Пыха і перадузятасць  Джэйн Остэн

Пыха і перадузятасць

Джэйн Остэн
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 396с.
Мінск 2019
101.34 МБ
Гэта быў вечар незвычайнай усеагульнай радасці. Задаволенасць міс Бэнэт надавала яе твару такое чароўнае ажыўленне, што яна выглядала яшчэ прыгажэйшай, чым звычайна. Кіці ўсміхалася і хіхікала, спадзеючыся, што хутка яе чарга. Місіс Бэнэт, даючы згоду і выказваючы захапленне, не адыходзіла ад Бінглі не менш як паўгадзіны і ўсё адно ніяк не магла падабраць такіх палкіх словаў, якія падаліся б ёй дастатковымі. I калі за вячэрай да кампаніі далучыўся містар Бэнэт, яго голас і паводзіны адразу ж выдалі, які ён шчаслівы.
Аднак з яго вуснаў не вырвалася ніводнага слова на гэты конт, пакуль госць позна ўвечары не сышоў. Як толькі гэта здарылася, містар Бэнэт павярнуўся да дачкі і сказаў:
— Віншую цябе, Джэйн. Ты будзеш вельмі шчаслівая.
Джэйн тут жа да кінулася да бацькі ў абдымкі, пацалавала яго і падзякавала за дабрыню.
— Ты добрая дзяўчынка, — адказаў ён, — і я з радасцю думаю, як цудоўна ты ўладкуешся. Я не сумняваюся.
што вам будзе вельмі добра разам. Нораў у вас аднолькавы. Вы абое такія падатлівыя, іпто ніколі нічога не вырашыце, такія памяркоўныя, што кожны слуга будзе вас падманваць, і такія шчодрыя, што вашы расходы заўжды будуць перавышаць прыбыткі.
— Спадзяюся, вы памыляецеся. Легкадумнасць і безразважнасць у грашовых справах з майго боку былі б недаравал ьныя.
— Перавышаць іх прыбыткі! Дарагі містар Бэнэт, — усклікнула яго жонка, — што вы гаворыце! У яго ж чатыры ці пяць тысяч у год, а можа, і болып, — тут яна звярнулася да дачкі: — Ах, мая дарагая, дарагая Джэйн, я так радая! Сёння ноччу я напэўна вачэй не звяду. Я ведала, што ўсё так і будзе. Заўсёды казала, што гэтым ўрэшце і скончыцца. Я ж ведала, што з тваёй прыгажосці будзе нейкі толк! Помню, калі ён упершыню прыехаў у Хартфардшыр і я яго ўбачыла, то адразу падумала, што вы напэўна будзеце разам. Ах, ён самы прывабны малады мужчына, які ёсць на свеце!
Уікхэм з Лідыяй былі забытыя. Яе незраўнанай улюбёнкай зрабілася Джэйн. У гэты момант іншымі дочкамі місіс Бэнэт не цікавілася. Малодшыя ж сёстры Джэйн неўзабаве задумаліся, колькі прыемнага прынясе ім у будучыні шлюб сястры.
Мэры прасіла яе дазволу карыстацца бібліятэкай у Нэзэрфілдзе, Кіці ж маліла ладзіць узімку як мага болып баляў.
Адгэтуль Бінглі, безумоўна, штодня наведваўся ў Лонгбарн, часта прыязджаючы яшчэ да сняданку і заўсёды застаючыся да вячэры, калі толькі нейкі бесчалавечны сусед, які, несумненна, заслугоўваў найглыбейшай пагарды, не дасылаў яму запрашэнне на абед, якое Бінглі пачуваўся абавязаным прыняць.
У Элізабэт цяпер было мала часу на размовы з сястрой, бо калі да іх прыходзіў Бінглі, Джэйн не магла
ўдзяляць увагу камусьці яшчэ, але яна аказалася надзвычай карыснай для абаіх закаханых у тыя выпадковыя гадзіны, калі яны былі не разам. У адсутнасць Джэйн Бінглі не адыходзіў ад Элізабэт і з прыемнасцю з ёй размаўляў калі ж Бінглі з’язджаў Джэйн шукала ў разлуцы тую ж крыніцу патолі.
— Ен зрабіў мяне такой шчаслівай! — сказала яна адным вечарам. — Бо, як выявілася, ён зусім не ведаў, што мінулай вясной я была ў горадзе! Я і не думала, што гэта магчыма.
— А я падазравала, — адказала Элізабэт. — Але як ён гэта растлумачыў?
— Гэта ўсё яго сёстры. Яны напэўна не ўхвалялі нашае знаёмства, і мяне гэта не дзівіць, бо ён мог выбраць нашмат лепшую. Але калі яны ўбачаць — а я веру, што яны ўбачаць, — які іх брат са мной шчаслівы, яны супакояцца, і мы зноў будзем у добрых стасунках, хоць ніколі не зробімся такімі сяброўкамі, як раней.
