А пасля таксама пехатою пайшоў на месца, дзе хавалі павешаных (на тэрыторыі тагачаснай цытадэлі), падняўся на гару Гедыміна. Я не ведаў, дзе там ляжаць яго косці, але сеў пасядзець і бачыў, як над горадам абуджаецца ранак. У тую раніцу ў горадзе выпала шэрань, тонкая і сыпкая, нібы цукровая пудра, галінкі дрэў пакрыліся лёгкім інеем. Сонца, узыходзячы, пазначыла ружовай фарбай верхавіны званіц, а потым перада мною раскінуўся горад — увесь пафарбаваны ў ружовы колер ад праменняў сонца і лёгкі, як хвост райскай птушкі. Вось так я і ўшанаваў памяць Кастуся Каліноўскага. Нібы разам з Беларуссю і Літвой чакаў світання новага дня, за які так упарта — аж да смерці — змагаўся ён» . Прыкладна ў гэты ж час на плошчу Леніна, да свяшчэннага месца гібелі Каліноўскага, прыйшлі разам Герой Савецкага Саюза Бронюс Урбанавічус, былы камандзір партызанскага атрада імя Костаса Калінаўскаса, і пісьменнік Аляксей Карпюк, колішні камандзір атрада беларускіх партызан імя Кастуся Каліноўскага. Вялікі сумесны мітынг прадстаўнікоў «нефармальнай» грамадскасці Беларусі і Літвы адбыўся на плошчы Леніна ў 1988 годзе, у дні 150-гадовага юбілею Каліноўскага. Прыйшлі сюды беларусы і ў наступным годзе, калі Вільнюс дальнабачна прытуліў у сябе ўстаноўчы сойм БНФ. Шчаслівыя хвіліны гістарычнай памяці. Радаводнае дрэва Беларусі далёка пусціла свае карэнні, працягнула галіны ў бок братняй Літвы. 3 небыцця нам надзею дае Каліноўскі Кастусь, што грудзьмі сваймі выкарміць сына ізноў Беларусь і яго родным сынам прызнае літоўскі народ. Д. Бічэль-Загнетава ПАПЛЕЧНІКІ Вазьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржэмся разам! «Мужыцкая праўда» Кожны чалавек, які ставіць перад сабой значныя грамадскія задачы, абавязкова знаходзіць сяброў-аднадумцаў. Шмат такіх паплечнікаў было і ў Кастуся Каліноўскага — палымянага рэвалюцыянера эпохі разняволення народаў ад феадальна-прыгонніцкіх путаў, чалавека, які сам стаўся цэлай эпохай у гісторыі беларускага рэвалюцыйнага руху, грамадскай думкі і культуры. У яго надзвычай моцнае і шырокае поле прыцягнення, у якое на розных этапах яго жыцця траплялі самыя розныя людзі. Але найперш такія, хто шукаў свабоды свайму народу. Першым яго сябрам у высокім значэнні гэтага слова быў старэйшы брат Віктар (1833—1862), які ўвёў Кастуся ў неабсяжны свет навукі і рэвалюцыйных шуканняў. «Нямаш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек мае розум і навуку»,— скажа пазней Каліноўскі. Тыповае асветніцкае палажэнне — заўважым мы сёння. Але нельга не ўбачыць: многае тут — ад супольных з братам маладых захапленняў і пошукаў, ад маладога энтузіязму, з якім яны штурмавалі навуку, спрабавалі спазнаць законы быцця і грамадства. У раннім духоўным станаўленні Кастуся — вялікая заслуга Віктара. Услед за Віктарам Кастусь едзе з Якушоўкі ў Маскву, а ўлетку 1856 года ў Пецярбург. Кастусю былі блізкія шуканні Віктара ў галіне гістарычнай навукі. Яны разам працавалі ў пецярбургскай Публічнай бібліятэцы над важнымі і каштоўнымі першакрыніцамі з гісторыі Беларусі, Літвы, Польшчы. Гэтыя дакументы памаглі ім яшчэ раз убачыць адметнасць гістарычнага лёсу Беларусі, яе неад’емнае права на сваю долю ў гістарычнай спадчыне народаў і самастойнае нацыянальнае развіццё. Іх жыццёвы вопыт, атрыманыя веды давалі ім веру, што Беларусь з яе багатай мінуўшчынай будзе мець і цудоўную будучыню, дзеля якой варта жыць і змагацца. Віктар пазнаёміў Кастуся з кіраўнічымі