Роня, дачка разбойніка  Астрыд Ліндгрэн

Роня, дачка разбойніка

Астрыд Ліндгрэн
Выдавец: Пазітыў-цэнтр
Памер: 200с.
Мінск 2020
48.4 МБ
Маціс уздыхнуў і абняў дачку.
— Ты памятаеш, чаго яшчэ варта сцерагчыся?
Так, яна ўсё памятала і ў наступныя дні толькі і рабіла, што сцераглася небяспекі і практыкавалася не баяцца. Маціс казаў не зваліцца ў раку, таму Роня адважна скакала па слізкіх камянях там, дзе найбольш бурліла вада. Бо нельга ж сцерагчыся ракі, калі гуляеш у лесе. Гэта проста дурноцце. Асцерагацца ракі можна на вадаспадзе, і толькі там. Каб дабрацца да вадаспада, трэба было спусціцца да ракі па стромкай гары, на якой стаяў замак. Так Роня вучылася не баяцца яшчэ і гор. Спускацца першы раз было вельмі цяжка. Дзяўчынка так баялася, што заплюшчыла вочы. Але хутка рабілася ўсё смялейшай і запомніла, дзе расколіна, каб паставіць нагу,
і за што ўхапіцца, каб не паляцець уніз. «Як добра, — думала Роня, — што ў мяне ёсць такое цудоўнае месца, каб сцерагчыся вадаспада і вучыцца не баяцца!»
Так праляталі яе дні. Роня вучылася сцерагчыся і нічога не баяцца нават лепей, чым маглі ўявіць Маціс з Лувісай, і неўзабаве зрабілася гнуткая, моцная і бясстрашная, як звярок. Цяпер яна не баялася ні шэрых гномаў, ні лютых вятрунняў, ні заблукаць у лесе, ні зваліцца ў раку. Толькі прорвы яна яшчэ не пачала сцерагчыся, але і гэтую справу не збіралася закідаць. А пакуль дзяўчынка аблазіла ўвесь замак, да самых зубцоў на вежы. Роня знайшла пустыя залы, дзе ніхто не бываў, ведала ўсе падземныя пераходы, цёмныя скляпы ды сутарэнні і ўсе таемныя хады.
Але найболып Роня любіла лес і днямі прападала там. Яна вывучыла ўсе незаўважныя сцяжынкі і ніколі не блукала. А калі наступаў вечар, лес ахінала цемра і ў каменнай заде запальвалі агонь, яна вярталася дадому зусім без сіл: так старанна дзяўчынка вучылася нічога не баяцца. Тады ж з промыслу вярталіся Маціс з разбойнікамі, і Роня сядзела з імі перад агнём ды спявала разбойніцкія песні. Дзяўчынка нічога не ведала пра іх заняткі. Натурадьна, яна бачыла, што ўвечары, калі разбойнікі вяртаюцца, іх коні нагружаныя рознымі торбамі, мяхамі, скрынкамі ды бочкамі, але ёй не распавядалі, адкуль гэта, а яна і не пыталася. Вы ж не пытаецеся, адкуль бярэцца дождж. Некаторыя рэчы проста адбываюцца і ўсё — так лічыла Роня.
Бывала, у размовах згадвалі разбойнікаў Боркі, і Роня ўспамінала, што іх таксама трэба сцерагчыся.
Але пакуль яна не бачыла аніводнага разбойніка Боркі.
— He будзь Борка такі дурны, я б яго нават пашкадаваў, — аднойчы ўвечары сказаў Маціс. — Надоечы жаўнеры зладзілі ў лесе аблаву. Неўзабаве яны выкураць Борку з ягонага логавішча. Так гэтаму аслу і трэба!
— Боркавы разбойнікі — тыя яшчэ бандыты, — дадаў Лысы Пер, і ўсе падтакнулі.
«Як мне пашанцавала, што нашы разбойнікі такія прыстойныя», — думала Роня. Яна зірнула на іх: сядзяць за доўгім сталом і ядуць суп. Барадатыя, брудныя, шумныя і дзікія, але хай бы толькі хто-небудзь назваў іх бандытамі! Лысы Пер і Ш'еге, Пелье і Ф'юск, Юціс і Юэн, Лабас і Кнутас, Турэ і Шурм, Стуркас і Малыш Кліп — яе сябры, і кожны з іх гатовы прайсці дзеля яе праз агонь і ваду, яна гэта ведала.
— Як добра, што ў нас ёсць замак, — сказаў Маціс. — Тут мы ў бяспецы, як ліса ў нары ці арол на вяршыні скалы. А калі жаўнеры паспрабуюць нас тут дастаць, то хай лепш коцяцца куды далей, калі жыццё дарагое!
