Роня, дачка разбойніка  Астрыд Ліндгрэн

Роня, дачка разбойніка

Астрыд Ліндгрэн
Выдавец: Пазітыў-цэнтр
Памер: 200с.
Мінск 2020
48.4 МБ
— Толькі б усё было добра! Толькі б з ёй нічога не здарылася! Інакш я жыць не змагу.
— Што ты падняў шум, — адказвала Лувіса. — Гэтае дзіця можа пастаяць за сябе лепш за любога разбойніка, колькі разоў табе паўтараць?
Так, Роня магла за сябе пастаяць. Але аднойчы здарылася нешта, пра што Мацісу лепш было не ведаць. Усю ноч валіў снег і засыпаў Роніну лыжню. Давялося пракладваць новую, што было зусім нялёгка. Снег пакрывала тонкая нетрывалая корка лёду, дзяўчынка ўвесь час правальвалася і нарэшце так стамілася, што не магла ісці далей. Цяпер ёй хацелася дамоў. Роня стаяла на ўзгорку, а каб вярнуцца на сцежку ў замак, давялося б спусціцца яшчэ раз. Узгорак быў даволі круты, аднак яна мела лыжныя палкі, каб тармазіць, і бясстрашна панеслася ўніз, толькі снег разлятаўся. Па дарозе ёй трапіўся бугор, які Роня пераскочыла, але пры гэтым згубіла лыжу і, прызямліўшыся, захрасла адной нагой у снезе. Лыжа памчала ўніз і згубілася паміж дрэваў, а Роніна нага засела ажно па калена. Спачатку дзяўчынка засмяялася, але хутка ёй зрабілася не да смеху. Як бы Роня ні цягнула, вызваліць нагу не атрымлівалася. Тут унізе пачулася невыразнае мармытанне. Непадалёк з-пад снегу выбралася купка кашлатых вохаў. Іх было лёгка пазнаць па шырокіх азадках, маленечкіх зморшчаных тварыках і калматых валасах. Збольшага вохі
былі лагодныя, спакойныя і бясшкодныя, але гэтыя лупілі на Роню дурнаватыя вочкі і яўна былі нечым незадаволеныя. Яны крэкалі і ўздыхалі, а адзін змрочна сказаў:
— Навошта яна гэта зрабіла?
— Навошта яна гэта зрабіла? — падхапілі іншыя. — Навошта прабіла наш дах?
Роня зразумела, што патрапіла нагой у зімовую хованку вохаў. Яны выкопвалі сабе зямлянкі, калі не знаходзілі добрага дупла для зімоўкі.
— Я не наўмысна, — адказала яна. — Дапамажыце мне дастаць нагу!
Але кашлатыя вохі толькі глядзелі на яе і цяжка ўздыхалі:
— Box, прабіла нашу столь, навошта яна гэта зрабіла?
Роня страціла цярплівасць:
— Ды дапамажыце мне выбрацца!
Але вохі нібы не чулі і не разумелі яе: толькі лыпалі вачыма, а потым зніклі ў нары. Дзяўчынка чула
іх нараканні з-пад зямлі. Але раптам яны пачалі крычаць і вохкаць, нібы чамусьці ўзрадаваліся.
— Гайдаецца! — шумелі кашлатыя вохі. — Цяпер калыска гайдаецца як след!
I Роня адчула, што ёй на нагу павесілі нешта цяжкае.
— Малеча добра вісіць! — радаваліся вохі. — Калі ўжо яна прабіла столь, няхай гайдае калыску!
Але Роня не хацела ля-
жаць на халодным снезе і гайдаць калыску з дурацкім малым вохам. Яна яшчэ раз паспрабавала вызваліцца: торгала і цягнула нагу што было сілы. А кашлатыя вохі ўсё весялідіся:
— Малеча вох цяпер гайдаецца як трэба, box­box!
У лесе Маціса баяцца нельга — гэта дзяўчынка чула з самага маленства і з усяе сілы імкнудася не баяцца. Але часам проста не атрымлівалася. Напрыклад, цяпер. А што, калі яна не зможа дастаць нагу, калі праляжыць тут усю ноч і скалее? Роня ўбачыла над лесам цёмныя хмары. Значыць, зноў пойдзе снег, шмат снегу. Яе занясе сумётамі, і яна праляжыць да вясны з калыскай на назе. А калі снег растане, Маціс знойдзе сваю няшчасную дачку, якая насмерць замерзла ў зімовым лесе.
— He, не! — закрычала Роня. — Дапамажыце! Хто-небудзь, дапамажыце!
Але хто мог пачуць яе ў пустым лесе? Ніхто, гэта дзяўчынка разумела, ды ўсё адно крычала, пакуль не знік голас. Потым да яе данесліся скаргі кашлатых вохаў:
— Чаму яна не гайдае калыску? Чаму, вох-вох?
