Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
— Якоежпаўгода... Шасціны, шэсць нядзель...— Матрэна пацерла вочы пальцамі, нібы даставала парушынкі.
— Хаця ж, праўда, снег ужо ляжаў... О Госпадзі... Працяглося, як паўгода. I аднаго дня не перажыць, не перачакаць...
— To заставайцеся здаровы...— застукала Матрэна клямкаю.
— Хадзі з богам! Дзякуем, што пераведала...— разам сказалі бацька і маці.
— Няма за што... Гэтулькі назаляем вам з жорнамі... I кош Верамей неяк даваў...
Ступала Матрэна ў сенцы і ўсё яшчэ нешта гаварыла сама сабе, уздыхала.
Некаторы час быў чуваць толькі лёгкі шолах нітак, шоргат маміных лапцяў аб падлогу. Спала ўжо Таня, сядзеў на палку прыціхлы Сярожа. Нават мёду не клянчыў: ведаў, што не дадуць.
— Во так і сядзіце ціха, хай паспіць...— як бы усцешылася маці.
— А ты казку раскажаш? Пра Іванку-сынка...— папрасіў Сярожа.
— Раскажы, мам...— прашу і я.
Усе маміны казкі я ведаю на памяць. Вечароў тры будзе расказваць, і ўсё новыя, доўгія. А як парасказвае, тады адмахнецца лагодна: «Усе... He прыставай...» А мне адстаць не проста. «Ты спачатку пачні!..» — прашу я. Ведаю ўжо кожнае маміна слова, а ўсё роўна буду глядзець у рот. Як прала, дык і я садзіўся на яе прасніцу побач, не баяўся, што зацерушу вока. I слухаў, слухаў, заміраючы сэрцам, забываючыся дыхаць... Цяпер такою назолаю стаў Сярожа, а некалі Антона змяніў я.
I мама расказвае пра Іванку-сынка, як лавіў ён рыбку «сырэнькую-бяленькую», а маці прыносіла яму на раку «смажаную-вараную». Гукала яна іванку, карміла, а ведзьма сядзела пад кустом і ўсё бачыла і чула.
Пад’еў Іванка і кажа: «Мама, я яшчэ трошкі палаўлю!» — «Ну, ідзі, палаві,— мама гаворыць.— Толькі асцярожна, у ваду не зваліся. I глядзі, каб ведзьма не схапіла».
Паплыў Іванка, пайшла мама дадому.
А ведзьма падкралася бліжэй да берага і закрычала тоўстым голасам: «Івуонко, суно-ок, прынёсло-о я чогуно-ок!»
Пачуў Іванка, яшчэ не адплыў далёка, і гаворыць: «Чую, чую! Гэта не мамчын голас, гэтаты, ведзьмішча-сцервішча!»
Эх, завыла, закачалася па кустах ведзьма!
Пайшла ў кузню да кавалёў. «Кавалі, кавалі, скуйце мне такі галасок, як у Іванкавае мамы!» — «Добра!» — гавораць кавалі. Пакацілі яе, выцяглі абцугамі язык, паклалі на кавадла... I давай перыць пудовымі малатамі! Давалі ўжо, давалі, білі-білі... Іскры з языка сыплюцца, гром грыміць, як усё роўна з гармат страляюць. Круціцца ведзьма, як вужака, крычыць немым голасам: «Аво-я-ёй! Аво-я-ёй!»
...Сярожа рагоча, аж галаву закідвае, размахвае нагамі.
— У-у, гадкая ведзьма!
— Ціха, a то не буду расказваць! — грозіць мама.
I Сярожа пераварочваецца жыватом уніз, саскоўзвае з палка, паднырвае пад сноўніцу і ўсаджваецца каля клубкоў на заслоне. Якраз на тым месцы, дзе сядзела цётка Матрэна.
У бацькі на твары, здаецца, таксама ўсмешка...
— Кажы далей! Кажы далей! — пасуквае ад нецярпення нагамі Сярожа.
— Ага... Вырвалася ведзьма ад іх, памчала на рэчку і давай пішчаць: «Івя-янькя-я, сінёк, плінясля я цігунё-ёк...» А Іванка ёй: «Чую, чую! Гэта не мамчын голас. Гэта ты, ведзьмішча-сцервішча!»
Заскавытала ад злосці ведзьма, зямлю дзярэ кіпцюрамі, хапае дзярны зубамі. Зноў паперла да кавалёў: «Скуйце такі голас, як у Іванкавае мамы!» А кавалі нагнулі яе ў каршэнь, выцяглі язык абцугамі, паклалі на кавадла і давай малаціць: раз па языку — раз па носе, раз па языку — раз па носе... Адцяглі ёй нос на паўметра, бяжыць-спатыкаецца, за карчы чапляецца.
