Пыха і перадузятасць  Джэйн Остэн

Пыха і перадузятасць

Джэйн Остэн
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 396с.
Мінск 2019
101.34 МБ
Як бы ён трыумфаваў, часта думала Элізабэт, калі б ведаў, што прапанова, якую яна ганарліва адрынула ўсяго чатыры месяцы таму, цяпер была б з прыемнасцю і ўдзячнасцю прынятая! Яна не сумнявалася, што ён не саступае высакароднасцю найлепшым прадстаў-
нікам свайго полу, але ён такі ж смяротны, як усе, таму не мог бы не трыумфаваць.
Цяпер яна пачынала разумець, што ён якраз той чалавек, які па схільнасцях і нораве падыходзіць ёй найлепш. Яго розум і характар хоць і адрозніваліся ад яе, але адпавядалі ўсім яе жаданням. Гэты саюз шмат даў бы ім абаім: яе лёгкасць і жывасць змякчылі б яго характар і палепшылі б манеры, а яго суджэнні, досвед, веданне свету прынеслі б ёй яшчэ большую карысць.
Але гэты ўдалы шлюб, які мог бы паказаць захопленым назіральнікам, што такое сапраўднае сямейнае шчасце, не будзе заключаны. Затое ў іх сям’і чакаецца вяселле зусім іншага кшталту, якое зробіць той шлюб немагчымым.
Элізабэт не ўяўляла, як Уікхэм з Лідыяй забяспечаць сабе хоць нейкую незалежнасць. Затое яна лёгка здагадвалася, як мала сапраўднага шчасця чакае пару, якую з’яднала толькі жарсць, мацнейшая за дабрадзейнасць.
* * *
Містар Гардынер неўзабаве зноў напісаў містару Бэнэту. У адказ на падзякі швагра ён сцісла засведчыў гатоўнасць клапаціцца пра дабрабыт кожнага члена яго сям’і і скончыў мальбой больш ніколі гэтай тэмы не кранацца. Але асноўнай мэтай яго ліста было паведаміць, што містар Уікхэм вырашыў пакінуць міліцыю.
«Гэта бшо маё галоўнае жаданне з таго часу, — дадаваў ён, — як пытанне з жаніцьбай улагодзілася. I я думаю, Вы пагодзіцеся, што яго рашэнне сысці з міліцыі карыснае як для яго, так і для маёй пляменніцы. Сам ён намерваец-
ца ўступіць у рэгулярныя сілы, і сярод яго колішніх сяброў ёсць тыя, хто хоча і можа яму з гэтым дапамагчы. Яму паабяцалі званне прапаршчыка ў палку генерала ***, які цяпер стаіць на поўначы. Такая аддаленасць палка ад нашай часткі каралеўства здаецца мне перавагай. Уікхэм дае прымальныя абяцанні, і я спадзяюся, што сярод новых людзей, дзе ім абаім давядзец,у,а стрымліваць свой нораў, яны зробяцца больш абачлівымі. Я напісаў палкоўніку Форстэру, каб расказаць, што тут адбываецца, і папрасіць яго супакоіць шматлікіх крэдытораў Уікхэма ў Брайтане і ваколіцах, паабяцаўшы, што ім хутка заплацяць, адказнасць за гэта я бяру на сябе. Ці паклапоціцеся Вы даць такія ж гарантыі крэдыторам Уікхэма ў Мэрытане (да ліста я далучаю іх спіс у адпаведнасці з атрыманымі ад яго звесткамі)? Ен пералічыў мне ўсе свае даўгі, г я спадзяюся, што ён прынамсі нас не падманвае. Хагерстан атрымаў нашы ўказанні, і праз тыдзень усё будзе гатова. Пасля гэтага яны адправяцца ў полк, калі толькі іх спачатку не запросяць у Лонгбарн: са словаў місіс Гардынер я зразумеў, што пляменніца прагне васусіх да ад’езду пабачыць. 3 ёйусёў парадку, іяна просіць пачціва нагадаць пра яе Вам і маці.
3 павагай і г. д.,
Э. Гардынер»
Містару Бэнэту і яго дочкам звальненне Уікхэма з ***шырскага палка, таксама як і містару Гардынеру, падалося перавагай. Але місіс Бэнэт гэтая навіна зусім не парадавала. Тое, што Лідыя пераедзе на поўнач, у той час як яе маці спадзявалася на яе радаснае і ганаровае таварыства і ўсё яшчэ не адмаўлялася ад плана пасяліць маладых у Хартфардшыры, было жорсткім расчараваннем. Дарэчы, як шкада, што Лідыі давя-
* У адрозненне ад міліцыі, рэгулярныя сілы былі разлічаныя
на вядзенне баявых дзеянняў у тым ліку за межамі краіны.