Роня іх ужо не слухала: яна ўбачыла лютую вятрунню. Як вялікая прыгожая драпежная птушка, тая чарнела высока ў цёмным небе і ўсё набліжалася ды набліжалася. Вятруння заўважыла дзяўчынку і паляцела наўпрост да яе. Роня заплюшчыла вочы. Цяпер яе ніхто не ўратуе. 3 віскам і жудасным смехам вятруння апусцілася побач.
— Маленькі прыгожы чалавечак, — заскавытала яна і запусціла кіпцюры Роні ў валасы. — Ляжыш тут і адпачываеш! Хо-хо!
Вятруння зноў зайшлася страшным смехам.
— Цяпер ты будзеш працаваць! У нас у гарах! Пакуль кроў не пацячэ! Інакш мы цябе разарвём на шматкі! Інакш мы цябе задрапаем!	z
Яна пачала тузаць дзяўчынку, спрабавала адарваць яе ад зямлі сваімі вострымі кіпцюрамі і зусім раз'ятрылася, калі тая не зрушылася ні на цалю:
— Хочаш, каб я цябе разарвала і задрапала?
Вятруння нахілілася над Роняй. Яе чорныя вочы палымнелі злосцю. Затым яна яшчэ раз паспрабавала падняць дзяўчынку, але зноў марна, і нарэшце вятруння стамілася.
— Я паклічу сёстраў, — заверашчала яна. — Заўтра мы па цябе вернемся. Ты больш ніколі не будзеш лайдачыць і адпачываць, ніколі-ніколі!
I панеслася над верхалінамі ў бок гор. «Раніцай, калі яны па мяне вернуцца, я ўжо ператваруся ў лядзяш», — падумала Роня. Кашлатыя вохі ўнізе заціхлі. Увесь лес затаіўся і чакаў ночы. Роня таксама чакала. Яна ляжала нерухома і больш не намагалася вызваліцца. «Няхай прыходзіць, — думала дзяўчынка, — халодная цёмная самотная ноч, апошняя ноч». Пайшоў снег. Буйныя шматкі падалі Роні на твар, раставалі і змешваліся са слязьмі. Цяпер яна плакала. Думала пра Маціса і Лувісу. Яны больш ніколі не ўбачацца, і ў замку Маціса больш ніколі не будзе радасці. Бедны Маціс, ён звар'яцее ад роспачы! Але больш не будзе Роні, каб, як звычайна, суцешыць яго, калі ён сумуе. He, ніхто больш не дапаможа ні яму, ні ёй!
I тут Роня пачула, як нехта яе кліча. Дзяўчынка разабрала голас вельмі дакладна, але падумала, што ёй прымроілася, і толькі гарчэй заплакала. Цяпер паклікаць яе могуць толькі ў сне. А вельмі хутка і сноў больш не застанецца. Але голас прагучаў зноў:
— Роня, час вяртацца дамоў!
Яна з цяжкасцю расплюшчыла вочы. Перад ёй стаяў Бірк, так, таксама на лыжах!
— Я знайшоў тваю лыжу ўнізе. Пашэнціла табе, інакш ты б тут замерзла. — Ен утыркнуў знаходку ў снег побач з ёй. — Табе дапамагчы?
Тут Роня разрыдалася так гучна і нястрымана, што самой стала сорамна. Яна не магла нічога адказаць, толькі плакала, а калі Бірк нахіліўся, каб дапамагчы ёй падняцца, абняла яго і ў роспачы залапатала:
— He пакідай мяне! Больш ніколі не пакідай мяне!
Бірк усміхнуўся.
— Ага, толькі трымайся на адлегласці нацягнутага паса. А цяпер пусці мяне і не плач, паглядзім, як цябе вызваліць.
Ён зняў лыжы, лёг на жывот побач з нарой і запусціў туды руку па самае плячо. Бірк доўга корпаўся, і здарыўся цуд. Роня выцягнула нагу, яна была вольная! Але кашлатыя вохі раз'юшыліся, а малы вох заплакаў.
— Разбудзіла малыша, вох-вох! Засыпала яму вочы пяском! Навошта яна так зрабіла?
Роня ўсё яшчэ румзала і ніяк не магла супакоіцца. Бірк працягнуў ёй лыжу.
— He раві, — сказаў ён. — Інакш не хопіць сіл дабрацца дадому!
Дзяўчынка глыбока ўдыхнула. Так, трэба супакоіцца. Яна стала на лыжы і праверыла, ці трымаецца на нагах.
— Думаю, дабяруся, — сказала яна. — Ты ж пойдзеш са мной?
— Пайду, — адказаў Бірк.
