...Сямейны альбом Багушэвічаў знаходзіцца ў экспазіцыі Дзяржаўнага музея Беларусі. Ён ляжыць пад шклом у вітрыне аднаго з залаў, і дабрацца да яго няпроста. Але, улічваючы важнасць справы, намеснік дырэктара музея Мікалай Васільевіч Сінкевіч дае каманду дастаць альбом. Разам з супрацоўніцай музея Ларысай Аляксееўнай Александрэнка, так бы мовіць, робім апазнанне. Некалі альбом быў абцягнуты чырвоным аксамітам, цяпер, пад уздзеяннем часу, яго колер няпэўны. Сем дзесяткаў фатаграфій ахопліваюць перыяд з юнацтва пісьменніка і да 20-х гадоў нашага стагоддзя, прадстаўляючы некалькі пакаленняў Багушэвічаў і іх сваякоў. Здымкі пераважна невялікія (памеру візітнай карткі), па чатыры на старонцы. Паволі гартаем старонкі альбома, паглядаючы раз-пораз на прынесеную мною копію віленскага здымка Габрыеля. Сумненняў няма — вось ён на фатаграфіі № 50, якая якраз лічыцца неапазнанай. Нават той жа паварот галавы, толькі выгляд на фота ў альбоме больш парадны і ўзнёслы, таму што здымкі рабіліся зусім у розных абставінах. Фатаграфія Юліі (№ 49) акурат у альбоме побач. Трэба думаць, так размясціў іх сам пісьменнік. Дарчых надпісаў на адвароце няма, але відаць, што здымкі Габрыеля і Юліі зроблены ў адным і тым жа фотаатэлье А. Лоранса на Неўскім праспекце ў Пецярбургу. Звяртае таксама на сябе ўвагу здымак маладой рэспектабельнай жанчыны з немаўлём (№ 29). На адвароце надпіс: «Марцыяна Радзевіч з Габрусём». Перад намі, такім чынам, Габрыель у раннім дзяцінстве з маці. Суседні здымак (№ 30) — «Доктар Міхаіл Радзевіч». На здымку №31 — цесць Багушэвіча і дзед Габрыеля Міхаіл Шкленік. Паводле малавядомых успамінаў 3. Нагродскага на польскай мове (Вільна, 1929), Габрыель у 90-х гадах удзельнічаў у тайнай асвеце народа. Напярэдадні першай сусветнай вайны абіраўся гласным Віленскай гарадской думы, яго далейшы лёс пакуль не ўстаноўлены. Юлія Радзевіч-Вайчынская побач з Цёткай, 3. Верас, У. Станкевіч называецца часам сярод працаўнікоў беларускай асветы пачатку нашага стагоддзя, пазней працавала ў Вільні ў сістэме подьскай асветы. Час, жыццёвыя расчараванні наклалі на яе свой адбітак. С. Тамашэўская помніла яе «як удаву, якая адразу пасля першай сусветнай вайны працавала дырэктарам гімназіі ў Вільні, потым — як кіраўнічка інтэрната. Гэта была замкнутая асоба, безуражлівая. Па ёй немагчыма было пазнаць, калі яна радуецца, а калі смуткуе» (Полымя, 1990, № 3. С. 166). Яна была жывая яшчэ ў 30-х гадах, спрыяла беларускім дзеячам у іх перагаворах з сям’ёй Багушэвіча адносна рукапіснай спадчыны пісьменніка. Яе кароткія ўспаміны пра Багушэвіча надрукаваны ў 1938 годзе ў «Запісах Беларускага навуковага таварыства» (гл.: Пачынальнікі. С. 433—434). Цікава, што яна пазнаёмілася з пісьменнікам яшчэ дзяўчынкай у 70-х гадах, калі той жыў у Канатопе. Здаецца, Вайчынскія (Вуйчынскія) былі таксама сваякамі Шкленікаў. У альбоме Багушэвічаў ёсць некалькі здымкаў, пазначаных гэтым прозвішчам. Беларускі дзеяч Ф. Стацкевіч, які жыў у канцы стагоддзя ў Вайчынскіх у Пецярбургу, успамінае, што ў іх была Багушэвічава «Дудка беларуская» (Літ. і мастацтва, 1990, 17 жн.). Пазней я даведаўся, што здымкі Габрыеля змешчаны таксама ў кнігах A. М. Арэхава «Соцмал-демократнческое двнженне в Росснн н польскне революцнонеры: 1887— 1893» (1973) і «Первые маркснсты в Росснн» (1979). Адзін з іх датаваны 80-мі гадамі. Мяркуючы па адным і тым жа паліто і шаліку, здымкі зроблены адначасова, толькі на адным Габрыель з непакрытай галавой, на другім у капелюшы. Але самае цікавае, што пасля нашых публікацый на