патрабавальных вайсковых запытаў (пры выпадку падключалі нават камандзіра дывізіі). Па паметках на пісьмах з палка можам меркаваць пра баявы шлях нашага бойкага фельдфебеля, пра мясціны, дзе ён служыў: 1849 — «аўстрыйскія ўладанні», «на маршы ў Галіцыі», Венгрыя (тады Расія, як вядома, ратавала Еўропу ад паўстанняў-рэвалюцый); 1850 — «лагер пры горадзе Варшаве», крэпасць Бабруйск, Гомель; 1852 — Кіеў; 1854 — «прыдунайскія княствы»; 1855 — «пазіцыя ля Мекензевай гары Таўрычаскай губерні». Гэта ўжо подступы да Севастопаля. Крымская вайна ўзмацніла патрэбу ў афіцэрскіх кадрах. I наш Шэмет-Палачанскі надзеў прапаршчыцкія пагоны, так сказаць, авансам, нават без пацвярджэння дваранскіх правоў. У 1858 годзе палкавая канцылярыя піша з Казельска (Калужская губерня). Нарэшце ў 1862 годзе сам «уволенный за ранамн мз Алексопольского пехотного полка подпоручнк І4ван Мнхайлов Шемнот Полочанскмй» звяртаецца ў дваранскую зборню ўжо са Смаргоні: род толькі што нарэшце быў зацверджаны ў дваранстве, і адстаўны афіцэр, удзельнік гераічнай абароны Севастопаля, хоча мець адпаведнае пасведчанне. Больш ні пра першага, ні пра другога Івана Міхайлавіча, ні пра іх прамых нашчадкаў згадак у радаводнай справе, на жаль, няма. Нейкі «дваранін Іван Міхайлавіч Шэмет-Палачанскі» мільгануў толькі як кум у адной з хросных метрык Шэметаў-Палачанскіх 1881 года па ўзлянскай царкве Вілейскага павета. Які з Іванаў Міхайлавічаў маецца тут на ўвазе, цяжка сказаць — мабыць, першы, таму што другога хутчэй назвалі б «адстаўны падпаручнік». Але катэгарычна сцвярджаць нічога нельга. Няясна да канца — хто з іх быў паэтам: першы больш падыходзіць па даце нараджэння, другі імпануе біяграфіяй, багатым жыццёвым вопытам. Доўгая разлука з родным краем магла абвастрыць сыноўскае пачуццё да радзімы. Так было, напрыклад, з Вікенціем Равінскім, аўтарам «Энеіды навыварат». Між іншым, як відаць са справы, родны пляменнік нашага севастопальскага героя Іосіф Ануфрыевіч жыў у 1889 годзе ва ўрочышчы Агаротніца Даўгінаўскай воласці. Праз пляменніка Даўгінаўшчына была, трэба думаць, блізкая і адстаўному вайскоўцу Івану Міхайлавічу. Другі пляменнік — Андрэй Пётр (сын старэйшага брата Міхаіла Фелікса) за ўдзел у паўстанні 1863 года быў высланы ў Сібір і ў канцы мінулага стагоддзя жыў у горадзе Тара Табольскай губерні, адкуль вёў актыўную перапіску з Мінскай зборняй, просячы прылічыць да дваранства сваіх сыноў, народжаных у Сібіры. Ён пусціў моцныя карані ў тых краях, быў членам Тарскай гарадской управы і іншых мясцовых устаноў. 3 яго дапамогай маглі перабрацца ў Сібір і іншыя атожылкі роду Шэметаў-Палачанскіх, у тым ліку дачка паэта. У заключэнне некалькі слоў пра творчасць ШэметаПалачанскага. Паспрабуем акрэсліць яе хаця б тэматычна. Яго творы «Ашмянская рэзь» і «Даўгінаўскі пагром» — пра што яны? У аснову першага, несумненна, пакладзены гістарычны выпадак, які меў месца пад час паўстання 1831 года на Беларусі: тады, 11 красавіка, царскія карнікі жорстка расправіліся з паўстанцамі, а заадно і з жыхарамі, у Ашмянах. Падзея гэта адлюстравана і ў літаратуры. Ёй прысвечаны, напрыклад, верш польскага паэта К. Гашынскага (1809—1866), які так і называецца «Rzez oszmianska». Згадваецца «Ашмянская рэзь» і ва ўспамінах філамата Ігната Дамейкі, іншы раз у публіцыстыцы часоў Каліноўскага. Ёсць гэты балючы напамінак нават у маніфесце ЦНК ад 22 студзеня 1863 года аб пачатку паўстання. Для ШэметаПалачанскага, які нарадзіўся