Мяркуючы па змесце зборніка, аўтар паходзіў з усходняй Беларусі, з Падзвіння. Звернем таксама ўвагу на рэкі Бярэзіну і Сергуч, што называюцца ў паэме «У чужой старане». Асабліва цікавая нам у дадзеным выпадку маленькая рэчка Сергуч, прыток Бярэзіны ў яе верхнім цячэнні. Сергуч уваходзіць у сістэму Бярэзінскага канала, які злучаў Бярэзіну (і праз яе басейн Дняпра) з Дзвіной. Тут праходзілі старадаўнія маршруты купцоў і вояў, пра што згадваецца ў гістарычным рамане Я. Дылы «На шляху з варагаў у грэкі», але найбольш ведалі Сергуч, зразумела, мясцовыя жыхары. Так што, магчыма, Ляскоўскі і паходзіў якраз з тых ваколіц (сённяшнія Лепельскі і Докшыцкі раёны Віцебскай вобласці). Але з прысвячэння вядома, што паэт вучыўся чытаць і пісаць у бернардзінцаў. Ці былі ў тым рэгіёне бернардзінцы? Знаёмлюся з адпаведнай літаратурай (існуе нават двухтомная манаграфія «Бернардзінцы ў Польшчы», дзе гаворыцца і пра гісторыю гэтага ордэна на Беларусі) і раблю для сябе адкрыццё. Паблізу — у мястэчку Беразіно Барысаўскага павета (цяпер вёска Докшыцкага раёна) быў да 1832 года бернардзінскі асяродак (кляштар), дзе Ляскоўскі і мог атрымаць сваю першую адукацыю (у першай трэці XIX стагоддзя многія каталіцкія ордэны — езуіты, піяры, дамініканцы і г. д.— з дазволу, а дзе, магчыма, і без дазволу ўрада займаліся навучаннем, утрымлівалі школы). У паэме згадваецца таксама «Будская святая Марыя», перад абразом якой маліўся аўтар у маленстве «ў месцы, шырока вядомым цудамі». Думаецца, што гэты пасаж можна аднесці да недалёкага будслаўскага бернардзінскага касцёла, прысвечанага якраз Маці Божай. Ёсць звесткі, што Будслаў і пайшоў ад адзінокай буды манаха-пустэльніка ў лесе. Пра будслаўскія святыні быў артыкул у «Спадчыне» (1991, № 4). Яго аўтар В. Дубінка піша: «Вядома, што пры будслаўскім кляштары бернардзінцаў існавала музычная школа, парафіяльная школа, а крыху пазней — народнае вучылішча. Вучылі тут і багаслоўскім навукам, чытанню і пісьму, матэматыцы, геаграфіі, фізіцы, замежным мовам». У наш час (Полымя. 1961, № 8) у сутарэннях будслаўскага касцёла была выяўлена цэлая бібліятэка старадаўніх кніг. Так што Ляскоўскі мог атрымаць дастатковую адукацыю таксама ў Будславе. Пойдзем далей, адштурхоўваючыся ад пэўных храналагічна-геаграфічных арыенціраў. Вядома, што Ляскоўскі ў 1855 годзе быў у эміграцыі ў Лондане (насуперак Галомбаку, звестак пра жыццё на эміграцыі ў Францыі ў зборніку няма. А можа, вопытны польскі даследчык меў якія-небудзь дадатковыя звесткі?). У 1860 годзе паэт ужо вярнуўся на радзіму, бо піша вершы ў Вільні. Выпісваю паметкі пад іншымі вершамі, вехі жыццёвай дарогі паэта. Паміж Лонданам і Вільняй цэлы шэраг малазначных паселішчаў, паэт увесь час пераязджае, нейкі клопат вечна гоніць яго з месца на месца: 1856 — Шчучын, 1858 — Карсы, Осек (Osiek), 1858—1859 — Зелюнь, 1859—1860 — Елень. 3 поўнай упэўненасцю аднесці гэтыя паселішчы да нейкага рэгіёна цяжка, але можна думаць усё ж, што гэта Познанскае княства, далучанае ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай да Прусіі1. Звернем таксама ўвагу на верш «Гетманская магіла на Пабярэжжы. 