— Гэта самыя бязлітасныя словы, — сказала Элізабэт, — якія я ад цябе чула. Добрая дзяўчынка! Але мне папраўдзе было б непрыемна зноў бачыць цябе ахвярай штучнай прыхільнасці міс Бінглі.
— Ты паверыш, Лізі, што калі ён у мінулым лістападзе з'язджаў у горад, ён па-сапраўднаму кахаў мяне, і толькі перакананасць у маёй абыякавасці перашкодзіла яму вярнуцца сюды зноў?
— Ен і праўда трошкі памыліўся, але гэта робіць гонар яго сціпласці.
ЕІатуральна, гэтыя словы пацягнулі з боку Джэйн панегірык сарамлівасці Бінглі і яго стрыманасці ў ацэнцы ўласных добрых якасцяў. Элізабэт парадавалася, што ён не расказаў яе сястры пра ўмяшанне містара Дарсі, бо хоць Джэйн мела самае велікадушнае і ўсёдаравальнае сэрца ў свеце, такія абставіны маглі настроіць яе супраць сябра жаніха.
— Я дакладна самая шчаслівая сярод смяротных! — усклікнула Джэйн. — Ах, Лізі, чаму я так вылучаюся ў нашай сям’і і больш за ўсіх узнагароджаная? Я б хацела бачыць такой жа шчаслівай цябе\ Калі б толькі існаваўдругі такі мужчына для цябе!
— Нават калі ты знойдзеш мне сорак такіх мужчын, я ніколі не буду такой шчаслівай, як ты. Пакуль я не займею твайго нораву і дабрыні, я не атрымаю і твайго шчасця. Не-не, дазволь мне застацца сабой, і калі мне вельмі пашанцуе, аднойчы я, магчыма, сустрэну новага містара Колінза.
Падзеі ў лонгбарнскай сям’і не маглі доўга заставацца ў таямніцы. Місіс Бэнэт дазволіла сабе шапнуць пра іх місіс Філіпс, а тая ўзяла на сябе смеласць, нават не пытаючыся пра дазвол, шапнуць пра іх усім знаёмым у Мэрытане.
Неўзабаве Бэнэтаў назвалі самай удачлівай сям’ёй у свеце, хоць яшчэ некалькі тыдняў таму, калі Лідыя толькі збегла, усе аднагалосна прызнавалі іх самай няшчаснай.
Раздзел LVI
Аднае раніцы, праз тыдзень пасля заручын Бінглі з Джэйн, калі ён разам з дамамі сям’і Бэнэт сядзеў у вялікім сталовым пакоі, іх увагу забраў грук экіпажа, і яны ўбачылі за акном запрэжаны ў чацвярык фаэтон, што заязджаў на лужок. Для наведнікаў было зарана, ды і экіпаж не нагадваў ніводны з суседскіх. Коні былі паштовыя, і ні сам фаэтон, ні ліўрэі слуг, што суправаджалі яго, пазнаць не атрымлівалася. Аднак было відавочна, што нехта ўсё ж прыехаў, і Бінглі тут жа ўгаварыў міс Бэнэт прагуляцца па алеі, каб пазбегнуць умоўнасцяў, якія цягнула за сабой такое ўварванне. Яны сышлі, а рэшта без асаблі-
вай прыемнасці працягвала здагадвацца, хто б гэта мог быць, пакуль дзверы не расчыніліся і госця не ўвайшла ў пакой. Гэта была лэдзі Кэтрын дэ Бур.
Усе, безумоўна, рыхтаваліся здзівіцца, але здзіўленне перавысіла чаканні, прычым місіс Бэнэт і Кіці, якія зусім яе не ведалі, уразіліся ўсё ж менш, чым Элізабэт.
Лэдзі Кэтрын зайшла ў пакой з болып, чым звычайна, непрыветным выглядам, на вітанне Элізабэт адказала толькі лёгкім кіўком галавы і, ні слова не сказаўшы, села. Элізабэт назвала маці імя яе светласці, як толькі госця ўвайшла, хоць тая нават не папрасіла яе прадставіць.
Місіс Бэнэт моцна здзівілася, але ўсцешылася, што іх наведала такая важная асоба, і таму прыняла яе надзвычай пачціва. Некалькі хвілін пасядзеўшы моўчкі, лэдзі Кэтрын чапурыста звярнулася да Элізабэт:
—	Спадзяюся, з вамі ўсё добра, міс Бэнэт. Мяркую, гэтая лэдзі — ваша маці.
Элізабэт коратка адказала, што гэта сапраўды яна.
