Пыха і перадузятасць
Джэйн Остэн
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 396с.
Мінск 2019
Містараі місіс Гардынер ён цікавіўнеменш, чым Элізабэт. Яны даўно хацелі пабачыць яго і разглядалі гасцей з самай жывой увагай. Толькі што ўзніклыя падаз-
рэнні наконт містара Дарсі і іх пляменніцы прымусілі Гардынераў уважліва, хоць і асцярожна, назіраць за абаімі і неўзабаве прыйсці да высновы, што прынамсі адзін з іх ведае пра каханне не па чутках. Пачуцці пляменніцы заставаліся для іх пад сумненнем, джэнтльмена ж перапаўняла досыць заўважнае захапленне.
Элізабэт таксама было чым заняцца. Яна хацела разабрацца ў думках кожнага з гасцей, упарадкаваць свае і быць з усімі мілай — і ў выкананні гэтай апошняй задачы, дзе яна чакала найбольшага правалу, поспех быў самы несумненны, бо тыя, з кім яна хацела быць мілай, ад пачатку ставіліся да яе прыхільна. Бінглі быў гатовы, Джарджыяна горача хацела, а Дарсі меў цвёрды намер атрымаць ад сустрэчы асалоду.
Убачыўшы Бінглі, Элізабэт, натуральна, тут жа пачала думаць пра сястру, і як жа ёй карцела дазнацца, ці не пра тое ж думае ён сам. Часам ёй здавалася, што ён цяпер не такі гаваркі, як раней, а раз ці два яна парадавала сябе назіраннем, што ён углядаецца ў яе, шукаючы пэўнага падабенства. Але калі ўсё гэта магло ёй проста падацца, было прынамсі немажліва падмануцца ў яго стаўленні да міс Дарсі, якую называлі суперніцай Джэйн. Бінглі і міс Дарсі глядзелі адно на аднаго без нейкага асаблівага пачуцця. Паміж імі не адбывалася нічога, што магло б абнадзеіць Кэралайн. На гэты конт Элізабэт неўзабаве супакоілася, а перад тым як яны рассталіся, заўважыла два ці тры моманты, якія, як ёй хацелася думаць, сведчылі пра пяшчоту, што не знікла з яго ўспамінаў пра Джэйн, і пра жаданне павярнуць размову так, каб згадаць яе — жаданне, ажыццявіць якое ён не асмельваўся. Калі астатнія былі занятыя агульнай размовай, Бінглі тонам, у якім чулася шчырае шкадаванне, сказаў Элізабэт што «даўно не меў шчасця сустрэцца з ёй», і перш чым яна паспела адказаць, дадаў:
— Мінула больш за восем месяцаў. Мы не бачыліся з 26 лістапада, калі ўсе разам танчылі ў Нэзэрфілдзе.
Элізабэт узрадавалася, што ён так дакладна ўсё памятае, да таго ж пазней ён выкарыстаў магчымасць незаўважна для астатніх спытаць у яе, ці ўсеяе сёстры цяпер у Лонгбарне. Hi ў гэтым пытанні, ні ў папярэдняй заўвазе не было нічога асаблівага, але погляд і манеры Бінглі надавалі ім пэўнае значэнне.
Ей рэдка ўдавалася зірнуць на містара Дарсі, але калі б яна ні кінула на яго погляд, яго твар быў вельмі прыветны, і ва ўсім, што ён казаў, не было нічога ад фанабэрлівасці ці пагарды да суразмоўцаў. Гэта пераканала яе, што заўважанае ўчора паляпшэнне манераў, калі нават яно і часовае, доўжыцца прынамсі другі дзень. Калі яна зразумела, што ён шукае знаёмства з людзьмі, размову з якімі некалькі месяцаў таму палічыў бы ганьбай, і дабіваецца іх прыхільнасці, калі ўбачыла, як ветліва ён абыходзіцца не толькі з ёй, але і з яе сваякамі, якімі ён адкрыта пагарджаў, і ўспомніла іх апошнюю бурную размову ў Хансфардзе — гэтая розніца, гэтыя вялізныя змены так моцна яе ўразілі, што яна ледзь магла схаваць здзіўленне. Ніколі раней, нават у кампаніі яго блізкіх сяброў у Нэзэрфілдзе ці высакародных крэўных у Розінгзе, яна не бачыла, каб ён так хацеў спадабацца, так мала важнічаў і трымаўся так нязмушана, як цяпер, калі яго высілкі не маглі прывесці да істотнага выніку, а само яго знаёмства з тымі, каму ён цяпер так дагаджаў, наклікала б на яго насмешкі і папрокі дам як з Нэзэрфілда, так і з Розінгза.
