Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
«Ад чаду самая лёгкая смерць...» — сказала тады мама. I загадала тату павыкідаць з грубкі тыя смалякі: і так добра гараць, без сушкі.
Палок затросся, і я зноў прачнуўся. Хтосьці лёг з краю, прыціснуў мне руку. Я штурхнуў яго ў бок: «Мядзведзь касалапы!..» А-а, Змітрок прылёг... Моўчкі, не адрываючы галавы ад падушкі, пасоўваецца ён на самы край. На пераносіцы ў яго мокрая анучка, ён увесь час чапае яе пальцамі, нібы хоча прыклеіць навек.
— Зноў? — саджуся я. Мне робіцца шкада Змітра.
— Зноў...— сціскае брат зубы.
Я гляджу то на яго, то на Антона за сталом. Уплятае Антон блінцы за абедзве шчакі, Антон маладзейшы за Змітра, а здароўшы, падужае яго. Антон смуглейшы з твару, як мама, шырэйшы ў плячах. А Змітрок і белы, і слабейшы. Анчарык прыходзіў да бацькі перавязку рабіць, то пыталі ў яго, чаму ў Змітрака ідзе ды ідзе кроў. «Падкарміць яго трэба добра... Падзяржыце яго на цялячай пячонцы, на яйках, масле... Вітамінаў яму, зеляніны якое, то і паправіцца. У яго малакроўе...» — сказаў ён. А лякарства ад малакроўя ніякага не даў. У яго вельмі мала лякарстваў, а бінтоў зусім няма. На павязкі тату мама рэжа стужкі з палатна. Ляжыць у хаце сувойчык, яго не выносяць нават у куфар.
Ніяк не магу дакумекаць: чаму ў чалавека мала крыві, а яна ў яго яшчэ і тая выцякае? Льецца і льецца... Каб пячонкай пакарміў Змітра, то ўраз паправіўся б, гэта я разумею. Ого, пячонка! Я нават забыў ужо яе смак. У нас ёсць карова, але яшчэ не ацялілася. Калі ацеліцца — падгадуем цяля, і тады будзе Змітру пячонка. Хацелі немцы забраць карову, ды збракавалі. Паглядзелі на чэрава — адвісла да самай зямлі — і не ўзялі. «Шлехт, шлехт!» — гергеталі.
Замест каровы пакідалі ў кузаў, як мячыкі, трох авечак. Добра, што чацвёртую за дзень да гэтага Антон са Змітром зарэзалі сабе, а так бы сядзелі на нішчымніцы. Я не бачыў, як рэзалі гэтую авечку, бачыў толькі, як заскоквалі ў хату з-пад паветкі то адзін, то другі — бледныя, задыханыя. Змітру ажно млосна было. «Што далей рабіць? А потым што?» — усё дапытваліся ў бацькі. I тата кожны раз уздыхаў і крывіўся, як ад болю, але гаварыў — што... Цяпер на печы, на жэрдачцы, сохне вывернутая сіняватая, у пражылках аўчына. Яна няроўная: там, дзе былі ногі, быццам і цяпер тырчаць ногі, толькі ўжо шкураныя. Акрайкі шкуры з ног не блакітныя, а ружовыя, тоўстыя,— яны разапятыя лучынкамі, каб хутчэй сохлі.
Курэй у нас даўно няма. Адкуль тым яйкам быць? Гадавалі яшчэ япручка-падсвінка, дык уваліліся раз двое паліцэйскіх, збіралі правіянт на навагоднюю гулянку. Адзін сеў на лаву і асавеў, усё пляваў паміж ног на падлогу, ікаючы і ўстрэпваючы галавою. А другі, Нагайчык з Пасрэднік, прыстаў да бацькі: «А ну, паказвай, якая ў цябе жыўнасць...» Павёў бацька яго ў хлеў. «Во, парася... Карміць яшчэ ды карміць...» — здалёк махнуў рукою, не падыходзячы да катуха. «Нічаво, папаша, па-маёму — харош і гэтат. Парасяцінка — гутэн абенд!» — і чырк, запаліў запалку. Адною рукою свеціць, а другою карабін да пляча падымае. А са столі, з жэрдак, саломіны звісаюць. «Пачакай, я пасвячу, a то яшчэ ўсмаліш, каб цябе...» — «Нічаво, мы людзі асцярожныя, зра людзей не абідзім...» — і бабахнуў япручку паміж вушэй...
...Антон ужо скончыў есці блінцы. Намазаў яшчэ адзін, панёс бацьку.
— Ну, мо палепшала? — падышла да Змітра маці.— Уставай, хіба, памаленьку, a то пастынуць, зноў разагравайся з імі... А ты адзявайся, не сядзі, як суслік! — павысіла на мяне голас.
