Руска-беларускі фізіка-геаграфічны слоўнік

Руска-беларускі фізіка-геаграфічны слоўнік

Выдавец: Народная асвета
Памер: 367с.
Мінск 1994
120.39 МБ
Геострофический ветер — геастрафічны вецер, раўнамерны прамалінейны гарызантальны рух паветра пры адсутнасці сілы трэння, пры раўнавазе гарызантальнага барычнага градыента і адхіляючай сілы вярчэння Зямлі. Г. в. накіраваны па паралельных прамалінейных ізабарах і адхіляецца ад барычнага градыента на прамы вугал у Паўночным паўшар’і — направа, у Паўднёвым — налева.
Геострофическое течение — геастрафічнае цячэнне, рух марскіх вод, выкліканы градыентам ціску і ўраўнаважаны адхіляючай сілай сутачнага 60
вярчэння Зямлі. Г. ц. вызначаецца па картах дынамічнай тапаграфіі паверхні акіяна, складзеных па назіраннях за тэмпературай і салёнасцю вод.
Геосферы — геасферы, канцэнтрычныя, суцэльныя або перарывістыя абалонкі Зямлі, якія адрозніваюцца паміж сабой па хімічнаму складу, агрэгатнаму стану і фізічных уласцівасцях (атмасфера, гідрасфера, літасфера, мантыя, ядро, геаграфічная абалонка, біясфера і інш.).
Геотектоника, тектоника— геатэктоніка, тэктоніка, галіна геалогіі, якая вывучае развіццё глыбінных структур зямной кары і іх змяненні над уплывам рухаў і дэфармацый Зямлі ў цэлым.
Геотектуры, морфотектуры — геатэктуры, морфатэктуры, самыя буйныя формы рэльефу зямной паверхні (мацерыкі, акіянічныя ўпадзіны, найбольш значныя горныя краіны, раўніны). Узніклі галоўным чынам у выніку планетарных геафізічных працэсаў і адлюстроўваюць важнейшыя прасторавыя адрозненні ў будове зямной кары. Падзяляюцца на формы меншых памераў — морфаструктуры і морфаскульптуры.
Геотопология — геатапалогія, напрамак у ландшафтазнаўстве, які вывучае падраздзяленні геаграфічнай абалонкі нізкіх таксанамічных рангаў, т. зв. геатопы (прыкладна адпавядаюць фацыі і біягеацэнозу).
Геофизика — геафізіка, комплекс навук аб Зямлі, які вывучае ўнутраную будову, фізічныя ўласцівасці і працэсы, што адбываюцца ў геасферах (атмасферы, гідрасферы, літасферы, мантыі і інш.).
Геофизика ландшафта, физика ландшафта — геафізіка ландшафту, фізіка ландшафту, напрамак у ландшафтазнаўстве, які вывучае фізічныя працэсы ў ландшафце, галоўным чынам працэсы пераносу і пераўтварэння рэчыва і энергіі ў ходзе абмену паміж элементам! і кампанентамі ландшафту.
Геохимия — геахімія, навука, якая вывучае хімічны склад Зямлі, распаўсюджанне ў ёй хімічных элементаў і іх стабільных ізатопаў, заканамернасці размеркавання хімічных элементаў у розных геасферах, за­коны іх паводзін, спалучэння і міграцыі (канцэнтрацыі і рассеянні) у прыродных геасістэмах.
Геохимия ландшафта — геахімія ландшафту, навука, якая вывучае хімічны склад, заканамернасці міграцыі хімічных элементаў у ландшаф­це. Даныя Г. л. шырока выкарыстоўваюцца пры пошуках карысных выкапняў; у медыцьшскай геаграфіі — пры вызначэнні якасці акаляючага чалавека асяроддзя, а таксама для вывучэння ландшафтаў мінулых геалагічных эпох.
Геохронологическая таблица — геахраналагічная табліца, адзіная шкала часу і падзей геалагічнай гісторыі Зямлі. Складзена на аснове вызначэння абсалютнага і адноснага ўзросту горных парод і вывучэння развіцця арганічнага свету. Падзяляецца на эры, перыяды і іншыя адрэзкі часу, якія адрозніваюцца рухамі зямной кары, утварэннем адпаведных горных парод і карысных выкапняў, рэльефам зямной паверхні, асаблівасцямі клімату, расліннасці і жывёльнага свету.