Госці прабавілі ў іх болей за паўгадзіны і калі падняліся, каб сысці, містар Дарсі папрасіў сястру далучыць свой голас да запрашэння, якое ён адрасаваў містару і місіс Гардынер, а таксама міс Бэнэт, паабедаць у Пэмбэрлі да ад’езду. Міс Дарсі сарамліва — бо ёй няшмат даводзілася кагосьці запрашаць, — але ахвот-
на падпарадкавалася. Місіс Гардынер зірнула на пляменніцу, спрабуючы зразумець, як яна ставіцца да запрашэння, бо яно найперш тычылася яе, але Элізабэт адвярнулася. Зрабіўшы выснову, што наўмыснае ўніканне адказу сведчыць хутчэй пра імгненнае замяшанне, чым пра незадаволенасць прапановай, а таксама ўбачыўшы, што муж, які любіў таварыства, згодны яе прыняць, місіс Гардынер рызыкнула дамовіцца пра час, і абед у выніку быў прызначаны на паслязаўтра.
Магчымасць зноў сустрэцца з Элізабэт узрадавала Бінглі, бо ён хацеў шмат чаго ёй сказаць і падрабязней распытаць пра сяброў з Хартфардшыра. Элізабэт усцешылася, бо растлумачыла яго радасць жаданнем пачуць нешта пра Джэйн, і калі госці сышлі, з гэтай, а таксама з шэрагу іншых прычын падумала, што апошнія паўгадзіны былі не такія і кепскія, хоць дагэтуль яна адчувала няшмат прыемнасці. Прагнучы самоты і баючыся пытанняў і намёкаў, якімі яе засыплюць цётка і дзядзька, яна засталася з імі роўна настолькі, каб пачуць станоўчыя водгукі пра Бінглі, а пасля збегла пераапранацца.
Але ёй не варта было баяцца цікаўнасці містара і місіс Гардынер: тыя не хацелі змушаць яе да размовы. Было відавочна, што яна нашмат лепш знаёмая з містарам Дарсі, чым яны меркавалі раней, і што той моцна ў яе закаханы. Яны ўбачылі дастаткова, каб зацікавіцца, але недастаткова, каб пачаць роспыты.
Цяпер ім хацелася думаць пра містара Дарсі добра: за час знаёмства яны не ўбачылі ў ім заганаў. Яго пачцівасць не магла не кранаць, і калі б яны апісалі яго характар толькі на аснове ўласных уражанняў і расказу ахмістрыні, без уліку іншых меркаванняў, тыя, хто ведаў яго ў Хартфардшыры, наўрад ці пазналі б яго ў апісанні. Цяпер ім хацелася верыць місіс Рэйналдс, і яны хутка прыйшлі да высновы, што не варта паспешлі-
ва адмятаць сведчанні служанкі, якая ведае яго з чатырох гадоў і чые ўласныя манеры вылучаюцца добрапрыстойнасцю. Іх лэмбтанскія сябры таксама не маглі расказаць нічога, што абвяргала б словы ахмістрыні. Абвінаваціць містара Дарсі можна было толькі ў пыхлівасці, і, магчыма, ён сапраўды быў пыхлівы, а калі і не быў, жыхары невялікага гарадка, якім яго сям’я не наносіла візітаў, цалкам маглі яго такім назваць. Аднак усе прызнавалі яго шчодрасць і казалі, што ён шмат дапамагае беднякам.
Што да Уікхэма, то падарожнікі хутка высветлілі, што яго тут не надта паважаюць, і хаця сутнасць яго справаў з сынам яго апекуна ніхто да канца не разумеў, усе цудоўна ведалі, што, збегшы з Дэрбішыра, ён пакінуў пасля сябе мноства даўгоў, якія містар Дарсі потым аплаціў.