Дабегла да рэчкі і крычыць:
Іванка-сынок, прынясла я чыгунок, Прыплыві к беражку, я стаю на пяску, Дай мне рыбкі сырэнькае-бяленькае, А я табе — смажанае-варанае...
Якраз як у Іванкавае мамы голас зрабіўся!
Пачуў Іванка, зарадаваўся і спявае. Галасочак — як сярэбраны званочак:
Іду-плыву, мамцы рыбкі нясу, Сырэнькае-бяленькае,
А ты мне дай смажанае-варанае...
Падплыў. «Я тут, мамка, дзе ты?» А ведзьма выскачыла з-за куста — хапець! I пацягла ў цёмны лес, за далёкія моры, за высокія горы. Бяжыць — зямля дрыжыць, усядно як ад бомбаў, хмары на зямлю падаюць, маланкі поплаў, як сохамі, дзяруць...
...I тут, праўда, нешта кляцнула, грукнула, расчыніліся дзверы. I я, і Сярожа ўздрыгнулі ад нечаканасці...
На парозе стаяла Варвара Пракопавых. Твар выцягнуты, углядаецца спалохана ў маму, рукі, каб не так дрыжалі, пад фартух сунула. Ды дзіва што задрыжыш: прыбегла ў адным кабаце-безрукаўцы. Ён хоць і цёплы, з подбіўкай, але не кажух. На галаве вязаная чорная хустка, на нагах — вялізныя, растаптаныя кірзавыя боты, мо яшчэ Парфёнава Івана. I твар, і ўсё на твары ў цёткі такое вялікае, што можна выкраіць два такія твары, як у Матрэны.
— Дзень добры!.. He спіць Верамей? — голас у яе нейкі таямнічы, як у змоўшчыцы.
— He, здаецца. Праходзь, не стой у парозе, як старчыха.
Варвара прагрукала далей, у дзвярах у тую хату размінулася з мамай, стаўшы бачком.
— Ой, дзядзюхна, мне трэба вам нешта сказаць... Толькі вам асмелілася... Загані, хіба, Ганна, дзяцей на печ... Бо не дай бог чаго, то і мяне туды адправяць, куды і Парфёнава.
— А ну — шморг да тараканоў! — паказала мама Сярожу і мне на запечак.
Сярожа адразу зацягнуў : «У-у, казку не дагаварыла...» Палез у запечак — спачатку пад сноўніцу, а потым яшчэ і пад калыску, хоць яе можна было абысці. Мама тут жа прыгразіла яму: «Разбудзі толькі, разбудзі!»
— А ты сядзі, хіба, не маленькі ўжо. Толькі рот на замку каб быў: нічога не ведаеш, не чуў і не бачыў.
Я сеў назад на калодачку. Варвара з крэктам падлезла пад сноўніцу ў той хаце, схавалася за грубку і прымасцілася там недзе, на ложку.
— Ой, не ведаю, з чаго і пачынаць... Прыносіць раз Іван аднекуль «кошку», цёмначы ўжо... Адагнуў гвозд, збіў яе малатком з шаста, прывязвае вяроўку. «Што ты,— кажу,— надумаўся? Мо вядро ўтапіў у чужым калодзежы? Хаця ж не, стаіць унё...» — «Ага, вядро,— гаворыць,— толькі не я, а Хрысціна Гарбатавых... Абяцаў памагчы ёй дастаць...» — «Дык нашто з шаста здзёр? — пытаю.— 3 шастом жа лепш укіруеш...»
Ну, пагаварылі так і забылі, спаць палеглі... А ўночы р-рып дзверы! Я і прахапілася: «Хто там? Што такое?» — сеў голас са страху, адцягнуць не магу. «Спі, спі, гэта я... Карова, здалося, загрукала, хадзіў глядзець». А сам з-пад апранахі шморг тую вяроўку з «кошкаю», кідзець на печ — пасушыць.
Ноч месячная была, я ўсё бачыла. «Кладзіся,— кажу,— a то багатыя ноч разбяруць».
I раніцаю нешта ён вельмі доўга карову глядзеў... А я зірнула, устаўшы, на тую вяроўку — ажно зялёная ўся ад плесні і ціны, тухлым яйкам, гнілоццем смярдзіць. TaKyra вяроўчыну згнюсіў!
Цётка Варвара пачала гаварыць пошапкам, і я навастрыў слых:
— Няма ўсё Івана... Наліла я ў начоўкі вады, ўсыпала попелу і давай тую вяроўку шчоткаю адціраць. Мыю і думаю сабе: хіба ў Хрысціны такі калодзеж? У яе калодзежы крыніца б’е, вада — што крушталь... А тут няйначай як у закінутым якім боўтаўся.
