Распячатка чорнай скрынкі
Яўген Кантылёў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 238с.
Мінск 1999
Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
Выходзіць з круга, што ўтварыўся ад святла лямпачкі, было ніякавата, але варта было зрабіць крок, як чорная сцяна паслухмяна адсунулася. I так адступалася, пакуль яны не апынуліся ў другім гроце. Тут ільдзяныя скрылі і ледзяшы раслі, як грыбы, проста з долу. Быццам не жадаючы адрывацца ад зямлі, яны пазрасталіся шырокімі падэшвамі паміж сабой і моцна трымаліся за камяністую падлогу.
Сяргей, апынуўшыся ў гэтым амярцвелым царстве, у якім панавала нязвыклая цішыня, невядома з чаго ўсхваляваўся. Ці не пабаяўся, што заблудзіцца? Ды і Анюта тулілася да яго ўсё больш і больш. He змаўляючыся, яны паскорылі крок, каб хутчэй далучыцца да людзей. Неўзабаве няведама што ўказала на іх прысутнасць, хоць ні галасоў, ні нават шоргату якога не чулася. З’явілася адчуванне наяўнасці жывога духу — і толькі.
Потым да вушэй даляцеў глухі, нібыта хто знаходзіўся побач за невідочнай сцяной, голас, які паступова набіраў сілу. Замарудзіўшы хаду, Сяргей і Анюта непрыкметна далучыліся да натоўпу.
— Вы бачыце возера, глыбіня якога дасягае дзесяці меіраў. Вада ў ім прэсная,— гаварыла жанчына-экскурсавод,— але піць яе не рэкамендуецца, таму што хімічны састаў поўнасцю не даследаваны.
— А рыбка тут водзіцца? — пацікавіўся .мужчына-каратышок, мусіць, зацяты рыбак, чым насмяшыў жанчын.
— У свеце ідэальнай цемры жывыя істоты існаваць не могуць,— не змяніўшы сур’ёзнага выразу на бледным твары, адказала жанчына-экскурсавод.— Аднак у гэтым возеры ёсць малюск, які нейкіхМ цудам прыжыўся нават тут.
— Паглядзець бы на яго,— выказаў пажаданне малады хлопец, які трымаў за плечы сваю сяброўку, стоячы ў яе за спінай.
— Вы, мабыць, спазніліся — я паказвала. Той малюск з.мешчаны ў скрыначцы пад шклом ля ўвахода ў пячору.
— А можна выключыць святло? — спытаў Сяргей.
— Ну-у, калі вы паабяцаеце, што не палезеце лавіць малюскаў...— быццам нехаця — маўляў, нельга, але што з вамі зробіш — пагадзілася жанчына-экскурсавод.
— Абяцае.м, як жа... выключайце... а не шкодзіла б і злавіць... давайце...— ураз пасыпаліся галасы, асабліва мужчынскія.
Жанчына-экскурсавод адышлася ад шчарбатай сцяны. Сяргей адчуў, як моцна прыхілілася да яго Анюта, і абняў яе за паясніцу. Праз нейкі момант людзі зніклі: іх паглынула, прыдушыла, звяла ў нішто шчыльная, хоць рукой яе мацай, цемра. Яна, гэтая цемра, мусіць, сцяла ва ўсіх сківіцы, бо не знайшлося нікога, хто захацеў бы пажартаваць ці хоць бы кашлянуць.
Сяргею падалося, нібыта ў чорную смалу ён акунуўся альбо раптоўна страціў зрок. Ад нечаканасці нават выпусціў з рук камячок, які надоечы адкалупнуў ад сцяны — сувенір на памяць. У наступную хвіліну Анюта пачала валіцца на яго плячо і асядаць. Сяргей ледзь паспеў падхапіць яе пад пахі.
— Уключыце святло! — крыкнуў ён.
Святло ад лямпачкі ўраз вярнула ўсіх на месца. На тварах застылі ў каго разгублена-ўзрушаныя ўсмешкі, а ў каго дык і спалох.
— Фу, быццам з таго свету,— падзялілася сваім уражаннем поўная кабета, звяртаючыся да ўсіх.
— 1 праўда,— пагадзілася з ёй другая, маладая з твару, і раптам войкнула: — Вой-вой, гляныде — што з ёй зрабілася?
Сяргей ледзь утрымліваў Анюту, каб яна зусім не апусцілася на зямлю. У адно імгненне побач з ім аказаўся хлопец, падхапіў Анюту пад спіну; іх тут жа абкружылі жанчыны. Як толькі Анюту паставілі на ногі, яна глыбока ўздыхнула, нібыта прачнулася, і спалохана расплюшчыла вочы. Потым абхапіла Сяргея за шыю і звесіла галаву на яго плячо.
