Раяль з адламаным вечкам
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
Усунулася тварам у акно — і знямела, не дала сама сабе веры. Вобсас кінулася да другога, у мыцельніку. На дварэ ўсё збялела за ноч: і дол, і плот, і рабіна за плотам, і пругло, і калодзежны цэментавы круг. Мокры, мабыць, ляпаў снег, ліпкі.
— А-а, маці твая сена ела!..
Часам і добра, што больш нікога ў хаце няма. Бо хто вытрываў бы тое, што далей «загнула» Тарасіха?
Пра дзяжу забыла ўраз. I пра няпаленую печ... Укінула толькі карове сена, падаіла. Бегма прынесла малако ў хату, надушыла ў вядры ўчарашняй бульбы, размяшала з малаком і вадою — парасяці. Задохлік нейкі, выбракаваў калгас... Купіла дзеля смеху за два рублі — і нічога, стаў папраўляцца. Як выплюхнула яму поліўку ў карытца, выцерла аб загрывак руку. Кожны раз так рабіла, памацвала за карак. Правіцца! Як бегла зноў у хату, вядро ўскінула на дровы пад сцяну, ухапіла снегу. Адлежны, мяккі... Расцерла паміж далонямі — рукі загарэліся, пацякла вада.
He да снедання... Апігушыла мо паўзбанка малака, адламала ў шафаўцы кавалак сыру, толькі ўчора з кліночка, выблытала з настольніка апошні акраец хлеба — і з хаты.
На дварэ спахапілася — чаму гэта ёй так халодна і мокра ў ногі?
— А каб ты запуставала, такая галава...
Яна была ў бурках! Тых самых, што ўссунула пашлопаць у хаце. Без галёшаў!.. I на двор бегала ў іх, па снезе, і ў хлеў лезла. Добра, што ў хляве суха, нанасіла з-пад гатара свежай тырсы. «3 розуму выжыла, вірло старое...»
Калі яна, пераабуўшыся ў боты-гумоўкі, на хаду жуючы, зноў выйшла на двор, то пачула, што ёй горача. I не рабіла нічога, а здушнела. «Во, работніца...— дапякала сама сябе Тарасіха.— Во, гультайка...»
Снегу за ноч нападала на пядзю. Пад ім гразь крыху прыстыла, патужала, не пырскала ўжо з-пад ног. Харашыня стала, чысціня. I хоць цёмна яшчэ, а відаць, што паўз плот ужо нехта, па звычцы сцерагучыся, прайшоў. Свежыя сляды значны былі добра, іх нібы абрысавалі цёмнай каёмкай. Марозу ніяк няма, снег перад наскамі ботаў ссоўваецца плітамі, адвальваецца камякамі. Свежа і прэсна пахне познімі грыбамі падтаўстухамі.
Тарасіха моцна ўдыхае паветра, на хаду паварочваецца, шукае тварам ветру. Адтуль жа, здаецца, з Байнёва... А можа, і з Ванькоўшчыны, больш з захаду зайшоў... У голлі прысадаў улавіла ледзь чутны пошум. «Густы вецер... I зоркі сям-там праглядваюць. Нізкія і блішчаць, што памытыя... He павінна быць марозу... Снег можа зноў пайсці ці дождж...» Тарасіха ўздыхае з палёгкаю: снег не самае страшнае. Абы не мароз! Пара такая, што і зіма можа легчы.
«М-мі-і...» — бы пытаецца, сумна цягне ў Міхалёвых двары карова. Выпусцілі пад калодзеж напіцца, а яна нічога не пазнае з-за снегу. Трэн-н! Трын-н! Тран-н! — зябка грыміць аб цэментавыя трубы вядро.
«Ой, і я ж сваю не паіла...— спахопліваецца Тарасіха і спыняецца.— Ат, выдзержыць, рэкардзістка бо такая... He схопяць чэрці да вечара... Трэба было б мо не ў кантору барджэй перці... Мо яшчэ дома Мікітун». Але мясіла і мясіла цяжкімі літымі ботамі снег. Дыхала як ад сябе, з нейкім прысвістам ці сіпам. У грудзях дзерла і нудзіла, нібы добра не адкашлялася.
«Мазгавешка дурная... Каб яна ўжо адсохла мне ды адпала... Людзі хапаюць вазіць, здаваць, а я сяджу сабе, паскрэбваю ножычкам, як на заўтра трэба... He растане больш, укуе, тады перагнуся, пацалую сама сябе...»
