Роня, дачка разбойніка  Астрыд Ліндгрэн

Роня, дачка разбойніка

Астрыд Ліндгрэн
Выдавец: Пазітыў-цэнтр
Памер: 200с.
Мінск 2020
48.4 МБ
— Пад гэтай паловай замка таксама поўна падземных камер. I ў тваёй дачкі таксама будзе дах над галавой на выпадак дажджлівага лета. Можаш не хвалявацца, Маціс!
Але Маціса нішто не магло супакоіць. Як паранены мядзведзь, ён стаяў гайдаючыся, нібы спрабуючы суняць боль. Роня заплакала, убачыўшы яго такім. Маціс выпусціў вяроўку, на якой трымаў Бірка, але хлопец не зрушыў з месца. Бледны, ён у роспачы глядзеў на Роню паўз пралом і бачыў яе слёзы. Ундзіса падышла і штурхнула дзяўчынку:
— Плача яна! Я б таксама плакала, калі б мой бацька быў такі звер.
Але Борка рэзка абарваў яе і сказаў не лезці не ў свае справы.
Роня сама назвала Маціса зверам, але цяпер ёй хацелася суцешыць бацьку, аблегчыць пакуты, якія яна яму прынесла. Лувіса таксама хацела яго суцешыць, як заўжды, калі ён трапляу у бяду. Цяпер яна стаяла побач з ім, але той яе не заўважаў. Маціс цяпер нічога не заўважаў. Ён быў адзін ва ўсім свеце.
— Дык што, Маціс, вернеш мне сына ці не? — зноў гукнуў Борка.
Але Маціс па-ранейшаму моўчкі разгойдваўся.
— Ты вернеш мне сына?! — раўнуў Борка.
Нарэшце Маціс ачомаўся.
— Вядома, забірай, — сказаў ён абыякава. — Калі захочаш.
— Я хачу зараз, — сказаў Борка. — He ў канцы лета, а зараз.
Маціс кіўнуў.
— Калі захочаш, я ж сказаў.
Здавалася, гэта яго болып не цікавіла.
— Тады і тваю дачку я табе вярну зараз, — усміхнуўся Борка. — Абмен дык абмен, калі ты па-іншаму не разумееш, сабака!
— У мяне няма дачкі, — прагаварыў Маціс.
Боркава шчаслівая ўсмешка згасла.
— У сэнсе? Што ты яшчэ прыдумаў?
— Забірай свайго сына, але дачку ты мне вярнуць не можаш. У мяне няма дачкі.
— Але ў мяне ёсць! — крыкнула Лувіса так гучна, што крумкачы ўзняліся з вежы. — I сваё дзіця я хачу атрымаць назад, зразумеў, Борка? Зараз жа!
Потым яна зірнула на Маціса.
— Нават калі яго бацька страціў розум!
Маціс павярнуўся і цяжкімі крокамі пайшоў прэч.
10
Некалькі дзён Маціс не з'яўляўся ў каменнай зале, і ля Воўчай цясніны, калі мянялі дзяцей, яго не было. Па Роню хадзіла Лувіса, разам з Ф'юскам і Юэнам, якія вялі Бірка. Борка, Ундзіса ды іхнія разбойнікі ўжо чакалі. Ундзіса, заўважыўшы Лувісу, зларадна закрычала:
— Што, гэтаму выкрадальніку дзяцей сорамна паказацца на людзях?
Лувіса ёй не адказала. Яна абняла Роню і хацела проста, без перапалак, адвесці яе дадому. Лувіса шмат разважала, чаму яе дачка добраахвотна аддала сябе ў рукі Боркі, але тут усё стала зразумела. Дзеці глядзелі адно на аднаго так, нібыта былі адны ў Воўчай цясніне, ды і ўва ўсім свеце. Так, іх дваіх відавочна нешта звязвала. Ундзіса таксама адразу гэта заўважыла, і ўбачанае ёй зусім не спадабалася. Яна рэзка тузанула Бірка за руку:
— Што табе да яе?
— Яна мая сястра, — адказаў Бірк. — Яна выратавала мне жыццё.
Роня прытулілася да Лувісы і запдакала.
— А ён уратаваў маё, — прамармытала дзяўчынка.
Борка пачырванеў ад гневу.
— Мой сын за маёй спінай водзіць сяброўства з нашчадкам майго лютага ворага?
— Яна мая сястра, — паўтарыў Бірк, не адводзячы вачэй ад Роні.
— Сястра! — ускрыкнула Ундзіса. — Ха-ха, паглядзім, што ты запяеш праз пару год!
Яна схапіла Бірка і пацягнула прэч.
— He дакранайся да мяне! — вырваўся Бірк. — Сам пайду, не чапай мяне!
Ён павярнуўся і пакрочыў.