гэтую тэму (1982—1983) Уладзімір Содаль выявіў у тым жа самым альбоме Багушэвіча яшчэ адзін здымак, пад № 2, дзе Габрыель і Юлія Радзевічы сфатаграфаваны разам. У параўнанні з іх асобнымі здымкамі з альбома гэты здымак зроблены крыху пазней у Вільні. Я не звярнуў на яго ўвагу, бо ён не адносіўся да ліку неапазнаных — лічылася, што на ім Багушэвічавы пляменнікі, дзеці сястры Ганны, Ян Мніховіч і Марыя Тарчэўская. У. Содаль рыхтаваў альбом выяўленчых матэрыялаў па Багушэвічу і больш пільна вывучаў з гэтай нагоды сямейны альбом пісьменніка (Звязда. 1984, 26 жн.). А яшчэ праз некаторы час У. Содаль пазнаёміў нашу грамадскасць з новым рэдкім здымкам, дзе Багушэвіч і Радзевіч зняты ў маляўнічай групе экскурсантаў недзе на высокім беразе Віліі або Нёмана ў 1897 годзе (Беларусь. 1986, № 7). Хутчэй за ўсё нейкі вельмі ўмелы фатограф (з Вільні? з Коўна?), сапраўдны майстра сваёй справы, заспеў нашых падарожнікаў у пачатку ці канцы экскурсіі. Наша багушэвічазнаўства ўзбагацілася нечаканымі знаходкамі. У сем’ях Радзевічаў, Шкленікаў, Багушэвічаў, як і ў многіх іншых тагачасных дваранскіх сем’ях Літвы і Беларусі, былі моцныя польскія культурныя традыцыі. Але не менш трывалыя былі і мясцовыя традыцыі, якія з цягам часу станавіліся вызначальнымі. 3 публікацый A. М. Арэхава даведваемся, што Габрыель назваў сябе на допытах у Пецярбургу літоўцам. Гэтым ён хацеў падкрэсліць сваю сыноўскую сувязь з зямлёй продкаў, з Літоўска-Беларускім краем. ВАКОЛ ЗАГАДКІ «ХВЭЛЬКІ 3 РУКШЭНІЦ» Дзівіліся ўсе 3 пана Фелікса, Што па-тутэйшаму казаў... Р. Барадулін У гісторыі беларускай літаратуры драматычных эпізодаў, прыкрых прабелаў і вялікіх таямніц, здаецца, аж зашмат. I нават на гэтым фоне асоба і творчасць Фелікса Тапчэўскага выглядаюць досыць загадкава. Яго творы, за выключэннем хіба абнародаванага ананімна ў газеце «Внленскмй вестннк» «Панскага ігрышча», у свой час не друкаваліся, у тых умовах хутчэй за ўсё і не прызначаліся для друку і дайшлі да нас толькі дзякуючы неацэннай рукапіснай «Хрэстаматыі» ягонага земляка Б. Эпімах-Шыпілы. Зусім невядомая была і біяграфія Тапчэўскага. Першыя дакументы аб ім апублікаваны ў 1977 годзе ў зборніку «Пачынальнікі» (невялікая, літаральна мімаходзь, дакументальная згадка, амаль забытая нашым літаратуразнаўствам, была ў 20-х гадах у адным з артыкулаў гісторыка і літаратуразнаўцы Данілы Васілеўскага; мы да яе яшчэ вернемся). Няясныя абрысы сталі праступаць больш выразна, намацаліся нейкія зыходныя кропкі біяграфіі. Высветлілася, што Тапчэўскі — выхаванец Лепельскага павятовага вучылішча, працаваў нейкі час канцылярыстам у Віцебскім земскім судзе. Але галоўнае не гэта. Аказалася, што таленавіты паэт-гумарыст, творы якога датуюцца апошняй чвэрцю мінулага стагоддзя, як і Ф. Багушэвіч, прычыніўся да вызваленчага руху 1860-х гадоў, у часы паўстання Каліноўскага быў звольнены з пасады валаснога пісара ў мястэчку Ула на роднай Лепельшчыне, а на пачатку 1864 года нават арыштаваны. Прычым пры нейкіх таямнічых акалічнасцях. 