• Газеты, часопісы і г.д.
  • Рэха даўняга часу  Зянон Пазьняк

    Рэха даўняга часу

    Зянон Пазьняк

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 111с.
    Мінск 1985
    34.47 МБ
    У гэты ж час да левага бакавога нефа святыні бернардынак была прыбудавана крытая паперць (там цяпер служацца паніхіды) і зроблена побач мураваная двухметровая агароджа. Уваход у падземны ход, такім чынам, знаходзіцца цяпер у саборы пад падлогай паперці.
    He выклікае сумнення, што тунель ад бернардынак быў пракладзены да касцёла і кляштара баніфратораў, які стаяў унізе пад пагоркам у канцы былой Казьмадзям’янскай вуліцы* (цяпер Дзямяна Беднага), якраз насупраць таго месца, дзе зараз тралейбусна-аўтобусны прыпынак. А вось куды вяло паўднёва-заходняе адгалінаванне тунеля, які бачылі дзеці, сказаць цяжка.
    Другая сістэма падземных хадоў XVII ст„ вядомая па апытаннях, знаходзіцца ўздоўж вуліцы Інтэрнацыянальнай.
    * Называлася так таму, што з XIII па XVII ст. тут знаходзіўся Казьмадзям’янскі кляштар.
    Там, дзе зараз цырульня, гастраном і паўднёвы канец бульвара (адрэзак вуліцы Леніна* паміж плошчай Свадобы і Ленінскім праспектам), у 1673 г. быў вымураваны францысканскі кляштар з касцёлам. Непадалёку ад яго, ля старой Кальварыі, у месцы, дзе ў сярэдзіне XVII ст„ як мяркуецца, стаяў яшчэ напаўразбураны і закінуты кальвінісцкі збор** (пабудаваны ў канцы XVI ст.), знаходзіліся касцёл і кляштар бенедыктынак (час пабудовы — другая палова XVII ст.). У XIX ст. царскія ўлады перабудавалі касцёл у царкву (у стылі казённай эклектыкі). Зараз бенедыктынскі архітэктурны комплекс не існуе. У 1960-х гг.,
    * Спачатку ўзнікла як Ігуменскі тракт, у XVII — першай палове XIX ст. гэта вуліца — Францысканская; у другой палове XIX — пачатку XX ст.— Губернатарская.
    ** Зборамі называлі ў Беларусі мураваныя храмы і малельныя дамы кальвіністаў.
    Дворык былога кляштара бернардынак.
    пры будаўніцтве ведамасных гаражоў, выпадкова раскапалі невядомы падземны ход. Адзін тунель яго вядзе на ўсход у напрамку былых францысканскага і дамініканскага касцёлаў, другі — па дыяганалі, праз пустэчу,— да кінатэатра «Перамога». Рабочыя, што будавалі гаражы, спусціліся менавіта ў ход, што вёў пад кінатэатр. Але прайсці не ўдалося. У тунелі тух агонь. Там скапіўся вуглякіслы газ.
    Такім чынам, калі давяраць расказам жыхароў і легендам, у XVII ст. усе каталіцкія кляштары і святыні ў Верхнім горадзе былі злучаны паміж сабой падземнымі хадамі. 3-за адсутнасці звестак і неабходных даследаванняў цяжка меркаваць, ці ўваходзіў у падземнае кола езуіцкі кафедральны касцёл. Ен пабудаваны пазней, у 1709—1710 гг.
    Стварэнне падземных хадоў у XVII ст. у Верхнім горадзе было выклікана, безумоўна, абарончымі задачамі на выпадак аблогі і іншых ваенных дзеянняў. Яшчэ гэта вынікала і з каталіцкага адзінства і ваяўнічага духу контррэфармацыі. Перыпетыі каталіцкай палітыкі і рэлігійнага саперніцтва вымагалі, відаць, не толькі закуліснай дыпламатыі, але і падземных зносін у літаральным сэнсе слова.
    Пранікненне ў гістарычную падземную сістэму Мінска і даследаванне яе магло б даць каштоўны, можа, нават нечаканы навуковы матэрыял, пацвердзіла б легенды. Трэба думаць, што тады будзе пастаўлена пытанне аб уключэнні гэтай сістэмы ў культурны ўжытак рэстаўрыраванага ў будучым Верхняга горада.
    РАСКОПКІ
    Архітэктурна-археалагічныя раскопкі на Верхнім горадзе.
