Роня, дачка разбойніка  Астрыд Ліндгрэн

Роня, дачка разбойніка

Астрыд Ліндгрэн
Выдавец: Пазітыў-цэнтр
Памер: 200с.
Мінск 2020
48.4 МБ
— Лувіса дакладна сумуе, — сказала Роня.
— А Маціс? — запытаўся Бірк.
Роня доўга маўчала, а потым адказала:
— Думаю, ён рады, што я сышла. Цяпер будзе прасцей мяне забыць.
Ёй хацелася верыць ва ўласныя словы, але ў глыбіні душы дзяўчынка ведала, што гэта няпраўда. Ноччу ёй прысніўся Маціс, які зусім адзін сядзеў сярод цёмнага, чорнага лесу і плакаў так, што з яго слёз утварылася азярко. I глыбока ў тым азярку яна, маленькая, гулялася з шышкамі і камянямі, якія ён прынёс.
12
Наступным ранкам дзеці накіраваліся да ракі праверыць нерат.
— Яго трэба выцягваць раней, чым закуе зязюля, — сказала Роня.
Яна веседа скакала па вузкай сцяжынцы, якая пятляла па стромкім схіле гары сярод маладога бярэзніку. Дзяўчынка ўдыхала лёгкі прыемны пах бярозавых лісткоў — пах вясны, — пачувалася шчаслівай і таму скакала. Следам ішоў Бірк, ён яшчэ не зусім прачнуўся.
— Ага, калі будзе што выцягваць! Думаеш, там поўна рыбы?
— Тут водзяцца ласосі, — азвалася Роня. — Дзіўна будзе, калі ніводзін не ўблытаўся.
— Дзіўна будзе, калі ты, сястра мая, не плюхнешся ў раку.
— Гэта будзе мой вясновы плюх!
Бірк засмяяўся.
— Вясновы плюх, так, гэтая сцяжынка проста для яго і прызначана. Цікава, хто яе пратаптаў?
— Можа, Маціс, — адказала Роня. — Калі жыў у Мядзведжай пячоры. Ён любіць ласося. Яму заўсёды падабалася рыба.
Тут яна змоўкла. Ёй не хацелася думаць, што любіць і чаго не любіць Маціс. Роня згадала сон і таксама паспрабавала прагнаць яго з галавы. Але гэтыя думкі вярталіся ўпарта, як авадні. Пакудь дзяўчынка не ўбачыла ласося, які біўся і ззяў луской у іх нераце. Ім трапілася вялікая рыбіна, такой хопіць на некалькі дзён. Калі яны яе вымалі, Бірк задаволена сказаў:
— Ад голаду ты не памрэш, сястра мая, абяцаю.
— Да зімы, — сказала Роня.
Але да зімы было яшчэ далёка, навошта цяпер турбавацца? Ёй і так хапала змрочных думак. Дзеці вярнуліся ў пячору, несучы на галіне выпатрашанага ласося, а таксама цягнучы паваленую ветрам бярозку. Адны канцы скураных пасаў яны прымацавалі да яе краёў, а другімі кожны абвязаў сябе вакол пояса, і, як пара коней падводу, з цяжкасцю завалаклі камель наверх да пячоры. Яны хацелі вычасаць з дрэва міскі ды іншы посуд. Бірк задзеў сякерай нагу, калі абсякаў галлё. Ранка крывавіла, і хлопец пакідаў за сабой на сцежцы след, але не зважаў на тое.
— Няма чаго хвалявацца. Пацячэ і само перастане.
— Бач ты, зух які, — сказала Роня. — Вось унюхае мядзведзь і пойдзе па тваіх слядах намі паласавацца.
Бірк засмяяўся.
— Маёй дзідай паласуецца!
— Лувіса, — задуменна працягнула дзяўчынка, — заўсёды прыкладала да ран сухі белы мох. Думаю,
нам таксама варта яго назапасіць, бо хто ведае, калі ты наступны раз сябе секанеш.
Так яна і зрабіла: прынесла з лесу цэлую кіпу белага моху і расклала сушыцца на сонцы. Калі Роня вярнулася, Бірк працягнуў ёй кавалак смажанага ласося. I яны доўга елі рыбу ды выстругвалі драўляныя місы. Пасячы бярозу на часткі было нескдадана, дзеці працавалі па чарзе і ніхто больш не параніўся. Неўзабаве ў іх атрымалася пяць выдатных цурбаноў, якія так і прагнулі пераўтварыцца ў місы. Дзеці вырашылі, што пакудь хопіць і гэтага.
На трэці дзень Роня запыталася:
— Бірк, як на цябе, што горш: смажаны ласось ці мазалі на далонях?
Ён адказаў, што і тое, і іншае яму ўжо аднодькава абрыдла.
— Вось чаму я не прыхапіў якую стамеску! Выразаць посуд нажом — проста здзек.