Думкі Элізабэт круціліся ў гэты вечар вакол Пэмбэрлі нават больш, чым у мінулы. Нягледзячы на тое, што вечар, здавалася, цягнуўся доўга, яго не хапіла, каб разабрацца з пачуццямі да аднаго з насельнікаў маёнтка, і яна яшчэ некалькі гадзін не магла заснуць, спрабуючы ўнесці ў іх яснасць. Нянавісці дакладна не было — яна знікла даўно, і амаль столькі ж часу Элізабэт было сорамна за тую сваю непрыязь да містара Дарсі, якую можна было назваць нянавісцю. Павага, якая спачатку мімаволі ўзнікла з прызнання яго выдатных якасцяў, неўзабаве перастала здавацца ёй агіднай супярэчнасцю і цяпер, пасля столькіх сведчанняў на яго карысць, перарасла ў больш сяброўскае пачуццё і прадставіла характар містара Дарсі ў самым выгадным святле. Але важнейшай прычынай яе прыхільнасці, якую немагчыма прапусціць, важнейшай нават за павагу і шанаванне, было іншае. Гэта была ўдзячнасць, удзячнасць не проста за тое, што ён калісьці яе кахаў, а за тое, што ён дагэтуль кахае яе дастаткова
моцна, каб дараваць злыя словы і з’едлівасць, з якой яна яму адмовіла, а таксама несправядлівыя абвінавачанні, якімі гэтая адмова суправаджалася. Здавалася, што падчас выпадковай сустрэчы ён, які відавочна мусіў пазбягаць яе як найгоршага ворага, прагнуў зберагчы іх знаёмства і, стараючыся тактоўна схаваць пачуцці, без ніякага намёку на справы, што тычыліся толькі іх дваіх, заваёўваў добрае стаўленне яе сяброў і зрабіў усё, каб пазнаёміць яе з сястрой. Такія змены ў паводзінах настолькі пыхлівага чалавека выклікалі не толькі здзіўленне, але і ўдзячнасць, бо тлумачыліся каханнем, палкім каханнем, і адчуванне, якое яно выклікала ў Элізабэт, было пакуль кволым, але зусім не прыкрым, хоць і не паддавалася вызначэнню. Яна паважала Дарсі, цаніла яго, была яму ўдзячная, шчыра жадала шчасця — і толькі марыла зразумець, наколькі ёй самой хочацца, каб гэтае шчасце залежала ад яе, і ці можа яна зрабіць шчаслівымі іх абаіх, выкарыстаўшы ўладу, якая, як ёй здавалася, у яе яшчэ ёсць, каб прымусіць яго зноў зрабіць ёй прапанову.
У той жа вечар цётка і пляменніца пагадзіліся паміж сабой, што такая неверагодная пачцівасць з боку міс Дарсі, якая наведала іх у дзень прыезду ў Пэмбэрлі, хоць дабралася туды толькі да позняга сняданку, патрабавала ад іх абыходлівасці ў адказ. I хаця ў іх не было магчымасці ў поўнай меры вярнуць доўг ветлівасці, яны вырашылі абавязкова наведаць наступным ранкам новую знаёмую. Такім чынам, яны паедуць у Пэмбэрлі. Элізабэт была радая і, хоць задавалася пытаннем, чаму, адказу знайсці не магла.
Містар Гардынер пакінуў іх неўзабаве пасля сняданку. Запрашэнне парыбачыць прагучала ўчора другі раз, і, даўшы згоду, ён мусіў каля полудня сустрэцца з джэнтльменамі з Пэмбэрлі.
Раздзел XLV
Перакананая цяпер, што непрыязь да яе з боку міс Бінглі выкліканая рэўнасцю, Элізабэт не магла не думаць, што яе з’яўленне ў Пэмбэрлі зусім гэтую лэдзі не парадуе. Было цікава даведацца, ці хопіць у той ветлівасці для годнага ўзнаўлення знаёмства.
Калі Элізабэт з місіс Гардынер дабраліся да маёнтка, іх праз вестыбюль правялі ў салон, які выходзіў на поўнач і быў праз гэта надзвычай прыемным улетку. 3 яго вокнаў адкрываўся чароўны від на парк — высокія лясістыя пагоркі за домам і прыгожыя дубы з высакароднымі каштанамі, што раслі тут і там на лужку ля будынка.
У гэтым пакоі іх і прыняла міс Дарсі, седзячы ў атачэнні місіс Хёрст, міс Бінглі і лэдзі, з якой жыла ў Лондане. Яна прыняла наведніц з надзвычайнай пачцівасцю, але тыя, што адчувалі сябе ніжэйшымі за яе, маглі з лёгкасцю палічыць яе збянтэжанасць, якая тлумачылася сарамлівасцю і бояззю зрабіць нешта не так, пыхлівасцю і замкнёнасцю. Місіс Гардынер з пляменніцай, аднак, усё разумелі і шкадавалі яе.
Місіс Хёрст і міс Бінглі ўганаравалі іх толькі рэверансам, і калі госці селі, у пакоі на некаторы час запанавала няёмкае, як заўсёды ў такіх выпадках, маўчанне. Першай яго перарвала місіс Энслі, абыходлівая, прыязнага выгляду жанчына, чыя спроба падтрымаць хоць нейкую размову выдавала ў ёй болып выхаваную за абедзвюх сясцёр асобу. Гутарка вялася паміж ёй і місіс Гардынер; час ад часу іх падтрымлівала Элізабэт. Міс Дарсі паводзілася так, быццам ёй не хапае смеласці далучыцца, і толькі ў тыя моманты, калі небяспека быць пачутай здавалася мізэрнай, яна наважвалася на кароткую фразу.