Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
трымаць ручайкі, і станок, на якім можна верацёны тачыць. Такарны станок такі просты, што, здаецца, я і сам яго змог бы змайстраваць. Устаўляй у стойкі кляновы чурбанчыкпалку, пакручвай гэтую палку такою штуковінаю, нібы лук з цецівою, толькі не вяроўка замест цецівы, а моцны рамень, другою рукою прыстаўляй да чурбачка долата. Ляцяць стружкі на ўсю кухню, вераценца атрымліваецца прыгожае, гладкае, зграбнае. Вытачыць яго тата і не вымае са станка, а бярэ кавалачак лучыны, падрэзвае яго долатам, як нажом, каб было роўна і тонка на канцы. Прыстаўляе да верацяна — круць, круць, круць... I ўецца дым, выпальваюцца чорныя палоскі. Тры палоскі выпаліць на самым пуку верацяна, дзве вышэй і адну каля кончыка, дзе верацяно пасукваюць далонямі. Яшчэ адну лінію на «пятцы», на самым рубчыку — чырк! Калі ласка, бяры і прадзі...
Калі я залішне ахаю ад бацькавага ўмельства, ён кідае: «Добра ўсё ўмець, ды не ўсё рабіць» або «Навучыць гора кашу шылам есці!»
Во, зусім раскрычалася Таня... Я гляджу на латкі клубкоў — не, не скора яшчэ сыдуць. Хуценька нагінаюся пад сноўніцу, караскаюся на печ, шукаю Таніны панчошкі і кабацік. Кабацік адзеў, зашпіліў — лячу да клубка. Паспеў! Павярнуў клубок — і зноў пад сноўніцу, да Тані. Уссунуў адну панчошку, другую, падвязаў матузкамі — лячу да другога клубка. Паспеў! I ўжо спакойна вяртаюся, забіраю Таню, усаджваюся на калодачку. Здаецца, і апухлая рука не так ужо баліць — даў ёй дыхту, разрабілася. Ёю можна ўжо крыху варушыць у кісці. Таня рвецца з рук да Сярожы: той гудзе на ўсё горла і раскручвае сукала.
Мама раптам перастае снаваць. Што здарылася? А-а, глядзіць, ці не наблытала. Наснавалася ўжо крыху на калках, мо трэцьТанінай жменькі будзе. Маці бярэ ніткі каля самага калка, прыўзнімае — добра! Каля другога, трэцяга... Добра! Усе гэтак перабрала, няма «нацэпніцы». А бывае так, што снуе, бярэцца па калках угору, а тады забудзе, куды ішла, і давай уніз. Калі рана спахопіцца, то можна адснаваць, толькі каб хто ўдваіх паспяваў навіваць назад на клубкі ніткі.
А калі не скора выявіцца блытаніна, тады большая валакіта. Адрэзвай ніткі, шукай той паварот, што зрабіўся не там, дзе трэба, разрывай, прывязвай і дасноўвай, чаго не даснавала. Вяртайся на тое самае месца і зноў прывязвайся. А тады ўжо прывязвайся там, дзе абрэзваў, і снуй далей. Шэсць вузлоў адразу! Калі частае бёрда, то на гэтым месцы не раз ніткі парвуцца і потым.
— Ой, не магу...— стогне бацька і заве паціху маці,— Ідзі, хіба, Ганна, сюды...
Маці нават забывае закруціць за калок, замацаваць ніткі, каб не расслабляліся, ідзе да бацькавага ложка. Яны пра нешта шэпчуцца.
— Дурненькі... Пяты ж дзень, гэта не жартачкі: от паглядзіш, як палягчае... Малым не сорамна, а ты цяпер горш за малога... Міша! — павышае мама голас.— Забірай Сярожу і марш усе на печ.
Я пакуль што не разумею, чаго яна нас гоніць, але даю Сярожу шлепака і заганяю на чарэнь. Лезу з Таняю сам. Уцяміў толькі тады, як з печы мама дастала цёплую ваду, як узяла з паліцы чорную спрынцоўку, падхапіла за вушка тазік, прычыніла за сабою адну палавінку дзвярэй — тую, што не прыціснута сноўніцаю.
— Што мама будзе рабіць? — тузае мяне за рукі, за вушы Сярожа.— Я хачу пагуляць з тым мячыкам!
— Нічога, нічога... Хочаш казку?.. Слухай лепш казку...
— А чаго ты плачаш? Мама, Міша плача!
— Ціха ты!.. Жыў-быў... Жылі-былі дзед і баба... I была ў іх курачка...
