ДРЭВА ГЕНАДЗЬ КІСЯЛЁЎ Х ДРЭВА Каліноўскі — эпоха — наступнікі Мінск «Мастацкая літаратура» 1994 ББК 83.3 (4Бен) К 38 УДК 882.6 8820600000 к 64—94 М 302(03) — 94 ISBN 5-340-01392-8 © Г. В. Кісялёў, 1994 ВЕЧНАЕ ДРЭВА БЕЛАРУСІ Замест прадмовы Гісторыкі — не садоўнікі і не батанікі. Расліннае царства (скажам так — па-старадаўняму) звычайна цікавіць іх толькі як фон, на якім адбываюцца гістарычныя падзеі. Але і ў іх ёсць дрэва, якому яны аддаюць многа ўвагі, каля якога ім даводзіцца шмат хадзіць і завіхацца. Гэта дрэва радаводнае. Адзін з першых радаводаў яшчэ ў той вячыстай Кнізе: Аўраам спарадзіў Ісаака, Ісаак — Якава і г. д. Якіх сто пяцьдзесят ці болей гадоў назад на Віцебшчыне любілі паслухаць таямнічы патрыятычны (напаўфальклорны?) «Радавод Беларускі», які выводзіў 24 «старшыя роды» ад легендарнага князя Боя і яго жонкі Вольгі: «Бойка, адзін сын Вольгі, радзіў Гацюка, Гацюк радзіў Караську, Караська Трасіту, а Трасіта Гусака і Пластуна...» Далей ішлі Воўк, Калышка, Сяўрук, Люрка, Глінка, Гласка, Хрыпка, Пятрушча, Віюк і іншыя не менш характэрныя і пракаветныя прозвішчы і мянушкі. «3 усіх гэтых родаў толька восем пашлі ў шырокі свет, іскаць шчасця за Дзвіной, Няпром і Мяжой. Усе асталіся на роднай зямельцы, зрасліся з ёй, і, пакуль сонца будзіць грэць яе, яны будуць яе, родную, пахаць і скарадзіць». Некалі сваё фамільнае дрэва меў кожны шляхецкі род. Ганаровае месца ў грамадстве займала генеалогія, навука, якая любоўна, да драбніц, вывучала гісторыю знатных родаў, разбірала хітраспляценні сваяцтва «па мячы ды па кудзелі». Мне шмат давялося бачыць у архівах і старых кнігах радаводных, генеалагічных дрэў. Яны старанна вымалёўваліся мастакамі ў фарбах у выглядзе рэальнага дрэва: унізе, дзе карані, родапачынальнік, або пратапляста, а далей, галінкамі па паверхах кроны, нашчадкі, найперш па мячы — па мужчынскай лініі. Здаецца, вось-вось пачуеш пошум дрэва, галасы пакаленняў. Праўда, потым ужо рабіліся больш абстрактныя генеалагічныя дрэвы з квадрацікаў і кружкоў, злучаных паміж сабой тонкімі жылкамі мудрагелістых ліній. Тады часцей родапачынальнік змяшчаўся наверсе — дрэва як бы апракідвалася каранямі ўверх. Ідэя дрэва гублялася, але толькі знешне. Па сутнасці, у радаводным дрэве заўсёды захоўваліся характэрныя і для дрэва рэальнага гарызанталі і вертыкалі. Цяпер гісторыкі росцяць, гадуюць, песцяць агульны радавод народа, хоць пра карысць і неабходнасць радаводаў для кожнай сям’і ўсё часцей піша наша прэса. Я — мужыцкі сын, і радаслоўная анідзе не значыцца мая, дзед і прадзед, а далей замглёная далячынь — стагоддзяў акіян. А русецкі Гэтую тэму працягвае В. Вітка ў вершы «Спадчына», які цытаваўся нядаўна на ўстаноўчым сойме «Згуртавання беларускай шляхты» (аказваецца, ва ўзнаўленні старадаўніх традыцый ёсць свой дабратворны сэнс): Адтуль вяду я свой жыццёвы след I радаслоўную пішу спачатку, Бо на той свет з сабою цемнік-дзед Забраў і герб фамільны, і пячатку. Народ старажытнейшы за любую арыстакратыю. «Калі б народ наш лепей помніў мінулае, калі б разумеў сэнс пошукаў так званай гістарычнай арыстакратыі свайго радаводу, як бы ён пасмяяўся з нашай пыхі, з таго, што мы ганарымся старажытным, трыста гадоў назад атрыманым гербам, ён, што тысячы год налічвае ў сваёй генеалогіі...» — пісаў яшчэ ў мінулым стагоддзі вялікі дэмакрат-«нефармал» У. Сыракомля. Тысячагадовае радаводнае дрэва