ў 20-х гадах, твор «Ашмянская рэзь» ва многім гістарычны. Ён апісаў падзеі ў Ашмянах 1831 года, мабыць, па расказах відавочцаў. Цікавасць да гістарычнай тэматыкі і пэўная адукаванасць відаць і ў назве яго верша «Барысаў камень». Тут адгукаецца зусім ужо далёкае мінулае, часы летапісных палачан. (Дарэчы, нават у прозвішчы Палачанскіх чуецца сівая беларуская гісторыя.) А пра што «Даўгінаўскі пагром», або «Пагром у Даўгінаве»? У гутарцы з А. Мальдзісам мы адназначна вырашылі, што размова ідзе пра нейкае антысеміцкае выступленне, якія нярэдка бывалі ў Расійскай імперыі ў канцы мінулага — пачатку нашага стагоддзя. Толькі як даведацца, калі гэта канкрэтна было? Аказваецца, вельмі проста. Выходзіла да рэвалюцыі ў Пецярбургу такая «Еврейская энцнклопедня. Свод знаннй о еврействе н его культуре в прошлом н настояіцем». Там усё сабрана, падлічана, зафіксавана. У 7-м томе на літару «Д» нататка: «Долгйнов— мест. Внлейск. уезд. Внл. губ. В 1847 г. «Долгнн. еврейск. обшество» составлялн 1194 душн; в 1897 г. жнт. 3551, йз конх евр. 2559. В 1886 г. здесь пронзошлн антмеврейскне беспорядкн». Такім чынам, верш «Даўгінаўскі пагром» напісаны на актуальную мясцовую тэму не раней 1886 года, калі паэт быў ужо ў вельмі сталым узросце. I тут адчуваецца пэўны гістарызм, імкненне зафіксаваць, захаваць для сучаснікаў і нашчадкаў канкрэтную рэальную падзею, магчыма, здабыць маральныя ўрокі. Пра паўстанца Палачанскага і паўстанца... Гурыновіча У кнізе літоўскай даследчыцы Оны Максімайтэне «Баявыя дзеянні паўстанцаў Літвы 1863—1864 гадоў» (1969) натрапіў на звесткі, што ў маі 1863 года паўстанцы пабывалі і ў Даўгінаве, разграмілі там канцылярыю мясцовага паліцэйскага начальніка — станавога прыстава, знішчылі ўсе казённыя паперы. Таксама, як бачым, свайго роду «даўгінаўскі пагром». Захацелася болей даведацца пра паўстанца ШэметаПалачанскага. А можа, была думка, праз яго зноў удасца выйсці на сваяка-паэта. У вільнюскім гістарычным архіве гартаю папку пра дачыненне да паўстання шляхціца Віленскай губерні Андрэя Палачанскага (так ён для сцісласці называўся ў дакументах) і пяці яго аднаспраўцаў, захопленых пад час карнай экспедыцыі маёра Бярнацкага ў Свянцянскім павеце (ДГА Літвы, ф. 1248, воп. 2, спр. 204). Справа была зборная — як кажуць, з бору па сасонцы. Дакументы пераносяць нас у ваколіцы Іжы, дзе 24 мая 1863 года каля вёскі Любкі адбылася вядомая бітва паўстанцаў з карнікамі (я пісаў пра гэтыя падзеі ў брашуры «На пераломе дзвюх эпох», 1990). Інсургентаў узначальваў былы афіцэр рускай арміі Густаў Чаховіч (псеўданім Астоя), які фарміраваў свой атрад на Свянцяншчыне (маем на ўвазе колішні павет). Начальнікам штаба ў Чаховіча быў яго малодшы брат Леон, таксама афіцэр, удзельнік пецярбургскай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі. Хутчэй за ўсё іх нейкім сваяком (няхай далёкім) быў і Зыгмунт Чаховіч, паплечнік Каліноўскага і духоўны настаўнік Купалы. Чаховічы-Ляхавіцкія, з якіх выйшаў Зыгмунт, якраз карысталіся гербам Астоя (на чырвоным полі залаты крыж або крыжападобны меч паміж двума паўмесяцамі). Але вернемся да атрада Чаховіча-Астоі. Нейкі час паўстанцы базіраваліся ў лясах каля возера Нарач, а потым накіраваліся на поўдзень у Любаньскія лясы. 24 мая на досвітку ў адкрытым полі каля вёскі Любкі іх сустрэлі царскія войскі. Завязаўся бой. Нягледзячы на стомленасць пасля маршу і нязручную пазіцыю, байцы ўпарта трымаліся некалькі гадзін. He раз даходзіла