— Бірк! — у роспачы крыкнула Роня.
Але той хутка знік з вачэй. Застаўшыся сам-насам з дачкой, Лувіса пачала была распытваць яе, але яна не адказвала.
— He размаўляй са мной, — сказала Роня.
Тады Лувіса пакінула дзяўчынку ў спакоі, і так яны моўчкі ішлі дадому. Лысы Пер сустрэў Роню як уратаваную ад смяротнай небяспекі.
— Як добра, што ты жывая, — узрадаваўся ён. — Беднае дзіця, я так за цябе хваляваўся!
Роня прамінула яго, моўчкі забралася ў ложак і апусціла полаг.
— Бяда пасялілася ў нашым замку, — змрочна пахітаў галавой стары і шапнуў Лувісе: — Маціс у маёй спальні. Ляжыць, глядзіць у столь і не кажа ані слова. He хоча падымацца і адмаўляецца ад ежы, што з ім рабіць?
— Згаладнее — прыйдзе, — вырашыла Лувіса.
Але і яна непакоілася, таму на чацвёрты дзень пайшла ў пакой Лысага Пера.
— Хадзем есці, Маціс! — паклікала яго Лувіса. — Годзе! Усе сядзяць за сталом і чакаюць толькі цябе.
Маціс нарэшце прыцягнуўся, такі замаркочаны і змарнелы, што цяжка было пазнаць. Ён моўчкі сеў за стод і пачаў есці. Разбойнікі таксама маўчалі. Так ціха ў каменнай зале ніколі не было. Роня сядзела на сваім звычайным месцы, але Маціс на яе не глядзеў. Яна таксама пазбягала падымаць на яго вочы. Толькі адзін раз цішком зірнула і ўбачыла незнаёмага Маціса, які ледзь нагадваў яе бацьку. Так, ён
выглядаў зусім па-іншаму і як жудасна! Роні захацелася ўцячы і знікнуць, уцячы ад Маціса, уцячы і пабыць на самоце. Але яна засталася на месцы, не ў сілах даць рады роспачы, што на яе абрынулася.
— Ну што, наеліся, гаваруны? — змрочна запыталася Лувіса, калі талеркі апусцелі.
Нават яна не магла вынесці такой цішыні. Разбойнікі з невыразным мармытаннем падняліся і паспешна зазбіраліся да коней, якіх ужо чацвёрты дзень не выводзілі са стайні. Калі атаман валяўся ў Лысага Пера і таропіўся ў сцяну, яны, вядома, не выязджалі з замка. Што, на іх думку, было вельмі прыкра, бо акурат у гэты час праз лес праходзіла найболып падарожнікаў. Маціс, так і не прамовіўшы ні слова, знік з каменнай залы, і больш у той дзень яго не бачылі.
Роня зноў збегла ў лес. Чатыры дні яна шукала там Бірка, але яго, незразумела чаму, не было. Што з ім зрабілі? Замкнулі, каб не змог выбірацца ў лес і бачыцца з ёй? Цяжка было чакаць і нічога не ведаць дакладна. Дзяўчынка доўга сядзела ля возера, а вакол усё гэтак жа красавала вясна. Але без Бірка нават вясна не цешыла Роню. Яна згадала, як цудоўна ёй некалі было ў лесе адной. Здавалася, так даўно! Цяпер ёй хацелася ўсё дзяліць з ім. Відаць, сёння ён таксама не прыйдзе. Роня чакала цэлы дзень і ўрэшце стамілася і сабралася ісці дадому.
I тут з'явіўся Бірк. Яна пачула ягоны свіст сярод соснаў і, ашалеўшы ад радасці, кінулася туды. Гэта сапраўды ён! Цягне нейкі вядікі мех.
— Я збіраюся жыць у лесе, — патлумачыў хлопец. — He магу болей у замку Боркі.
— Чаму? — здзівілася Роня.
— Хопіць з мяне і трох дзён бясконцых папрокаў і лаянкі, — адказаў Бірк.
«Мацісава маўчанне горшае за лаянку», — падумала дзяўчынка. I раптам зразумела, што трэба зрабіць, як вырвацца з гэтага невыноснага стану! Бірк здолеў, чаму яна не здолее?
— Я таксама не хачу жыць у замку Маціса, — выпаліла Роня. — He хачу! He хачу!
— Я нарадзіўся ў пячоры і змагу там жыць. А ты зможаш?
— 3 табой дзе заўгодна. Асабліва ў Мядзведжай пячоры!