3 падання маларасійскага люду», напісаны ва ўжо ўпамянутых Карсах у 1858 годзе. Размова там ідзе пра магілу гетмана Жалкеўскага, або Жулкеўскага, які загінуў у 1620 годзе ў бітве з туркамі на тэрыторыі сённяшняй Румыніі і пахаваны на беразе Днястра (дарэчы, ім цікавіўся па матэрыялах пецярбургскай Публічнай бібліятэкі брат Кастуся Каліноўскага Віктар). У вершы сустракаюцца ўкраінскія словы, хутчэй за ўсё падхопленыя ў Галіцыі, якая ўваходзіла ў той час у склад Аўстрыі. Паэт сам бачыў гэту магілу, што відаць з наступнай заўвагі: «Ёсць месца на помніку, якое сведчыць, што там быў надпіс, цяпер надпісу ўжо няма». Словам, паэту давялося прайсці цяжкія эмігранцкія пуцявіны: Галіцыя? Румынія? Харватыя? (трымаем у памяці як «запасны варыянт»), Лондан (тут ужо без пытальніка), Познань? Нездарма ў адным з вершаў ён успамінаў «гэтыя вандроўкі і прыгоды, што зламалі век мой малады» («Мая ўява», 1858). Дарэчы, у Лондане ён павінен быў зблізіцца са сваім земляком Аляксандрам Рыпінскім, з якога мы пачыналі гэтыя свае нататкі. У іх шмат агульнага — любоў да літаратуры, да паэзіі, замілаванне беларускім фальклорам, туга па Беларусі. Так што Рыпінскі, трэба думаць, ведаў Ляскоўскага не толькі па зборніку «Беларускі бандурыста», але і аса- 1 Назва Осіек (ёсць, аказваецца, такі горад і ў Харватыі) мільгала апошнім часам у прэсе ў сувязі з падзеямі міжусобнай вайны ў Югаславіі. біста. (Пра іх магчымыя сувязі пісаў і Адам Мальдзіс у сваім «Англійскім дзённіку».) Вярнуўся з эміграцыі Ляскоўскі (як і Рыпінскі) паводле агульнай амністыі, абвешчанай царскім урадам у 1856 годзе. Рыпінскі, як вядома, прыехаў у край у 1859 годзе. Ляскоўскі выкарыстаў гэту амністыю, трэба думаць, толькі ў 1860-м. Яго імя значыцца ў архіўным спісе «польскіх выхадцаў», што жывуць у Віленскай губерні і знаходзяцца пад наглядам паліцыі (ДГА Літвы, ф. 422, воп. 1, спр. 8, л. 9 адв.). У дакуменце сказана, што нагляд за Ляскоўскім устаноўлены паводле прадпісання начальніка 4-й акругі корпуса жандараў (Вільня) ад 15 красавіка 1860 года. Спіс рээмігрантаў Паўночна-Заходняга краю быў надрукаваны і ў «Памятной кннжке Внленской губернмн на 1861 год» (усяго 354 прозвішчы, сярод іх Ляскоўскі). Цікава, што, нават знаходзячыся пад паліцэйскім наглядам, паэт не цураўся ўдзелу ў палітычных дэманстрацыях: улетку 1861 года ён быў заўважаны паліцыяй у спяванні ў Вільні патрыятычнага гімна (Сборннк документов музея графа М. Н. Муравьева. Внльно, 1906. Т. 1. С. 87). Потым Ляскоўскі з далягляду знікаў. Але хутка даследчыцкія шляхі-дарогі зусім нечакана зноў вывелі на яго. Я працаваў над каментарыямі для артыкула А. Ельскага «Пра беларускую гаворку», уключанага ў зборнік «Пачынальнікі». Артыкул быў змешчаны ў 1885 годзе ў польскім пецярбургскім часопісе «Край». У прадмове рэдакцыя пісала, што пытанне пра лёс беларускай мовы разглядаецца таксама ў атрыманым рэдакцыяй артыкуле маладога паэта Юзафа Кучынскага «Слова пра гаворку і народную паэзію беларусаў». «Твор гэты палемічнага зместу,— гаварылася ў прадмове.— Аўтар некалькі гадоў назад змяшчаў у «Gazeсіе Polskiej» беларускія народныя песні разам з іх даслоўным перакладам. Выклікала гэта ў адным з фельетонаў «Nowin», рэдагаваных у той час Баляславам Прусам, падрабязныя заўвагі п. Карабіча пад назвай «Слоўца пра песню», у якіх крытык зрабіў п. Кучынскаму папрок у скажэнні беларускай мовы шляхам увядзення ў яе чужых слоў і зваротаў, што не адпавядаюць прыродзе беларускай гаворкі...» Так у маё поле зроку трапіла новае імя — нейкі цаніцель і абаронца беларускай мовы Карабіч. Успомнілася, што гэта імя ўжо прыгадваў выдатны наш даследчык Сцяпан Александровіч у артыкуле «Два невядомыя вершы» (Літ. і мастацтва. 