да рукапашнай. Дзве атакі адбілі касінеры пад кіраўніцтвам Канстанціна Касцялецкага, які загінуў у баі. Густаў Чаховіч з рэшткамі атрада вярнуўся ў глыб Свянцянскага павета, адкуль перайшоў у Віленскі, а потым і ў Ашмянскі павет. Частку людзей, што адарваліся ад асноўных сіл, павёў на поўнач, у Дзісенскі павет, Леон Чаховіч. Раз’юшаныя карнікі шныпарылі па ўсёй ваколіцы, хапаючы асобных паўстанцаў і ўсіх, хто ім спачуваў і садзейнічаў. Так апынуўся за кратамі і Андрэй Палачанскі, які характарызуецца ў паказаннях і іншых матэрыялах справы наступным чынам: дваранін Свянцянскага павета, веры праваслаўнай, 28 гадоў, аканом, а таксама лоўчы ў маёнтку Чурлёны памешчыцы Бачкоўскай (у маёнтак, між іншым, уваходзіла і ваколіца Уткі — старадаўняе гняздо Палачанскіх). Арыштаваны за забеспячэнне мяцежнікаў харчамі і падмаўленне сялян да паўстання. Пры праходзе інсургентаў праз адну з вёсак маёнтка Палачанскі стаяў на варце разам з паўстанцкімі вартавымі. Мяцежнікі, пабыўшы ў маёнтку каля трох гадзін і падсілкаваўшыся, накіраваліся ў Вішнеўскі лес, а Палачанскі быў у іх за правадніка. Каля гэтага часу суседні селянін, які рамантаваў у Чурлёнах млын, прывёз у Вілейскую следчую камісію новую чамарку (паўстанцкую світку), нібыта пашытую Бачкоўскай спецыяльна для свайго лоўчага Палачанскага. Гэта таксама быў немалаважны крымінал. У красавіку 1864 года Часовы палявы аўдытарыят у Вільні вынес адносна Палачанскага свой прысуд — саслаць на жыхарства ў Табольскую губерню, пазбавіўшы ўсіх правоў стану. Як мы ведаем, наш зямляк не прапаў і ў непрытульнай Сібіры, дасягнуў там годнага становішча. Пра паэта Шэмета-Палачанскага і пра «даўгінаўскі пагром» у справе, на жаль, нічога не было, а ўвогуле цікавага адкрылася шмат. Вось хаця б назва маёнтка — Чурлёны. Ці няма тут нейкай сувязі з радаводам літоўскага мастака і кампазітара Чурлёніса. А што, калі яго далёкія вытокі-карані — таксама з беларускай зямлі? Трэба будзе гэтым пацікавіцца. Тым больш што пра дачыненне Чурлёніса да Беларусі, пра сувязі яго з Купалам ужо пісаў наш друк... А самае нечаканае — па гэтай жа справе праходзіў блізкі зямляк Палачанскага дваранін Калікст Гурыновіч, які таксама ў маі 1863 года трапіў пад арышт за садзеянне паўстанцам. Перад намі, несумненна, бацька Адама Гурыновіча, хоць у біяграфіях паэта мне такога важнага факта з сямейных хронік сустракаць не даводзілася. На допытах Гурыновіч назваў сябе дваранінам Полацкага павета Віцебскай губерні (маецца на ўвазе паходжанне, а не месца жыхарства). 31 год. Выхавання хатняга. Жыве ў Крыстынопалі Свянцянскага павета, які належаў яму разам з братам Абдонам. Апошні служыў тады камісарам у маёнтку генерала Хамінскага тут жа ў павеце і ў Крыстынопалі бываў, відаць, толькі наездамі. Але тут жылі яго жонка і жончын брат Юхневіч. Аказваецца, што Крыстынопаль знаходзіўся за нейкія пяць-шэсць вёрстаў ад вёскі Любкі, дзе паўстанцы пагеройску біліся з карнікамі. Паводле паказанняў сялян з суседняй вёскі Золькі (успамінаецца верш Адама Гурыновіча «Раз у Зольках, у дзярэўні...») Калікст Гурыновіч прымаў у сваім доме мяцежнікаў і збіраў для іх у вяскоўцаў хлеб. А швагер Юхневіч перад боем пад Любкамі вазіў паўстанцам хлеб і малако. Да таго ж потым — па другой справе — адкрылася, што той жа Юхневіч хаваў у сябе цэлы невялікі хатні арсенал — дзве стрэльбы. Навошта яны яму ў такі неспакойны час, калі даўно ўжо загадана ўсю зброю здаць у царскія цэйхгаўзы?..