Радзіва «Прудок»  Андрусь Горват

Радзіва «Прудок»

Андрусь Горват
Выдавец: Альфа-кніга
Памер: 249с.
Мінск 2022
48.88 МБ
Апоўначы чую крыкі на вуліцы. Выходжу ў двор. Ля крамы баба Параска голасна пяе «Цячэ вада ў ярок», а дзядзька крычыць на яе шчэ голасней:
-	Параска, ідзі! На работу рана. Дай людзям спаць.
-	Пацалуй мяне ў сраку! Я п’яная, і ў мяне душа баліць. Вада халодненька, а я мало-о-одзе-е-енька-а-а-а!
Брэшуць усе сабакі Прудка. У бабы душа баліць.
Я вырашыў: няхай яны думаюць пра мяне свае паскудствы, а я ўсё адно буду любіць іх.
Калі я палю агарод у цішыні, Цёця Моця дае днём літр малака, калі пад Лявона Вольскага літр і 200 грам. Я гэта называю «Лявонавы 200 грам».
Пакуль доіш казу, добра думаецца пра еўрапейскія кавярні, у якіх я ніколі не буду. Пра мора, Таскану і Харватыю. Пра космас, скуль касманаўты глядзяць на Зямлю, дзе цёплае малако льецца ў слоік.
Нехта забіраецца на высокую гару. Цёця жуе траву, а хтосьці караблём разразае акіян на дзве часткі. Той, хто на гары, цяпер глядзіць на ўвесь свет і думае, што на гэтай вялікай Зямлі нехта доіць казу. Цёплае малако льецца ў слоік. Каза весела жуе траву. А ў хаце цёпла і спакойна. I ён разумее, што ў яго так ніколі не будзе.
Пра што ты яшчэ напісаў?
Пра казу. Я напісаў, што, калі іду па двары, каза мне кажа: «Ме-е-е», а я ёй адказваю: «Гуляй, гуляй». Яна ўжо думае, што яе завуць Гуляйгуляй.
-	Гэта ўсё?
-	Усё.
-	Абы-што. Паслухай мяне сюды. Напішы пра Марусю Зайчыкаву.
Сёлета мама садзіла агарод з выкарыстаннем інавацыйных тэхналогій. Яна забіла ў тэлефон усе спрыяльныя дні, а тэлефон, калі трэба, паведамляў ёй: «Гарох» ці «Кукуруза».
Засталося пасадзіць толькі чорную рэдзьку. А чорная рэдзька не звоніць і не звоніць. Мама пачынае хвалявацца.
-	А, то ты звоніш... Я ўжо падумала, што рэдзька.
-	Чыгуны пахавай. На калодзезь павесь замок, каб матор не ўкралі. А куры пад замком?
-	He.
-	He? А каза?
-	I каза.
-	Вой-вой-вой. Ты паслухай мяне сюды. Оттам пасадзі слівы: яны разрастуцца, і цябе ніхто не будзе бачыць. Пра мяне не пішы.
Куды ты мяне дзяўбеш! От тута во дзяўбі. Во, бачыш? Я тута во паклаў. Ты што, сляпая?
Цётачка, не прасі: я цябе пакарміў.
А куды ты дзяўбеш, паскуда! На табе сюды кладу, бачыш?
Цётачка, ціхай! Зараз пойдам гуляць.
Ляля, ідзі ў хату, я табе паклаў у міску.
Ды не дзяўбі ты маю руку! Цёця, тшш, зараз буду ругацца. Ляля, кыш!
Раніца. Сняданак.
Летась я распавядаў пра слаўную беларускую традыцыю талаку.
Сёлета буду расказваць пра яшчэ адну традыцыю батрацтва. Нядаўна падарылі мне на адзін дзень парабка.
Той парабак прыехаў, адразу ўзяў сякеру і пайшоў за хату калоць дровы. Што з ім рабіць, як яго даглядаць, я не ведаў.
Наліў сто грам, нарэзаў сала. Занёс яму за хлеў.
-	На, выпі, кажу.
Ён выпіў, закусіў і пайшоў працаваць далей. А я сеў снедаць за стол на тэрасе, бы той барын.
Работаў парабак добра. Я яго пакарыстаў і папрасіў яшчэ.
От мне заўтра прывязуць новага мусульманіна Мрата. I я яго буду даглядаць і карміць.
Але карміць мусульманіна не самая простая задача. Усе мае запасы сала сталі сувенірам. Я паставіў на агонь бульбу і пабег у краму. 3 прадаўчыхай зрабілі поўную рэвізію палічак, але знайсці да бульбы штосьці без свініны было надзвычай цяжка.
-	Ай, бяры каўбасу, скажаш, што з гавядзіны. Хіба ён чытаць умее?
-	Хто яго ведае.
Першае, што я запытаў ў Мрата, ці ёсць у Туркменістане мухі.