Але іншага інструмента не было, і дзеці па чарзе рэзалі і дзяўблі, пакуль, нарэшце, не атрымалася нешта, падобнае да місы.
— Больш ніколі ў жыцці за гэта не вазьмуся, — сказаў Бірк. — Завастру нож апошні раз. Давай сюды!
— Нож? — перапытала Роня. — Ён у цябе.
Бірк пахітаў галавой.
— He, ты рэзала апошняя. Давай сюды.
— Няма ў мяне нажа, — паўтарыла Роня. — Ты што, не чуў?
— Куды ты яго падзела?
Роня ўспыхнула.
— Куды я яго падзела? Ты апошні ім карыстаўся!
— Няпраўда.
Спахмурнелыя, яны моўчкі шукалі нож. Усюды: у пячоры і на пляцоўцы звонку. I зноў у пячоры, і зноў на пляцоўцы. Але дарэмна. Бірк коса зірнуў на Роню.
— Я ж казаў, што нож — самае каштоўнае, што ў нас ёсць.
— Тады сачыў бы за ім лепей, — агрызнулася тая. — Каб ты ведаў, толькі нікчэмнікі вінавацяць іншых у сваіх праблемах.
Бірк спалатнеў ад гневу.
— Што, зноў за сваё, дачка разбойніка? Зусім не змянілася. I вось як з табой жыць!
— Ніхто цябе не прымушае, разбойнік Боркі! — выпаліла Роня. — Жыві са сваім нажом! Калі знойдзеш! Ды каціся ты!
Ад злосці з яе вачэй пырснулі слёзы, і дзяўчынка пабегла ў лес, далей ад Бірка. Яна больш ніколі не хоча яго бачыць, больш ніколі нават слова яму не скажа! Бірк глядзеў ёй наўздагон. Ён таксама кіпеў і крыкнуў:
— Хай цябе схопяць лютыя вятрунні! Вы з імі аднаго роду!
Ягоны позірк зачапіўся за мох, якім была завалена пляцоўка. Бязглуздая Роніна задума! У лютасці хлопец раскідаў яго нагамі. Пад мохам ляжаў нож. Бірк доўга глядзеў на яго, перш чым падняць. Яны старанна шукалі нож і ў моху. Як ён туды патрапіў і па чыёй віне? У любым выпадку, мох тут апынуўся праз Роню, думаў Бірк. I ўвогуле, яна была запальчывая, сварлівая і ўпартая. Іначай ён пабег бы за ёй і сказаў, што нож знайшоўся. Але хай сабе шчасліва гуляе па лесе, пакуль не стоміцца і не пачне паводзіцца па-людску. Бірк абцёр ды завастрыў нож. Потым сядзеў, трымаў яго ў руцэ і думаў, як жа зручна той ляжыць у далоні. Выдатны нож, які да таго ж не знік. Затое гнеў знік. Цалкам сышоў, пакуль Бірк займаўся нажом. Ён мусіў радавацца. Цяпер у яго быў нож. Але не было Роні. I чаму так дзіўна шчыміць у грудзях? Жыві са сваім нажом! Вось што яна яму крыкнула! I хлопец зноў узлаваўся. Дзе тады будзе жыць Роня? He яго справа, хай жыве дзе пажадае. Але калі яна ў бліжэйшы час не вернецца, няхай наракае на сябе. Ход у Мядзведжую пячору будзе закрыты. Бірк хацеў бы кінуць ёй гэта ў твар, але не шукаць жа Роню ў лесе толькі дзеля такога. Праз нейкі час яна прыйдзе і будзе ўпрошваць ды ўмольваць пусціць яе, захоча вярнуцца, і тады ён ёй усё выдасць.
— Раней трэба было прыходзіць! А цяпер позна! — сказаў Бірк уголас, каб пачуць, як яно гучыць, і здрыгануўся.
Хіба так размаўляюць са сваёй сястрой! Але гэта яе выбар. Ён яе не выганяў.
Хлопец паеў ласасіны, пакуль чакаў. Першыя пару дзён рыба была неверагодна смачнай. Але калі ясі яе дзясяты раз запар, кавалкі становяцца колам у горле. Затое хоць якая ежа. Чым харчуецца Роня, блукаючы па лесе? Напэўна, ядомымі каранямі ды лісцем, калі зможа адшукаць. Але гэта таксама не ягоная справа. Няхай хоць памрэ з голаду. Сама так пажадала.