дзеячамі пецярбургскай рэвалюцыйнай арганізацыі — Зыгмунтам Серакоўскім і Яраславам Дамброўскім. Серакоўскі (1826— 1863) — блізкі сябар Чарнышэўскага, выведзены ім у рамане «Пралог». Чалавек яркай творчай натуры, вопытны і заслужаны вайсковец, ён узяў на сябе ў 1863 годзе ваеннае кіраўніцтва літоўскімі паўстанцамі. Пра блізкія сувязі Каліноўскага і Серакоўскага сведчыць хаця б тое, што Кастусь у ліку нямногіх гасцей быў запрошаны на вяселле Зыгмунта, якое адбылося прыкладна за паўгода да паўстання ў мястэчку Кейданах (Кедайняй) на Ковеншчыне, у глыбіні Літвы. Гэта была, як потым казалі, «апошняя мазурка на Літве» перад грозным выбухам паўстання. 3 прысутных на тым вяселлі мала хто ацалеў, для многіх 1863 год стаў апошняй рысай жыцця. Ставячы побач Каліноўскага і Серакоўскага, мы не можам не заўважыць іх ідэйную роднасць і блізкасць, але некаторыя крыніцы дазваляюць зрабіць вывад, што паміж рэвалюцыянерамі былі і пэўныя разыходжанні тактычнага парадку. Маладзейшы і вельмі чуйны Кастусь быў больш нецярплівы ў празе свабоды і сацыяльнай справядлівасці, болып непрымірыма ставіўся да памешчыкаў і шляхты. He трэба важдацца са шляхтай, народ сам заваюе сабе свабоду — сцвярджаў Каліноўскі. Бывалы, спрактыкаваны Серакоўскі бачыў магчымасці для больш шырокага фронту барацьбы. Лёс абодвух выдатных рэвалюцыянераў аднолькавы. Серакоўскі першы, а праз якіх восем-дзевяць месяцаў і Каліноўскі прынялі смерць ад рукі мураўёўскага ката на Лукішскай плошчы ў Вільні. Іх памяць і спакой аберагае там цяпер супольная, адна на дваіх, мемарыяльная пліта. Другім кіраўніком пецярбургскіх канспіратараў быў Яраслаў Дамброўскі (1836—1871), таксама вайсковец, афіцэр Генеральнага штаба, якога за малы рост таварышы любоўна называлі Лакатком. Свой талент палкаводца-рэвалюцыянера Дамброўскі аддаў праз некалькі гадоў Парыжскай камуне і, стоячы на чале яе армій, загінуў у баях з версальцамі. Сваім лёсам Яраслаў Дамброўскі засведчыў той напрамак, у якім развівалася перадавая рэвалюцыйная думка Польшчы, Беларусі, Расіі ў той перыяд. Гэта ідэі братэрства і свабоды ўсіх народаў, барацьбы супраць любой несправядлівасці. Нездарма ж і Каліноўскага дасведчаныя сучаснікі называлі «дзіцём сусветнай рэвалюцыі». Шмат сяброў у Кастуся было сярод пецярбургскага студэнцтва. На працягу некалькіх гадоў ён узначальваў левае, радыкальнае крыло ва універсітэцкім зямляцтве выхадцаў з Беларусі, Літвы, Польшчы, быў прызнаным лідэрам самаахвярнай «чырвонай» моладзі, якая ў неадкладнай рэвалюцыі бачыла выратаванне ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту. У ліку маладых сяброў Каліноўскага — пецярбургскіх студэнтаў — быў, напрыклад, Фелікс Зянковіч (1843— 1910), чалавек дзівоснага, проста неверагоднага лёсу. Паходзіў з Пружаншчыны, сталічны студэнт. Напярэдадні паўстання вырваўся за мяжу, пасябраваў у Лондане з Герцэнам і Агаровым, удзельнічаў у славутай марской экспедыцыі паўстанцаў з Англіі да берагоў Літвы, улетку 1863 года з’явіўся ў Вільні, дзе стаў сакратаром Каліноўскага. Арышт, віленскія казематы. I, нягледзячы на зусім «зялёны» ўзрост, сталая цвёрдасць на следстве. Пасля працяглай сібірскай ссылкі вярнуўся на радзіму, перапісваўся з беларускапольскай пісьменніцай 3. Тшашчкоўскай (Манькоўскай). Гродзенская рэвалюцыйная арганізацыя моцна здружыла Кастуся з Валерыем Урублеўскім (1836—1908), хаця хутчэй за ўсё яны пазнаёміліся яшчэ ў Пецярбургу. Недалёкі зямляк, родам з Жалудка (цяпер у Шчучынскім раёне), Урублеўскі пасля заканчэння пецярбургскага Ляснога інстытута стаў афіцэрам корпуса ляснічых і ўзначаліў пісарска-егерскую школу ў горадзе Саколцы на сумежжы Беларусі і Польшчы. Выдатны арганізатар (як да нейкага магніта да яго цягнуліся людзі), чалавек яскравых байцоўскіх якасцей, да ўсяго трапны стралок, ён быў сапраўднай знаходкай для канспіратыўнай арганізацыі. Праз выпускнікоў школы ў яго завязаліся шырокія сувязі з народам у розных кутках заходняй Беларусі. Урублеўскі падзяляў радыкальныя погляды Каліноўскага і быў яму першым памочнікам у выданні і распаўсюджванні «Мужыцкай праўды». 3 усёй паўнатой яго талент раскрыўся на полі бою. Адважны кіраўнік паўстанцаў Гродзеншчыны, а потым Падляшша і Любліншчыны, ён пасля гібелі Каліноўскага панёс далей у свет ідэі роўнасці людзей і народаў, стаў, як і Дамброўскі, генералам Парыжскай камуны, членам Генеральнага савета I Інтэрнацыянала, чалавекам, блізкім К. Марксу і Ф. Энгельсу. Астанкі вернага Кастусёвага сябра спачываюць на знакамітых могілках Пер-Лашэз у Парыжы, ля Сцяны камунараў. Яго жыццё было доўгае — усяго якіх дзевяць гадоў не дажыў ён да вялікіх рэвалюцыйных падзей у Расіі, якія — у розных формах — вярнулі дзяржаўнасць Беларусі, Польшчы, Літве. У выданні і пашырэнні палымяных лісткоў «Мужыцкай праўды» прымаў удзел яшчэ адзін паплечнік Каліноўскага — Фелікс Ражанскі (гады нараджэння і смерці, на жаль, невядомыя), каморнік з вёскі Вялікая Бераставіца, якая стала адным з галоўных апорных пунктаў гродзенскай падпольнай арганізацыі. Паводле ўспамінаў сястры Каліноўскага (вільнюскі гістарычны архіў), Кастусь быў з Ражанскім у самым блізкім сяброўстве, той літаральна дняваў і начаваў у Якушоўцы, калі Каліноўскаму здаралася бываць дома. Апрача ўсяго іншага,іх збліжала, трэба думаць, любоў да літаратуры, да народа. Ражанскі выдатна валодаў народным словам, быў аўтарам баявых зухаватых беларускіх паўстанцкіх песень, папулярных сярод гродзенскіх паўстанцаў. Праз сорак гадоў пасля паўстання, ужо на пачатку нашага стагоддзя, ён апублікаваў у замежным друку ўспаміны (нельга не пашкадаваць, што кароткія) пра Кастуся і гродзенскую арганізацыю. Без гэтай каштоўнай першакрыніцы не можа абысціся цяпер ніводзін біёграф Каліноўскага. Як вядома, акалічнасці выдання «Мужыцкай праўды» дагэтуль да канца не высветлены, у таямніцу першай беларускай газеты вельмі ж цяжка пранікнуць. У ліку яе выдаўцоў крыніцы называюць яшчэ Станіслава Сангіна. Пра яго мы ведаем, на жаль, яшчэ менш, чым пра Ражанскага. Служыў чыноўнікам на Гродзеншчыне, выступаў у віленскім друку с артыкуламі на эканамічныя тэмы (да іх нашы даследчыкі яшчэ не дабраліся), разам з іншымі культурнымі дзеячамі краю быў абраны ў Віленскую археалагічную камісію, збіраў экспанаты для адкрытага ў Вільні музея старажытнасцей. Як бачым, зноў перад намі не'ардынарны чалавек, інтэлектуал з шырокімі культурнымі інтарэсамі. У выказваннях сучаснікаў знаходзім кароткія, але прынцыпова важныя звесткі, што Сангін, як і Урублеўскі, выступаў у абарону нацыянальных і сацыяльных праў беларускага народа, стаяў на чале «літоўскай партыі»1. Ясна, што перад намі аднадумец Каліноўскага, чалавек, вельмі блізкі яму па духу і грамадскіх памкненнях. На самым пачатку паўстання Сангін быў адным з кіраўнікоў гродзенскіх паўстанцаў, удзельнічаў у зацятай сямяціцкай бітве, у смелым захопе Пружан 1 лютага 1863 года, а праз два дні загінуў у баі