— А не, дык мы ім задамо дыхту! — падхапіў Лысы Пер.
Усе разбойнікі горача яго падтрымалі і рассмяяліся, уявіўшы, як нехта спрабуе прабрацца ў замак Маціса, што высіўся на непрыступнай гары. Толькі па паўднёвым схіле бегла вузенькая сцежка і гублялася ў лесе. А з астатніх трох бакоў замак акружалі зрывістыя скалы.
— Толькі дурань палезе па гэтых стромах, — хмыкалі разбойнікі.
Яны не ведалі, дзе Роня вучылася не баяцца.
— Нават калі хто і наважыцца падняцца па сцежцы, далей за Воўчую цясніну не пройдзе, — працягваў Маціс. — Закідаем іх камянямі ці яшчэ што прыдумаем!
— Ці яшчэ што прыдумаем, — паўтарыў Лысы Пер і захіхікаў, разважаючы, як спыніць жаўнераў каля Воўчай цясніны. — Многіх я там прыхлопнуў у свой час, — дадаў ён. — Але цяпер я занадта стары і магу прыхлопнуць хіба толькі ўласных блох, хаха, так-так!
Роня разумела, што Лысага Пера трэба шкадаваць, бо ён вельмі стары, але вось навошта жаўнерам ці камусьці яшчэ прыходзіць да іх у замак, ёй было няясна. Але яна стамілася і не хацела пра такое думаць. Дзяўчынка забралася ў ложак і стала чакаць Воўчую песню. Лувіса спявала яе штовечар, калі разбойнікам надыходзіў час ісці па сваіх пакоях. У каменнай зале спалі толькі трое: Роня, Маціс і Лувіса. Роня любіла ляжаць і праз шчыліны ў полагу глядзець, як дагарае агонь, пакуль Лувіса спявала. Маці пела на ноч, колькі Роня сябе памятала. Гэта азначала, што дзень скончыўся, але, перш чым заплюшчыць вочы, дзяўчынка з радасцю думала: «Заўтра я зноў прачнуся!» Яна падымалася з першымі промнямі і, якое б ні было надвор'е, бегла ў лес, а Лувіса клала ёй у скураны мяшэчак акраец хлеба і біклажку малака.
— Відаць, што ты нарадзілася ў навальнічную ноч, — казала Лувіса. — Такія дзеці заўсёды няўрымсы. Толькі глядзі, каб цябе не схапілі лютыя вятрунні!
Роня не раз бачыла, як яны луналі над лесам, і хутчэй хавалася. Гэта былі самыя небяспечныя стварэнні
ў лесе Маціса. Сцеражыся вятрунняў, калі хочаш застацца жывая, паўтараў бацька. Менавіта праз іх ён так доўга не дазваляў Роні выходзіць з замка. Вятрунні былі вельмі прыгожыя, але дзікія і злючыя. Бязлітаснымі вачыма яны аглядалі лес, каб злавіць кагосьці сваімі вострымі кіпцюрамі і разадраць на шматкі. Але нават вятрунні не маглі прагнаць Роню з улюбёных сцежак і палянак, дзе праходзіла яе
зацішнае лясное жыццё. Так, яна была адна, але ёй ніхто не быў патрэбны. I навошта? Яе дні поўніліся жыццём і шчасцем, толькі праляталі надта хутка.
Лета скончылася, надышла восень. У гэты час вятрунні зусім ашалелі і аднойчы пераследавалі Роню па ўсім лесе, пакуль яна не зразумела, што цяпер гэта ўжо не жарты. Хаця дзяўчынка бегала, як ліса, і ведала ўсе лясныя хованкі, вятрунні не адставалі, і яна чула іх крыкі:
— Хо-хо, маленькі прыгожы чалавечак, зараз хлыне кроў, хо-хо!
Дабегшы да ляснога возера, Роня нырнула і пераплыла пад вадой на другі бераг. Там яна запаўзла пад густую яліну і схавалася пад галінамі. Дзяўчынка чула раз'ятраны лямант вятрунняў, што паўсюль яе шукалі:
— Дзе маленькі чалавек, дзе яна, дзе яна? Выходзь, мы цябе задрапаем, зараз пусцім тваю кроў, хо-хо!
Роня нерухома сядзела ў сваёй хованцы, пакуль не ўбачыла, як вятрунні знікаюць за верхалінамі. У лесе цяпер было небяспечна, але да ночы і Воўчай песні заставалася процьма часу, і яна вырашыла заняцца тым, чым ужо даўно збіралася: узлезці на дах і навучыцца сцерагчыся прорвы. Роні неаднойчы расказвалі, што замак раскалоўся ў ноч яе нараджэння. Маціс бясконца паўтараў гэтую гісторыю:
— Каб мне праваліцца, які быў грукат! Ты б чула! Зрэшты, ты і чула, хоць толькі нарадзілася. Бах! — і цяпер у нас два замкі замест аднаго і праломіна паміж імі. Памятай, што яе трэба сцерагчыся!