Беларусі, беларускай культуры трывалае і разгалістае. Нібы неабхватны, прысадзісты, каржакаваты дуб недзе на ўскраіне зубрынай пушчы. Каля камля гэтага дрэва такія імёны, як Усяслаў Чарадзей і Рагнеда, Кірыл Тураўскі і Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына і Васіль Цяпінскі. Магутныя вузлаватыя пабегі пусціла наша дрэва ў XIX стагоддзі, вельмі важным для духоўнай культуры ўсіх народаў,— Ян Чачот, Кастусь Каліноўскі, Дунін-Марцінкевіч, Багушэвіч. Новае стагоддзе дадало сюды залатыя імёны Янкі Купалы, Якуба Коласа, светлага юнака Максіма Багдановіча, дзесяткі іншых выдатных, нязгасных імён, кожнае з якіх складае славу і гонар народа. Беларуса нельга ўявіць без лесу, без дрэва. I без песні ў гонар дрэва, якую, нібы духоўную эстафету, зноў і зноў падхопліваюць паэты розных пакаленняў. «Трымаюць Зямлю без падзвіжнікаў тых, без мудрага троса, жывымі рукамі карэнняў сваіх сасна і бяроза» (А. Куляшоў). «Хораша і смела ісці наперад, калі за спіною маеш такога сябра, як дрэва!» (Я. Сіпакоў) «I нават калі чалавек памірае, дрэва становіцца тым чаўном, у якім — разам з ім — ён выпраўляецца ў незваротнае вандраванне» (А. Разанаў). Дрэвы Беларусі здаўна парадніліся з Гісторыяй. Колькі сталёвых зубоў паламалася ў нашых піл пасля вайны — глыбока ў целе тых трывушчых бяроз і сосен захраслі кулі і шурпатыя, з вострымі, ажно мароз па скуры, краямі снарадныя асколкі. Гэткія ж шрамы ёсць і на радаводным дрэве. Успамінаюцца яшчэ гістарычныя паркі, што асталіся нам ад старых часоў (такіх старадаўніх культурных гнёздаў шмат на Беларусі — зямлі высокай цывілізацыі) або былі высаджаны ў гонар гістарычных падзей. Ёсць шанаваныя дрэвы, звязаныя з гістарычнымі дзеячамі і асобамі,— ліпа Дуніна-Марцінкевіча ў Люцінцы (праўда, ад яе астаўся адно магутны, несакрушальны пень), дуб Чачота ў Гродзенскай пушчы. He, што ні кажы, усё-такі гісторыкі — таксама трохі) садоўнікам — шукальнікам гармоніі і ў прыродзе Скарына, і ён жа першы садоўнік у Садзе Мудрасці. А Сімяон Полацкі вырошчваў дзіўныя мудрагелістыя кветкі барока ў «Вертаградзе мнагацветным». Трохі (а можа, і не трохі) садоўнікам — шукальнікам гармоніі і ў прыродзе і грамадстве — быў мудры Багушэвіч, і яго Кушляны нездарма ўспамінаюцца ў кнігах па гісторыі беларускіх паркаў. У трывалага дрэва гісторыі ёсць магутныя галіны, ёсць проста лісце. Усе разам яны ствараюць крону. Чым пышнейшая яна, тым багацейшы на духоўныя здабыткі народ. Пад гоман радаводнага дрэва думаеш пра вечнасць, пранікаешся гістарычным аптымізмам, верай у будучыню. Зразумела, першы наш клопат — галоўныя галіны. Але і кожны найменшы атожылак шмат можа апавесці пра няспынны бег часу, векавечную плынь Хронаса, пра ўрокі мінулага, пра тое, «чым ёсць для народа ўпадак і хвала». I яшчэ баліць і рупіць — як бы не пашкодзіць часам, не адламаць, не адсекчы лішне якую галіну, ужо не гаворачы пра тое, як было, напрыклад, у часы сталінскіх беззаконняў або ў вайну, калі злыя перуны безупынна білі ў дрэва жыцця, калі Дрэва Беларусі страціла ці не ўсю зялёную чупрыну,— выратавалі толькі ўчэпістыя карані, што схаваліся глыбока пад зямлёй. Ачомалася, адышло Дрэва, зноў зашумела сакавітым лісцем. I зноў — абрынулася на яго атрутнае воблака Чарнобыля, ствараючы смяротную небяспеку для самога існавання народа, для яго генафонду... У жыцці і гісторыі вечна змагаюцца дабро і зло, святло і цемра. Поўнай