    Адкапаць падземны ход у раёне кляштара бенедыктынак не ўдалося, хаця перад гэтым праводзілася вялікая падрыхтоўчая работа. Быў вывучаны матэрыял геалагічнага свідравання і электрапрафіліроўкі*, зроблена падрабязнае апытанне людзей, якія бачылі ўваход у тунель у час будаўніцтва, што вялося тут у 1960-я гг. Геалагічныя доследы, зробленыя ў сувязі з будаўніцтвам запраектаванага на гэтым месцы дома, паказалі наяўнасць вялікіх пустот. У адной свідравіне зафіксаваны, як напісана ў справаздачы, «правалы шнекаў» свідравальнай машыны ў пустату. Унушальна. Вырашылі тут і закласці раскопку.
    Пасля распрацоўкі раскопу на трохметровым цагляным падмурку кляштара ўбачьілі глыбокі жолаб—след ад геалагічнага свідра. Вось табе пустата і правалы шнекаў! Галоўная задача раскопак на пляцы бенедыктынак заключалася
    * Спосаб выяўлення падмуркаў і пустот у зямлі шляхам прапускання электратокаў праз даследуемы грунт.
    ўсё ж не ў адкрыцці падземнага ходу, а ў даследаванні кляштара, муровак, будаўнічых матэрыялаў, плана, будаўнічых прынцыпаў, культурнага слоя, высвятленні і праверцы даты пабудовы, часу ўзнікнення культурнага жыцця на гэтым месцы і інш.
    Трэба мець на ўвазе, што сістэматычнае археалагічнае даследаванне слаёў XVII — першай паловы XIX ст. пачалося ў Беларусі практычна толькі ў 1970-х гг. Тут яшчэ шмат невядомага і слаба распрацаванага. Справа тут у нейкай ступені ўскладняецца адсутнасцю рэгулярнага археалагічнага вывучэння гэтага гістарычнага перыяду ў суседніх рэспубліках і іншых краінах. Многія заходнееўрапейскія краіны, якія не перажывалі татальных знішчальных войнаў, захавалі цэлымі свае старажытныя гарады, архітэктуру, музеі, бібліятэкі. I таму вывучэнне матэрыяльнай культуры, скажам XVIII ст., па археалагічных даных можа толькі часткова дапоўніць і пацвер-
    дзіць напісаную гісторыю, захаваную архітэктуру і г. д. Іншая рэч у Беларусі, дзе ў агні войнаў і завірух загінулі зборы і калекцыі, рукапісы і цэлыя бібліятэкі, былі разбураны мястэчкі і гарады, кляштары і замкі. Таму тое, што засталося ў нашай зямлі, часам дае не менш, а то і больш істотнае ўяўленне ў цэлым пра матэрыяльную культуру гэтай эпохі, чым тое, што захавалася ў музеях, кнігах і каталогах. Даследчык-археолаг тут падобны рэстаўратару, які па фрагментах спадчыны, па асколках сведчання культурнага існавання выяўляе заканамернасці развіцця нацыянальнай культуры і рэстаўрыруе яе цэльную карціну жыцця.
    У Еўропе ў XIX ст. раскопкі рабіліся па-варварску. Аднабакова выхаваныя на мёртвых узорах антычнай архітэктуры, культуры і міфалогіі акадэмічна мыслячыя мастакі, архітэктары, якія звычайна рабілі тады раскопкі, практычна знішчалі ўвесь культурны слой, што быў пасля антычнасці. Яны не разумелі велізарнага значэння і каштоўнасці сярэднявечнай культуры.
    Нешта падобнае ў падыходзе да археалагічнай спадчыны назіралася і ў нас у пасляваенны час, калі моцна перабольшвалася значэнне і каштоўнасць ранняга феадальнага перыяду гісторыі Беларусі (X—XIII стст.) і недаацэньвалася гісторыя наступнага этапа — ад утварэння Вялікага княства Літоўскага ў другой палове XIII ст. і па XVIII ст. да часоў падзелу Рэчы Паспалітай і паз^ ней — XIX ст. А менавіта ж у гэты перыяд і сфарміравалася наша культурнае народнае адзінства,
    беларуская мова, развіліся гарады, архітэктура, будаўніцтва, узніклі і пашырыліся шматлікія рамёствы — словам, стварыўся асноўны матэрыяльны і духоўны фонд нацыянальнай культуры. Археалагічнае вывучэнне гэтага фонду мае не менш важнае значэнне, чым даследаванне старажытнай гісторыі Беларусі эпохі Полацкага княства.
