Рэха даўняга часу
Зянон Пазьняк
Выдавец: Народная асвета
Памер: 111с.
Мінск 1985
Гэты помнік архітэктуры і гісторыі ў 1968 г. перабудавалі ў чатырохпавярховы гмах. Зараз тут — сярэдняя спецыяльная музычная школа.
Bid на Верхні горад з Троіцкага прадмесця (малюнак Я. Драздовіча, 1920 г.).
3 пачатку XIX ст. Мінск рэгулярна забудоўваецца згодна з перспектыўным горадабудаўнічым планам. Новыя вуліцы былі пракладзены на поўдзень ад Верхняга горада. Праз увесь паўднёвы бок Мінска, аж да вёскі Камароўкі, пралягла вуліца Захар’еўская (да вайны Савецкая, цяпер Ленінскі праспект). У сярэдзіне XIX ст. пачалі забудоўвацца мураванымі дамамі вуліцы Падгорная (К. Маркса), Магазінная (Кірава), Шпітальная (Фрунзе) і інш. На месцы цяперашняга сквера Янкі Купалы ў пачатку XIX ст. узнікла гандлёвая плошча. Яе і ўвесь гэты раён назвалі Новым местам. Паступова тут пачынае ўтварацца новы гарадскі цэнтр Мінска.
У пачатку XIX ст. у раёне плошчы Высокага рынку новых мураваных дамоў не будавалі. Вяліся толькі рамонтныя работы, надбудоўкі і часам перабудоўкі на старых асновах, якія рабіліся пасля пажараў. Пра гэта сведчыць шмат дакументаў будаўнічай камісіі ў Мінску. Такім чынам, к пачатку XIX ст. будаўніцтва ў Верхнім горадзе ў асноўным завяршаецца.
У Вялікую Айчынную вайну Мінск на 80 % быў разбураны, частка горада XIX — пачатку XX ст. была амаль поўнасцю знішчана фашыстамі. Засталіся толькі асобныя дамы ў стылі мадэрн — пабудовы канца XIX ст. і перыяду 1920—1930-х гг. Больш пашанцавала старому гораду. Ен уцалеў. На сённяшні дзень найбольш захаваўся Верхні горад, часткова Троіцкае і Ракаўскае прадмесці. На прыкладзе забудовы і помнікаў гэтых раёнаў разгледзім мастацкую каштоўнасць гістарычнага мінскага дойлідства.
АРХІТЭКТУРА РЭНЕСАНСУI БАРОКА
Панарама Верхняга горада ад Троіцкай гары. Фота 1984 г.
Першы універсальны стыль, які сфарміраваўся ў архітэктуры сярэднявечнай Еўропы, раманскі. Найбольш пашыраны ён быў у X—XIII стст. Грамадзянскія і культавыя раманскія пабудовы вызначаліся масіўнасцю, суровай манументальнасцю і крапаснымі рысамі; у муроўцы абавязкова ўжываўся часаны і прыродны камень, часам разам з цэглай. Рысы раманскага стылю ёсць у Камянецкай вежы, у Навагрудскім і Лідскім замках, іншых помніках беларускага дойлідства тае пары.
Наступным усеабдымным стылем у мастацтве была готыка (ад назвы германскага племя готаў). У архітэктуры гэты стыль узнік у Францыі, існаваў з XII па XVI ст. Ен выяўляў, як сцвярджала царква, перш за ўсё ідэю духоўнага ўзлёту чалавецтва да бога, перамогу гдуху над целам, боскай ідэі над грубай матэрыяй, духоўнага парыву над
фізічнай формай. Гатычныя пабудовы, асабліва культавага прызначэння, вызначаліся стромкім сілуэтам і вертыкальнымі лініямі, стрэльчатымі вокнамі і парталамі, ажурнасцю і лёгкасцю канструкцыі, дынамічнасцю формы і велічнай узвышанасцю вобраза, адчужанага ад матэрыяльнай прыземлёнасці, быту і прывычнай звычайнасці жыцця.
У беларускім дойлідстве гатычны стыль характарызаваўся шэрагам асаблівасцей, напрыклад функцыянальным спалучэннем культавага і абарончага дойлідства, традыцыйным выкарыстаннем цаглянай муроўкі з разнастайнымі абтынкаванымі і звычайна пабеленымі плоскімі нішамі, масіўнасцю канструкцыі, манументальнай моцнасцю архітэктурнага вобраза. Тыповымі помнікамі беларускай готыкі з’яўляюцца, напрыклад, абарончыя цэрквы ў Сынкавічах, Мураванцы, Троіцкі
касцёл у Ішкальдзі, замак у Міры і іншыя пабудовы.