Якраз гэтым яна і збіралася заняцца. Што яшчэ рабіць, калі над лесам носяцца лютыя вятрунні? Роня шмат разоў бывала на даху, але ніколі не
набліжалася да небяспечнай глыбокай расколіны. Цяпер дзяўчынка на жываце падпаўзла да краю і зазірнула ўніз. Box, нават горш, чым яна ўяўляла! Роня ўзяла адбіты камень, што ляжаў побач, кінула ў прорву і здрыганулася, пачуўшы ўнізе глухі гук. Ён быў такі слабы і далёкі! Так, гэткай бездані сапраўды варта сцерагчыся! Але расколіна, што падзяляла замак, аказалася не вельмі шырокая, яе, напэўна, можна пераскочыць. Толькі які дурань наважыцца? Ну, не. А можа, менавіта так і трэба вучыцца сцерагчыся прорвы? Роня пачала азірацца і глядзець, дзе б найдепей пераскочыць. I тут убачыла нешта, ад чаго ледзь не загрымела ў тую прорву ад здзіўлення. Непадалёк на другім баку сядзеў хтосьці падобны да яе і боўтаў нагамі. Роня ведала, што на свеце ёсць яшчэ дзеці. Адзінай яна была толькі ў замку і лесе Маціса. Але Лувіса распавядала, што ў іншых месцах шмат дзяцей: адны, калі вырастаюць, становяцца як Маціс, а іншыя — як Лувіса. Роня стане як Лувіса, але адчувала, што той, хто сядзеў, звесіўшы ногі над разломам, будзе як Маціс. Ён яшчэ не заўважыў яе. Роня глядзела на яго і ціха смяялася ад таго, што ён ёсць.
3
Нарэшце ён заўважыў яе і таксама засмяяўся.
— А я цябе ведаю, — сказаў ён. — Ты дачка Маціса і цэдымі днямі гойсаеш па лесе. Я цябе аднойчы там бачыў.
— Ты хто? — запыталася Роня. — I як ты ўвогуле сюды трапіў?
— Бірк, сын Боркі. Я тут жыву. Сёння ноччу мы сюды перабраліся.
Роня зірнула на яго.
— Хто гэта «мы»?
— Борка, Ундзіса, я і нашы дванаццаць разбойнікаў.
Роня не адразу ўсвядоміла, што ён сказаў. Нейкі час яна маўчала, але ў рэшце рэшт запыталася:
— Ты маеш на ўвазе, што цяпер наш паўночны замак поўны ўсякай навалачы?
Бірк засмяяўся.
— He, там толькі сумденныя разбойнікі Боркі. Але там, дзе ты жывеш, поўна ўсякай навалачы, гэта ўсім вядома.
«Гэта ўсім вядома!» Што за лухта! Роня пачала закіпаць. Але горшае было яшчэ наперадзе.
— Дарэчы, — дадаў Бірк, — ніякага вашага паўночнага замка больш няма. 3 мінулай ночы ён завецца замак Боркі, запомні!
Роня задыхнулася ад шалу. Замак Боркі! Тут было ад чаго задыхнуцца! Ну і падлюгі гэтыя Боркавы разбойнікі! I гэты нягоднік, які сядзіць тут і шчэрыцца, адзін з іх!
— Каб мне праваліцца, — прамармытала Роня. — Пачакайце, пакуль Маціс даведаецца, і тады вы ўсе са свістам вылеціце з нашага замка.
— Спадзявайся, ага, — ухмыльнуўся Бірк.
Роня падумала пра Маціса і здрыганулася. Яна ведала, што бывае, калі бацька гневаецца, і разумела: ён можа так разысціся, што замак расколецца яшчэ на дзве часткі. Ад гэтай думкі дзяўчынка нават застагнала.
— Што з табой? — пацікавіўся Бірк. — Табе кепска?
Роня не адказала. Хопіць з яе дурацкіх размоў. Трэба нешта рабіць. Хутка разбойнікі Маціса вернуцца дадому, і — каб ёй праваліцца! — усе бязглуздыя разбойнікі Боркі стрымгалоў вылецяць з іх замка! I яна сабралася сысці, але ўбачыла, што Бірк нешта задумаў. Неверагодна, але гэты недарэка збіраўся пераскочыць расколіну! Ён стаяў на другім баку, насупраць яе, а цяпер разбягаўся. Тады Роня
закрычала:
— Калі пераскочыш, я цябе так стукну, што нос адваліцца!