Пыха і перадузятасць  Джэйн Остэн

Пыха і перадузятасць

Джэйн Остэн
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 396с.
Мінск 2019
101.34 МБ
— Яны паводзіліся так, — адказала Элізабэт, — што ні ты, ні я, ні ўсе астатнія ніколі гэтага не забудуць. Тут няма пра што і гаварыць.
Раптам сёстры зразумелі, што маці, відаць, дагэтуль нічога пра апошнія навіны не ведае. А таму яны адправіліся ў бібліятэку і спыталі ў бацькі, ці не супраць ён, каб яны ёй усё расказалі. Той якраз пісаў ліст і, не падымаючы галавы, холадна адказаў:
— Рабіце што хочаце.
— Можна нам узяць дзядзькаў ліст, каб прачытаць ёй?
— Бярыце што хочаце і ідзіце адсюль.
Элізабэт узяла са стала ліст, і яны з Джэйн падняліся наверх. Побач з місіс Бэнэт сядзелі Мэры і Кіці, а таму вестку можна было перадаць адразу ўсім. Падрыхтаваўшы маці і сясцёр да добрых навін, Джэйн прачытала ім ліст. Місіс Бэнэт ледзь справілася з пачуццямі. Як толькі Джэйн прачытала, што містар Гардынер спадзяецца на хуткае вяселле, маці авалодала захапленне, якое з кожным наступным сказам рабілася ўсё болып збыткоўным. Яе шчаслівае ўзбуджэнне было такім жа неўтаймоўным, як раней хваляванне праз нягоды і трывогі. Ей было дастаткова таго, што яе дачка выходзіць замуж. Місіс Бэнэт зусім не баялася за шчасце Лідыі і не саромелася згадак пра яе непрыстойныя паводзіны.
— Дарагая, дарагая Лідыя! — крычала яна. — Як гэта цудоўна! Яна выйдзе замуж! Я зноў яе ўбачу! Яна выйдзе замуж у шаснаццаць! Мой добры, мілы братка! Я ведала, што так і будзе. Ведала, што ён усё вырашыць! Як жа я хачу з ёй убачыцца! 3 ёй і дарагім Уікхэмам! Але сукенка, вясельная сукенка! Я зараз жа напішу пра гэта сястрыцы Гардынер. Лізі, дарагая, бяжы хутчэй да бацькі і спытай, колькі ён ёй дасць. Стой, стой, я сама. Кіці, пазвані, каб прыйшла Хіл. Я зараз хуценька апрануся. Дарагая, дарагая Лідыя! Як весела мы прабавім час, калі сустрэнемся зноў!
Старэйшая дачка паспрабавала сцішыць яе неўтаймоўнае захапленне, нагадаўшы, колькі абавязкаў накладае на іх шчодрая дапамога містара Гардынера.
— За шчаслівае завяршэнне гэтай гісторыі, — дадала яна, — мы павінныя дзякаваць перадусім яго дабрыні. Мы перакананыя, што ён узяў выдаткі Уікхэма на сябе.
— I правільна! — усклікнула маці. — Хто яшчэ гэта зробіць, як не родны дзядзька? Ты ж ведаеш, калі б у яго не было сям’і, нам з дзяўчатамі дасталіся б усе яго грошы, і гэта першы раз, калі мы атрымліваем ад яго
нешта апроч падарункаў. Ах, я так радая! Неўзабаве мая дачка выйдзе замуж. Як гэта гучыць — місіс Уікхэм! А ёй у чэрвені толькі споўнілася шаснаццаць. Дарагая Джэйн, я так хвалююся, што напэўна не змагу пісаць, а таму пісаць пад маю дыктоўку будзеш ты. Наконт грошай мы дамовімся з бацькам пазней, а вось замаўляць сукенку трэба тэрмінова.
Тут яна пачала ўзважваць перавагі паркалю, мусліну і батысту і ўжо была гатовая надыктаваць некалькі багатых замоваў, калі б Джэйн не без цяжкасці не ўгаварыла яе пачакаць, што на гэта скажа бацька. Адзін дзень затрымкі, зазначыла яна, вялікай ролі не адыграе, і місіс Бэнэт, якая была занадта шчаслівая, каб, па сваёй завядзёнцы, упарціцца, пагадзілася. Яе думкі ўжо займалі іншыя планы.
— Як толькі апрануся, — сказала яна, — пайду ў Мэрытан і раскажу гэтую цудоўную, цудоўную навіну сястрыцы Філіпс. А па дарозе назад можна будзе зазірнуць да лэдзі Лукас і місіс Лонг. Кіці, бяжы ўніз і скажы, каб закладалі экіпаж. Я ўпэўненая, што свежае паветра пойдзе мне на карысць. Дзяўчаты, вам трэба нешта ў Мэрытане? О, сюды ідзе Хіл! Дарагая Хіл, вы чулі гэтую цудоўную навіну? Міс Лідыя выходзіць замуж! Вас усіх пачастуюць кубкам пуншу, каб вы парадаваліся яе вяселлю.