Мікітун быў у канторы. За сялом, дзе брыгадны двор, стаяла невялічкая хата пад шыферам. Два пакойчыкі ў хатцы, блізшы — для рахункаводаў, дальшы — Мікітуноў кабінет. У першым яшчэ нікога не было. Другі расчынены насцеж, адтуль вырываецца палоса святла. Там крычаў па тэлефоне Мікітун. Тэлефон правялі як стаў «праізвосцвенны ўчастак». А як была проста брыгада, то не было ні тэлефона, ні рахункаводаў. Тут і не сядзеў ніхто, часам толькі механізатары ці шафёры заходзілі пакурыць, пазубаскаліць.
—...А хіба вы самі не ведаеце, якая ў мяне тэхніка?! — крычаў Мікітун утрубку. Стаяў за сталом, наваліўшыся нізам жывата на краёчак, і гроб праваю рукою з твару валасы — угору ўсё, угору. Спружына-шнур ад зялёнага пляскатага тэлефона да зялёнай трубкі амаль распрасталася і дробненька дрыжала.— Што на хаду? «Беларус» на хаду... I гусенічны... «Таракан» толькі не... Што? У каробцы перадач паляцела нешта, яшчэ не глядзеў Толя...— Мікітун слізгануў позіркам па механіку. Малады намеснік па тэхніцы сядзеў з боку стала насуплена і сонна.— Так... Так... He поняў! He поняў, кажу! Радыё прачынаецца, мяшае...
Тарасіха спынілася ў дзвярах — мажная, грузнаватая, яна закрыла сабою амаль увесь праём. Насупіла бровы, уцэлілася вачыма ў твар Мікітуну. У яе яшчэ хапала духу памаўчаць, пакуль начальства занята з тэлефонам, гаворыць са старшынёй.
— Мы закрылі план па бураках! Амаль што!.. He, ёсць і яшчэ, я ўчора праязджаў... Тон сто начышчана... А што я... Ага... А-а,..— Мікітун разяўляў рот, удыхаў паветра з запасам, нібы збіраўся крыкнуць. Але крычала трубка, толькі што — не разабраць. I раптам частыя гудкі — пі, пі, пі... Мікітун адарваў трубку ад вуха, з неўразуменнем агледзеў яе, пакруціў і апусціўся на крэсла.— Во так... Давай — і ўсё! Арганізуй! Мабілізуй! Пажар! А хто пойдзе грэбсціся ў снезе? Каго я магу прымусіць? Пачакаць паўднёўку трэба, мо растане... Вечна на мне гужы абрываюцца!
Валасы ў яго зноў аб’ехалі на вушы і на твар зліплымі пасмамі, ажно зрабіўся пасярэдзіне галавы белы прадзелак, як у Багародзіцы. Мікітун маргаў на Тарасіху — адразу абодвума вачыма:
— Што вы хацелі?
— Машынудавай! Што,.што...
— Нашто вам машына? Брыкету ж прывезлі.
— Які брыкет? Буракі вазіць. I людзей давай... Давялі, ліха вашай матары!
— Гэта я давёў? Выбірайце выражэнне. Я за Гасподзь Бога не адказваю.
— А картоплі — тожа Гасподзь Бог?
— Што картоплі? Што картоплі? — зачасціў Мікітун, заміргаў.— Сваяўрэменна рапартавалі з картоплямі. Усе выбралі! Да аднае соткі!
— Выбралі?! Ды там жа ў зямлі яшчэ столькі асталося... Памочнікаў, называецца, прывёз з горада. Прайшліся, як на прагулянцы, пазбіралі зверху большыя сабе ў мяшкі і павезлі. I грошы ім яшчэ плаціў, і кабана скарміў!
— Ну, вы... гэта... Выбірайце выражэнне! Уласць нават стаіць за тое, каб шэфы памагалі. Па сто семдзесят пяць цэнтнераў сабралі з гектара — на пяць больш, чым летась! — шмаргануў аберуч Мікітун валасы з твару, а яны зноў аб'ехалі.
— А ўрадзіла дзвесце семдзесят пяць! Што ты мне падморгваеш?
— Вы не на адчотны сход прыйшлі, каб выказвацца!
— Я і на адчотны дападу, не бойся! Язык мне не завяжаш... Ач ты яго! Планам хваліцца... Па бураках у яго не баліць душа, а па плане! — Тарасіха гаварыла да Толі, нібы вербавала яго ў саюзнікі. Але Толя ўсё яшчэ ніяк не мог адсоніцца, сутаргава пазяхаў. Таксама маладажон, як і Ільюша.
Мікітун заёрзаў за сталом, заляпаў сябе па кішэнях зморшчанага, нібы пабываў пад галавою, пінжака. Міргаў моцна, як хто насоўваў з ілба і са шчок скуру на вочы.