дзецца расстацца з палком, дзе яна ўсіх ведае і дзе ў яе столькі ўлюбёнцаў.
— Яна ж так прывязаная да місіс Форстэр! — казала місіс Бэнэт. — Як гэта жорстка — высылаць яе адтуль! Да таго ж там столькі хлопцаў, якіх яна любіць! У палку генерала *** афіцэры могуць быць не такія мілыя.
Просьбу Лідыі — калі толькі гэта можна назваць просьбай — дазволіць ёй наведаць сям’ю перад ад’ездам на поўнач бацька спярша рашуча адрынуў. Але Джэйн і Элізабэт сышліся ў меркаванні, што дзеля спакою і добрага імені сястры бацькам варта ўшанаваць яе шлюб, і пасля настойлівых, аднак надзвычай мяккіх і ўзважаных угавораў яны пераканалі містара Бэнэта прыняць Лідыю з мужам у Лонгбарне адразу пасля вяселля, дабіўшыся таго, што бацька пачаў думаць так, як думаюць яны, і дзейнічаць так, як яны хочуць. Місіс Бэнэт, на сваю радасць, даведалася, што зможа пакрасавацца з замужняй дачкой перад суседзямі перад тым, як тая з’едзе ў выгнанне на поўнач. Містар Бэнэт зноў напісаў швагру, даючы маладым дазвол прыехаць, і было вырашана, што яны адразу пасля цырымоніі адправяцца ў Лонгбарн. Элізабэт здзівілася, што Уікхэм на гэта пагадзіўся, і калі б яна магла лічыцца толькі з уласнымі жаданнямі, яна б з усіх сіл пастаралася пазбегнуць такой сустрэчы.
Раздзел LI
Калі надышоў дзень вяселля Лідыі, Джэйн і Элізабэт хваляваліся за яе нават больш, чым яна сама. Па маладых адправілі экіпаж, які мусіў сустрэць іх у ***, і меркавалася, што яны прыедуць у абедзенны час. Старэйшыя міс Бэнэт з жахам чакалі іх прыбыцця, асабліва Джэйн, бо яна прыпісвала Лідыі пачуцці, якія
ў такой сітуацыі валодалі б ёй самой, і маркоцілася ад думак пра тое, праз што яе сястры давялося прайсці.
Урэшце маладыя прыбылі. Сям’я сабралася ў пакоі для сняданкаў, каб прывітаць іх. Калі экіпаж пад’ехаў да дзвярэй, твар місіс Бэнэт расквітнеў усмешкай, бацька застаўся няўмольна сур’ёзным, а дочкі адчулі сябе збянтэжана, трывожна і няёмка.
У вестыбюлі пачуўся голас Лідыі, дзверы адчыніліся, і яна забегла ў пакой. Маці зрабіла крок насустрач дачцэ, абняла яе і горача павітала, потым з прыхільнай усмешкай падала руку Уікхэму, які зайшоў следам за жонкай, і з такой упэўненасцю пажадала абаім шчасця, што ўсе зразумелі: яна ў ім не сумняваецца.
Містар Бэнэт, да якога яны падышлі ў другую чаргу, прыняў іх не так сардэчна. Яго твар, наадварот, зрабіўся яшчэ больш строгім, і ён амаль нічога не сказаў. Маладая пара трымалася настолькі легкадумна і самаўпэўнена, што ён раззлаваўся. Элізабэт адчула агіду, і нават Джэйн была ўражаная. Лідыя заставалася Лідыяй: неўтаймоўнай, бессаромнай, дзікай, шумнай і бясстрашнай. Яна пераходзіла ад адной сястры да іншай, патрабуючы віншаванняў, і калі ўсе ўрэшце селі, прагна агледзела пакой, адзначыла найдрабнейшыя змены ў ім і са смехам згадала, як даўно яе тут не было.
Уікхэм выглядаў не больш прыгнечаным, чым яго жонка. Але яго манеры заўсёды вылучаліся прыемнасцю, і калі б характар нядаўняга вяселля і нораў самога Уікхэма былі прыстойныя, яго ўсмешкі і тая лёгкасць, з якой ён сцвердзіў сваяцтва, парадавалі б усіх. Элізабэт ніколі раней не думала, што ён можа быць настолькі самаўпэўненым, але села на сваё месца, пастанавіўшы ў будучыні не верыць у межы нахабства нахабных людзей. 1 яна, і Джэйн пачырванелі, шчокі ж дваіх, што зрабіліся прычынай гэтага замяшання, колеру не змянілі.