Глыбока-глыбока ў матчыных вачах і застарэлы смутак, і бляск трывогі. У рэзкіх складачках, што залеглі каля губ, упартая, адчайная зацятасць, горнасць і жаллівасць.
Выходзіць з тае хаты Антон. Ад блінца адламаны маленькі, як на два разы ўкусіць, кавалачак.
— Што ж ён не... Верамей, чаму ж ты не еў? — хуценька ідзе ў тую хату маці.— Мо мала памазаў Антоша, я падмажу больш. I цыбулькай пахне, і лістам. Трошкі недасаль, але ж нічога не паробіш...
— He каўтаецца... Баліць жывот нешта... Ты б мне чаго рэдзенькага дала.
— Ото булёнчык будзе гатоў... Ён не зашкодзіць. Міша з'есць блінца і збегае да Канаплёвых. У іх, здаецца, карова ацялілася. Папросіць паўлітру якую... I табе будзе забяліць, і Тані.
— Колькі яны змалацілі да снедання? Будзе адзін пасад?
— Ага, цэлы пасад... Кулёў толькі не вытрэсвалі.
— Хай бы хоць акалот рабілі... Мо вышкрабуся як, то тады б перабілі яшчэ раз.
— He турбуйся, добра яны робяць усё, акуратна. Я ўчора заходзіла па амеці, бачыла. I кулі робяць — не тоўстыя, сярэднія такія... Ну, ляжы...
— Вялікія ніхто не кажа рабіць...
Я ем блінец хутка. Смачны, хоць і жытні. Пшаніцы ў нас мала было пасеяна, і тая папсавалася ў снапах. Бацька, як агледзеў быў гэта, ажно ўчарнеў: «Гаспадар называецца, да чаго дапусціўся!» Мука з тае пшаніцы нейкая шэражоўтая, блінца ніяк не спячэш — падгарае. А ўсярэдзіне клей — ні пажаваць, ні языком павярнуць, так прыстае да паднябення.
Як перараблялі калгасную абору-кароўнік у гумно — хаваць збожжа, то і нам выдзелілі ўчастак ад слупа да слупа. Але не пад гумно рабілася будыніна — цэпам не ўзмахнеш добра, замінаюць бэлькі. I папала нам якраз ліхая страха. Засыпалі дзіркі і кастрыцаю, і лісцем, прыкладвалі камянямі, а ўсё роўна вецер выдзімаў, разносіў. Тут бы саломы кулявое зацягнуць, даць поднаў, але за цяплом не было яшчэ чаго зацягваць, а цяпер няма каму лезці. 3 першага ж ураджаю, леташняга, як падзялілі калгасныя пасевы, усю салому парэзалі на паранку карове — стараліся дадзяржаць да вясны, каб не аблегла.
Я так і не бачыў, ці снедала мама, ці не — хадзіў па малако. А прыйшоў, то ў хаце ўжо стаяла сноўніца, і хлопцы прывязвалі яе за верхнюю жэрдку да бэлек — адзін на кухні, а другі ў той хаце. Прынеслі сноўніцу ад Фядосевых бабы, дасталі з-пад страхі, з тыльнага боку будынка. Каму трэба — самі бяруць, самі ставяць на месца. Ніхто не памятае, колькі гадоў гэтай сноўніцы. I жэрдкі, і стаякі з паўбіванымі ў іх калкамі патрэскаліся, яны сівыя, ажно сшалушваецца зверху драўніна, дзе-нідзе на іх зялёная кара-лішаі. Даўжэзная сноўніца, дзесяць маіх вялікіх крокаў. Адзін стаяк прыстроілі на табурэтку каля печы, другі — на лаву пры вулічнай сцяне ў той хаце. Дзверы, каб не заміналі, расчынілі насцеж, на абедзве палавінкі.
— Гэта... Трэба было пазнімаць іх з завесаў, адставіць убок...— надумаўся сказаць бацька. Ён крыху павярнуў галаву і паглядвае, як бы спадылба, на хату.
— At! I так добра будзе,— адмахваецца мама. Яна хуценька працірае сноўніцу анучаю.— Добра прывязвайце, бо гэты Балось нявелеўскі яшчэ скіне.
Гаварыла яна Антону і Змітру, а зіркала на Сярожу: той шчамляўся на ніжнюю жэрдку сноўніцы, задзіраў ногі, як на турнік. Ніхто ў нас не ведаў, што вытвараў, якімі штукарствамі і калі праславіўся той Балось з Нявелевіч, не ведалі нават добра, дзе тая вёска. Але такая прымаўка жыла.
— Во, во, паглядзіце, людзі добрыя, што ён дарабляе... Ах ты, рыштанюга! — маці хвасянула яго анучаю па штанах, і Сярожа ажно зацёкся з рогату, нырнуў на той бок сноўніцы.
