• Газеты, часопісы і г.д.
  • Раяль з адламаным вечкам

    Раяль з адламаным вечкам


    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 526с.
    Мінск 2016
    101.9 МБ
    Тарасіха грэбла і грэбла па снезе цяжкімі ботамі і чула, што за плячыма ў яе зноў макрэе сарочка. Набегалася...
    Hi з таго ні з сяго ўспомнілася, як Мікітун колісь шукаў злодзея. Мо яшчэ ў першае сваё брыгадзірства, гадоў дваццаць назад. Нехта лён пакраў ноччу ў Парасчыным звяне, у братавай. Паднялі бабы са сцелішчаў, павязалі ў пукі, але не справіліся звезці повідну, пакінулі на заўтра. Глядзяць раніцаю — распалавініў нехта пукі, у два разы танчэйшыя сталі...
    Пайшлі Мікітун з Параскаю па хатах шукаць. Да тых спачатку, хто свой лён сеяў пры сядзібе. Такім лягчэй красці, бо лягчэй і апраўдвацца. Як хто за руку вёў — зайшлі перш да Анці Курловічыхі. Пасаромелася звеннявая на вышкі лезці глядзець, а Мікітун — не. I мо хіба Курловічыха забыла на Мікітунову звычку — маргаць? Плюсь, плюсь ён вачыма... А яна па-свойму зразумела. «Ага... Добра, брыгадзірка, добра...» — шэпча і хавае трасту, закідвае дошкамі, мётламі, лахманамі. Як закрычыць на яе Мікітун, як затупае! Ледзь не ўмлела жанчына. «Ты ў мяне загрыміш на пяць лет!» — Мікітун на яе. I «загрымела» б Анцечка, строга тады было. Ды Параска заступілася: дзеці ж малыя... Дык Мікітун увязаў ёй усё ў рэзгіны, мо паўвоза: «Нясі!» Удзень, па вуліцы! Пры народзе! Учарнела жанчына, пакуль занесла трасту ў адрыну. Колькі гадоў прайшло, а ўспомніць пра тое, дык ніякавее. «Хай бы,— кажа,— лепш мяне расстралялі на месцы, чым так...»
    Братава хата — не тое што Тарасішына. У Тарасіхі старая, яшчэ бацькаўская асталася. У Кандрата — новая, вымураваная з белае цэглы. Веранда расфарбавана ў тры колеры. Ледзь не палавіну сцяны веранды займае акно. Раму ўжо так адмастачыў Кандрат — мудрэй, чым у царкве ці ў клубе. Маня, нявестка, павесіла і ў верандзе гардзіны.
    Адчыніла Тарасіха веранду — дым, чад, пахне гарэлым салам. Тут у Кандрата газавая пліта з балонам. У многіх так — у верандах. Каля пліты Маня стаіць з нажом, у зялёным джэмперы, поверх тая хустка крыж-накрыж завязана, у якой і ў бураках была. Шыпіць сала на скаварадзе, булькоча бульба ў каструлі...
    — Гаспадыня, агонь зменшы! Хто на такім агні сала пячэ? — не паздароўкалася нават Тарасіха, пастукала ботамі, абіваючы снег.
    — Ой, а я і не ўмею... Змяншаю, а ён — хлоп! — і тухне.— Маня паспешліва варочае скваркі.
    — Э-э...— падышла Тарасіха да пліты, пакруціла асцярожна венціль.— Я старая, і то ўмею. Картоплі гатовыя, кляяюць — не чуеш? Дома бацька? А дзе Ілья?
    — Дома... А Ільюша мо яшчэ спіць. Кахы, кахы... Аж вочы выядае...
    — Адзелася б лепш — гэта табе не лета. To лечыцца, то зноў калечыцца... Цыбулі пакрышы ў тук — я люблю з цыбуляю.
    Зайшоўшы ў хату, Тарасіха бачыць: сядзіць Кандрат на кукішках каля печы, вылоўлівае ў цабэрку з бруднай вады дробную бульбу, накладвае ў вялізныя чыгуны. Чорныя, з абломанымі берагамі. Тарасіха была шырокая ў касці, а брат яшчэ здаравейшы і вышэйшы. Але не мог сагнуўшыся і мінуткі пастаяць — абмарачэнне брала.
    — I жнец, і ў дуду ігрэц...— замест «дзень добры» сказала Тарасіха.
    — Двое ж свіней ды парасяты... Наварыць жа трэба...— падымаецца Кандрат.— Ох, ажно цёмныя кругі ў вачах... I Парасцы ж хапае... Механізацыя называецца — рукамі дадойвай, па жалабах харчы разнось... Пакуль раздасць корм, паскідае нашлёпкі на транспарцёр... Прыйшоўшы, канчае ўжо печ паліць, абед варыць. А там зноў бяжыць... Садзіся — колькі пастаяць, столькі і пасядзець...