— Відаць, эпілепсія,— шапнула поўная кабета, але маладзейшая не пагадзілася.
— He, няма ж пены на губах. Хутчэй за ўсё — абмарачэнне. слабое сэрца ў маладзіцы.
Устрывожаная жанчына-экскурсавод стаяла побач, не ведаючы, што рабіць. Нарэшце даўмелася:
— Трэба яе выводзіць адсюль. Так што выбачайце, экскурсію на гэтым закончым. Але вы можаце пайсці з другой групай...
— Ладна ўжо, што тут зробіш...
— 3 кожным можа здарыцца...
— Хопіць і таго, што ўбачылі...
Гэтыя спачувальныя галасы Сяргей чуў за спінай, ідучы з Анютай за жанчынай-экскурсавода.м. Выбраліся з пячоры ў незнаёмым месцы. Сонечныя промні асляпілі: Анюта жмурыла вочы і неяк ачмурэла, як са сну, азіралася. Потым усміхнулася ласкавай і вінаватай усмешкай:
— Выбачай, Сяргейка. Я ўвогуле цемры баюся, толькі з табой асмялела — пайшла сюды. А як святло адключылі, здалося, што пацук на нагу ўскочыў... Так няёмка атрымалася — сапсавала людзям экскурсію...
— He хвалюйся, Анютка! Хто захоча, можа пайсці з другой групай — дазволілі,— супакоіў яе Сяргей такім тонам, быццам жанчына гаварыла не пра сябе, a пра яго.
— Гэта ў мяне з дзяцінства, каб ты ведаў. Аднойчы бацька пакараў — пасадзіў у падполле, а гам мышы...— хацела ўсё апраўдацца Анюта, але Сяргей не даў ёй гаварыць.
— Усё, Анютка, супакойся і больш не ўспамінай — не буду слухаць.
— Дзякуй табе,— Анюта зняла пінжак і аддала Сяргею, потым прытулілася да яго, прыціснулася на імгненне шчакой да ято шчакі і скіравала на асфальтаваную сцежку.
Па ёй яны выбраліся на ўскраіну парку — на драўляную пляцоўку, прыткнутую на адхоне, які крута абрываўся ўніз да ракі. Яе бераг быў усланы светла-жоўтым пяском, які каля самага адхону густа зарос лазняко.м. На пляжы было шмат людзей — хто загараў, хто плаваў, найбольш спрытныя гулялі ў валейбол. Сяргей памкнуўся ўжо спусціцца па звілістай сцежцы ўніз, падаў руку Анюце, але тая не згадзілася.
— Ты хочаш купацца? Але ідзі сабе — я цябе пачакаю,— лагодна мовіла Анюта, яўна не хочучы, каб ён пакінуў яе.
— Не-не, што ты! — нібыта палахліва адступіўся Сяргей ад свайго намеру.— Адзін я баюся — купацца ў такой вірлівай рэчцы...
— А ты не смейся. Бо няма года, каб хто не патануў. Другім раза.м сходзім — добра, Сяргейка? — Яна ўзяла Сяргея пад руку і павяла далей ад берага.— Толькі ты хутчэй прыязджай, a то мяне стопчуць тут на порхаўку,— раптам засмяялася Анюта і цмокнула яго ў шчаку.
Пацалунак атрымаўся нібыта гуллівым, але ў голасе яе Сяргей улавіў, што яна і папраўдзе жадае як хутчэй убачыцца з ім ізноў.
V
Сяргей сышоў з поезда, калі ўжо добра развіднелася. Прывакзальную плошчу, змочаную палівальнымі машынамі, падсушвалі сонечныя промні. Ветлівае іх святло наводзіла на добры настрой. Як Сяргей меркаваў, ездзіць у камандзіроўкі наогул не шкодзіла. Незнаёмыя мясціны і людзі нібыта аднаўляюць жыццё, асабліва тады, калі яно набівае аскоміну. А ў чужым горадзе ты ходзіш па яго вуліцах як турыст, бо ў цябе толькі і клопату ў вольны час, каб што цікавае пабачыць ці як пазабавіцца. Словам, ты на волі! Ты вырваўся
на волю з палону аднастайнасці і надакучлівых абавязкаў, якія трымаюць цябе за каўнер не толькі на рабоце, а і дома.
Аднак Сяргей і дадому вяртаўся з ахвотай. Пасля камандзіроўкі жыццё здавалася не такім ужо і кепскім. А разам з тым ажывала і спадзяванне, што ўсё неяк уладкуецца, хацелася верыць, што сам ён на гэтым свеце бавіць час недарма і на штосьці здатны.