У гарах паблізу хапала пячор, але ніводная не параўналася б з Мядзведжай. Роня даўным-даўно пра яе ведала, з першых дзён у лесе. Маціс ёй паказаў. Ён, бывала, жыў там у мададосці. Улетку. Зімой у пячоры спяць мядзведзі, патлумачыў яму Лысы Пер. Таму Маціс назваў яе Мядзведжай, і з таго часу імя прырасло. Пячора месцілася высока над ракой, наўпрост паміж дзвюма гарамі. Да яе вёў тодькі вузкі небяспечны выступ. Але перад самым уваходам у пячору ён пашыраўся і ўтвараў пляцык. Там, высока над імклівай ракой, можна было сядзець і назіраць, як над гарамі і лесам ва ўсёй красе паўстае новы дзень. Роня сустрэла там шмат дзён. Так, гэтае месца пасавала для жыцця, яна ведала дакладна.
— Сёння ноччу я прыйду ў Мядзведжую пячору, — сказала дзяўчынка. — Ты будзеш там?
— Так, а дзе ж яшчэ? — адказаў Бірк. — Тады я цябе чакаю.
Лувіса спявала для Роні Воўчую песню, як і заўсёды напрыканцы дня, радаснага альбо сумнага.
«Сёння я апошні раз яе чую», — падумала Роня, і гэта была нялёгкая думка. Цяжка пакідаць маці, але яшчэ цяжэй больш не быць дачкой Маціса. Таму яна сыдзе ў лес і ўжо ніколі не пачуе Воўчай песні. Сыдзе зараз. Як толькі засне Лувіса. Дзяўчынка ляжала ў сваім ложку, глядзела на агонь і чакала. Лувіса доўга неспакойна варочалася, але ўрэшце суцішылася, і па яе дыханні Роня зразумела, што тая спіць. Тады яна на дыбачках падышла і ў святле агню доўга стаяла і глядзела на спячую маці. «Дарагая мая Лувіса, — падумала Роня, — можа, мы сустрэнемся зноў, можа, не».
Расплеценыя валасы Лувісы размяталіся па падушцы. Роня правяла пальцам па чырвона-рудым кудзеры. Няўжо гэта сапраўды яе маці? У сне яна выглядае зусім як дзяўчынка. Стомленая і самотная, бо Маціса не было побач. А цяпер яшчэ і дачка яе пакідае.
— Прабач, — шапнула Роня, — але па-іншаму нельга!
Яна бязгучна выслізнула з каменнай залы і забрала з каморы мех з рэчамі. Ён быў такі цяжкі, што Роні ледзь ставала сілы яго цягнуць. Таму, дабраўшыся да Воўчай цясніны, дзяўчынка ў знямозе кінула мех проста пад ногі Ш'еге і Шурму. Яны стаялі на варце той ноччу. Мацісу апошнім часам было не да выстаўлення аховы, за што з вялікім імпэтам узяўся Лысы Пер. Ш'еге вырачыўся на Роню.
— Каб мяне разарвала лютая вятруння, ты куды сабралася пасярод ночы?
— Цяпер я буду жыць у лесе, — сказала дзяўчынка. — Перадайце Лувісе.
— А чаму ты сама ёй не сказала? — пацікавіўся Ш'еге.
— Яна б не адпусціла! He хачу, каб мяне затрымлівалі.
— А што падумае твой бацька? — запытаўся Шурм.
— Мой бацька? — задуменна перапытала Роня. — Хіба ў мяне ёсць бацька?
Дзяўчынка працягнула разбойнікам руку на развітанне.
— Прывітайце ад мяне астатніх! Асабліва Лысага Пера! Згадвайце пра мяне часам, калі будзеце спяваць і танцаваць.
Тут Ш'еге і Шурм не вытрымалі. Іх вочы напоўніліся слязьмі, і Роня крыху паплакала разам з імі.
— Думаю, з танцамі ў нашым замку скончана, — горка сказаў Ш'еге.
Роня падняла мех і ўскінула на плячо.
— Скажыце Лувісе, каб моцна не смуткавала і не хвалявалася. Яна заўсёды знойдзе мяне ў лесе, калі захоча.
— А што перадаць Мацісу? — спытаў Ш'еге.
— Нічога, — уздыхнула Роня.
I пайшла прэч. Ш'еге і Шурм моўчкі глядзелі ёй услед, пакуль яна не знікла за паваротам.
Была глыбокая ноч, высока ў небе ззяў месяц. Дзяўчынка спынілася адпачыць на беразе возера, села на камень і зразумела, як зацішна ў яе лесе. Яна прыслухалася, але не пачула ані гуку. Вясновы лес ноччу, здавалася, поўніўся таямніцамі, чараўніцтвам і чымсьці дзіўным і старадаўнім. Вядома, у ім да таго ж таілася мноства небяспек, але Роня не баялася. «Калі б не вятрунні, тут было б гэтак жа спакойна, як у замку, — падумала яна. — Лес заўсёды быў маім домам, пагатоў цяпер, калі іншага няма».