    — Няма калі расседжвацца... Дзе той ваш маленькі, чаму ты яго кіем не ўспорваеш? — Тарасіха абыходзіць чыгуны і Кандрата, адхінае занавеску ў спальню.
    Адтуль чуецца смачнае пазяханне і Ільюшаў голас:
    — Што, цётачка, што, дарагая? He спіцца вам нешта...
    — Аты павазіў мне буракі, што спіцца? Абібочына... Снегам унь заваліла ўсё. Уставай, a то вазьму якую папруціну!
    — Эх-ха, жыццё настала...— дурашліва ўздыхае Ілья.— Ноччу жонка пад бок штурхае, а раніцаю сваякі...
    — Ой, хто цябе штурхае, што ты пляцеш?..— зачырванелася, зайшоўшы якраз са скаварадою, Маня.
    Чуваць, што Ілья стаў адзявацца — звініць спражка папругі, грукаюць боты.
    Маня кладзе на стол драўляныя крыжыкі, ставіць скавараду з мачаннем. Хуценька завінулася — нясе і каструльку з бульбай. На скаварадзе шыпяць, варушацца паджоўклыя скрылёчкі цыбулі, шыбуе з каструлі, закручваецца віхрамі пара. Смачны пах жывасілам лезе ў нос, казыча.
    — Так бы і сказалі, што снеданне гатова, a то буракі... Умх!..— з’яўляецца Ілья, уцягвае носам паветра. Ён танчэйшы ў касці, чым бацька ці Тарасіха, але высозны — пад столь.
    — Вымахаў, на лес гледзячы...— нібы асуджальна, але з прыхаванай гордасцю гаворыць Кандрат і падхоплівае за вушка цэбар, каб вынесці на двор брудную ваду.
    — Э, э, дайце вочы прамыць, а тады ўжо...— спыняе яго Ілья.
    — Добрая дыёміна вырасла...— Тарасіха мачае бульбу ў тук, падзьмухвае на яе, з шумам удыхае ў сябе пару.— Сёння ты ў маім распараджэнні цэлы дзень...— гаворыць да Ілы, а той знарок моцна фыркае, не слухае.— I цябе, Кандратка, буду прасіць, і Маню... Парасцы я ўжо сказала... Запражэш Ахламона, мо падвозіць прыйдзецца... He паліла я сёння ў печы, не да таго. А думала, што і хлеб выпеку...
    Толькі Ілья прымасціўся да стала, як Тарасіха ўстала.
    — Рана яшчэ, глядзі... Еш бяры, больш...— гаворыць Кандрат і таксама мые рукі.
    — Здаецца, што рана... Развіднівае! Пабягу адкідваць снег, а вы таксама не баўцеся вельмі.
    — Лёня, Лёня... Уставай, снеданне на стале! — чуваць, як будзіць Маня ў «зале» Ільюшавага малодшага брата — дзесяцікласніка.
    Тарасіха ўзяла яшчэ адну бульбіну ў руку, перакінула ў другую і націснула ручку ў дзвярах...
    * * *
    Як ашуквае снег... Калі, здавалася, пачало світаць, а так і не павіднела больш.
    Шэра і шэра...
    Тарасіха прастуе цераз тарфянік, мінае чужыя нормы. Буракі амаль павыкопвалі, толькі дзе-нідзе тырчаць прысыпаныя снегам копчыкі. Ішла-ішла — і мінула сваю норму. Толькі як зачарнеў, перабегшы ёй наўкасяк дарогу, канал, Тарасіха схамянулася, пачала азірацца ды прыглядацца.
    «Ат-та-та. Чаго ж ты стала? Хай бы ж боўтнула!.. Паплавала б!.. Засляпіла бельмы і прэ...»
    Няроўна ішла, укосікі, як страчыла няўмелая шваха. Пайшла назад ужо не па сваіх слядах, а правей. Як вярталася, то пазнала свае буракі хутчэй. 3 усходу копчыкі не так закіданы снегам, больш чарнеюць. Падва ўсё, па два... Копчык буракоў, копчык бацвіння... У людзей і бацвіння менш — пазабіралі на ферму. А ў яе нават нявырваныя буракі яшчэ ёсць, соткі тры-чатыры. Занесла снегам, а радкі можна пазнаць, як хто кепска паараў. Нават лісце сям-там цямнее, хоць і аблажыла яго, прыціснула мокрым снегам.
