Роня, дачка разбойніка  Астрыд Ліндгрэн

Роня, дачка разбойніка

Астрыд Ліндгрэн
Выдавец: Пазітыў-цэнтр
Памер: 200с.
Мінск 2020
48.4 МБ
Лысы Пер ёй усміхнуўся.
— Твая праўда, Роня! Ты такая мудрая. Але я занадта стары і лядашчы, каб убіць гэта ў Мацісаву галаву.
Той раздражнёна зыркнуў на Лысага Пера.
— Кажа самы зацяты разбойнік і за маім бацькам, і за мною! Скончыць з разбоем! На што мы тады будзем жыць?
— Ты ніколі не заўважаў, — адказаў стары, — што ёсць людзі, якія не рабуюць іншых і ўсё адно неяк жывуць?
— Заўважаў, але як? — панура спытаў Маціс.
— О, існуе колькі спосабаў, — патлумачыў Лысы Пер. — Я мог бы табе адзін падказаць, толькі ты застанешся разбойнікам, пакуль не павесяць. Але ў патрэбны час я распавяду свой маленькі цудоўны сакрэт Роні.
— Які сакрэт? — зацікавіўся Маціс.
— Я ж кажу, — паўтарыў Лысы Пер, — распавяду толькі Роні, каб яна не засталася бездапаможнай, калі цябе павесяць.
— Усё павесяць, і павесяць, і павесяць! — раззлаваўся Маціс. — Сціхні ўжо, стары крумкач!
Дні ішлі, а Маціс не слухаў парад Лысага Пера. Але аднойчы раніцай, яшчэ да таго як ён са сваімі малойцамі асядлалі коней, Борка пад'ехаў да Воўчай цясніны і папрасіў пакдікаць Маціса. Ён прынёс важныя навіны. Борка хацеў адплаціць узаемнасцю і папярэдзіць свайго ворага, які нядаўна так ласкава выратаваў двух Боркавых хлопцаў з вязніцы.
— Сёння ніводнаму разбойніку, якому дарагое жыццё, лепш не з'яўляцца ў лесе, — сказаў Борка.
Справа была вось у чым. Шайка Боркі толькі што трапіла ў засаду, якую жаўнеры зладзілі на разбойнічай дарозе. Дваіх з ягоных людзей захапілі ў палон, а трэцяга цяжка паранілі стралой, калі ён спрабаваў уцячы.
— Сцярвятнікі, пазбаўляюць беднага разбойніка кавалка хлеба, — з горыччу сказаў Борка.
Маціс спахмурнеў.
— He, мы іх навучым! Даволі трываць!
Толькі пасля ён зразумеў, што сказаў «мы», і цяжка ўздыхнуў. Маціс крыху памаўчаў, мераючы Борку позіркам зверху ўніз.
— Мо нам варта... аб'яднацца, — нарэшце прагаварыў ён, хоць скалануўся ад уласных слоў.
Казаць такое Борку! I бацька, і дзед, і прадзед Маціса, пачуўшы гэта, перакуліліся б у труне! Але Борка ажывіўся.
— Нарэшце ты сказаў штосьці разумнае, Маціс! Адна моцная шайка разбойнікаў — вось гэта справа! I адзін моцны атаман! Я ведаю аднаго вартага, — ён расправіў плечы. — Патрэбны нехта дужы і знаходлівы, як я!
Маціс жудасна зарагатаў.
— А ну, падыдзі, і я пакажу табе, хто варты атаман!
I так атрымадася, як хацеў Лысы Пер. Прызначылі двубой, які нарэшце вызначыў бы, хто — Маціс ці Борка — стане адзіным верхаводам. Сярод іх людзей ад такой навіны ўсчалося вялікае хваляванне, а раніцай у дзень бітвы разбойнікі Маціса ўзнялі такі гвадт, што Лувіса выгнала іх з каменнай залы.
— Прэч, — закрычала яна. — Равяце, як нядоеныя каровы!
Ёй хапала Маціса. Той тупаў узад-уперад, скрыгатаў зубамі і выхваляўся, як ён расправіцца з Боркам, так што нават Ундзіса яго не пазнае. Лысы Пер фыркнуў:
— 3 незабітага ліса футра не шыюць, так заўсёды казала мая мама!
I Роні было нязвыкла бачыць свайго бацьку такім ваяўнічым.
— Я не хачу глядзець, як ты будзеш з ім распраўляцца!
— А ты і не ўбачыш, — адказаў Маціс. — Жанчын і дзяцей не пускаюць: такі звычай. Лічыцца, што ім нельга прысутнічаць на «звярыных баях».
Так называліся падобныя двубоі, і, улічваючы іх жорсткасць, найменне цалкам сябе апраўдвала.
