Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
Алёнка напаліла печ, як на хлеб. Узяла лапату, што хлеб саджаць, і гаворыць Іванку: «Кладзіся!» Што ж рабіць, кругом замкі-запоры, не ўцячэш. Лёг Іванка і звесіў ножку з лапаты. «Не так!» — крычыць Алёнка. Ён зноў лёг, ужо ручку звесіў. «Не так!!!» — крычыць, як не лопаецца, Алёнка. «Калі ж я не ведаю — як... Ты пакажы мне»,— гаворыць Іванка. «У-у, мужыцкае мяса...» — скрыгіча яна зубамі. Легла на лапату праменька, рукі і ногі выцягнула: «От як трэба!»
А Іванка шусь яе ў печ! I засланкаю засланіў... Тады трах лапатаю па акне! Скок сам на двор... А там явар стаяў — высокі-высокі, дык ён на той явар і залез, схаваўся ў галлі.
А тут і ведзьма вярнулася. Зайшла ў хату, пасмыкала носам. «Ах, як смачна Іванка пахне!» Выцягла з печы Алёнку, наелася, напілася, выйшла пад явар і качаецца, жывот пагладжвае: «Пакачуся, павалюся, Іванкавага мяса наеўшыся, Іванкавае крыві напіўшыся». А ён з явара, не вытрываў: «Алёнчынага мяса наеўшыся, Алёнчынай крыві напіўшыся!» Падняла ведзьма голаў — а там Іванка! Ух, зараўла, завыла, пачала грызці зубамі той явар — усе зубы паламала. Схапіла сякеру і давай секчы...
А Іванка бачыць: ляціць чарада гусей — высока-высока... Ён і просіць іх:
Гусі мае, лебедзі, Скіньце мне па пярцу, Я з вамі палячу!
У майго бацькі жыта —
карыта,
Возера вады, Будзе з вас піць і есці На чатыры гады!
Кінулі гусі па пярцу. Увабраўся Іванка ў пер’ейка па пояс. Сячэ ведзьма, завіхаецца. А Іванка прыгаворвае: «Не ў явар, да ў камень — бабух, сякерка! He ў явар, да ў камень — бабух, сякерка!»
Ляціць другая чарада гусей, ужо ніжэй крыху. Іванка зноў просіць:
Гусі мае, лебедзі, Скіньце мне па пярцу, Я з вамі палячу!
У майго бацькі жыта —
карыта,
Возера вады, Будзе з вас піць і есці На чатыры гады!
I гэтыя гуські скінулі па пярцу. Іванка ўжо ўвабраўся па грудзі ў пер’ейка і прыгаворвае: «Не ў явар, да ў камень — бабух, сякерка! He ў явар, да ў камень — бабух, сякерка!» А ведзьма ўсё сячэ, завіхаецца, смярдзючай слінай пырскае...
Ляціць трэцяя чарада гусей, зусім нізенька...
...Зноў нехта прайшоў пад акном, прасунуліся па столі ў другі бок цені. Так мы і не даслухалі, як хруснуў, зламаўшыся, явар, як падхапілі Іванку рукі-крылы, як паляцеў ён з лебедзямі на вольную волю... Але паляцеў, мы гэта добра помнім!
Дзверы ў сенцах не грукнулі, а толькі прарэзліва рыпнулі і засталіся, мабыць, расчыненыя насцеж. Хатнія дзверы таксама рванулі так, што яны ажно стукнуліся аб лесвіцу, адскочылі назад. Адпіхнуўшы іх яшчэ раз, на парог стаў Курак. Адразу раскінуў рукі, схапіўся за вушакі — яго зыбнула назад. 3-пад ног павалілі ў хату белыя воблакі холаду.
— Зачыняць трэба, дзеці хворыя...— сказала маці і павяла ніткаю проста на Курака, нагнулася яму пад руку і злавіла клямку.
Курак і сёння быў п’яны. Назбіраўся, як жаба гразі, пакуль да нас дайшоў. Але сёння, здаецца, не быў такі наглы, нібы падцяў крыху хвост.
— Бр’ят ты мой...— упёрся яшчэ мацней у вушакі, адштурхнуўся, ступіў два крокі наперад.— Ёсць указ: ісці шашу расчышчаць... 3 лапатамі.
— А хто ў нас пойдзе? Угробіў гаспадара, дзеці са скуры лузаюцца, каб хлеба нарабіць...— маці не прыпыніла хадзьбу ні на хвіліну, на Курака не глядзела.
— Як пасля такога... вочы тут можна паказваць?..— захрыпеў, задыхаючыся, бацька, прыўзняўся над падушкай на здаравейшай руцэ, нечага шукаючы вачыма.— Мала табе ўсяго гэтага? Дабіваць прыйшоў? Страляй!.. На-а!..— ірвануў сарочку на грудзях — і апаў зноў на падушку, затуліў рот ручніком.
