Пыха і перадузятасць  Джэйн Остэн

Пыха і перадузятасць

Джэйн Остэн
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 396с.
Мінск 2019
101.34 МБ
Калі прыбралі посуд для гарбаты і паставілі картачныя столікі, лэдзі падняліся, і Элізабэт паспадзявалася хутка аказацца ля яго, аднак яе чаканні зноў не спраўдзіліся: яна ўбачыла, што ён зрабіўся ахвярай місіс Бэнэт, якая палявала на гульцоў у віст, і праз некалькі імгненняў ужо сядзеў у яе кампаніі. Цяпер Элізабэт канчаткова страціла ўсе надзеі. Да канца вечара яны мусілі сядзець за рознымі столікамі, і яна магла толькі спадзявацца, што ён будзе гэтак жа часта паварочвацца ў яе бок і акажацца ў выніку такім жа няўдачлівым гульцом, як і яна.
Місіс Бэнэт планавала пакінуць абодвух нэзэрфілдскіх джэнтльменаў на вячэру, але іх экіпаж, на бяду, падалі раней за астатнія, і ў яе не было магчымасці іх затрымаць.
— Ну, дзяўчаткі, — сказала яна, як толькі яны засталіся адны. — Што вы скажаце пра сённяшні дзень? Мне здаецца, усё прайшло надзвычай цудоўна. Абед сервіравалі лепш чым калі. Аленіна засмажылася як мае быць, і ўсе пагадзіліся, што ніколі раней не бачылі такога тлустага кавалка. Суп быў разоў у пяцьдзясят лепшы за той, што мы елі ў Лукасаў на мінулым тыдні, і нават містар Дарсі прызнаў, што курапаткі атрымаліся выдатна, а ў яго самога, я думаю, два ці тры кухары-французы, не менш. А ты, дарагая Джэйн, выглядала такой гожай, як ніколі. Місіс Лонг сказала тое самае, бо я спытала, ці згодная яна са мной. Дарэчы, ведаеш,
што яна выдала? «Ах, місіс Бэнэт, урэшце яна запануе ў Нэзэрфілдзе». Так і сказала. Думаю, місіс Лонг — найдабрэйшае стварэнне ў свеце, а яе пляменніцы вельмі добра выхаваныя, хоць зусім не красуні. Яны мне надзвычай спадабаліся.
Карацей кажучы, місіс Бэнэт была ў найлепшым настроі: яна дастаткова паназірала за тым, як Бінглі паводзіцца з Джэйн, каб упэўніцца, што ўрэшце дачка яго атрымае. А паколькі яна была ў гуморы, яе чаканні адносна шчасця яе сям’і разрасліся так непамерна, што яна расчаравалася, калі Бінглі наступным жа ранкам не прыйшоў рабіць Джэйн прапанову.
— Гэта быў вельмі прыемны дзень, — сказала міс Бэнэт сястры. — Так добра падабранае таварыства, усе адно аднаму падыходзілі. Спадзяюся, мы будзем бачыцца часцей.
Элізабэт усміхнулася.
—Лізі, не трэба. Ты не мусіш мяне падазраваць. Мяне гэта крыўдзіць. Будзьупэўненая, я цяпер магу радавацца размовам з ім як з прыемным і разумным маладым чалавекам і не мару ні пра што большае. Я цалкам супакоілася, бо зразумела цяпер з яго манераў, што ён ніколі не думаў мяне дабівацца. Ен проста больш, чым астатнія, адораны пяшчотнай абыходлівасцю і жаданнем падабацца.
— Ты такая жорсткая, — адказала ёй сястра. — He дазваляеш мне ўсмешку, хоць кожнае імгненне спрабуеш яе з мяне выціснуць.
— У некаторых выпадках так цяжка прымусіць людзей табе паверыць!
— А ў іншых дык увогуле немагчыма!
— Але чаму ты хочаш мяне ўпэўніць, што я адчуваю больш, чым сама прызнаю?
— Адказу на гэтае пытанне я не ведаю. Мы ўсе любім настаўляць іншых, хоць можам навучыць хіба таму, чаго
і ведаць не варта. Даруй мне. Але калі ты настойваеш на сваёй раўнадушнасці да Бінглі, не рабі мяне канфідэнткай.
Раздзел LV
Праз некалькі дзён пасля таго візіту містар Бінглі наведаўся да іх зноў, гэтым разам адзін. Яго сябар ранкам якраз з’ехаў у Лондан, але збіраўся праз дзесяць дзён вярнуцца. Бінглі праседзеў у іх каля гадзіны і быў у выдатным настроі. Місіс Бэнэт запрасіла яго на абед, але ён, на вялікі жаль, мусіў прызнацца, што запрошаны ў іншае месца.