— Дай расчоску, бо ўздурнею! — выкінуў да Толі руку так, нібы хацеў ляснуць пад сківіцу.
Толя нехаця разагнуўся, тромкнуў замком-маланкай сваёй цёмнай, падбітай аўчынкай курткі. Дастаў з-за пазухі расчоску... Мікітун ледзь не вырваў яе з Толевых рук і драпануў валасы ўгору — раз! раз! 3 ярасцю, нібы хацеў іх павыдзіраць з коранем.
— Душа не баліць! У вас адной баліць! — крычаў Мікітун.
Крычаць-то крычаў, але і сам адчуваў, што гэта так сабе — спектакль. Пацэліла Тарасіха акурат: ён якраз думаў, што і буракі «ўхапілі». А магло ж быць горш! Каб тады яшчэ, як першыя «матылькі» залёталі, легла зіма,— аго-го, што было б! А гэта ўжо дробязь асталася... Дзе п’юць, там і льюць... А гатовыя не цяпер, то ў чацвер выграбуць, завязуць. Нічога, калі і мароз трохі прыхопіць. I такія прымаў камбінат летась, пускаў адразу з плеч ды ў печ, каб не пагнілі. Праўда, плаціў амаль напалавіну менш...
А Тарасіха думала пра другое. Думала: калі няма ў чалавека глуздоў, то колькі ні вучы яго, на якія курсы ні пасылай — адзін толк. Мікітун мо ўжо робіць трэці заход: два разы быў брыгадзірам, два разы знімалі. Бадзяўся без партфеля, а потым паслалі яго на эканамічныя курсы, дзяўблі пра гаспадарчы разлік. Гэта перад тым як перайсці на «праізвосцвенныя ўчасткі». Зноў кіруе, але не куецца, а плешчацца ў яго.
— Дык даеш ты машыну ці не? I людзей давай, што я адна зраблю — усе буракі ляжаць. Нябось, сваякам усё пёр машыну, падхалімам!.. А я ў любімчыкі не пападу, язык дурны не пусціць,— зноў заладзіла Тарасіха.
— Якія сваякі?! Якія падхалімы?! Божа міласэрны...— Мікітун знясілена адкінуўся на спінку крэсла, звесіў набок галаву і нават вочы заплюшчыў. Адно што языка не вываліў. Адкінуўся назад да стала і жаласліва скрывіўся, угаворваючы, як малую: — Сеяць стараліся! Угнаенні вазіць! Вы разумееце гэта?!
— Разумею... Герой! I зімою гной можна вазіць, як дарога ўстановіцца.
— О божа...— дастаў Мікітун пакамечаную насоўку, цярнуў па лбе, цярнуў па патыліцы,— Бярыце... Вам трэба транспарт? Калі ласка! Бярыце Ілью — Толя яму скажа. Хоць на цэлы дзень. Каня бярыце... Толькі адчапіцеся! Пакіньце мяне жывога!!!
— Мог бы і трактар, і машыну даць. Колькі ўлезе ў трактарную скрыню, хіба не ведаеш? I людзей давай!
— He магу я людзям загадваць пры такой сітуацыі. Тут можна толькі на совесь упіраць... А загадаць — сэрца не дазваляе. Гэта ў вас, кажуць, не сэрца, а... Сваякоў шукайце, мо хто паслухае...
Тарасіха крутнулася ісці, злавіла ручку дзвярэй і знарок з усёй сілы — грох! Як запячатала іх у кабінеце.
— О божа...— прастагнаў за дзвярыма Мікітун.
Каля ганка Тарасіха прыстояла. Нейкія гукі — дзіўныя, ціхія — запынілі яе. Клёўк-клях... Цых-цёх... Са страхі капала. Ж-ж-ш-ш-с-с!..— зашоргала ўверсе, на шыферы, і яна махнулася назад, на ганак. Г-гух! — глуха гупнула ўніз цэлая гура снегу.
«Эге-ге, нядоўга ж ты паляжыш...» — зарадавалася Тарасіха і наддала ходу ад канторы.
Неба, здаецца, ужо шарэла, і на ім, як на экране, відаць было, як уздрыгваюць, выпростваюцца чорныя знізу галіны дрэў. Вызваляюцца ад снегу...
* * *
«Так, у кароўнік заскочыла... Падбяжыць братавая, падручылася... Падоіць кароў і падбяжыць... Што ж зробіш, калі непярэліўкі! Кандрату яшчэ сказаць — хай Ахламона запражэ, пасобіць... Маладых падварушу... I чорт з ім, з гэтым Мікітуном...»