Герцинская складчатость — герцынская складкаватасць, гораўтварэнне ў верхнім палеазоі (карбон, перм). У Г. с. утварыліся горы Сярэдняй Еўропы (Цэнтральны Французскі масіў, Рэйнскія Сланцавыя горы і інш.), Урал, складкаваты фундамент Заходне-Сібірскай раўніны, частка Алтая, Цянь-Шань, многія горы Цэнтральнай Азіі (Куньлунь і інш.), большая частка Апалачаў, Капскія горы ў Афрыцы, Вялікі Водападзельны хрыбет у Аўстраліі і інш.
Гетеротрофы — гетэратрофы, арганізмы, для жыўлення якіх неабходны гатовыя арганічныя рэчывы, створаныя аўТатрофамі (галоўным чынам зялёнымі раслінамі). Да Г. належаць усе жывёлы І чалавек, некаторыя расліны (грыбы, многія паразіты і сапрафіты), мікраарганізмы.
Гигрометр—гігрометр, прылада для вымярэння вільготнасці па­ветра. Існуе некалькі відаў, найбольш распаўсюджаны — валасяны Г„ які служыць для непасрэднага вызначэння адноснай вільготнасці. Асноўная частка валасянога Г.— абястлушчаны чалавечы волас, які змяняе сваю даўжьшю ў залежнасці ад вільготнасці паветра. Змены даўжыні воласа пры дапамозе стрэлкі фіксуюцца на шкале, дзе нанесены дзяленні адноснай вільготнасці ў працэнтах.
Гигрофилы — гіграфілы, наземныя расліны і жывёлы, прыстасаваныя да існавання ва ўмовах высокай вільготнасці (дажджавыя чэрві, жабы і інш.). Жывуць і растуць на забалочаных тэрыторыях, у вільготных лясах, на поймах рэк, па берагах вадаёмаў, у глебе.
Гигрофобы — гіграфобы, наземныя жывёлы, якія пазбягаюць залішняй вільготнасці ў канкрэтных месцах пражывання (напрыклад, на вільготных лугах мурашкі-лазіі пасяляюцца на больш сухіх купінах).
Гидрогеология — гідрагеалогія, навука аб падземных водах, якая вывучае іх састаў, уласцівасці, паходжанне, умовы фарміравання рэсурсаў падземных вод, узаемадзеянне з горнымі пародамі, паверхневымі водамі і атмасферай.
Гидрограф — гідрограф, графік змянення расходаў вады за год або частку года (сезон, разводдзе або паводка) у дадзеным створы вадацёку. Будуецца па сярэднясутачных расходах вады.
Гидрографическая сеть — гідраграфічная сетка, сукупнасць рэк, азёр. балот на якой-небудзь тэрыторыі. Залежыць галоўным чынам ад клімату, характеру горных парод і рэльефу.
Гидрография — гідраграфія, раздзел гідралогіі сушы, які апісвае рэкі, азёры, вадасховішчы і іх асобныя часткі з якаснай і колькаснай характарыстыкай іх становішча, фізіка-геаграфічных умоў, рэжыму і гаспадарчага выкарыстання, а таксама вывучае суднаходныя трасы.
Гидрократические движения земной коры — гідракратычныя рухі зямной кары, рухі зямной кары, якія садзейнічаюць пашырэнню плошчы мора (трансгрэсіі). Буйныя апусканні зямной кары і трансгрэсіі назіраліся ў кембрыі, ардовіку, сілуры, дэвоне, карбоне і меле.
Гидролакколит — гідралакаліт, пагорак у выглядзе купалападобнага ўзвышэння (вышынёй 30—40 м, дыяметрам 300—400 м) з ледзяным 62
ядром. Утвараецца ў абласцях развіцця шматгадовамёрзлых горных парод у выніку павелічэння аб’ёму падземных вод пры іх замярзанні. Звычайна існуюць на працягу некалькіх год. У Расіі, напрыклад, характэрны для некаторых раёнаў Якуціі і Забайкалля.
Гидрологическая сеть — гідралагічная сетка, сукупнасць гідралагічных станцый і пастоў, размешчаных у межах якой-небудзь тэрыторыі (рачнога басейна, адміністрацыйнага раёна) такім чынам, каб забяспечыць вывучэнне і назіранне за воднымі аб’ектамі і іх рэжымам.
Гидрологическая станция — гідралагічная станцыя, установа, якая вывучае гідралагічны рэжым рэк, азёр, мораў, вадасховішч, балот, ледавікоў на пэўнай тэрыторыі з мэтай аператыўнага абслугоўвання народ­ная гаспадаркі. Г. с. звычайна падпарадкавана сетка гідралагічных пастоў.