Так яно было і цяпер — як толькі ён ступіў на знаёмы перон, усе яго беды і пакуты, ад якіх ён тыдзень назад уцякаў з усіх ног, забыліся, а калі што і засталося ў памяці, то падалося драбязой, на якую і зважаць не собіла.
У такім добрым гуморы Сяргей ледзь не праехаў свайго прыпынку: вырваўся з тралейбуса, калі Дзверы ўжо зачыняліся. Вуліца была даволі людная, аднак Сяргей нікога не прыкмячаў. Ён бачыў толькі свой дом і ўяўляў, як узрадавана яго зараз сустрэнуць. Погляд міжволі затрымаўся на вялікіх постацях, прылепленых да бакавой сцяны яго дзевяціпавярховага дома.
Колькі ні хадзіў ён тут, а гэтых металічных волатаў чамусьці не заўважаў. Пра іх нагадала яму аднаго разу яго пяцігадовая дачка. «А вось наш дом»,— сказала яна, торкнуўшы пальчыкам у газетны фотаздымак. Сяргей, чытаючы газету, бачыў, канечне, і той фотаздымак, але не пазнаў на ім свайго дома.
На званок у кватэру выйшла жонка; яна моўчкі, штосьці даядаючы, адступілася ўбок, прапускаючы Сяргея ў прыхожую.
— Прывітанне вам, дзеткі мае! — усклікнуў Сяргей, падхапіў на рукі дачку і цмокнуў яе ў шчаку. Яна была ўжо апранутая ў спаднічку з перакрыжаванымі на плячах шлейкамі, a русявыя валасы яе былі павіты вакол галавы ружовай стужкай.
Жонка нейкі час узіралася ў Сяргееў твар, быццам не пазнаючы яго. Потым крыва ўсміхнулася:
— Салют, папачка! Чаго ты такі вясёлы? Ніяк жанчыну ўпадабаў.
Сяргей і вухам не павёў, бо калі б на ўсе яе жартачкі адгукаўся, то захварэў бы, мусіць, на якую дыстрафію. Каб адчапіцца ад жонкі, не выпускаў з рук дачку, знарок мармытаў ёй абы-што на вуха, а тая ажно заходзілася ад шчаслівага смеху.
Ліначка тулілася да яго шчакі і вачыма шукала партфель, які стаяў каля парога; потым яна схапіла татку за вушы і дапытліва зазірнула ў вочы сваімі шэранькімі гузічкамі.
— Нічога ён табе не прывёз, дачушка,—не дачакаешся,— Лёдзя забрала дачку з яго рук і паставіла на падлогу.— Ен лепш у рэстаран з якой цёткай злётае,— здзекліва дадала яна, зводзячы гаворку на ўлюбёную тэму.
Звычайна яна гаварыла так наўздагад, але гэтым разам пацэліла — калі не ў дзесятку, то ў яблычак.
— А ты не спазняешся на работу, Лёдзя? — нагадаў ён жонцы.— Ліна, скажы мамцы, што вам час бегчы.
— Я з табой і сапраўды забавілася,— палахліва зірнула жонка на ручны гадзіннік.— Бягу! Ліну адвядзеш сам...
— Добра-добра! Нам не прывыкаць. А ты бяжы хутчэй і не азірайся,— Сяргей адчыніў дзверы ў калідор і тэатральным жэстам паказаў на выхад. I раптам спахапіўся: — А грошы на абед?
— Многа ты іх прынёс — грошай тых? Няма ўжо нічога — пазыч у каго,— Лёдзя выскачыла за дзверы.
Сяргей у роспачы ляпнуў дзвярыма: і тут папікнула. Ён жа толькі інжынер, хоць бы і старшы, аднак не кааператар які і не рабочы высокага разраду. He ён адзін зарабляе так, што палучка палучкі не даганяе. Але як на Лёдзю. дык прынясі ёй удвая больш — усё роўна не хопіць: разбэрсае ўмомант.
Каб што купіць сабе з вопраткі, залезе ў даўгі па вушы, a потым аж трымціць ад злосці. Сустрэўся дзе з сябрамі за чаркай ці ў спякоту піва папіў —такі вэрхал падніме, што хоць з дому ўцякай. Маўляў, якія могуць быць сябры, якое яшчэ піва, калі мы з даўгоў не вылазім. I так без канца. Нібыта на жонцы ды на кватэры свет клінам сыходзіцца.
Аднак час было рупіцца і яму, бо ніяк нельга спазніцца з Лінай у садзік — на зарадку. Яшчэ замінка: карцела з дарогі хоць што на зуб узяць. У халадзільніку нічога, што можна было б паставіць на электрапліту ды разагрэць, не знайшлося. Адрэзаў шматок сала, але не знайшоў хлеба, затое пячэння было ўдосталь.