    Археалагічнае даследаванне не толькі сярэднявечнай культуры, але ў цэлым феадальнага і нават буржуазнага перыяду аж да XX ст. дазваляе ўбачыць неперапыненую карціну развіцця цэлых сфер матэрыяльнай вытворчасці, дапамагае, напрыклад, глыбей зразумець традыцыйную аснову і спецыфіку нашых народных промыслаў і ў цэлым этнаграфіі і народнага мастацтва. Гістарычныя перыяды ў развіцці культуры адрозніваюцца адзін ад другога спецыфічнымі прыкметамі, але на стыках не маюць рэзкіх граніц. Асобныя з’явы матэрыяльнага жыцця роз-
    Гліняны посуд XVII ст„ зноіідзены пры раскопках Верхняга горада (археолаг В. Coбаль).
    ных эпох суіснуюць адначасова, захоўваюцца, бывае, на працягу доўгага часу. Цэгла, напрыклад, выраблялася ў сярэднявечнай Беларусі паўсюдна ўручную ганчар-
    Фрагменты кафлі XVII ст. (з раскопак Верхняга горада; археолаг В. Собаль).
    нымі рамесніцкімі цэхамі. Яна была розных памераў, якія паступова змяняліся. Аднак адна асаблівасць старажытнай беларускай цэглы засталася нязменнай з XIV па XVIII ст. На плоскасці яшчэ сырой цагліны ўдоўж альбо па дыяганалі майстар рабіў сваімі пальцамі жалабкі. Такая цэгла называецца ў археалогіі «пальчатка». Навошта майстар пазначаў пальцамі прадмет сваёй працы, яшчэ канчаткова не высветлена. Мяркуецца, што для лепшай сувязі цагліны з будаўнічай рошчынай у муроўцы. Але пры раскопках Мінска выяўлена дахоўка XVI ст., на ўнутраным баку якой таксама ёсць жалабкі ад чалавечых пальцаў. Тым часам прызначэнне дахоўкі зусім іншае, і жалабкі не
    маюць тут ніякага «тэхналагічнага» значэння.
    У другой палове XVIII ст. з’яўляюцца цагельныя заводы. Вытворчасць цэглы рэзка ўзрастае. Устанаўліваецца стабільны тып і памеры цаглін, знікае «пальчатка». Аднак доўгі час паралельна існаваў і традыцыйны, ручны выраб цэглы для мясцовых патрэб. Вось чаму ў мураваных збудаваннях першай паловы XIX ст. можна сустрэць, напрыклад, велікамерную (як у познім сярэднявеччы) цэглу, а ў некаторых драўляных канструкцыях нават XX ст.— каваныя цвікі. Аднак у асноўным
    Жалезныя вырабы XVI—XVIII стст. (з раскопак Верхняга горада; археолаг В. Собаль).
    цэгла, цвікі і іншыя матэрыялы з канца XVIII ст. вырабляліся ўжо на заводах і фабрыках. Таму, знайшоўшы матэрыял ручной работы, археолаг не спяшаецца датаваць пабудову і слой, бо правільныя высновы можна зрабіць толькі ў звязку і супастаўленні з іншымі датуючымі матэрыяламі (керамікай, шклом, манетамі і да т. п.).
    Істотнае значэнне для характарыстыкі матэрыяльнага развіцця
    горада мае насычанасць культурнага слоя прадметнымі рэшткамі, наменклатура, характар і колькасныя суадносіны гэтых прадметаў, а таксама таўшчыня слоя, у якім яны распаўсюджаны. Вывучэнне ўсіх азначаных фактараў дазваляе зрабіць высновы аб узроўні, характары і інтэнсіўнасці культурнага жыцця горада ў адпаведную эпоху ці ў пэўны перыяд часу.
    Даследаванне культурнага слоя Мінска, зробленае ў пасляваенны перыяд, паказвае, што найбольш інтэнсіўнае будаўніцтва горада (драўлянае) прыпадае на XIV— XV стст., а самы высокі ўзровень матэрыяльнай культуры — на другую палову XVI — першую палову XVIII ст. Таўшчыня культурнага слоя і колькасць матэрыяльных рэштак у гэты перыяд рэзка ўзрастае. Нават здзіўляешся, што так густа можа быць напоўнена зямля археалагічным матэрыялам, асабліва керамікай. Такая з’ява назіраецца па ўсёй тэрыторыі старога горада. Яна адлюстроўвае аб’ектыўную карціну развіцця матэрыяльнай культуры. Багатыя і цікавыя знаходкі перыяду Полацкай дзяржавы (а Мінск быў яе ўмацаваным горадам) рэдкія. Будаўнічыя пласты XIV—XV стст. слаба насычаны матэрыялам, хоць і значныя па таўшчыні. Слой другой паловы XVI—XVII стст. магутны і густа запоўнены рэшткамі прадметаў. У гэты ж час у Мінску пачынае развівацца мураванае будаўніцтва, пашыраецца горад, ускладняецца яго грамадскапалітычнае, сацыяльнае і рэлігійнае жыццё.