Радаводнае дрэва Каліноўскі — эпоха — наступнікі Генадзь Кісялёў

Радаводнае дрэва

Каліноўскі — эпоха — наступнікі
Генадзь Кісялёў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 303с.
Мінск 1994
111.74 МБ

 

Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
На гэты раз пранесла. Чаховіч зноў на волі, зноў памагае Каліноўскаму шырыць паўстанне, толькі становіцца яшчэ болып асцярожным. 3 ранейшага камітэта ў Вільні іх асталося толькі двое. Мы можам сабе ўявіць, як здружыліся яны, нягледзячы на розніцу паходжання, поглядаў і тэмпераментаў, у гэты перыяд самага цеснага супрацоўніцтва.
Яны добра дапаўнялі адзін аднаго: імпульсіўны, рашучы, заўсёды гатовы да дзеяння Кастусь і спакойны, нібыта запаволены, Зыгмунт.
Захопленыя справамі, яны не адразу заўважылі новую небяспеку. Зусім не з боку ўлад. У канцы лютага 1863 года «белыя» ўвайшлі ў змову з камісарам варшаўскага паўстанцкага ўрада Дзюлеранам і зрабілі ў рэвалюцыйнай арганізацыі пераварот. Замест распушчанага Літоўскага правінцыяльнага камітэта (Часовага ўрада Літвы і Беларусі) створаны безаблічны Аддзел кіравання правінцыямі Літвы на чале з Якубам Гейштарам. «Здавалі нам справы і паперы Каліноўскі і Зыгмунт Чаховіч. Абодва былі пакрыўджаны на Дзюлерана. Каліноўскі напісаў нават пратэст...» — успамінае Гейштар. Справа была нават не ў асабістых амбіцыях, хоць і яны адыгрываюць сваю, часам вельмі вялікую ролю ў жыцці людзей. Каліноўскі і Чаховіч справядліва лічылі, што камбінатарам-«белым», заўсёдным стражам дваранскіх інтарэсаў, не месца ў кіраўніцтве паўстаннем.
Гейштар папракаў камітэтчыкаў, што яны мала зрабілі. Яму «патэтычна» (як сказана ва ўспамінах) пярэчыў Чаховіч. Камітэт, сцвярджаў верны паплечнік Каліноўскага, карыстаўся падтрымкай краю, людзі без шкадавання былі гатовыя аддаць і аддавалі паўстанню «мільён рук і ўсю маёмасць». Якраз «белыя» з’явіліся фатальнай перашкодай.
Тым не менш у той абстаноўцы часовы кампраміс быў непазбежны. Каліноўскі некаторы час працаваў у Вільні памочнікам начальніка горада, потым атрымаў прызначэнне рэвалюцыйным камісарам на родную Гродзеншчыну. Чаховіч стаў выконваць у Аддзеле тыя ж функцыі, што і ў былым камітэце — у яго руках была па-ранейшаму перасылка карэспандэнцыі, сувязь з месцамі. У той жа час ён быў як бы захавальнікам традыцый. Бадай што гэты спакойны, летуценны чалавек як ніхто іншы знаў усе перыпетыі паўстання, яго пад’ёмы і спады.
Гейштар ва ўспамінах напіша: «3 усёй адданасцю, адказнасцю і беззапаветнасцю ён выконваў свой абавязак, пазней у следчых камісіях, па дарозе ў Сібір і ў выгнанні заўжды аказваўся чалавекам сумленным...»
На вачах Чаховіча выявілася на практыцы няздольнасць «белых» кіраваць барацьбой. Усё большую сілу ў справах паўстанцкай арганізацыі зноў сталі забіраць «чырвоныя», энергічныя, смелыя, ахвярныя (У. Малахоўскі, Ц. Далеўскі і інш.). У чэрвені вярнуўся з Гродна Кастусь Каліноўскі, які
нібы набыў другое дыханне ад дотыку да роднай зямлі. Наспяваў новы пераварот, які прывёў да стварэння ў Вільні «Чырвонага жонда».
Адной з праяў, прыкмет новага радыкальнага і энергічнага накірунку быў смяротны прысуд, вынесены арганізацыяй віленскаму губернскаму маршалку шляхты Дамейку за супрацьдзеянне паўстанню. Падумаць толькі — паўстанцы, сярод якіх пераважалі шляхціцы, узнялі руку на шаноўнага шляхецкага лідэра. 30 ліпеня на Дамейку быў зроблены няўдалы замах, пайшлі арышты.