— Бр’ят ты мой... 3 мяне трэбуюць — і я трэбую! Каб старшыя ў чатырнаццаць нуль-нуль былі на шашы каля
Міхайлаўкі... He пойдуць — пінайце на сябе! Або шаша, або фацерлянда... Спіскі, у Германію ехаць, сказалі саставіць...
Курак павярнуўся, грукнуў ботам у дзверы, таўхануў плечуком — ажно звалілася на падлогу шапка — не то летняя, не то зімовая, з казырком, як у кепкі. Падымаў і бліснуў лысінаю з доўгімі і рэдкімі, наліплымі валасамі. I толькі пасля гэтага ўспомніў, што ёсць клямка, хапіўся за яе аберуч...
А ў хаце нібы астаўся сабачы холад, што прынёс Курак, і гэты холад скаваў усіх. Мама ішла паўз сноўніцу паволі-паволі і не бачыла, куды клала ніткі. He да «нацэпніцы» было. Кінула раптам лыжку, і яна пагушкнулася, праехала па нітках. Як у сне падышла пад парог, узяла мятлу, пастаяла з ёю, нібы забыла, што збіралася рабіць. Потым марудна згрэбла ў кучку большыя камякі снегу, што пакінуў Курак, укінула ў цэбар, лужынкі зацерла анучай. Выйшла яшчэ зачыніць сенцы, а вярнулася ў хату, то сказала:
— Бяжы, хіба, Міша, па хлопцаў... Хай кідаюць на чом стаяць... Трэба ж наравіць гэтай ліхой скуле...
Я падхапіўся адразу.
— Як ты хутка распарадзілася...— часта задыхаў бацька.— А можа, там адразу загоняць у машыны і... Хіба ж не было, што ашуквалі...
— Дык што-о — жыўцом у зямлю лезці?! — вырваўся з матчыных грудзей стогн.
— Хай ідзе ён, усё роўна абедаць трэба,— бацька задыхаў ужо раўней.— А сама па суседзях прабяжы... Папытай, хто яшчэ пойдзе... Старыя ці маладыя...
* * *
Хлопцы не дамалацілі пасад. Я згроб распушчаныя снапы ў кучу, палавіў крыху салому і большыя каласы, а тады перавярнуў граблі стаўпцом уніз, ссунуў жыта ў кучу. Перавозіў я яго доўга, насыпаючы па пуду, па паўтара. Больш насыпаўшы, не мог даць рады — і не падняць, і санкі па снезе не вывалачы. Бацька не хацеў, каб на таку заставалася
збожжа. Усякія людзі ёсць... Сноп мо і не падымецца рука перакінуць на свой торп, а гатовага, намалочанага, могуць і набраць.
Калі я прыехаў з аборы апошні раз і паставіў пад лаву ліхтар, маці ўсё яшчэ тупала каля сноўніцы. Але што гэта было за снаванне — не разганіся, увесь час азірайся на клубкі. Памочнік жа з Сярожы ніякі — чацвёрты год хлапчуку. Добра, што надумаўся з Таняй пагуляць, усё дурэў з ёю на палку, куляўся і дапытваў у мамы:
— Ты зайшла ўжо ў Слуцак ці не?
— Зайшла, зайшла... Нават назад вярнулася,— адказвала мама.
— А што ты нам з Таняю прынесла?
— А што я табе, сыночак, прынясу? — пытаннем адказала маці і ўздыхнула. He вытрывала, падышла да паліцы, дастала шклянку з мёдам. Намазала скібкі і яму, і Тані — тоненька, мядовая плёнка ажно свіцілася.
— Ах, які харошы Слуцак! — Сярожа скакаў ужо з печы на палок, робячы грому на ўсю хату.
Ніколі яшчэ такога не было ў нас: ноч, а сноўніца ў хаце. Усё памалей і памалей ходзіць маці. Да Слуцка пятнаццаць кіламетраў, значыць — прайшла яна трыццаць, а «дарога» яшчэ не канчаецца. Добра, што клубкі ўжо невялікія, па кулаку, навітыя ўмітусь. Круцяцца, падскокваюць — адзін у рэшаце, другі — у форме, што парабіў бацька з бляхі пячы хлеб.
Маці ходзіць паўз сноўніцу ў нейкім одуме. Маўчыць і бацька. Я падумаў спачатку, што ён спіць, а прыслухаўся — не, уздыхае паціху, нешта думае. На прыпечку палаюць смалякі, але ў тую хату водбліскі даходзяць мала. Можна адно згледзець, што бацька трымаецца здаравейшай рукою за лоб, прыкрыў трошкі вочы.
Як сеў я на лаву, дык не мог і варухнуцца, як хто скаваў. Цяжкімі здаваліся рукі і ногі, балеў жывот. Есці я хацеў страшна, але маці не ўспамінала яшчэ пра вячэру: чакалі Змітра з Антонам. Яна ўжо некалькі разоў кідала снаваць і бегала да суседзяў — ці вярнуліся з шашы? He, ніхто
не вярнуўся... I ў мяне халадзела ў грудзях: а што, калі з хлопцамі нешта здарылася?