Паклала я зноў тую вяроўку сушыцца. I чуе маё сэрца, што тут нешта не тое. Але не насмельваюся ў вочы папытаць — строгі быў Парфёнаў... I закарцела мне да Сямёрчыкавых схадзіць. Солі, думаю, пазычу пайду...
Два разы прайшлася каля іх калодзежа... Надаставана каля яго ўсяго ўсякага — лому жалезнага, абручоў, старое кола ад воза, вядро сплюшчанае... У гразі ўсё, у твані... I такі самы пах ад хламу...
I яшчэ горш пачало мяне падазрэнне распіраць: ці не ён тут кешкаўся? I шкада яго зрабілася — гэта ж мо цэлую ноч мучыўся!
«Кошку» ён узбіў назад на шост, занёс. А праз два дні бобікі гэтыя і схапілі яго...
Варвара на момант змоўкла, зычна трубнула носам — мусіць, першы раз абраніла па Іване слёзы.
— А сёння скубу гэта, грабу з кутка салому на сечку, чую — падчапіла нешта граблямі. Выгрэбаю доўгі скрутак...— цётка зцоў зашаптала, прыціснула голас так, што некаторыя словы выляталі са свістам.— Разгарнула... А там вінтоўка! Вычышчана, льняным алеем змазана — я нюхала...
— Доўгая вінтоўка ці кароткая? — таксама шэптам папытаў бацька.
— He, не зусім доўгая... Во... Во такая, мо з метру.
— Падобна, што карабін. У таго немца, што кінуў у калодзеж, таксама карабін быў.
— А той немец, я чула, і не немец, а тальянец.
— Італьянец?
— Ага, ага — так, здаецца...
— А ты не прыгледзелася, ручка ў затворы як служыць у карабіне — убок тырчыць ці загнута ўніз? Каб не бельгійскі хоць быў...
— Чорт яго прыглядаўся, дзе там той затор і куды там што загнута.
— А дзе ты дзела карабін?
— Дзе, дзе... Загрэбла зноў у салому. I адразу к вам... Што мне цяпер рабіць, Верамейка, дзе дзецца? Знойдуць немцы — заб’юць.
— Задачу... задала...— Бацька пакашляў.
— Мо каб уночы перанёс ды ў ваш калодзеж — шчабоўк! Тут жа блізка, цераз вуліцу...
— Але! Зварыла галава... Ваду сапсуеш.
— Вой, я цяпер баяцьмуся адна ў хаце быць...
— Трэба начным гасцям аддаць... Мо скора завітаюць.
— Вой, у мяне сэрца разарвецца да таго часу! Мо немцам занесці, на пераезд? Скажу — так і так...
— Але! Яшчэ што надумай... Будуць яны разбірацца.
— А божухна, во гора на маю галаву! Хай бы ўжо ішоў з гэтаю гарматаю Парфёнаў у партызаны, то мо ацалеў бы і сам, і нада мною сякера не вісела б.
— От што... Калі ўжо прыйшла, то слухай. Прыйдзе да цябе мой хлопец позна... Пастукае тры разы... Яму аддасі. Мы самі ўжо расхлёбаемся з гэтаю гарматаю. Толькі... ведаеш? Калі звязаліся адной вяровачкай, то...
— 0, Верамейка! Язык пракаўтну, чым каму... Я яшчэ пажыць хачу!.. To бывайце здаровы ўжо...— Цётка Варвара выйшла з-за грубкі, крэхчучы, пралезла пад сноўніцай і порстка пагрукала ботамі да дзвярэй.
Як толькі за ёю бразнула клямка, мама сказала:
— А пра сябе ты падумаў? А пра дзяцей ты падумаў? — голас яе задрыжаў,— Мала нам усяго-ўсякага? Цяпер, калі што, пад корань усіх вынішчаць!..
— Падумаў... Мне ж толькі і астаецца — ляжаць ды думаць.
Каля мяне з’явіўся Сярожа. Ніхто не заўважыў, калі ён злез з печы.
— Мама, а як ён бегаў? — тузануў ён маці за спадніцу. — Хто?
— Ну, той кот з вяроўкаю, пра якога цётка расказвала.
— Які кот? 3 якою вяроўкаю? Ты што — сасніў там, седзячы?
— У-у-у...— завёў Сярожа пакрыўджана.
— Слухайце лепш казку... Пра што я там казала ўжо?
— Як ведзьма бегла з Іванкам,— падказаў я, адцягваючы Сярожу ад маміных ног. I ён зноў усеўся на заслон, падрыхтаваўс'я слухаць.
— Ну — прынесла яна Іванку дадому. I гаворыць сваёй дачцэ Алёнцы: «От табе Іванка... Спячы, пакуль я па лесе пагуляю». I пайшла сама...