25 лютага гэтага года веліжскі павятовы спраўнік (Веліж — вунь ажно дзе — на мяжы са Смаленшчынай) склаў акт пра тое, што прыбыў у вёску («сяльцо») Красны Стаў — маёнтак памешчыцы Апалінарыі Іванаўны Жыркевіч — і арыштаваў там яе стрыечнага брата двараніна Фелікса Феліксавіча Тапчэўскага. Пры вобыску нічога падазронага не знойдзена, узята толькі перапіска на польскай мове з сваякамі Жыркевіч і асабістыя дакументы Тапчэўскага. Паэт, калі не сказаць — будучы паэт, разам са згаданымі паперамі адпраўлены ў Віцебск, да губернатара. Вось і ўсё, што стала вядома. Ясна, што арышт быў звязаны з падзеямі 1863 года, але ў чым канкрэтна заключалася віна Тапчэўскага і як ён апынуўся на другім канцы губерні — мы не ведалі, таму што акт гэты пра арышт паэта зусім выпадкова, па нядбайнасці колішніх канцылярыстаў, трапіў у справу яго аднафамільца віцебскага чыноўніка Іосіфа Тапчэўскага і гаворка там ішла, натуральна, пра гэтага апошняга. Звязаныя з Іосіфам Тапчэўскім дакументы захоўваюцца ў мінскім гістарычным архіве. Пра «Хвэльку з Рукшэніц» у іх больш нічога не было, і сляды паэта зноў згубіліся. I вось у адну з камандзіровак у Вільнюс мне ўдалося знайсці саму следчую справу па падазрэнні аб удзеле Фелікса Тапчэўскага ў паўстанні Кастуся Каліноўскага. Накіраваная ў свой час з Віцебска ў Вільню на заключэнне, яна там так у архіўных спратах і асталася. Гэтая даволі ёмістая справа Палітычнага аддзялення канцылярыі віленскага генерал-губернатара (ДГА Літвы, ф. 378, Паліт. аддз., 1864 г., спр. 1506) мае назву не надта выразную — «О дворянке Лепельского уезда Еве Камнонко н другнх лнцах, оговоренных ею в преступных действнях протнв правнтельства». Як бачым, у загаловак вынесена зусім невядомае, як бы выпадковае прозвішча, у назве няма нічога такога, за што магло б «зачапіцца» вока нашых літаратуразнаўцаў — у «злачынных дзеяннях» тады, па сутнасці,абвінавачвалася ўся Беларусь. А між тым падшыўка захоўвала нямала цікавага. Пачалася справа 20 лютага 1864 года, калі ў Полацку была затрымана паліцыяй тая пазначаная ў загалоўку паненка Камёнка з вёскі Асінаўка Лепельскага павета. Раз’язджаючы па горадзе, яна рабіла нейкія таямнічыя візіты, сустракалася з падазронымі людзьмі. Яе затрымалі і, абшукаўшы, знайшлі фатаграфіі Івана і Вінцэнта Рэутаў, знятых у забароненых нацыянальных касцюмах. Як аказалася, згаданы тут Вінцэнт Рэут — вядомы польска-беларускі пісьменнік, колішні актыўны сўпрацоўнік «Рубона» і «Рочніка літэрацкего», які вылучаўся дэмакратычнымі поглядамі, глыбокай цікавасцю да беларускага фальклору, жывога народнага слова. Гэта з яго пісьма ў свой час стала вядома пра сустрэчы Тараса Шаўчэнкі з пецярбургскімі беларусамі 1840-х гадоў, пра зробленую вялікім Кабзаром прыхільную ацэнку нашай «Энеіды навыварат». (Пра гэта мне ўжо даводзілася пісаць у «Загадцы беларускай «Энеіды».) Дык вось гэты ўжо немалады Рэут, паводле паказанняў Евы Камёнка, быў у цесных адносінах з мяцежнікамі Сасноўскімі, збіраўся ісці з імі ў мяцеж, рыхтаваў для гэтага зброю і коней. Са справы даведваемся, што «мяцежнікі Сасноўскія» — панічы з маёнтка Вусвіца Полацкага павета, за ўдзел у паўстанні зняволены ў Дзінабургскай крэпасці. Спачатку пры чытанні дакументаў, напісаных не заўсёды разборліва, падумалася, што Вусвіца — гэта варыянт назвы «Вухвішчы», звязанай з біяграфіяй Тапчэўскага (як вядома, ён быў там пад канец жыцця аканомам-упраўляючым), але старыя даведнікі даюць Вухвішчы асобна — у Лепельскім павеце. Сёння Вухвішчы ў Полацкім, а Вусвіца ва Ушацкім раёне. Хаця ў цэлым гэта адзін і той жа рэгіён. Вусвіца нават адносілася да Рукшэніцкай парафіі1. Рукшэніцы добра ведала і не абмінула ў сваіх паказаннях-агаворах і наша занадта гаваркая Ева Камёнка. Наступны аб’ект яе ўвагі— якраз рукшэніцкі ксёндз Восіп Клапатоўскі, які, бываючы ў кампаніі Сасноўскіх, нібыта насіў патрыятычна-сімвалічную, чорную з белым, стужку. Нарэшце (тут мы падыходзім да сваёй галоўнай тэмы), дваране Фелікс і Мікалай Тапчэўскія, паводле яе слоў, пад час узброенага выступлення на Віцебшчыне былі ў «шайцы» Грабніцкага.