Губы не слухалі мяне — распаўзаліся, як жывыя. Я прыкусваў верхнюю, прысмоктваў яе, чуючы салёны смак слёз, а яна ўсё вылузвалася з-пад зубоў, дрыжала. Таня паўзіралася ў мяне спалоханымі вочкамі і давай хліпаць. Я прытуліў яе да сябе, і яна пачала ціскаць мяне за шыю халоднымі ручкамі, паказваць, як моцна шкадуе.
— Нанесла курачка яечак — поўны падпечак...
— Тата памрэ? — раптам гаворыць Сярожа. Казку ён не слухае.
Я трэснуў яму па патыліцы, і ён адразу зашыўся ў куток, за вянок цыбулі, пачаў чмыхаць носам.
Ох-ха... Няхай бы я лепш пайшоў малаціць. Малаціць весялей, там ведай адно — стукай ды стукай. Рука пабалела б і сціхла. I хлопцам было б спраўнёй малаціць. Як бацька быў здаровы, то спрабавалі і ўчатырох. Учатырох атрымліваецца так здорава,— як у малатарні: Tax-Tax-TaxTax! Удары сыплюцца адзін за адным, гэта не нейкае бахбах, а тады зноў, як паспаўшы,— бах-бах!.. Калі ўчатырох малоціш, дык снапы падскокваюць пад ударамі без перапынку, як жывыя. Дажджом сыплюцца, шалпочуць, як мышы, зярняты — і нізка пад нагамі, і высока пырскаюць, на падбітыя роўненька гузыры снапоў у застаронку. Калі снапы ў пасадзе паварочалі ўжо, зерне не шапаціць. Вялікі шык ударыць па перавясле так, каб яно лопнула, а сноп распырхнуўся і сам разаслаўся на прост. За ім другі сноп, трэці... Кончыцца рад — і другі пачынай патрашыць. Па распушчаных снапах праходзімся толькі па разе: салома аж курыць пад бічамі, нібы яе задзірае, скубе, трасе і не можа ўзняць нейкі віхор...
* * *
Анчарык прыходзіць позна, калі гадзіннік (вісіць каля дзвярэй у тую хату — старасвецкі, у чорнай, з’едзенай шашалем скрынцы, аздобленай точанымі цацкамі) б’е адзінаццаць.
Спачатку мы пачулі, як нехта няўмела тпрукаў на каня — недзе на вуліцы, ледзь чутна, як потым стукаў у сенцах, абіваючы з ног снег. А зайшоў Анчарык, то і настаўлены каўнер доўгага паліто, і кучомка, і бачкі валасы каля засунутых да палавіны пад шапку вушэй, і нават маленькія бровы пабялелі ад інею. Вузенькія вочы на амаль мангольскім твары слязіліся, невялікія, прыпухлыя і абшурпацелыя на марозе губы здзеравянела-непаслухмяна крывіліся. За Анчарыкам на кухню ўкаціліся вялізныя белыя клубкі холаду, стала зімна, як у сенцах.
— Здрастуйця! Змёрз — тпру не магу сказаць... Ну, як вам тут начавалася? — паставіў Анчарык на стол сваю кантовую, нібы адрэзаны кавалак бэлькі, сумку. Абскуб з броваў і бачкаў іней, паліто і шапку пачапіў на вялізны крук у сцяне на такія крукі на слупах навінчвалі белыя ізалятары, дык бацька папрасіў у электрыкаў два.
Мама якраз шоргала лапцямі ў яго бок, павіталася і толькі махнула рукою — «Не пытай, чалавеча...»
Фельчар падышоў да печы, пахукаў на рукі, сунуў іх недзе ў комін, зазірнуў на печ і падміргнуў Сярожу. Той не паддаваўся на яго міргі і глядзеў падазрона. Анчарык гмыкнуў, паляпаў сябе па кішэнях, намацаў у адной малесенькую белую таблетку сахарыну, працягнуў яму. Мама адразу накінулася на Сярожу: «Што трэба дзядзьку сказаць? I не каўтай гэты сахарын, бо атруцішся: паўвядра вады можна будзе насаладзіць...» Таня брашчала на печы авечым пухіром з гарохам і не паказвалася.
— Гэта ж у Пасрэднікі Курак вазіў...— адышоў ад печы Анчарык, расціраючы рукі.— Чуць не злавілі яго гэтай ноччу партызаны, у сястры там начаваў. Прапоўз па лёхах на вышках ажно ў хлеў, а там прадраў страху і скокнуў у гуру. А дружка яго, Нагайчыка, добра стукнулі... Глядзеў я — наўрад ці вышкрабецца. He прыходзіць да памяці...