— Але ты, Лысы Пер, мусіш быць, — сказаў Маціс. — Ты ў нас ледзь трымаешся, аднак «звярыны бой» цябе падбадзёрыць. Хадзем, стары, пасаджу цябе на майго каня. Рушым!
Стаяла халодная сонечная раніца, зямля заінела. На паляне ніжэй Воўчай цясніны разбойнікі Маціса і Боркі, кожны з дзідай у руцэ, колам атачылі сваіх атаманаў. Цяпер выявіцца, хто з іх магутнейшы. Непадалёк на скале, загарнуўшыся ў кажух, сядзеў Лысы Пер. Ён нагадваў пажылога ўскудлачанага крумкача, але ягоныя вочы свяціліся ад нецярпення, і стары прагна сачыў за падзеямі на паляне. Байцы распрануліся да кашуль і стаялі басанож на мёрзлай зямлі. Яны расціралі і разміналі мышцы на руках ды падскоквалі, каб разагрэцца.
— Здаецца, ты змёрз, Борка, — сказаў Маціс. — Але абяцаю, хутка табе будзе горача!
— Табе таксама! — крыкнуў Борка.
На «звярыных баях» можна было выкарыстоўваць любыя прыёмы і хітрыкі. Дазвалялася ламаць косткі, і піхацца, і рваць валасы, і драпацца, і кусацца, і нават пінацца, але не паміж ног. Гэта лічылася ганьбай, а той, хто ўжываў такі прыём, прайграваў бой. I вось Ф'юск даў знак пачынаць, Маціс і Борка з баявым клічам кінуліся адзін на аднаго і схапіліся.
— Вельмі шкада, — сказаў Маціс, абхапіўшы суперніка мядзведжымі лапамі, — што ты такі паскуднік. — Ён сціснуў Борку, але той толькі крыху спатнеў. — Інакш я даўно зрабіў бы цябе сваім памочнікам, — Маціс узмацніў захват. — I не давялося б выціскаць з цябе вантробы, — тут ён схапіў Борку так, што той захрыпеў.
Нахрыпеўшыся, Борка баднуў Маціса ў твар так моцна, што ў таго з носа пайшла кроў.
— I мне вельмі шкада, — адказаў Борка, — што даводзіцца псаваць тваю мардасіну, — тут ён баднуўся яшчэ раз, — бо страшнейшага за цябе свет і так не бачыў.
Цяпер Борка схапіў Маціса за вуха і пацягнуў.
— Навошта табе два вухі? — запытаўся ён. — Хопіць аднаго!
Зноў пацягнуў і сапраўды адарваў бы, але ненадоўга аслабіў хватку. Маціс у тое ж імгненне паваліў суперніка, і, прыціснуты ягоным жалезным кулаком, Боркаў твар зрабіўся куды больш плоскі, чым раней.
— Мне надзвычай непрыемна, — працягваў Маціс, — што давядзецца цябе так адкалашмаціць, што Ундзіса будзе плакаць кожны раз, калі зірне на цябе сярод белага дня!
Ён націснуў зноў, але цяпер Борку ўдалося ўчапіцца зубамі ў Мацісаву далонь. Маціс узвыў і паспрабаваў вырваць руку, але Борка не расціскаў зубоў, пакуль не забракавала паветра. Ён удыхнуў і выплюнуў некалькі шматочкаў Мацісавай скуры.
— На, вазьмі дамоў, пакорміш ката, — прасіпеў Борка, цяжка дыхаючы, бо цяпер Маціс наваліўся на яго ўсёй вагой.
Неўзабаве высветлілася, што, хоць у Боркі і моцныя зубы, ён усё ж такі саступае Мацісу па сіле. Бой скончыўся, Маціс перамог. Ён стаяў акрываўлены, на ім развявалася падраная на лахманы кашуля. Але ён, несумненна, быў сапраўдны атаман, цяпер усе разбойнікі гэта прызналі. Хоць некаторым прызнанне і далося цяжка, асабліва Борку. Ён быў настодькі пануры, што ледзь не плакаў, і Мацісу захацелася яго крыху суцешыць.
— Брат Борка, так, цяпер мы браты, — сказаў ён. — Ты захаваеш імя і гонар атамана ва ўсе дні жыцця і сваімі людзьмі будзеш распараджацца сам. Але памятай, што Маціс наймагутнейшы ва ўсіх гарах і лясах, і маё слова адгэтуль важнейшае за тваё, запомні!
Борка моўчкі кіўнуў, у гэты момант яму не надта хацелася размаўляць.