—	А гэта, мяркую, адна з вашых сясцёр.
— Так, мадам, — сказала місіс Бэнэт, радуючыся, што можа пагаварыць з лэдзі Кэтрын. — Гэта адна з маіх малодшых. Самая малодшая нядаўна выйшла замуж, а старэйшая цяпер дзесьці ў садзе, прагульваецца з маладым чалавекам, які, спадзяюся, неўзабаве ўвойдзе ў нашу сям’ю.
—	У вас тут зусім маленькі парк, — вярнулася да размовы лэдзі Кэтрын, трошкі памаўчаўшы.
—	Паверце, мілэдзі, што хоць яго нельга параўнаць з паркам у Розінгзе, ён нашмат большы, чым парк сэра Уільяма Лукаса.
—	Улетку ў гэтым пакоі напэўна нязручна вечарамі — усе вокны на захад.
Місіс Бэнэт запэўніла яе, што яны ніколі не сядзяць тут па абедзе, і дадала:
— Ці магу я спытаць у вашай светласці, як маюцца містар і місіс Колінз?
— Цалкам някепска. Я бачыла іх пазаўчора ўвечары.
Элізабэт чакала, што зараз яна выцягне ліст ад Шарлоты, бо гэта магло быць адзінае верагоднае тлумачэнне візіту. Але ліст не з’яўляўся, і Элізабэт была дарэшты збянтэжаная.
Місіс Бэнэт з найвялікшай пачцівасцю прапанавала яе светласці трошкі падмацавацца, але лэдзі Кэтрын вельмі ўпэўнена, але не вельмі ветліва адмовілася нешта з’есці і, падняўшыся, сказала Элізабэт:
— Міс Бэнэт, мне здалося, што з аднаго боку вашага лужка я заўважыла досыць прыемны дзікі куток. Я б хацела туды прагуляцца, калі вы не адмовіце мне ў таварыстве.
— Ідзі, дарагая, — усклікнула маці, — і пакажы яе светласці ўсе сцяжынкі! Думаю, наша зацішнасць ёй спадабаецца.
Элізабэт падпарадкавалася і, забегшыў свой пакой па парасон, правяла высокапастаўленую госцю ўніз. Калі яны ішлі праз вітальню, лэдзі Кэтрын адчыніла дзверы ў маленькі сталовы пакой і гасцёўню і, пасля кароткага агляду назваўшы іх прыстойнымі, рушыла далей.
Экіпаж, унутры якога госцю чакала служанка, стаяў ля дзвярэй. Элізабэт разам з лэдзі Кэтрын маўкліва ішлі гравійнай сцяжынкай у бок гайка, бо першая вырашыла не пачынаць размову з дамай, якая цяпер паводзілася больш непрыветна і груба, чым звычайна.
«Як я ўвогуле магла лічыць яе падобнай да пляменніка?» — спытала яна сябе, зірнуўшы на твар госці.
Калі яны зайшлі ў гаёк, лэдзі Кэтрын пачала гаворку:
— Вы, міс Бэнэт, мусіце цудоўна разумець, навошта я сюды прыехала. Ваша сэрца, ваша сумленне мусілі вам гэта падказаць.
Элізабэт паглядзела на яе са шчырым здзіўленнем.
— Вы памыляецеся, мадам. Я не ўяўляю, чаму мы абавязаныя гонарам бачыць вас тут.
— Міс Бэнэт, — сярдзіта адказала яе светласць, — вы мусілі б ведаць, што жартаваць са мной не варта. Калі вы вырашылі быць няшчырай, то я такім займацца не буду. Мой нораў заўжды быў слаўны шчырасцю і просталінейнасцю, і ў такую хвіліну, як гэтая, я сабе не здраджу. Два дні таму да мяне дайшлі надзвычай трывожныя чуткі. Мне сказалі, што не толькі ваша сястра збіраецца неўзабаве ўдала выйсці замуж, але і вы, міс Элізабэт Бэнэт, па ўсёй імавернасці, плануеце хутка пасля яе ўступіць у шлюб з маім пляменнікам, маім уласным пляменнікам містарам Дарсі. Хоць я і ведаю, што гэта абуральная хлусня, хоць і не збіраюся крыўдзіць пляменніка дапушчэннем, што гэта нават троіпкі магчыма, я тут жа разважыла прыехаць сюды і давесці да вашага ведама сваё меркаванне.
— Калі вы думаеце, што гэта не можа быць праўдай, — сказала Элізабэт, пачырванеўшы ад здзіўлення і пагарды, — мне незразумела, навошта турбаваць сябе такім падарожжам. Чаго вы, ваша светласць, ад мяне хочаце?
— Хачу настаяць, каб вы зараз жа гэтыя чуткі абверглі.