— А-а, не вадзіць гэтаму крывасмоку губатаму!..— сказала мама.— Мо ўвесь сельсавет ператрос ды перакалаціў.
— I назад з Кураком ехаў? — падаў голас бацька.
— Ага. Злез ён у канцы... Па хатах нечага швэндаецца...
— Гары мо шукае, горла заліць...— сказала маці.
— Гэта ж у суседзяў маіх Курак каня схапіў, у Філімонавых. Загадаў, каб я ўжо сам завёў гаспадарам...
— He таго ўпалявалі...— уздыхнуў тата і змоўк.
— Ну, рыхтуйцеся, дзядзька. Здаецца, ужо адагрэўся...— Анчарык стаў корпацца ў сваёй сумцы, а потым панёс яе ў тую хату.
Мама закруціла ніткі на калок, і лыжка каўзанулася па нітках уніз. Пайшла раздзяваць бацьку.
Добра, што ў нашым сяле ёсць хоць які фельчар!
На другі дзень вайны, як мітынгавалі мужчыны каля сельсавета, гразілі разбіць германца, у вялікую калону мабілізаваных сталі і Анчарык з акушэркай цёткай Кацяй. Каця — высокая, тоўстая, вельмі ласкавая. Для кожнай сям’і яна была бабкай, і ўсе лічылі яе сваячкай. Як убачылі жанчыны, што і яна збіраецца ісці на вайну, зараўлі ў адзін голас. «Не плачце, бабанькі, не плачце! Мы яшчэ разам пагуляем на радзінах!» Але не суцешыла цётка Каця, а яшчэ больш развярэдзіла душы жанчынам — загаласілі і пачалі прыгаворваць, як па нябожчыцы.
Акушэрка вярнулася са Слуцка ў той жа вечар — адправіў ваенкамат назад. Анчарык жа — праз некалькі дзён, абшарпаны, змізарнелы. Казаў, што перанялі іх немцы, адрэзалі... I яшчэ некалькі мужчын вярнулася... А многія не прыйшлі: паспелі абмундзіраваць іх, паспела забраць навабранцаў нейкая часць.
— Ум-м-м...— чуецца стогн бацькі, і я бягу глядзець, як робяць яму перавязку. На Сярожу намахаў кулаком — каб з печы ні кроку, глядзеў Таню.
3 таты ўжо раскруцілі павязку. Ён ляжыць на левым баку, голы па пояс. Скура ў яго белая, не такая смаглая, як у мамы. Твар схуднеў, нават завастрыўся, парадзелі коратка падстрыжаныя вусы. А як пабялела за гэтыя дні шчотка яго барады!
— Пацярпіце, дзядзька... Самае страшнае ўжо ззаду...— гаварыў яму Анчарык. Голас у яго такі, нібы ён старэйшы за бацьку, а не наадварот.— Ззаду ўжо ўвесь страх, кажу вам... Тэмпература паменшала... Рану зацягвае нават хутчэй, чым трэба...— У руках у яго бліснуў доўгі металёвы пруток.— Пацярпіце, зараз будзе балець, не тузайцеся...
Тата ўсё-такі ўздрыгнуў, застагнаў праз зубы. Ды дзіва што ўздрыгнеш — Анчарык стаў ледзь не жывасілам раздзіраць рану-дзірачку, запіхваць у яе сваю жалязяку. Рана была ззаду правага пляча і крыху ніжэй, там, дзе пачыналася лапатка.
— Іч, пад якім вуглом садануў... Якраз напрамую да cappa...— гэтыя словы Анчарык гаворыць кожны раз, калі пачы-
нае пхаць у рану жалязяку. Выняў шпень, папрасіў бацьку, каб варухнуў плячом, і стаў паціскаць пальцамі вакол раны. 3 дзірачкі пацякла густая сукравіца з кроўю.— Цудоўна, дзядзька... Нагнаення ў лёгкіх няма, тэмпература паменшала... А рану мы зараз прамыем, прачысцім... Так што будзеце насіць гэтую кулю пад сэрцам. На памяць... А магло ж быць горш! Каб не зблізку стрэліў, набрала куля разгон, то...
— Дзіва што зблізку!.. Цераз парог... У сваёй жа хаце...— гэта чамусьці вельмі рэзала сэрца бацьку, і мне здалося, што ён усхліпнуў і тут жа прыдушыў плач,— За нямашто!..
— Каб ён не даждаў заўтрашняга дня...— шаптала мама, падаючы Анчарыку свежую палатняную стужку.