— Спадзяюся, наступным разам, — сказала яна, — нам пашчасціць больш.
Ен будзе надзвычай рады ўлюбы час, і г. д., і г. д., і калі яму зараз дазволяць сысці, ён абавязкова скарыстае найбліжэйшую магчымасць зайсці да іх яшчэ раз.
— Можа, заўтра?
Так, на заўтра ён нікому абяцання не даваў — і запрашэнне было ахвотна прынятае.
Ен прыйшоў, прычым у такі ўдалы час, калі ўсе паненкі яшчэ пераапраналіся. Місіс Бэнэт у адной капоце і з напалову скончанай прычоскай забегла ў пакой старэйшай дачкі і закрычала:
— Джэйн, дарагая, заканчвай тут і паспяшайся ўніз. Ён прыйшоў — містар Бінглі прыйшоў! Так, прыйшоў! Давай, хутчэй, хутчэй. Сара, сюды, зараз жа ідзі да міс Бэнэт і дапамажы ёй апрануцца. А пра валасы міс Лізі забудзь.
— Мы спусцімся, як толькі будзем гатовыя, — сказала Джэйн, — але я думаю, Кіці ўсіх апярэдзіць, бо яна паднялася да сябе паўгадзіны таму.
— Ах, к чорту Кіці! Яна тут пры чым? Хутчэй давай, хутчэй! Дарагая, дзе твой пояс?
Але калі маці сышла, Джэйн пастанавіла без сясцёр уніз не спускацца.
Жаданне маці пакінуць іх сам-насам зноў праявілася ўвечары. Пасля гарбаты містар Бэнэт па звычцы адправіўся ў бібліятэку, а Мэры паднялася да піяніна. Калі такім чынам дзве перашкоды з пяці зніклі, місіс Бэнэт пачала настойліва паглядаць на Элізабэт і Кіці і падміргваць ім, на што яны зусім не звярталі ўвагі. Элізабэт рабіла выгляд, што нічога не заўважае, а калі гэта ўрэшце заўважыла Кіці, яна нявінна спытала:
— Што здарылася, мама? Чаго ты мне падміргваеш? Што я мушу зрабіць?
— Нічога, дзіцятка, нічога. Зусім я табе не падміргваю.
Наступныя пяць хвілін яна сядзела спакойна, але ўрэшце, не могучы страціць такую бясцэнную магчымасць, паднялася і, сказаўшы Кіці: «Ідзём, мая мілая, мне трэба нешта табе сказаць», — выцягнула яе з пакоя. Джэйн кінула на Элізабэт погляд, у якім чыталася пакута ад такой мэтанакіраванасці і мальба да сястры, каб тая не паддавалася. Праз колькі хвілін місіс Бэнэт прачыніла дзверы і паклікала дачку:
— Лізі, дарагая, мне трэба з табой пагаварыць.
Элізабэт давялося сысці.
— Мы цалкам можам пакінуць іх саміх, — сказала ёй маці, як толькі яна выйшла ў вітальню. — Мы з Кіці ідзём наверху мой гардэробны пакой.
Элізабэт вырашыла не спрачацца, а ціха пасядзела ў вітальні, пакуль маці з Кіці не сышлі, і вярнулася ў гасцёўню.
У той дзень план місіс Бэнэт праваліўся. Бінглі быў сама чароўнасць, вось толькі ў сваіх пачуццях да Джэйн не прызнаўся. Яго лёгкасць і весялосць зрабілі яго таварыства прыемным дадаткам да іх вечаровых пасядзелак: ён цярпеў дурную дакучлівасць місіс Бэнэт
і з годнай вытрымкай выслухоўваў яе бязглуздыя заўвагі, чым заслужыў асаблівую ўдзячнасць Джэйн.
Ен з прыемнасцю пагадзіўся застацца на вячэру, і перад тым як ён з’ехаў, было дамоўлена — пераважна паміж ім і місіс Бэнэт, — што наступнай раніцай ён папалюе з містарам Бэнэтам.
Пасля гэтага дня Джэйн пра сваю абыякавасць больш не казала. Сёстры не згадалі Бінглі ні словам, але Элізабэт легла спаць у шчаслівай надзеі, што ўсё хутка вырашыцца, калі толькі містар Дарсі не вернецца раней, чым сказаў. Папраўдзе, аднак, яна схілялася да думкі, што ўсё адбываецца са згоды гэтага джэнтльмена.