Роня адштурхнулася і пакацілася з узгорка, Бірк спусціўся за ёй і ехаў побач увесь час, пакуль дзяўчынка з апошніх сіл ішла дадому. Раз-пораз яна азіралася, каб пераканацца, што хлопец усё яшчэ тут. Яна так баялася, што ён раптоўна знікне і пакіне яе адну! Але ён рушыў услед за ёй на адлегласці нацягнутага паса, пакуль яны не дабраліся да Воўчай цясніны. Там іх дарогі разышліся. Бірку трэба было вяртацца ў замак Боркі. Нейкі час дзеці моўчкі стаялі пад снегападам і чамусьці не маглі развітацца. Роня ўсім сэрцам не жадала, каб Бірк сыходзіў.
— Слухай, Бірк, — сказала яна. — Будзь маім братам.
Ён усміхнуўся.
— Добра, калі ты так хочаш, дачка разбойніка.
— Так, толькі называй мяне Роня.
— Роня, сястра мая, — прамовіў Бірк і знік у снежнай віхуры.
— Ты сёння так доўга была ў лесе, — сказаў Маціс, калі дзяўчынка адагравалася ля каміна. — Добра прабавіла час?
— Някепска, — адказала яна і працягнула да агню заледзянелыя пальцы.
6
Ноччу выпала столькі снегу, што занесла ўвесь замак і лес, нават Лысы Пер не памятаў такога снегападу. Чацвёра разбойнікаў ледзь зрушылі брамы, так што ў атрыманую шчыліну можна было
праціснуцца, але далей ляжалі бяскрайнія гурбы. Лысы Пер таксама высунуў нос вонкі і агледзеў пустынны белы пейзаж: усе было пахавана пад снегам. Воўчую цясніну цалкам замяло. «Калі ўсё так пойдзе, па гэтай дарозе да самай вясны не праедзеш», — падумаў стары.
— Гэй, Ф'юск, — гукнуў ён, — кажуць, табе падабаецца грэбці снег. Гэтай зімой ты не засумуеш, абяцаю.
Прадказанні Лысага Пера звычайна збываліся, і гэтым разам таксама атрымалася, як ён казаў. Шмат дзён снег валіў днём і ноччу. Разбойнікі лаяліся і клялі яго апошнімі словамі, але прынамсі не трэба было вартаваць Воўчую цясніну і прорву ад разбойнікаў Боркі.
— Хоць Борка і дурны, як свіння, — казаў Маціс, — але нават ён не настолькі безнадзейна безгаловы, каб нападаць, калі снегу па вушы.
Маціс таксама быў не настолькі безгаловы, і таму няшмат думаў пра Борку. Яго займалі рэчы пасур'ёзней. Упершыню ў жыцці захварэла Роня. На наступную раніцу пасля таго дня ў лесе, калі яна ледзь не замерзла, дзяўчынка прачнулася з ліхаманкай і, да свайго здзіўлення, адчула, што ёй не хочацца падымацца, як заўсёды.
— Што з табой? — занепакоіўся Маціс і ўкленчыў каля яе ложка. — Што такое? Ты ж не захварэла?
Ён узяў яе руку і жахнуўся, якая яна была гарачая. Так, дзяўчынка палала, і Маціс перапужаўся. Ніколі раней ён не бачыў дачку такой. Яна заўжды была здаровая. Але цяпер яго Роня, якую ён так любіць, не хоча падымацца з ложка, і Маціс зразумеў, чым
усё можа скончыцца. У яго больш не будзе дачкі, яна памрэ, і гэтая думка кроіла яму сэрца. Ён не знаходзіў сабе месца ад адчайнага гора. Мацісу хацелася біцца галавой аб сцяну і галасіць, але ў яго хапіла розуму так не рабіць, каб не напалохаць беднае дзіця, і ён стрымаўся. Толькі паклаў руку на яе распалены лоб і прамармытаў:
— Добра, што ты ў цяпле, мая Роня! Калі хварэеш, лепей ляжаць у цяпле.
Але Роня ведала свайго бацьку і, нягледзячы на ліхаманку, паспрабавала яго суцешыць:
— He хвалюйся, Маціс! Гэта дробязі. Магло быць значна горш.
«Я магла да вясны праляжаць пад снегам», — падумала дзяўчынка. Бедны Маціс, яна зноў уявіла, як бы ён бедаваў, і не змагла стрымаць слёз. Маціс заўважыў і падумаў, што яна плача, бо мусіць памерці на самым пачатку жыцця.
— Дачушка мая, вядома, табе хутка палепшае, не плач, — сказаў ён, душачы ўласныя слёзы, а потым закрычаў: — Дзе твая маці? — зарыдаў і пабег да дзвярэй.