Місіс Хіл тут жа выказала захапленне. Элізабэт разам з іншымі выслухала віншаванні і, стомленая такой дурасцю, збегла ў свой пакой, каб свабодна пра ўсё падумаць. Становішча беднай Лідыі нават у найлешпым выпадку выглядала незайздросным, але трэба было дзякаваць, што ўсё не скончылася яшчэ горш. I Элізабэт радавалася: хаця ў будучыні не варта было чакаць для сястры асэнсаванага шчасця ці хатняга дабрабыту, азіраючыся на тое, чаго яны баяліся яшчэ дзве гадзіны таму, яна цаніла атрыманую перамогу.
Раздзел L
Да гэтага выпадку містар Бэнэт часта думаў пачаць штогод адкладаць нешта з даходаў, каб лепш забяспечыць дачок і жонку, калі яна яго перажыве, а не траціць усё дачыста. Цяпер яму гэтага хацелася больш, чым раней. Калі б ён раней выконваў свой доўг, Лідыі не давялося б быць абавязанай дзядзьку за выкуп яе гонару і добрага імені. Тады шчасце змусіць самага нягоднага мужчыну ў Брытаніі зрабіцца яе мужам займеў бы той, хто павінен быў яго займець.
Містар Бэнэт сур’ёзна хваляваўся, што расходы ў такой нявыгаднай для ўсіх бакоў угодзе аднаасобна пацягнуў швагер, і вырашыў, калі атрымаецца, дазнацца пра аб’ём аказанай дапамогі і па магчымасці разлічыцца па рахунку.
Калі містар Бэнэт толькі ажаніўся, беражлівасць здавалася яму бессэнсоўнай, бо, безумоўна, у іх мусіў нарадзіцца сын, які, пасталеўшы, атрымаў бы ў спадчыну маёнтак і забяспечыў бы ўдаву і малодшых дзяцей. У свет па чарзе прыйшлі пяць дачок, а сына ўсё не было. Яшчэ доўга пасля нараджэння Лідыі місіс Бэнэт была ўпэўненая, што ўсё наперадзе, і калі ўрэшце яна адчаялася, ашчаджаць было позна. Місіс Бэнэт не мела схільнасці да эканоміі, і толькі любоў яе мужа да фінансавай незалежнасці перашкодзіла іх выдаткам перавысіць даход.
Паводле шлюбнай дамовы місіс Бэнэт і іх дзеці мусілі атрымаць пяць тысяч фунтаў. Але іх размеркаванне паміж апошнімі залежала ад волі бацькоў. Містар Бэнэт мусіў зараз прыняць рашэнне адносна долі Лідыі, і ён не вагаючыся пагадзіўся з прапановай містара Гардынера. Шчыра, хоць і надзвычай лаканічна, выказаўшы брату ў лісце ўдзячнасць за дабрыню, містар Бэнэт ухваліў усё, што той зрабіў, і засведчыў гатоўнасць выка-
наць абавязкі, узятыя містарам Гардынерам ад яго імені. Ён ніколі не думаў, што шлюб яго дачкі з Уікхэмам, калі той пагодзіцца ажаніцца, прынясе яму так мала нязручнасці, як гэта вызначалася цяперашнім пагадненнем. Плацячы маладым сто фунтаў у год, ён будзе губляць не больш за дзесяць, бо з улікам утрымання Лідыі, яе кішэнных расходаў і бясконцых грашовых падарункаў, якія рабіла ёй маці, затраты на дачку і так амаль супадалі з гэтай сумай.
Тое, што справа патрабуе ад яго такіх сціплых высілкаў, было яшчэ адной прыемнай неспадзяванкай, бо цяпер яму хацелася як мага менш турбот. Калі першая ўспышка гневу, якая падштурхнула яго кінуцца шукаць дачку, прайшла, містар Бэнэт натуральным чынам вярнуўся да ранейшае млявасці. Пасланне неўзабаве адправілася да адрасата, бо калі за справу ён браўся марудліва, то рабіў хутка. У лісце містар Бэнэт прасіў падрабязна расказаць, чым ён швагру абавязаны, але быў занадта злы на Лідыю, каб напісаць нешта і ёй.
Добрая навіна імкліва разышлася па доме і з не меншай хуткасцю — па наваколлі, дзе яе прынялі досыць стрымана. Размовы суседзяў, несумненна, зрабіліся б цікавейшымі, калі б міс Лідыя Бэнэт раптам вярнулася з горада ці, для поўнага шчасця, яе б схавалі ад свету на аддаленай ферме. Аднак яе замужжа ўсё адно было добрай нагодай для плётак, і тыя добразычлівыя пажаданні, што сыпаліся на яе адрас з боку зласлівых старых лэдзі Мэрытана, у сувязі са зменай абставінаў не надта змянілі сэнс, бо з такім мужам нягоды Лідыі былі гарантаваныя.