Недахопу ў размовах не было. I нявеста, і яе маці балбатаць маглі доўга, Уікхэм жа, якому выпала сесці побач з Элізабэт, пачаў распытваць яе пра знаёмых з ваколіц з такой дабрадушнай лёгкасцю, з якой яна не была здольная яму адказваць. Здавалася, быццам маладая пара можа пахваліцца самымі шчаслівымі ў свеце ўспамінамі — нішто ў мінулым не рабіла ім балюча. Лідыя ахвотна заводзіла гаворку на тэмы, якія яе сёстры нізашто не хацелі б зачапіць.
— Толькі падумайце, — усклікнула яна, — я з’ехала адсюль тры месяцы таму! А мне здаецца, што мінула ўсяго два тыдні, хоць за гэты час столькі ўсяго адбылося. Божа мой, калі я з’язджала, то не падазравала, што паспею да вяртання выйсці замуж, хоць мне і здавалася, што гэта было б вельмі забаўна!
Тут бацька падняў на яе вочы, а Джэйн зусім засмуцілася. Элізабэт шматзначна зірнула на Лідыю, але сястра ніколі не бачыла і не чула таго, што вырашыла не заўважаць, таму весела працягнула:
— Ах, мама, а суседзі ведаюць, што я сёння выйшла замуж? Баюся, што не, і таму калі мы абганялі брычку Уільяма Голдынга, я падумала, што ён мусіць ведаць, апусціла з яго боку шкло, і зняла пальчатку, і паклала руку на раму, каб ён убачыў пярсцёнак, а потым кіўнула яму і ўсміхнулася так шырока, як магла.
Элізабэт была не здольная трываць гэта даўжэй. Яна паднялася, выбегла з памяшкання і не вярталася, пакуль не пачула, што ўсе праз вітальню перайшлі ў сталовы пакой. Яна далучылася да іх якраз каб убачыць, як Лідыя з мітуслівай урачыстасцю ўселася па правую руку ад маці, і пачуць, як яна сказала старэйшай сястры:
— Э, Джэйн, зараз я буду тут сядзець, а ты сядай далей, бо я цяпер замужняя жанчына.
He варта было чакаць, што Лідыя з часам зробіцца сціплай: гэтай якасці яна ад пачатку была пазбаўле-
ная. Яна адчувала сябе ўсё больш весела і нязмушана, прагнула ўбачыцца з місіс Філіпс, Лукасамі і іншымі суседзямі і пачуць, як яны называюць яе «місіс Уікхэм». Адразу па абедзе яна пабегла паказваць пярсцёнак і хваліцца замужжам місіс Хіл і дзвюм пакаёўкам.
— Ну, мама, — сказала яна, калі яны вярнуліся ў пакой для сняданкаў, — што ты думаеш пра майго мужа? Хіба ён не чароўны? Сёстры напэўна мне зайздросцяць. Спадзяюся, ім пашчасціць хоць напалову так, як мне. Ім трэба ехаць у Брайтан. Вось дзе можна здабыць мужа! Як шкада, мама, што мы не паехалі ўсе разам.
— Сапраўды шкада, і калі б была мая воля, мы б паехалі. Але, дарагая Лідыя, мне зусім не падабаецца, што ты з’язджаеш так далёка. Няўжо гэта абавязкова?
— О Божа, ну вядома, ды і што тут такога? Мне там спадабаецца. Ты, і тата, і ўсе сёстры проста абавязаныя нас наведаць. Мы ўсю зіму правядзём у Ньюкасле, дзе, я думаю, будуць балі, і я пастараюся знайсці для іх усіх добрых кавалераў.
— Як бы я гэтага хацела! — сказала маці.
— А калі будзеце з’язджаць, можаце адну ці дзвюх сястрыц пакінуць у нас, і я ўпэўненая, што да канца зімы знайду ім мужоў.
— Дзякуй за такі клопат пра маю асобу, — сказала Элізабэт, — але мяне не надта захапляе твой спосаб здабыць мужа.
Госці засталіся з імі ўсяго на дзесяць дзён. Перад ад’ездам з Лондана містар Уікхэм атрымаў месцаў войску і праз два тыдні мусіў далучыцца да палка.
Місіс Бэнэт была адзінай, хто шкадаваў, што яны прыехалі так ненадоўга. Гэты час маці з дачкой прабавілі пераважна ў візітах да суседзяў і частых прыёмах у сябе дома. Такія прыёмы задавальнялі ўсіх: пазбегнуць сустрэч у вузкім сямейным коле было нават важ-