Змітрок з Антонам прыйшлі позна — трымаў немец да самага цёмнага. А ісці не блізка — пяць кіламетраў. Перлі так, што спіны змакрэлі, спяшаліся, каб да сямі пераскочыць цераз пераезд.
Хлопцы доўга адсопваліся, з плячэй вярнула пара, нібы стаяла за імі па чыгунку з бульбай. У Змітра адна ноздра заткнута кавалачкам анучы — мусіць, адарваў, скінуўшы валёнак. Цяпер ён адкупорыў нос і ціха пачмыхваў — пойдзе кроў ці не? I ўрэшце выкінуў чырвонае заткла ў сметнік.
У хлопцаў было што расказаць.
— I заўтра загадаў немец прыходзіць... У дзевяць раніцы.
— Конь у немца — як слон, а хвосцік у каня — як пэндзаль, што печ бяліць... Раз’язджаў у санках сюд-туд, указанні даваў.
— Ой, адубеў зусім, седзячы!.. Злез, а ногі і рукі як карчы. «Ком-ком!» — на цётку Прыбыткаву. Мармыча нешта, паказвае сабе на штаны. Яна круціць галавою: «Не разумею, пан»,— трасецца. А той як закрычыць, затупае нагамі! Дык цётка і давай штаны яму расшпільваць, даставаць... Кругом людзі, а ён...
Толькі я адзін чмыхнуў: ну як жа! Скарчанеў немец, што рады не мог даць штанам. А мама і тата ніколечкі не ўсміхаліся. Бацька, намаўчаўшыся, сказаў:
— Людзі кругом... Каб жа мы былі для яго людзі... Што быдла бясхвостае, што мы... Чаго ж быдла саромецца?
— Прыбытчыха плакала пасля...— дабавіў Антон цішэй, як бы спалохана.— Цешылі яе там жанчыны, а яна аж заходзілася...
А яшчэ адну навіну Змітрок сказаў:
— Дайшоў Нагайчык той, што партызаны падстрэлілі... Хлопцы пасрэдніцкія гаварылі.
Вячэралі моўчкі. Бацьку прыўзнялі крыху, прыперлі спіною да падушкі, і ён першы раз еў сам. Леваю рукою еў,
а праваю падтрымліваў на каленях гліняную міску. Дзеравяная лыжка глуха шкробала па баках міскі, па дне. На вячэру быў суп з фасоляю — чуць цёплы, зрудзелы ад доўгага стаяння ў печы.
Маці жавала Тані, трымала яе на каленях. Пакуль сабралася па трэцюю лыжку, то ўжо нечага было і чэрпаць. Дабаўлялі гуркамі з хлебам, а Змітрок набраў сабе ў жоўтую конаўку, што зрабіў тата са снараднай гільзы, расолу і казаў, што з расолам нават смачней — больш соль чутна.
Елі і маўчалі. Як яно будзе заўтра? Ці не чакае хлопцаў на шашы пастка? Ці не падгоняць грузавікі і... У тую нядзелю, расказваюць, на базары ў Слуцку была аблава. Абкружылі, дык мала хто і вылузаўся... 3 аднаго заходу налавілі на палавіну эшалона моладзі.
А я думаў пра кросны: праз дзён два мама абавязкова іх паставіць. Сёння яна хоць кончыцца, а даснуе. Палічыць у «чынах», колькі ўжо ёсць, і даснуе. Яна будзе лічыць пасвойму, я памятаю з лёташняга. Ніткі ў яе ўжо будуць не ніткі, а чысленкі. Дзесяць разоў па тры чысленкі — пасма... Колькі ж у яе атрымаецца пасмаў? Дзесяць? Дванаццаць? Каб жа хоць не вузкае было палатно, a то не выйдзе шырокая полка на спіну ў сарочку, давядзецца сточваць. Засмяюць тады людзі...
Потым пачне знімаць аснову — зверху, ад правага калка, дзе ніткі паварочваюць і ідуць уніз. 3 першага калка так проста не сцягнеш, трэба выбіваць яго. Пакуль мама будзе плесці пляцёнку, я буду перабягаць ад калка да калка, прыціскаць аснову — каб не аслаблялася па ўсёй сноўніцы, а ішло парадкам. Мне падабаецца, як паволі і хораша робіць гэтую работу мама: прасуне ў тоўстую, з соцень нітак, пятлю руку, схопіць тоўсты жгут, бы якога ўдава за горла, пройме-працягне, робячы новую пятлю. А тады ў гэтую новую пятлю нырае левая рука — хап! А тады правая, у самую новую пятлю — цап! I так да канца, да самых «чыноў»...