Місіс Бэнэт вось ужо два тыдні не спускалася на першы паверх, але ў гэты шчаслівы дзень яна, знаходзячыся ў прыгнятальна ўзнёслым настроі, зноў узначаліла сям’ю за сталом. Яе трыумф не азмрочвалі ніякія думкі пра ганьбу. Мара пра вяселле адной
з дачок, што апанавала яе з таго моманту, як Джэйн споўнілася шаснаццаць, урэшце спраўджвалася, і ўсе развагі і размовы місіс Бэнэт круціліся вакол гасцей на вытанчанай цырымоніі, выдатнага мусліну, новых экіпажаў і слуг. Яна ліхаманкава шукала ў ваколіцах дом, які падышоў бы дачцэ, і, яшчэ не ведаючы і не задумваючыся пра тое, колькі ў маладых будзе сродкаў, адкінула некалькі варыянтаў як неадпаведныя па памеры і велічнасці.
— Хэй-парк мог бы і падысці, — сказала яна, — калі Голдынгі з яго выедуць, ці явічэ той вялікі дом у Стоку, калі б у ім гасцёўня была большая, а вось да Эпіварта надта далёка! Я не вытрымаю, калі яна паселіцца далей чым за дзесяць міляў, а што да Палвіс-лоджа, то там проста жудасны другі паверх.
Муж не перарываў яе да таго моманту, пакуль у пакоі заставаліся слугі. Але як толькі яны выйшлі, ён сказаў:
— Місіс Бэнэт, перш чым вы арандуеце нейкі з гэтых дамоў ці ўсе іх для дачкі і яе мужа, давайце праяснім сітуацыю. У нашых ваколіцах ёсць адзгн дом, куды іх ніколі не пусцяць. Я не буду патураць іх бессаромнасці і прымаць іх у Лонгбарне.
Гэтая заява выклікала доўгую спрэчку, але містар Бэнэт заставаўся цвёрдым. Адна спрэчка перарасла ў наступную, бо місіс Бэнэт са здзіўленнем і жахам высветліла, што яе муж не выдзеліць на ўборы дачкі ні гінеі. Ен паведаміў, што Лідыя ні пры якіх умовах не атрымае ад яго знакаў увагі. Місіс Бэнэт не магла гэтага зразумець. Тое, піто яго ярасць разраслася да такіх неспасцігальных памераў і ён гатовы адмовіць Лідыі ў прывілеях, без якіх вяселле наўрад ці чаго вартае, было вышэйшым за яе разуменне. Недахоп на даччыным вяселлі новых убораў здаваўся ёй большай ганьбай, чым уцёкі Лідыі з Брайтана два тыдні таму і сумеснае жыццё з Уікхэмам да вянчання.
Цяпер Элізабэт шчыра шкадавала, што пад уплывам моманту падзялілася з містарам Дарсі страхамі за сястру: паколькі вяселле неўзабаве годным чынам завершыць гісторыю з уцёкамі, у сям’і з’явіўся спадзеў схаваць яе несамавіты пачатак ад усіх, хто не прысутнічаў тады на месцы дзеяння.
Яна не турбавалася, што ён распаўсюдзіць праўду ў сваіх колах. Было няшмат людзей, чыйму ўменню захоўваць таямніцу яна б даверылася больш, і ў той жа час не было нікога, чыя дасведчанасць у гэтай ганебнай гісторыі прыносіла ёй столькі ж пакутаў, прычым не таму, што яна страшылася пацярпець сама, бо цяпер іх у любым разе раздзяляла непераадольная прорва. Нават калі б Лідыя выйшла замуж самым прыстойным чынам, не варта было чакаць, іпто містар Дарсі парадніцца з сям’ёй, што пры ўсіх астатніх недахопах цяпер яшчэ ўлучае чалавека, якім ён так справядліва пагарджае.
Элізабэт не сумнявалася, што думка пра такое сваяцтва прымусіла б містара Дарсі скалануцца. Яго жаданне заслужыць яе прыхільнасць, якое ў Дэрбішыры засведчыла сілу яго пачуцця, не магло, як падказваў ёй здаровы сэнс, вытрымаць такі ўдар. Яна адчувала сорам, яна гаравала, яна шкадавала, хоць не да канца разумела, пра што. Ей так хацелася, каб ён зноў яе цаніў, — якраз тады, калі ў гэтым не магло быць ніякай карысці. Яна прагнула ад яго навін, хоць цяпер мела так мала шанцаў іх атрымаць. Яна зразумела, што магла б быць з ім шчаслівай, калі амаль не засталося надзеяў зноў з ім сустрэцца.