Бінглі прыйшоў роўна ў прызначаны час і правёў раніцу, як і было ўмоўлена, з містарам Бэнэтам, які аказаўся нашмат больш прыемным суразмоўцам, чым чакаў яго спадарожнік. Бінглі не вылучаўся саманадзейнасцю ці дурасцю, што цвялілі б з’едлівасць містара Бэнэта ці змушалі да пагардлівага маўчання, і той быў нашмат больш гаваркі і не такі дзівакаваты, якім звычайна бачыў яго Бінглі. Госць, вядома, вярнуўся з гаспадаром на абед, і ўвечары місіс Бэнэт зноў пусціла ў ход усю сваю вынаходлівасць, каб пакінуць яго сам-насам з дачкой. Элізабэт, якая мусіла напісаць ліст, адправілася нёўзабаве пасля гарбаты ў пакой для сняданкаў, бо, паколькі астатнія сабраліся сесці за карты, яна палічыла, што патрэбы супрацьдзейнічаць матчыным хітрыкам няма.
Але калі, скончыўшы ліст, яна вярнулася ў гасцёўню, то, на сваё бязмежнае здзіўленне, зразумела, што маці не варта было недаацэньваць: яна аказалася хітрэйшай. Адчыніўшы дзверы, Элізабэт убачыла, што яе сястра і Бінглі стаяць ля каміна і сур’ёзна размаўляюць, і нават калі б гэта падазрэнняў не выклікала, выраз іх твараў, калі яны тут жа паспешліва абяр-
нуліся і адступіліся адно ад аднаго, адкрыў бы ёй усю праўду. Іх становішча было досыць няёмкім, але яе — яшчэ горшым. Ніхто не сказаў ні слова, і Элізабэт была гатовая сысці, калі Бінглі, які ўжо, як і яе сястра, прысеў, раптам падняўся і, шапнуўшы Джэйн некалькі словаў, выбег з пакоя.
Джэйн была не здольная хаваць нешта ад Элізабэт, калі ведала, піто шчырасць прынясе асалоду, і таму ў радасным хваляванні тут жа абняла сястру і прызналася, што яна самая шчаслівая ў свеце.
— Для мяне гэта зашмат! — дадала яна. — Болып чым зашмат! Я такога не заслугоўваю. Ах, чаму ўсе не могуць быць такімі ж шчаслівымі?
Элізабэт павініпавала яе са шчырасцю, палкасцю і захапленнем, якія не магла змясціць у словы. Кожнае яе добрае слова рабілася для Джэйн новай крыніцай іпчасця. Але яна не дазволіла сабе застацца з сястрой надоўга і расказаць ёй хоць палову таго, што мусіла цяпер расказаць.
— Я мушу зараз жа ісці да мамы! — усклікнула яна. — He варта забываць пра яе пяшчотную клапатлівасць і дазволіць ёй пачуць навіну ад кагосьці, апроч мяне. Ён ужо адправіўся да бацькі. Ах, Лізі, як цудоўна ведаць, што мае словы прынясуць столькі радасці сям’і! Як мне вытрымаць столькі шчасця?
I яна паспяшалася да маці, якая знарок перарвала картачную гульню і цяпер сядзела з Кіці наверсе.
Застаўшыся адна, Элізабэт з усмешкай думала, як хутка і лёгка вырашылася справа, якая столькі месяцаў трымала іх у напружанні і трывозе.
«Вось і канец усім разважлівым клопатам яго сябра! — сказала яна сабе. — Канец хітрыкам і падманам яго сясцёр! Шчаслівы, мудры, такі разумны канец!»
Праз некалькі хвілін да яе далучыўся Бінглі, чые перамовы з іх бацькам былі кароткія і паспяховыя.
— А дзе ваша сястра? — спешна сказаў ён, толькі адчыніўшы дзверы.
— Наверсе, з маці. Думаю, вось-вось спусціцца.
Тады ён зачыніў дзверы і, падышоўшы да Элізабэт, папрасіў у яе добрых пажаданняў і сястрынскай прыхільнасці. Элізабэт шчыра і сардэчна парадавалася таму, што яны хутка пародняцца. Яны цёпла паціснулі адно аднаму рукі, і пасля гэтага ёй давялося выслухоўваць усё, што ён мусіў сказаць пра свой шчасны лёс і вартасці яе сястры, да таго часу, пакуль тая не спусціцца. I хоць гэта былі словы закаханага, Элізабэт сапраўды верыла, што яго спадзяванні на шчасце разумным чынам спраўдзяцца, бо для гэтага была трывалая аснова: выдатны розум і надзвычай цудоўны характар Джэйн і падабенства паміж ёй і Бінглі ў пачуццях і густах.