мерай за вякістагоддзі спазнала гэта Беларусь. Ці не адсюль яшчэ спрадвечная спрэчка-пераклічка імёнаў — Русь Чорная, Белая. Я доўга думаў над назвай гэтае кнігі. Спачатку падалося — нібыта нечага тут не хапае. А потым рашыў — няхай будзе проста «Радаводнае дрэва». Гэтая назва ўвабрала і сакрэты-таямніцы, і моц, і бугрыстыя вузлякі-шрамы, і гоман-пошум старадаўніх легенд і паданняў. Няхай моцным будзе радаводнае дрэва нашай Беларусі, няхай гоніць па сваіх капілярах жывы, гаючы сок Гісторыі. КАЛІНОЎСКІ I БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА1 ...кнігі Скарыны, Каліноўскага... і многія іншыя кнігі свяшчэннага пісання нашага. Н. Плевіч У 1949 годзе ў артыкуле «Трыццаць савецкіх год» Якуб Колас пісаў з гонарам за свой народ: «...здавён гаварылі нам чарнасоценцы ўсіх колераў і масцей: «Ні пра які беларускі народ не можа быць і гутаркі, бо ў беларусаў няма культурных традыцый». Але ж дзесяткі тысяч курганоў стаяць на беларускай зямлі!.. Хіба падымаць народныя паўстанні, як рабілі Вашчыла, Гаркуша, Каліноўскі, і біць няпрошаных гасцей — гэта недастаткова культурная традыцыя?»2 Тут у вобразна-публіцыстычнай форме, у першым набліжэнні, намечана надзвычай цікавая, прынцыпова важная тэма пра сувязі Каліноўскага з нацыянальнымі гістарычнымі традыцыямі, з беларускай культурай. Разам з тым выказванне Я. Коласа сведчыць, што тады мы яшчэ досыць аднабакова разумелі гэтую праблему, не былі гатовыя да яе глыбокага вырашэння. Знакаміты «атаман мужыцкай праўды» паўстае тут пераважна як ваяр. Сёння агульнапрызнана, што Кастусь Каліноўскі, палымяны рэвалюцыянер-дэмакрат, правадыр паўстання 1863 года на Беларусі і ў Літве, быў адначасова буйным дзеячам нацыянальнай культуры. Яго імя выклікае самыя шырокія нацыянальна-культурныя асацыяцыі і становіцца ў гэтых адносінах у адзін шэраг з імёнамі Ф. Скарыны, В. ДунінаМарцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча. Каліноўскі — заканамерная з’ява, неабходнае звяно ў 1 На аснове даклада на навуковай канферэнцыі на радзіме К. Каліноўскага (Гродна — Свіслацкі раён) у студзені 1988 г., прысвечанай 150-годдзю з дня нараджэння вялікага рэвалюцыянера і публіцыста. 2 Колас Я. 36. тв.: У 14 т. Мн„ 1976. Т. 12. С. 70. гісторыі вызваленчага руху і культуры Беларусі. Яго асоба і дзейнасць цесна звязаны з эпохай 60-х гадоў XIX стагоддзя, з глыбіннымі гістарычнымі працэсамі, што адбываліся ў той час на Беларусі, як і па ўсёй Расіі, а таксама ў суседніх краінах. Эпоха гэтая характарызавалася вострым крызісам самадзяржаўна-прыгонніцкага ладу, ростам капіталістычных адносін, палітычнай актывізацыяй народных мас, выразнымі прыкметамі нацыянальнай кансалідацыі. Апошнія дзесяцігоддзі перад падзеннем прыгоннага права на Беларусі рэзка ўзмацніўся сялянскі антыпамешчыцкі рух. Новымі хваляваннямі сяляне адказалі на абвяшчэнне рэформы 19 лютага 1861 года. Прыкметна вырасла цяга сялян да асветы, у тым ліку палітычнай. Сам Каліноўскі пісаў, што рост свядомасці народных мас адбываецца літаральна на вачах: «От яшчэ нядаўна гаварылі нашыя, што яны створаны для таго, каб служылі паншчыну і былі нявольнікамі, а гаварылі для таго, што нічога не ведалі і нічога меці не хацелі, а чы сягодня гэтак скажуць, калі ўжо ведаюць многа і многа хочуць?» (Мужыцкая праўда, № 3). Усё гэта былі прыкметы духоўнага адраджэння народа, які паступова ператвараўся ў нацыю.