    Намацала ботам рыдлёўку... Агрэбла снег з самага свежага копчыка — яго ўчора апошнім прыкрывала,— адкінула бацвінне. Халодныя буракі, што снег... Але не відаць, каб памерзлі. «Добра, што прайшлася ўчора, усе капцы панакрывала... Снег толькі счышчу, дагала не буду распранаць... Невядома ж, колькі ўдасца забраць...»
    Неба пасвятлела больш, але пры зямлі трымаўся туман. He такі, што сядзіш, як у мяшку, але ўсё роўна за якую паўсотню метраў усё расплываецца, размазваецца. У адным месцы штосьці варушылася — буйное, рыжае. Падумала спачатку, што гэта яшчэ нехта прыйшоў паглядзець, што рабіць з буракамі. I раптам тое жывое пачало кашляць, як бы давіцца: «Х-хыў... Х-хыў-у...»
    Тарасіха дакумекала: карову хтосьці выпусціў пабадзяцца. Пастух жа сёння не будзе займаць... «От людзі ёсць. А як удавіцца бураком?»
    Зноў, як і тады ў дождж, Тарасіха была адна на ўвесь тарфянік. Акрамя той каровы, нідзе не чуваць было ні шолаху, ні зыку. «А можна ж рады даваць буракам, снег жа не з марозам... Раздурэлі людзі, ох, раздурэлі...»
    Але была Тарасіха адна ўсяго з гадзіну. Справілася пачысціць усе капцы, нават паспрабавала адкідваць снег — канаўкамі — з радоў нявыкапаных буракоў. Бацвінне адсякалася разам са снегам, ішло ў глум. «А-а, гары яно гарам... Каб хоць буракі ўратаваць... 3 тону яшчэ будзе...»
    Потым тарфянік ажыў неяк разам і ўвесь. Заварушыліся, зацямнелі прывіды справа і злева, перакрыкваюцца, нукаюць на коней... У адным месцы туман гусцеў, цямнеў, браўся плямамі — і раптам праступілі конь і сані са скрыняй. Кандрат!.. Пад’ехаў збоку, кіраваў напрасткі, як і яна. Недзе старанна трахкацеў трактар, абзываліся машыны. Але колькі ні круціла Тарасіха галавою, колькі ні адкасвала з вуха хусткі, так і не пазнала, у якім баку. Гул сціхаў на хвіліну, па-качынаму крэкала ў каробках хуткасцяў, і зноў гудзела-выла, надрыўна і зацята. Прабуксоўваюць дзесьці машыны, як і тыя дні...
    Раптам у тым баку, дзе сяло, пабольшалі гамана і смех, віск — з туману праступіла група жанчын. Ішлі гуртам, але па двое, неслі за вушкі вялізныя, што разносіць рэзку, карзіны.
    «Глядзі ты, мо і дадому не заходзілі... А малахольныя ж! Дадумаліся, якія карзіны браць: гэта ж не мякіна — нагрузіш, то і з месца не ссунеш...»
    — Ау, дзе вы тут?
    — Прымайце работнікаў, у наймы прыйшлі!
    — Ой, а тут жа няма яшчэ што грузіць!
    — А во — сані... Дзядзька Кандрат, фуруйце бліжэй, пад буракі!
    «Ну і Параска! Усіх падбіла... I Курловічыха прыйшла...» — Тарасіха ўцешліва глядзела на гаманкіх, дружных даярак, перадыхала, успёршыся на рыдлёўку. А тыя адразу прыхапіліся да капца, паляцела ў бакі бацвінне, замільгалі буракі — з кучы ды ў скрыню. Карзіны сталі непатрэбныя.
    Трэск трактара пабольшаў, нібы прарваўся скрозь туман. Хутка вынырнуўтрактар «Беларусь» з прычэпам. Ілья!..
    — Э! Э! He рабіце лішнюю работу! — яшчэ здалёк замахаў на даярак рукою.— Хрыстос што сказаў? Субота для чалавека, а не чалавек для суботы. Калі хочацца вам начаваць на балоце — калі ласка. А я тэлевізар хачу глядзець!
    Ён заехаў вялікім паўкругам і падкаціў да капца з другога ад даярак боку. Тармазнуў рэзка, ажно прычэп ледзь не скокнуў на трактар. Курловічыха віскнула, адскочыла чым далей: «Вар’ят!» I адразу буракі загрукалі ў дно прычэпа, як у вялізны барабан.
    — Памалей шпурляйце! Памалей, кажу,— буракі патаўчаце! — засварылася на даярак Тарасіха.
    — Чакайце, я борт апушчу...— Ілья адчапіў і адкінуў борт, прайшоўся па слядах трактара і прычэпа. He каляіны, а равы: і снег папрарэзвалі колы, і торф. Дно ў каляінах утрамбавалася, здаецца, добра, але Ілья памацаў абцасам і незадаволена гмыкнуў. Нешта яму не падабалася...