Увечары ў вялікай зале Маціс зладзіў баляванне для ўсіх разбойнікаў — і сваіх, і Боркавых: сталы ламіліся ад багатага пачастунку, было выпіта шмат піва. I цягам балю Маціс і Борка ўсё больш і болып пачуваліся братамі. Атаманы сядзелі побач за доўгім сталом ды смяяліся і плакалі, згадваючы дзяцінства, калі яны разам палявалі на пацукоў у старым
свінарніку. У іх памяці ўсплывалі ўсё новыя гісторыі. Разбойнікі з задавальненнем слухалі і гучна смяяліся. Бірк з Роняй, якія сядзелі на іншым канцы стала, таксама рагаталі над аповедамі бацькаў. Іх смех гучна і ясна звінеў сярод гогату разбойнікаў, да вялікай радасці Маціса з Боркам. Атаманы доўга не чулі, як смяюцца іх дзеці, і яшчэ не зусім прывыклі, што яны зноў побач. Таму той смех быў для іх найсаладзейшай музыкай, і яны з яшчэ большым імпэтам распавядалі пра свае дзіцячыя подзвігі. Раптам Маціс сказаў:
— He журыся, што прайграў сёння, Борка! Твой род чакаюць лепшыя часы. Калі мы з табой сыдзем, твой сын стане атаманам. Бо мая дачка наадрэз адмовілася, і калі яна кажа не, то дакладна не. Уся ў маці.
Борка вельмі ўзрадаваўся, пачуўшы гэта.
Але Роня крыкнула праз стол:
— А ты думаеш, Бірк захоча быць атаманам?
— Вядома! — упэўнена адказаў Борка.
Тады Бірк выйшаў на водьнае месца, каб кожны яго бачыў, падняў правую руку і пакляўся ніколі не станавіцца разбойнікам, што б ні здарылася. Цяжкае маўчанне павісла ў каменнай зале. У Боркі на вачах з'явіліся слёзы: так засмуцілі яго сынавы словы. Маціс ізноў паспрабаваў яго суцешыць.
— Я змірыўся, — сказаў ён, — і ты змірышся! Нічога ты з дзецьмі не паробіш. Яны самі выбіраюць шлях, нам застаецца толькі яго прыняць. Але гэта складана!
Два атаманы доўга сядзелі і змрочна думалі пра будучыню, калі іх зухаватае разбойнае жыццё ператворыцца ў паданні і неўзабаве забудзецца.
Але паступова яны вярнуліся да аповедаў пра паляванне на пацукоў у свінарніку і вырашылі весяліцца, не зважаючы на сваіх упартых дзяцей. А разбойнікі ажно са скуры вылузваліся, каб развеяць тугу атаманаў бойкімі разбойніцкімі спевамі ды шалёнымі танцамі. Яны так скакалі, што падлога хадзіла ходырам. Дзеці да іх далучыліся, і Роня навучыла Бірка многім адмысловым разбойніцкім падскокам.
Тым часам Лувіса і Ундзіса сядзелі ў цішыні ў іншым пакоі. Яны елі, пілі і размаўлялі. Амаль на ўсё жанчыны глядзелі па-рознаму, аде ў адным пагаджаліся: як прыемна часам адпачыць ад шумнай мужчынскай кампаніі. А ў каменнай зале працягвалася бяседа. Пакуль раптам Лысы Пер не грымнуўся на падлогу ад знямогі. Ён правёў шчаслівы і вясёлы дзень, нягледзячы на нямогласць, аде цяпер ягоныя сілы скончыліся, і Роня пайшла дапамагчы старому дабрацца да спадьні. Там ён, задаволены і змораны, паваліўся ў ложак, і дзяўчынка накрыда яго шкурай.
— Маё старое сэрца цешыцца, — сказаў Лысы Пер, — што вы з Біркам не хочаце станавіцца разбойнікамі. Раней гэта было вясёлае жыццё, мушу сказаць. Але цяпер усё складаней: павесяць — і не пікнеш.
— Так, а яшчэ людзі крычаць і плачуць, калі ў іх адбіраюць рэчы, — дадала Роня. — Я б такога не вытрывала.
— Так, дзіця маё, ты б такога не вытрывала, — пагадзіўся стары. — А зараз я распавяду табе маленькі цудоўны сакрэт, калі паабяцаеш, што не раскажаш ніводнай жывой душы.
Роня паабяцала. Затым Лысы Пер узяў яе маленькія цёплыя рукі, каб сагрэць свае, такія халодныя, і пачаў:
— Ты мая радасць і шчасце, — сказаў ён. — Калі я быў малады і жыў у лесе, як і вы, я выпадкова выратаваў жыццё маленькаму шэраму гному, якога схапіла лютая вятруння. Збольшага шэрыя гномы — непрыемны народ, але гэты аказаўся іншы. Ён быў такі ўдзячны, што я ўсё ніяк не мог яго пазбыцца. Ён усё хацеў падарыць мне... о, а вось і Маціс зазірнуў, — заўважыў Лысы Пер.