На змену готыцы прыйшоў рэнесанс (ад фр. renaissance — адраджэнне). Сэнс тэрміна адлюстроўвае асноўную ідэйна-эстэтычную канцэпцыю гэтага стылю — адраджэнне мастацкіх прынцыпаў, вобразаў і форм антычнай Грэцыі і Рыма. У адрозненне ад готыкі, мастацтва рэнесансу сцвярджала свецкі характар творчасці і рэалістычнае адлюстраванне вобраза чалавека. У архітэктуры ўзніклі новыя разнастайныя тыпы пабудоў, дэкараваныя арнаментамі, скульптурай, нішамі; з’явіліся кўпальныя культавыя збудаванні і грамадзянскія асабнякі з вялікімі прамавугольнымі вокнамі, антычнымі трохвугольнымі франтонамі, карнізамі, порцікамі.
Час існавання архітэктуры рэнесансу — канец XIV — пачатак XVII ст. 3 канца XVI і да сярэдзіны XVIII ст. у еўрапейскіх краінах панаваў стыль eapoKa. Барока змяніў класіцызм, які пачаўся ва ўсіх краінах Еўропы (акрамя Францыі, дзе ён узнік амаль на стагоддзе раней) з другой паловы XVIII ст. і праіснаваў да першай трэці XIX ст. Потым, з пачатку XIX ст., распаўсюдзілася так званая архітэктура гістарызму, якая заключала ў сабе паўтарэнне, узнаўленне і сумяшчэнне розных ранейшых стыляў, і нарэшце, у самым канцы XIX — пачатку XX ст., сфарміраваўся стыль мадэрн.
Для разумення дойлідства неабходна высветліць яшчэ паняцце архітэктурнага ордэра. Ордэр — гэта адпаведны кампа-
зіцыйны характар вертыкальных (нясучых) і гарызантальных (нясомых) частак пабудовы, размешчаных у пэўным парадку. Класічнымі ордэрамі, выпрацаванымі яшчэ ў антычнасці, з’яўляюцца дарычны, іянічны, карынфскі. Есць яшчэ тасканскі
Дэталь дэкору былой Петрапаўлаўскай царквы.
і кампазітны (складаны) ордэры. У кожным з іх распрацаваны свае формы калон і капітэлей (верхніх частак калон), карнізаў, антаблементаў (адпаведным чынам гарызантальна прафіляваных завяршэнняў сцен альбо бэлечных перакрыццяў, што абапіраюцца на калоны) і да т. п.
Ордэр з’яўляецца асноўнай прыкметай стылю ў шмат якіх напрамках архітэктуры. Праўда, ёсць напрамкі (напрыклад, мадэрн), якія не выпрацавалі свайго ордэра, аднак дасканала распрацавалі стылістыку формы і аздобы, што і вылучае іх у асобны архітэктурны стыль. Акрамя таго, у працэсе гістарычнага развіцця розныя стылі ў архітэктуры часта сутыкаюцца, своеасабліва спалучаюцца і суіснуюць у адной пабудове, а часам такое суіснаванне (напрыклад, у дойлідстве гістарызму) нават свядома стваралася і прымалася за прынцып архітэктурнай творчасці.
Паміж гістарычнымі архітэктурнымі стылямі няма рэзкай храналагічнай мяжы. Здараецца, што адначасна існуе некалькі напрамкаў: адзін, стары, яшчэ не вычарпаў сябе, другі, новы, не ўсталяваўся. Але паступова малады напрамак набірае сілы, становіцца паўсюдным; глянеш, а ў нетрах яго зноў нараджаецца нешта іншае. Такі закон дыялектычнага развіцця мастацтва і ўвогуле ўсялякай жывой і творчай з’явы. Адно «заходзіць» у другое, а ўвесь культурны працэс уяўляецца нібы ланцуг, звенні якога неразрыўныя. Выкінь хоць адно з іх — і ланцуг парвецца. Застанецца куча фактаў. Задача ж гісторыі і ўвогуле ўсялякай навукі — асэнсаваць працэсы, якія выстройваюць гэтыя факты ў адзіны жыццёвы ланцуг.
Пры беглым поглядзе на беларускую архітэктуру XVI — пачатку XVII ст. кідаюцца ў вочы дзве асаблівасці. Першая — гэта ўзаемапранікненне грэчаскіх традыцый будаўніцтва, готыкі і рэнесансу, а ў пачатку XVII ст.— рэнесансу
і барока ў адзінай форме і канструкцыі. Другая — пэўная вобразная сувязь асобных элементаў гэтай архітэктуры з некаторымі пабудовамі краін Скандынавіі, Паўночнай Германіі і Нідэрландаў XIV—XVI стст.