Мухі ў Туркменістане ёсць, і іх там не меней, чым у Прудку.
Па-беларуску Мрат ведае толькі такое: «асцярожна, дзверы зачыняюцца», «наступны прыпынак» і, чамусьці, «цыбуля». Нават слова «дзякуй» для яго новае. А «бульба» па-туркменску «картошка», што мяне нават раззлавала.
Усе чатыры гады, што Мрат правёў у Беларусі, ён пражыў у кокане, сапраўднага беларускага жыцця так і не зведаў. У Прудку ён упершыню еў кабачкі. У мяне Мрат даведаўся, што ў смятану можна дадаваць цукар, каб макаць туды аладкі.
Першыя два дні я адчуваў сорам. Мне было сорамна, што чалавек прыехаў здалёк і вымушаны батрачыць на прудкаўскога маргінала-дармаеда. Што нашыя стасункі мелі сацыяльную іерархію.
Але парабак з яго быў ніякі.
-	Мрат, сядзь адпачні, кажу.
Мрат у тую ж секунду ўсё кідаў і казаў мне сваё філасофскае:
-	Харашо.
Рэха ад маіх слоў не паспявала астынуць у паветры, а ён ужо сядзеў на пні і адпачываў. He здольны Мрат гараваць па-беларуску. Як, напрыклад, талакоўцы-беларусы, што дапамагалі мне летась.
-	Злазьце са страхі, крычу ім. Абед ужо стыне.
-	Няма калі абедаць, дзядзько, адказваюць. Тут самы кайф працаваць прыйшоў. Ідзі, кажуць. He дуры нам галаву са сваімі абедамі.
Сёння ўвечары Мрат вернецца дадому.
Пакуль што ён ляжыць на маёй канапе на верандзе, мяккай рукой ляніва адганяе мух. Я тым часам, значыцца, батрачу. Штосьці пайшло не так.
Нават у тым, дзе мы спалі, была парушана ўсялякая логіка. Я спаў у двары на савецкай канапе. Ён у вялікім пакоі з чатырма вокнамі і абразом Дзевы Марыі на сцяне. Прысутнасць хрысціянскай Маці Божай яго не бянтэжыць Мрат нават дакрануўся да яе і не згарэў сінім полымем, як мне ўяўлялася.
Мрат запытаўся, каму належаць ягады ў лесе. Я адказаў, што ўсе ягады ў лесе належаць Марусі Зайчыкавай. Хто такая Маруся Зайчыкава, ён не перапытваў, бо, пэўна, адчуў, што любы адукаваны чалавек мусіць гэта ведаць, і не хацеў выглядаць невукам.
Напісаў?
-Ну.
Мо пра Марусю?
Ara.
От маладзец! Хадзі сюды, мой галубок, сядай во на чысценькае. Тут чысценька. He бойся, то я батон ела. Ну?
Была раніца. Маруся Зайчыкава ішла з кароўніка стомленая.
He цвёрда сядзець? На во посцілку пакладзі пад сраку.
Маруся Зайчыкава ішла з кароўніка стомленая.
Куды ішла? Посцілку пакладзі пад сраку, кажу.
Дадому. Ішла яна звыклай сцежкай паўз лес і думала толькі пра адно: пра свае памідоры, якія трэба было пасынкаваць і пападвязваць.
Дык яна іх у суботу падвязала!
От. A то ішла яна ў пятніцу.
Добра, чытай. А пра грамату будзе?
Будзе. Маруся ўспомніла, што ёй няма чым падвязваць памідоры. Яна пачала ўглядацца ў хмызняк і шукаць вяроўку.
Няхай бы да мяне прыйшла. У мяне вяроўка е. От Маруся сама ніколі не папросіць.
За густымі галінамі акацыі Маруся ўбачыла вялікае яйка. He проста вялікае, а вялізнае вышэй за яе рост.
Што ўбачыла?
Яйка.
Якое яйка? Курынае?
Вышэй за яе рост. Яйка было белае, бы ад куры з інкубатара. Раней гэтага яйка Маруся тут не бачыла, таму сказала: «Цю-ю-ю...»
Цю-ю-ю... А дзе такое яйка ляжыць? I я ж хочу пабачыць. To як ад кароўніка паўз лес ісці?
Ага, там. Яна зірнула налева і направа, нікога не ўбачыўшы, высунула руку з торбай наперад, каб не чапляць тварам павуцінне з павукамі і дохлымі мухамі, і палезла ў хмызняк. Зблізу яйка аказалася шчэ большым туды мог улезці цэлы куратнік. Маруся хоць і верыла ў цуды радыяцыі і пасля Чарнобыля ўсяго пабачыла, але яйка здавалася ёй ужо надзвычай ненатуральным.
Мо грыб?
От і Маруся Зайчыкава так падумала. «Мо то грыб?», сказала яна ўголас і тыкнула яйка ў бок галінкай. Яйка не лопнула, дарма Маруся заплюшчыла вочы. Навобмацак яно было гладзенькае і цвёрдае.