Гидрологический год — гідралагічны год, бесперапынны дванаццацімесячны перыяд, выбраны такім чынам, каб у яго межах завяршыўся поўны гадавы гідралагічны цыкл кругавароту вады. Ва ўмовах умеранага клімату за пачатак Г. г. умоўна прымаецца 1 кастрычніка або 1 лістапада, калі пераходзячыя з году ў год запасы вільгаці найменшыя; зімняе паўгоддзе — з 1 кастрычніка (лістапада) па сакавік (красавік), лет­ние— з красавіка (мая) па верасень (кастрычнік).
Гидрологический режим — гідралагічны рэжым, сукупнасць характэрных змяненняў стану водных аб’ектаў у часе, абумоўленых кліматычнымі асаблівасцямі басейна.
Гидрологический сезон — гідралагічны сезон, частка гідралагічнага года, на працягу якой водны або лёдавы рэжым рэк характарызуецца радам агульных рыс фарміравання, абумоўленых сезонным! зменамі клімату. Ва ўмераных шыротах, напрыклад у Беларусі, выдзяляюць 4 се­зоны: вясна (разводдзе), лета (межань), восень (паводкавы перыяд) і зіма (межань).
Гидрологическое районирование — гідралагічнае раяніраванне, раздзяленне паверхні мацерыка, краіны, рэгіёна або іх частак на асобныя ўчасткі (раёны), аднародныя па характару воднага балансу і гідралагічнаму рэжыму паверхневых і грунтавых вод. Ажыццяўляецца па ўліку колькасных і якасных адрозненняў воднага балансу, воднага або лёдавага рэжыму розных тэрыторый.
Гидрология — гідралогія, навука, якая вывучае прыродныя воды; з’явы і працэсы, што ў іх адбываюцца. Прадметам Г. у шырокім яе разуменні з’яўляюцца ўсе віды вод гідрасферы: акіяны, моры, рэкі, азёры, вадасховішчы, балоты, падземныя воды, а таксама воды атмасферы. Падраздзяляецца на Г. сушы і акіяналогію.
Гидрология ледников — гідралогія ледавікоў, напрамак у гідралогіі, на стыку яе з гляцыялогіяй. Вывучае водаабмен паміж ледавікамі і акаляючым асяроддзем, фізічныя працэсы назапашвання і перамяшчэння вады па паверхні ледавікоў, у тоўшчы лёду і пад ім, водны баланс ледавікоў, уплыў талых вод на рэжым рэк з ледавіковым жыўленнем.
Гидрология рек — гідралогія рэк, раздзел гідралогіі сушы, які вывучае заканамернасці фарміравання рэк і працэсаў, што ў іх адбываюцца, у цеснай узаемасувязі з фізіка-геаграфічнымі і кліматычнымі ўмовамі, а таксама гаспадарчай дзейнасцю чалавека.
Гидрология суши — гідралогія сушы, навука, якая вывучае паверхневыя воды сушы: рэкі, азёры, вадасховішчы, балоты і ледавікі; раздзел гідралогіі. Адпаведна аб’ектам вывучэння Г. с. падзяляецца на гідралогію рэк (вучэнне аб рэках, патамалогію), лімналогію (азёразнаўства), балотазнаўства і гляцыялогію (навука аб ледавіках).
Гидросфера — гідрасфера, водная абалонка Зямлі. Аб’ём звыш 1800 млн км3. Складаецца з водаў Сусветнага акіяна (1370 млн км3) і водаў сушы (звыш 90 млн км3); астатнія воды знаходзяцца ў атмасферы і ў звязаным стане ў зямной кары, жывых істотах. Багацце вадой — касмічная асаблівасць Зямлі. Галоўная маса вады (97,2 %) —салёная акіянічная. Прэсныя воды складаюць толькі 2,8 %; 2,15 % знаходзіцца ў ільдах і толькі 0,65 % у вадкім стане (рэкі, азёры, падземныя воды).
Гидротермальные месторождения — гідратэрмальныя радовішчы, залежы карысных выкапняў, якія ўтвараюцца пры асаджэнні ў нетрах Зямлі рэчываў, раствораных у рухомых гарачых мінералізаваных водах. Г. р. складзены комплексам мінералаў, у склад якіх уваходзяць сярністыя злучэнні, вокіслы, карбанаты і сілікаты. Да Г. р. належаць месцараджэнні руд каляровых металаў, а таксама радыеактыўных руд.