Нідэрланды з іх трохмільённым насельніцтвам былі ў XV— XVI стст. самай багатай краінай Еўропы, краінай высокай гарадской культуры. Воблік багатых і жывапісных нідэрландскіх гарадоў з тысячамі крам і рамесных майстэрняў, з урачыстымі ратушамі на плоіпчах, грамадскімі і культавымі пабудовамі, грандыёзнымі гандлёвымі радамі, шматлікімі цэхавымі і гільдзейскімі будынкамі і багатымі бюргерскімі дамамі, што, як у калейдаскопе, ігралі вясёлкавымі прамянямі каляровага шкла сваіх шматпавярховых вузкіх фасадаў у тлуме плошчаў і моры чырвоных спічастых дахаў,— воблік гэты рабіў на сучаснікаў і заморскіх гасцей надзвычайнае ўражанне. Асобныя ўплывы гарадской нідэрландскай культуры можна знайсці ў той час па ўсёй паўночнай Еўропе. Вялікае княства Літоўскае не было выключэннем з шэрагу іншых еўрапейскіх краін адзінага архітэктурнага ордэра.
Аднак вызначальнымі ў развіцці архітэктуры з’яўляюцца не ўплывы, а ўласныя гістарычныя будаўнічыя прынцыпы і эстэтычныя традыцыі. Беларуская рэнесансавая архітэктура XVI ст., гэтак жа як і нідэрландская і іншых еўрапейскіх краін, развівалася напачатку, як мы ўжо заўважылі, у цеснай сувязі з гатычнай канструкцыяй. Ва ўзаемапранікненні народных будаўнічых традыцый готыкі і прынцыпаў рэнесансу ад-
люстраваўся тыповы працэс засваення і развіцця рэнесансавай архітэктуры, характэрны для ўсіх без выключэння краін заходняй і цэнтральнай Еўропы.
Аддаленае вобразна-кампазіцыйнае падабенства асобных помнікаў беларускай архітэктуры таго часу з архітэктурай краін Паўночнай і Сярэдняй Еўропы (Скандынавія, Нідэрланды) мае шмат заканамерных прычын геаграфічнага і культурнага парадку. Важнейшымі з іх з’яўляюцца: існаванне ў сярэднявеччы адзінай ордэрнастылявой сістэмы ў Вялікім княстве Літоўскім, як і ва ўсіх краінах заходняй і цэнтральнай Еўропы, і фактар культурнага абмену, які ўзрос, дзякуючы развіццю беларускіх гарадоў, пашырэнню замежнага гандлю і распаўсюджванню рэфармацыі.
Вядома, нельга рэфармацыю лічыць носьбітам новых прынцыпаў у архітэктуры. Але яна ў перыяд свайго распаўсюджвання з’явілася ў некаторых краінах своеасаблівым каталізатарам у прыняцці новых поглядаў у мастацтве.
Развіццё мураванага дойлідства ў Мінску ў пачатку XVII ст. адбывалася ва ўмовах распаўсюджвання уніі і контррэфармацыі. Менавіта на схіле XVI — пачатку XVII ст. пачынае развівацца новы, падтрыманы контррэфармацыяй стыль барока, якому была наканавана вялікая будучыня ў архітэктуры Беларусі. Такім чынам, пачатак мураванага дойлідства ў Мінску і стварэнне каменнага горадабудаўнічага ансамбля Верхняга горада супала з мноствам грамадскіх фактараў, якія, здавалася б, адразу прадвызначылі стварэнне барочнай архітэктуры. Аднак на
справе мураванне Мінска пачало развівацца шляхам выкарыстання даўніх будаўнічых традыцый абарончай рэнесансавай готыкі (альбо гатычнага рэнесансу), а потым ужо — барока. Факт гэты надзвычай знамянальны. Ен гаворыць аб існаванні яшчэ ў XVII ст. моцных будаўнічых традыцый рэнесансавай готыкі, якія, памножаныя на здаровы кансерватызм цэхавай арганізацыі і спрадвечную схільнасць беларускага грамадства таго часу да прывычнай «старыны», выявіліся ў мураванні культавых пабудоў Верхняга горада.
Мікола Шчакаціхін, аналізуючы канструкцыю Петрапаўлаўскага сабора, у які непазнавальна была перароблена Святадухаўская царква, выказаў меркаванне аб яе бязвежавым характары. Даследчык спасылаўся на нейкую старажытную гравюру 1820—1830-х гг. Адзін экземпляр яе знаходзіўся тады ў зборах Беларускага дзяржаўнага музея ў Мінску. Вучоны зазначыў, што малюнак гравюры быў недакладны і што на ёй была відаць Святадухаўская царква разам з гандлёвымі радамі і ратушай. Нам вядомы дзве тагачасныя графічныя выявы Святадухаўскай царквы. Hi на адной з іх не відаць гандлёвых радоў.