На кватэру Зыгмунта Чаховіча ў доме Граткоўскага на Скапуўцы паліцыя заявілася назаўтра пасля замаху. Зразумела, ён даўно падрыхтаваўся не толькі да вобыскаў, але і да любых іншых паваротаў лёсу. 3 «крыміналаў» знайшлі толькі жалобны малітоўнік з пераломленым каталіцкім крыжам (падобныя сімвалы ў тыя часы строга забараняліся). 5 жніўня Мураўёў загадаў адправіць зламысніка ў Перм, але распараджэнне гэтае не паспелі выканаць, таму што якраз у гэты час у следчай камісіі пачала разблытвацца вялікая агульная справа віленскай рэвалюцыйнай арганізацыі. Вядома, напрыклад, што Гейштар, арыштаваны ў адзін дзень з Чаховічам і высланы ва Уфу, неўзабаве быў зноў вернуты ў Вільню па запатрабаванні следчай камісіі.
7 жніўня Чаховіча апазнаў у турме рэзчык пячатак, што працаваў у арганізацыі, Штэйнман.
Гартаем матэрыялы следства.
14 жніўня ў будынку № 14 віленскай цытадэлі Чаховіч даў паказанні ад’ютанту Мураўёва маёру Паўлаву — сказаў, што мае ў Свянцянскім павеце маёнтак Крашоны, але жыў больш у матчыным маёнтку Мацковічы. Надзвычай цікавая дэталь у паказаннях — у сакавіку, пасля вобыску ў вёсцы і на віленскай кватэры, нібыта быў арыштаваны, а потым па просьбе дзядзькі — старшыні губернскай палаты цывільнага суда Івана Чаховіча — выпушчаны на парукі. Што гэта? Ці сапраўды быў новы арышт у сакавіку або Чаховіч зблытаў храналогію і недакладна датаваў усё той жа ўжо вядомы нам арышт канца студзеня — пачатку лютага?..
Чытаем наступныя паказанні ад 27 верасня. Яму 33 гады (у сапраўднасці толькі што споўнілася 32). Маці Юзэфа ў Мацковічах. Там жа жонка і двое сыноў — Мечыслаў і Вітальд. У Мацковічах і Крашонах 100 валок зямлі (г. зн. 2000 дзесяцін). Унушальныя памеры маёнтка названы, трэба думаць, спецыяльна. Ён нібыта гаварыў следчым — мяркуйце самі — навошта чалавеку забяспечанаму
ісці ў паўстанне? 3 рэвалюцыянерамі не знаўся. 3 маёнтка прыязджаў у Вільню даволі часта, спыняўся ў гасцініцы Ніяшкоўскага. Часам ездзіў у жончын маёнтак Бясяды ў Вілейскім павеце. I зноў пра тое сакавіцкае здарэнне: вытрабаваны ў Вільню па распараджэнні Назімава і аддадзены на паручыцельства Івану Чаховічу. Можа, усё-такі быў яшчэ адзін арышт?
Новыя допыты, вочныя стаўкі. Чаховіч трымаецца цвёрда, ад усяго адмаўляецца. Але яго роля ў канспіратыўнай арганізацыі, шматлікія сувязі з рэвалюцыянерамі — хоць, зразумела, і не ў поўным памеры — устаноўлены.
У канцы лістапада следства па справе віленскай арганізацыі падышло к канцу, пухлы том перададзены ў палявы ваенны суд пры штабе раскватараванай тут 27-й пяхотнай дывізіі. 12 снежня 1863 года падпісваецца прыгавор, трыццаці двум падсудным выносяцца розныя меры пакарання — ад расстрэлу («казннть смертью — расстреляннем») да высылкі. Чаховічу выпала па прыгавору 10 гадоў катаргі з канфіскацыяй маёмасці, аднак Палявы аўдытарыят палічыў гэтую меру занадта мяккай і прысудзіў яго да расстрэлу. I раптам жыццёвыя шалі зноў схіліліся на карысць нашага героя. Мураўёў — чаго ніколі не рабіў або рабіў вельмі рэдка — замяніў пакаранне смерцю 12-гадовай катаргай. Як здарылася немагчымае? Адказ знаходзім ва ўспамінах пра кампазітара Мечыслава Карловіча: Ірэна Сулістроўская, будучая жонка Яна Карловіча і маці кампазітара, звярнулася да свайго сіяцельнага і ўплывовага сваяка князя Канстанціна Радзівіла і той літаральна вымаліў у Мураўёва жыццё, як сказана ва ўспамінах, «аднаго з самых высакародных тагачасных людзей, члена Нацыянальнага ўрада, Зыгмунта Чаховіча». Дарэчы, у гэтых жа ўспамінах гаворыцца, што Ірэна Сулістроўская схавала і выратавала яшчэ і мастака Эльвіро Андрыёлі, пра што ён з удзячнасцю расказваў потым, бываючы ў Карловічаў у Варшаве. А самому Яну Карловічу, як мы ведаем, быў да магілы ўдзячны за выратавальную дапамогу ў грозным 1863 годзе беларускі пісьменнік Францішак Багушэвіч. Тугія вузельчыкі завязвае часам гісторыя.