— He дастанеш! He дастанеш!
— Дастану! Як вазьму мурзатую чапляю, то вытаўку нос!
«Балось нявелеўскі» ўжо забыў пра сноўніцу, пачаў з разгону кідацца да бацькавай пасцелі, лопаць рукамі па коўдры. Бацька засцярожліва выстаўляў здаравейшую руку — ці сябе абараняў, ці баяўся, каб не выцяўся Сярожа.
— He ўпадзі, сынок, не ўпадзі... А вы не марудзьце, хлопцы, не марудзьце... Вечарам адпачняце... Вясною горш
не хацецьмецца малаціць... Дый мышы памалоцяць... Без хлеба астанемся...
Хлопцы саскокваюць на падлогу — гоп! гоп! Прывязалі сноўніцу добра, каб і табурэтку прыняў, то вісела б.
— Ото-то... Яшчэ прывяжуць кольцы і пойдуць,— гаворыць маці.
Кольцы зверху, пад столлю, абавязкова патрэбны. He прапусціш туды ніткі — будуць блытацца пад нагамі, замінаць. У нас на столі і ўпоперак бэлек вісіць на белых чаропках чорны дрот. У два рады, на кожны рад свае чаропкі. Самі драты белыя, алюмініевыя, але схаваныя спачатку ў гумовую абалонку, а тады ўжо аплецены чорнымі прасмоленымі ніткамі. Праз дзірку ў сцяне драты вядуць у тую хату, зноў чапляюцца за столь і праз сцяну выходзяць на вуліцу. I ў кухоннай, і ў вулічнай сцяне дзіркі пракручвалі вялізнымі свердламі, уставілі ў іх фарфоравыя, загнутыя ўгару, як люлькі, трубкі. У гэтыя трубкі і прапушчаны драты. Усяго ў два ці тры заможныя калгасы правялі да вайны электрыку. Нават загаралася колькі разоў. Гаворкі было ў баб, шуму! Усё не маглі надзівіцца, адкуль бярэцца ў лямпачцы агонь.
Цяпер тыя драты без патрэбы. Антон быў завінуўся каля іх, адзін нават адарваў, хацеў на нешта ўпатрэбіць, дык бацька накрычаў на яго... «Замінае ён табе? Спраўны вельмі... Хай вісіць!»
Цяпер Антон стаіць на заслоне на дыбачках і прывязвае да дроту кольца. Мухі драты вельмі заседзелі, я нават уяўляю, якія яны кастравыя. Стаім з Сярожам, задраўшы бароды, глядзім... Адно кольца — звяно з ланцуга, другое — старая банька з касы. Банька — гэта нібы веліканскі жалезны пярсцёнак, без яго і без «затылка» — кліночка, выструганага з кончыка каровінага рога, не «запражэш» касу, не будзеш касіць. Я ведаю гэта — касіў... I магу яшчэ сказаць, што няма цяжэйшай работы. Цягліцы-мышцы напінаюцца, як струны, а жывот бы хто рве, раздзірае на кавалкі...
Бацька, мабыць, згледзеў праз расчыненыя дзверы, што Антон прывязаў.
— У банькі краі гострыя... Нітку будуць калмаціць, ірваць. Пашукай што гладчэйшае...
Антон уздыхае і чухае патыліцу. А я з Сярожам вобсас кідаемся да прыстолка, шукаем самы сапраўдны пярсцёнак. У нас была латунная трубка, дык Змітрок парэзаў яе напілкам на кольцы, раскаваў, надзеўшы на швайку, каб былі большыя, зачысціў, адшліфаваў. Такімі «залатымі» пярсцёнкамі ён абдзяліў усіх дзяўчат, адзін пакінуў сабе.
Урэшце ўсё пароблена. Змітрок устае з пасцелі — зноў быў прылёг,— хлопцы апранаюць кажушкі і ідуць малаціць.
Сярожа адразу ўголас:
— I я хачу малаціць! Я хачу мышак паглядзець!
— Сціхні, малацьбіт! Во, бачыш, якая ў мяне рука? — соўгаю яму пад нос култыху, і ён тут жа сціхае.
— Холадна, сынок, на вуліцы: мароз; снег па пояс... Улезеш у гуру, то і не вылезеш... Будзе лета, будзе цёпленька, тады хіба...— мама гаворыць гэта, сагнуўшыся над калыскай, расшпіліўшы матроску: яна корміць Таню.— От зараз пачнем снаваць кросны, а ты будзеш мне памагаць з Мішам... Міша памаленьку злазіць на вышкі, дастане той кош, што каля коміна, там чатыры клубкі павінны быць.