Роня ўсё не прыходзіла. Час ішоў і здаваўся такім пустым без яе. Бірк не мог знайсці сабе занятку. I шчымець у грудзях стала яшчэ горш. Хлопец убачыў, што над ракой уздымаецца туман. Потым згадаў, як даўным-даўно змагаўся за Роню з падземнікамі. Ён ніколі не размаўляў з ёй пра той выпадак, і яна, верагодна, не ведала, што падземнікі амаль зацягнулі яе да сябе. Як яна тады разышлася! I так укусіла яго ў шчаку, што дагэтуль застаўся невялікі шнар. Але Бірку Роня ўсё адно падабалася, так, падабалася яшчэ з іх першай сустрэчы. Толькі яна таго не ведала. Пра гэта ён таксама з ёй ніколі не размаўляў. Ды ўжо занадта позна. Цяпер ён будзе жыць у пячоры адзін. Са сваім нажом... Як яна магла сказаць яму такія жорсткія словы? Ён бы шпурнуў нож у раку, толькі б Роня вярнулася, цяпер Бірк гэта разумеў.
Па вечарах часта з'яўляўся туман, не было чаго турбавацца. Але хто ведае, падумаў хлопец, ці не распаўзецца ён па ўсім лесе менавіта сёння? Падземнікі могуць зноў падняцца з цёмных глыбінь. Хто тады абароніць Роню ад іх спеваў? Ну, гэта больш не ягоная
справа. Але як бы Бірк сябе ні пераконваў, далей трываць ён не мог. Трэба бегчы ў лес, трэба знайсці Роню. I ён бег, пакуль зусім не запыхаўся. Бірк шукаў яе на ўсіх сцежках і ва ўсіх месцах, дзе, як яму здавалася, яна магла быць. Ён клікаў яе так гучна, што пужаўся ўласнага голасу, ды й можна было прыцягнуць увагу дютых вятрунняў. «Хай цябе схопяць вятрунні!» — вось што ён крыкнуў наўздагон Роні, з сорамам успомніў Бірк. Можа, так і здарылася, бо дзяўчынкі нідзе не было. А што, калі яна прыйшда ў замак Маціса? Мо ўкленчыла перад бацькам і вымольвае дазволу вярнуцца дамоў і зноў быць ягонай дачкой? Яна не будзе прасіцца назад у Мядзведжую пячору, не, Роня сумавала па Мацісе, гэта было відавочна. Хоць яна і намагалася не паказваць Бірку. Напэўна, радуецца, што яны пасварыліся і з'явілася нагода ўцячы з пячоры і ад таго, хто хацеў быць яе братам! Няма сэнсу шукаць далей. Цяпер ён адступіць, вернецца ў пячору і застанецца там адзін, як бы горка ні было.
Стаяў прыўкрасны, як Божы цуд, вясновы вечар, але Бірк нічога не заўважаў. He бачыў траў і кветак, не чуў птушыных спеваў, не адчуваў пахаў — толькі бодь унутры. Тут удалечыні, нібы ў смяротным страху, заржаў конь. Хлопец пабег у той бок. Ён усё больш паглыбляўся ў лес, а ржанне рабілася ўсё гучнейшае. Неўзабаве на невялічкай палянцы паміж хвоямі Бірк заўважыў кабылу, з ірванай раны на яе грудзях свістала кроў. Яна спужалася чалавека, але не ўцякла, толькі адчайна заржала, нібыта папрасіла дапамогі і абароны.
— Небарака, — звярнуўся да кабылы Бірк. — Хто гэта цябе так?
I тут ён убачыў Роню. Яна выбегла з-за елак і кінулася да яго, твар яе змакрэў ад слёз.
— Ты бачыў мядзведзя? — закрычала дзяўчынка. — О Бірк, ён задраў яе жарабя, забіў яго!
Яна горка плакала, але Бірк не помніў сябе ад радасці. Роня была жывая, яе не крануў мядзведзь, і ні Маціс, ні лютыя вятрунні не адабралі яе ў яго, якое шчасце! Дзяўчынка падышла да кабылы, убачыла рану, і тут у ёй нібы загучаў голас Лувісы. Цяпер яна ведала, што рабіць. Роня крыкнула Бірку:
— Хутчэй! Прынясі белы мох, інакш яна сыдзе крывёй!
— А ты? Нельга заставацца тут адной, мядзведзь можа хадзіць паблізу.
— Бяжы! Я застануся з кабылай, ёй цяпер трэба суцяшэнне. I мох! Хутчэй!
I Бірк пабег. Увесь час, пакуль яго не было, Роня стаяла каля кабылы і абдымала яе за галаву. Дзяўчынка шаптала ёй пяшчотныя словы, суцяшала, як магла, а тая стаяла нерухома і слухала. Цяпер яна ўжо не ржала, магчыма, таму, што зусім знясілела. Раз-пораз усё яе цела скаланалася ад дрыжыкаў. Мядзведзь пакінуў сур'ёзную рану. Бедная кабыла спрабавала абараніць сваё жарабя, але яно загінула. I, магчыма, цяпер яна адчувала, як павольна і няўмольна жыццё па кроплі пакідае і яе.