліччам, але тая ні слова не чула і, заглыбіўшыся ў перажыванні, маўкліва ішла за імі. Яе прыгняталі сорам і прыкрасць. Вяртанне містара
Дарсі здавалася ёй самай несвоечасовай, самай недарэчнай падзеяй у свеце. Як ён, напэўна, здзівіўся! Якое ганебнае ўражанне пра яе магло скласціся ў такога ганарлівага чалавека, як ён! Яму ж магло падацца, што яна спецыяльна трапляецца яму на вочы! Ах, чаго ж ён прыехаў? Навошта прыбыў на дзень раней, чым яго чакалі? Калі б ён з’явіўся хоць на дзесяць хвілін пазней, ён бы ўжо іх не заспеў — гэта ж ясна, што ён толькі-толькі вярнуўся, толькі-толькі злез з каня ці выйшаў з экіпажа. Элізабэт зноў і зноў чырванела, думаючы пра непрыстойнасць іх сустрэчы. А яго паводзіны і гэтыя невераемныя змены ў Mane­pax — што ўсё гэта значыць? Дзіўна, што ён увогуле з ёй загаварыў, прычым так ветліва, і нават распытаў пра сям’ю! Ніколі раней яна не бачыла ў яго манерах такой сціпласці, ніколі раней ён не размаўляў з ёй так цёпла, як падчас гэтай неспадзяванай сустрэчы. Як гэта адрознівалася ад іх апошняга спаткання ў Розінгзе, калі ён аддаў ёй ліст! Яна не ведала, што думаць і як усё растлумачыць.
Цяпер яны ішлі прыгожай сцяжынкай ля самай вады, і кожны крок адкрываў перад імі ўсё болып велічныя схілы, усё больш чароўныя віды на лес, да якога яны набліжаліся, але Элізабэт не адразу пачала ўспрымаць навакольнае хараство. Яна механічна адказвала на паўторныя цётчыны і дзядзькавы роспыты і рабіла выгляд, быццам любуецца краявідамі, на якія яны паказваюць, але думкі яе луналі зусім не тут. Яны круціліся вакол невядомага ёй месца ў маёнтку Пэмбэрлі, дзе цяпер знаходзіўся містар Дарсі. Яна прагнула ведаць, што адбываецца ў яго галаве, як ён да яе ставіцца і ці захаваліся — нягледзячы ні на што — яго цёплыя пачуцці. Магчыма, ён быў ветлівы толькі таму, што адчуваў сябе тут спакойна, хоць і было ў яго голасе нешта, што ніяк не сведчыла пра спакой. Элізабэт не ведала, глядзеў ён
на яе з болем ці з радасцю, але выразна разумела, што не з абыякавасцю.
Аднак урэшце заўвагі спадарожнікаў наконт яе няўважлівасці разварушылі яе, і яна зразумела, што час вяртацца ў звычайны стан.
Яны зайшлі ў лес і, ненадоўга развітаўшыся з ракой, падняліся на ўзвышэнне, дзе прасветы паміж дрэвамі давалі вачам прастор для сузірання, адкрываючы раскошныя віды на даліну, процілеглы пагорак з доўгімі пасмамі лясоў і бачны тут і там паток. Містар Гардынер выказаў жаданне абысці ўвесь парк, але пабаяўся, што аднаго шпацыру для гэтага не хопіць. Садоўнік з урачыстай усмешкай паведаміў, што тады ім давялося б прайсці каля дзесяці міляў. На гэтым пытанне вырашылася, і яны рушылі далей абранай сцяжынай, якая неўзабаве прывяла іх да аточанага пахілымі дрэвамі спуску да ракі. Гэта было самае вузкае яе месца, і яны прайшлі яго па мосце, прастата якога адпавядала агульнаму настрою вакольнага пейзажу, найменш прыхарошанага чалавечай рукой з усіх месцаў у парку, дзе яны ўжо былі. Даліна ператваралася тут у лагчыну, у якой хапала месца толькі для патоку і вузкай, аблямаванай дзікім зараснікам сцяжыны. Элізабэт прагнула даследаваць лукавіны ракі, але калі яны перайшлі мост і прыкінулі адлегласць да дома, місіс Гардынер, не вялікая аматарка пешых прагулак, адмовілася ісці далей: яна марыла як мага хутчэй вярнуцца да экіпажа. Пляменніцы давялося падпарадкавацца, і яны павярнулі назад, у бок дома на іншым беразе ракі, абраўшы самую кароткую дарогу, аднак рухаліся павольна, бо містар Гардынер, які заўзята любіў рыбалку, але рэдка мог дазволіць сабе гэтую асалоду, захапіўся назіраннем за стронгамі, што час ад часу паказваліся на паверхні вады, і размовай пра іх з садоўнікам, таму моцна затрымліваў кампанію. Павольна ідучы такім чынам праз парк, яны ўба-
чылі містара Дарсі, які набліжаўся да іх, — і гэта зноў моцна іх здзівіла, асабліва Элізабэт, якая была ўражаная амаль гэтак жа, як падчас іх першай сустрэчы ў Пэмбэрлі. Дарожка на гэтым баку ракі не так хавалася між дрэваў, як на іншым, і яны ўбачылі містара Дарсі да таго, як сутыкнуліся з ім. Дзякуючы гэтаму Элізабэт, нягледзячы на здзіўленне, паспела прынамсі лепш падрыхтавацца да размовы і, калі ён сапраўды думаў да іх падысці, была гатовая ўзяць сябе ў рукі і спакойна з ім пагаварыць. На некалькі імгненняў ёй падалося, што ён павярнуў на іншую сцяжынку, але як толькі ён мінуў чарговы звіў дарогі і паказаўся перад іх вачыма, гэтая думка растала. Элізабэт з першага погляду зразумела, што яго нядаўняя ветлівасць нікуды не знікла, і, пераймаючы яго абыходлівасць, выказала захапленне навакольнай прыгажосцю, але дайшоўшы да эпітэтаў «дзівосны» і «чароўны», успомніла колішнія прыкрыя падзеі і спужалася, што яе пахвалу Пэмбэрлі ўспрымуць няправільна. Яна пачырванела і замоўкла.
Місіс Гардынер стаяла трошкі воддаль, і, выкарыстаўшы замінку, містар Дарсі папрасіў Элізабэт ласкава прадставіць яго яе сябрам. Да такой надмернай далікатнасці яна была не гатовая: яго жаданне пазнаёміцца з людзьмі, супраць якіх паўставала яго пыха, калі ён рабіў ёй прапанову, ледзь не прымусіла Элізабэт усміхнуцца. «Ці здзівіцца ён, — падумала яна, — калі даведаецца, хто яны такія? Пакуль жа ён лічыць іх прадстаўнікамі свецкіх колаў».
Тым не менш знаёмства тут жа адбылося, і, паведаміўшы, якое сваяцтва звязвае яе з Гардынерамі, Элізабэт цішком кінула на містара Дарсі хітраваты позірк, каб зразумець, як ён да гэтага паставіцца, не выключаючы, што ён пастараецца як мага хутчэй збегчы ад такой не вартай яго кампаніі. Згадка пра сваяцтва яго відавочна здзівіла, аднак ён прыняў яе стойка і, нават