1965, 16 лют.). С. Александровіч натрапіў тады якраз на згаданы артыкул Карабіча ў газеце «Новіны» і быў ура- жаны дасведчанасцю аўтара, яго рашучым непрыманнем песімістычнага погляду Кучынскага на будучыню беларускай мовы. Карабіч пісаў пра слабое знаёмства свайго апанента з народнай паэзіяй беларусаў: «Бачыў ён народ, чуў штосьці з яго песень, але чалавека і яго словы не зразумеў, а яшчэ горш — не ўмеў услухацца ў тыя словы. Чаму? На гэта ёсць просты адказ: вучыўся ён, відавочна, на тых кніжных узорах, якія беларускую мову лічаць пабочным рэхам свае [польскай.— Г. X.] мовы. 3 такога памылковага пункту гледжання вынікае, што прынцып не дазваляе гаварыць пры самабытнасць мовы нейкай там гаворкі з-пад сялянскай страхі». Беларуская мова, рашуча сцвярджаў Карабіч, старадаўняя, у яе свае непаўторныя рысы, самабытны характар мае таксама і народная песня беларусаў, у якой ёсць сваё кола тэм і свая мелодыя. Усё гэта былі слушныя і вельмі актуальныя на той час (ды ці толькі на той час?) думкі. Ужо аднаго гэтага было б дастаткова, каб зацікавіцца артыкулам «Новін». Але яшчэ больш быў уражаны Сцяпан Хусейнавіч дзвюма прыведзенымі там песнямі. Першую песню Карабіч запісаў нібыта ў 1879 годзе ад паштовага фурмана: Зямелька мая, Мая родная, Запала ж ты, залягла ў душы! I бор твой шуміць, I гоман гудзіць Да там ён, далёка..., ой там! Ох ды там! Туман наД сялом, Хатка за лугам, Хатачка, родная ты мне! Гутарка ідзе: «Гдзе ж ён, ой да гдзе?» — Так бацька, так маці галосіць. Ох, за мной! А я тут, я ваш, Далёк дамок наш. He, гэта ні ў якім разе не фальклорны твор,— падумалася вопытнаму, пранікліваму даследчыку. «Своеасаблівая форма..., унутраны маналог аўтара, у якім гучыць шчыры смутак па радзіме, лірычная настраёвасць і глыбокі падтэкст твора — усё гэта бясспрэчнае сведчанне таго, што перад намі не звычайная народная песня, а верш нейкага невядомага песняра»,— слушна заўважыў С. Александровіч. Другі верш — «Пад дуду» з выразным сацыяльным па- фасам і пратэстам супраць прыгнёту аўтар артыкула запісаў нібыта ў 1863 годзе. I той жа вывад — перад намі рука літаратара, не толькі знаёмага з правіламі версіфікацыі, але са значным вопытам і дастатковай кніжнай культурай. Мяркуйце самі: Дудка мая, дудка! Зайграй ты людзям, Зайграй братцам родным, грай сваёй сям’і, Лягчэй будзе сэрцу, лягчэй плыць слязам, Ой, цяжкія ж слёзы на душы ляглі! I гора і плачу чалавек зазнае Ад самай калыскі, ой ды цэлы век! Калі лепей будзе, ніхто не згадае, He згадае долі сваёй чалавек. Хоць бы шчасце з горам папалам ішло, A то плывуць слёзы, як даўней плылі; Сямейка расла, дзетак падрасло, Сяло апусцела — мужыком мужык: Засталіся дома дзеткі адзінокі, Дзетачкі сіроты, раздзел іх вялік! Дудка мая, дудка! Дай ты сэрцу льготу, Дай душы заплакаць, згані з воч слязу. А я за табою, ды пад тваю ноту Мужыцкую долю людзям раскажу. С. Александровіч нават адчуў у гэтых вершах пераклічку з шэдэўрам Паўлюка Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы» і дапускаў, што новыя адшуканыя вершы таксама належаць яму. Няхай сабе так, але хто ж такі сам Карабіч, такі выдатны знаўца беларускай мовы і фальклору, які на працягу дзесяцігоддзяў захоўваў цікавасць да Беларусі (адна ж з песень запісана ім ажно ў 1863 годзе). Да таго ж С. Александровіч дапускаў, што аўтар артыкула ў «Новінах» «хтонебудзь з вядомых беларускіх паэтаў другой палавіны XIX стагоддзя», які схаваўся за псеўданімам Карабіч і «знайшоў дыпламатычную форму пад выглядам народных твораў апублікаваць свае ўласныя творы».