Карловічы і далей працягвалі апекавацца Чаховічам. У студзені 1870 года яго брат Ігнат паведаміў Яну Карловічу балючы сібірскі адрас — «Снгнзмунду Бернардовнчу Чеховячу в г. Нркутске. На Большой улнце дом Доржеева».
Але мы забеглі-такі наперад. Вернемся на некалькі гадоў назад.
Сярод матэрыялаў канцылярыі віленскага генерал-губернатара выпадкова захаваўся дакумент, цікавы не столькі зместам, колькі ў храналагічных адносінах: генерал-губернатар Заходняй Сібіры піша ў жніўні 1864 года Мураўёву, што Юзэфа Чаховіч, маці Зыгмунта, прыслала ў Омск пасылку. Сын размеркаваны ў Іркуцкую губерню. Каб даставіць пасылку адрасату, патрабаваліся грошы. Хоць і невялікія, а ўсё ж. Таму і распачалі перапіску омскі правіцель з правіцелем віленскім, якая для нас з’яўляецца карыснай храналагічнай меткай. Мы даведваемся, што к жніўню 1864 года Зыгмунт Чаховіч ужо прарабіў свой пакутніцкі шлях у Сібір. Туды ішлі па этапе месяцамі, і пра геройскую смерць Каліноўскага (сакавік 1864 года) ён даведаўся, магчыма, у дарозе або пасля прыбыцця на месца.
У кароткай біяграфічнай даведцы, якая ўжо не раз служыла нам у лабірынтах даследавання арыяднінай ніткай, паведамляецца, што катаргу Зыгмунт адбываў у Нерчынскіх капальнях, дзе на працягу дзевяці гадоў быў прыкуты да тачкі. Потым жыў на пасяленні ў Іркуцку, дзе займаўся, між іншым, вырабам мыла (вось вам і летуценнік — не кожны заўзяты практык скеміць). Далей былі Перм, Смаленск і, нарэшце, Варшава. Праз шаснаццаць гадоў (гэта значыць каля 1880 года) ён змог пасяліцца ў Бясядах.
Дакументы ўносяць у гэтыя падлікі невялікія карэктывы.
Перапіска, прыкладзеная да справы віленскай рэвалюцыйнай арганізацыі (ДГА Літвы, ф. 1248, воп. 1, спр. 468, ч. 1), застае Чаховіча ў Варшаве. 3 яе відаць, што ён прыбыў сюды ў студзені 1873 года па пашпарце, выданым пермскім паліцмайстрам на свабоднае пражыванне, дзе пажадае, за выключэннем сталіц і дзевяці заходніх губерняў (г. зн. Беларусі, Літвы і Украіны). Пашпарт датуецца снежнем 1872 года, выходзіць, Чаховіч прабыў у Сібіры не больш васьмі гадоў, яшчэ меней, натуральна, працягвалася яго знаходжанне непасрэдна на катарзе. Няхай даруецца нам гэтае міжвольнае ўдакладненне, якое, зразумела, зусім не прыніжае рэвалюцыйных заслуг нашага героя.
I так, у 1873 годзе Чаховіч ужо ў Варшаве, побач з радзімай. Тым нясцерпней жаданне ўбачыць родныя нябёсы, набраць у збалелыя грудзі гаючага паветра Беларусі. Ён яшчэ не стары. I жонка Анэля, здаецца, яшчэ не такая «ўражына», як у купалаўскія часы. Вось дакументы. Анэля Чаховіч (яна называецца ў паперах уладальніцай маёнткаў Бясяды і Гяльвянуў у Вілейскім павеце) просіць аб выдачы
мужу пашпарта на паўгода для прывядзення ў парадак спраў па гэтых маёнтках. Просіць узахлёб, не саромеючыся моцна згусціць фарбы: маёнткі ў поўным заняпадзе, муж продажам або аддачай у арэнду можа выратаваць яе ад гібелі. Тым не менш у просьбе адмоўлена.
Прыкладна праз год, 11 красавіка 1874 года, сам Чаховіч, які жыў тады па-ранейшаму ў Варшаве па вуліцы Вспульнай, 6, звяртаецца да генерал-губернатара ПаўночнаЗаходняга краю з яўна нерэальнай просьбай вярнуць яму маёнтак у Свянцянскім павеце, які складаецца з двух фальваркаў — Мацковічы і Крашоны, а таксама дазволіць яму пабываць на радзіме. Адмоўлена.