Давай Валодзю скажам, няхай ён паглядзіць! Той усё ведае. Ён і чорта за лысіну схопіць і скажа, з чаго той зроблены.
Маруся тыкнула галінай яшчэ раз раптам яйка засвяцілася і ў ім адчыніліся дзверы. To быў касмічны апарат.
-	Ай, цьху ты! Ідзі ты! Я думала, ён што сур’ёзнае напісаў, шчэ і посцілку яму пад сраку дала, а ён хвантастыку!
-	Там далей Маруся Зайчыкава паляціць у космас. Паслухайце! Будзе цікава.
-	Усё, не дуры галаву! Ідзі адселя! Я батон ем!
Сёння ў публічным месцы ў прысутнасці чатырох сведак паштарка сказала, што я гарованы хлопец. Гэта найвялікшы камплімент, якім могуць ушанаваць у вёсцы. Гэта амаль такі самы гонар, як быць злодзеем.
Я так узрадаваўся, што падпісаўся на раёнку.
Матка [прзцяг]
Іванчык гаворыць:
Мамо, дзе мне ўзяць курыць?
Я гару:
Дзі, кажу, да Івана. Ён табе дасць п’яць папірос, а яны не дадуць, кажу.
He было ў краме ў нас. У мяне і гэты курыць, і той курыць. А я закалебалася акуркі збіраць. Хаджу, хаджу, хаджу, хаджу... А я пайшла, Колю бачыла, ага, дык:
Прыехала твая дама?
He прыехала, кажа.
За хвранцуза пайшла. Божа! Што мы за такія людзі! Сядзі ты ў Беларусі з беларусамі! I мамка твая адна засталася, Іван, так? Адна? Яна ўжо і будзе адна. Анікова не будзе ўжо. Так і я. Даюць мне мільён ну і харашо. Спасіба, кажу. От і добра.
Якая-та ў цябе тут бегала дзеўка, лятала? Ну. Яна ж бегла паўз мяне, дык я бачыла. Іванчык у ёй усё параспрашваў. Мой хлопец такі. Шустры сорак гадоў. А ён ужо адвык ад гэтых жэншчын ад гэтага ўсяго. I той, большы, адзін цягаецца, плоха з галавой стала.
Я кажу:
Паеду да сястры, ды давай будам лячыць. Ці будам шаптаць, ці штота рабіць.
Хлопец быў як лялька спасобны на ўсе: і рыбу спаймае, і грыбоў набярэ. Ета ў мяне такія хлопцы. Варыць умеюць самі смачней за мяне навараць.
Мамо, ета ты не варыла? Ляжала?
Ляжала, кажу, дроў прывезла ўчорай, сынок. Ляжала, кажу, баліць нага, хадзіцькі няможна.
Так мучышся, бедненька.
А брат твой хораша жыве? Добра? Багата дзяцей? Двое? He п’е? Трохі? Ну, каб не саўсім п’яніца быў. Каб п’яніца быў, хіба б жонка жыла?
Ну а тая дзеўка тут лятала, а Іванчык кажа:
Мамо, мо мне жаніцца?
Я кажу:
Перш чым узяць, нада пакарміць.
Яна не будзе картоплю есці. Я не перабіраю. Навару таўчонкі, а калі булёну, налопаюсь. А яны ўсе мяса хочуць. He, у аўталаўцы е мяса. Я рыбіну капчоную купіла. Кажу:
Дай мне рыбіну капчоную. Захацела, кажу, дай капчоную рыбу. Я ж грошы, кажу, палучаю. Мільён! Што мая душа захоча, кажу. Я ўжо сваё адгаравала.
От.
А Іванчык кажа:
Мамо, мо мне жаніцца?
Я кажу:
Жонку перш нада пакарміць. А чым ты пакорміш? От я хаджу, кажу, акуркі для цябе збіраю. Чым ты пакорміш?
Цяпер Лукашэнка ўзяўся. Сільна ўзяўся не шчадзіць нікога! Хіба ён будзе далей работаць? Будзе? Яго, гавораць, не хочуць, бо сільна ўзяўся. I за маладых узяўся, хто не робіць па тры мільёны! А божа ж ты мой! А дзе іх узяць? Ідзі ў цюрму. Мой Іванчык спужаўся:
Мамо, я пайду, буду кусок хлеба свайго зарабляць.
Яго прасілі сторажам. Я кажу:
Сынок, не йдзі. Гэта трэба мужчына, і добры мужчына. Лучшэй удзень адрабі, кажу. Спакойна.
Сорак гадоў. Яны ў мяне абое красівыя. To мо ён ідзе. Агай! He даждаўся. He даждаўся. Яна не дасць папірос, кажу. Хадзі, што ты баішся? На, от табе, пабач акуркі! На.