Выдавец: Медысонт
Памер: 594с.
Мінск 2016
ПРА МОВу РЫГВЕДЫ
Хвалебны РВ створаныя на стараіндыйскай мове, якая належыць да індаэўрапейскае сям'і моў. Гэтая сям'я ўлучае мноства групаў, сярод якіх варта адзначыць славянскую (беларуская, украінская, расейская, польская ды інш.), балцкую (літоўская, латыская), германскую (ангельская, нямецкая, ісьляндзкая, швэдзкая ды інш.), раманскую (мовы, што паходзяць ад лаціны: француская, італьянская, гішпанская ды інш.), кельцкую (ірляндзкая, валійская ды інш.), анапіалійскую (мёртвыя мовы, перадусім хецкая), a таксама такія асобныя мовы, як старагрэцкая (і яе нашчадак сучасная грэцкая), армянская ды інш. Стараіндыйская мова разам з моваю стараіранскага помніка Авэсты ўваходзіць у індаарыйскую групу моваў.
Сярод усіх і.-э. моваў стараіндыйская адна з найархаічных. У заходнім мовазнаўстве прынята адрозьніваць мову РВ і сумежных помнікаў ад пазьнейшае, пасьляведавае мовы эпасу, клясычнай індыйскай літаратуры ды навукі. Першую называюць ведычнаю моваю, другая ж завецца санскрытам. Як цьвердзяць навукоўцы, адрозьніваюцца яны ня толькі часава, але й прасторава: мова РВ належала да паўночнага захаду Індастану, у той час, як клясычны санскрыт фармаваўся з гаворак, пашыраных у цэнтральнай частцы паўночнай Індыі.
У індыйскай мовазнаўчай традыцыі такога радыкальнага разрозьненьня няма. Галоўная стараіндыйская граматыка, створаная недзе ў 5-4 ст. да н.э. настаўнікам Паніні (panini-), апісвае абедзьве мовы як адмены аднае мовы, якая пазьней атрымала назву санскрыт (samskrta-), што даслоўна азначае '[мова] узробленая ды ўпрыгожаная'. Санскрыт процістаіць народным мовам Індыі, якія называюцца пракрытамі (prakrta'прыродны'). Такім чынам, мова РВ, часава перадуючы
граматыцы Паніні, па яе стварэньні была аўтаматычна "перапісаная" паводле новых правілаў ды ўпісаная ў новую сыстэму. Менавіта з гледзішча правілаў Паніні аналізуе мову РВ Сайана ў сваім камэнтары. Гэтае традыцыйнае гледзішча прынятае і аўтарам дадзенага перакладу, пагатоў і на Захадзе можна нярэдка сустрэць такое шырокае ўжываньне тэрміну санскрыт. Дзеля яснасьці тое, што ў граматыцы Паніні датычыць мовы Ведаў, называюць таксама vedic Sanskrit ведавым санскрытам.
Мова РВ вельмі архаічная. На адрозьненьне ад клясычнага санскрыту яна мае танічны націск, які палягае ў павышэньні тону на адным з галосных слова (у беларускай, дапрыкладу, націск дынамічна-квантытатыўны, т.б. націсьнены галосны вымаўляецда даўжэй ды гучней за астатнія; падрабязьней гл. Вершаваныя памеры РВ).
У пляне марфалёгіі мова РВ уяўляе сабою клясычную сынтэтычную флекшыўную мову, г.зн. граматычныя значэньні найчасьцей выражаюцца з дапамогаю мнагазначных афіксаў, a не з дапамогаю асобных дапаможных словаў (як, скажам, у сучаснай ангельскай). Вельмі пашыраная граматычная сынанімія, т.б. аднаму граматычнаму значэньню нярэдка адпавядае некалькі формаў (як, напрыклад, бел. краінай краінаю).
Як у любой флектыўнай мове, парадак слоў у мове РВ свабодны. 3 другога боку, аднак, ён падпарадкаваны паэтычным заканамернасьцям пабудовы радка, што вынікае ў досыць складаны да разуменьня сынтакс номніка. Напрыклад, у пачатку радка, які лічыцца моцнаю пазыцыяй, нярэдка разьмяшчаюцца імёны багоў або займеньнікі, што да іх адсылаюць, незалежна ад іх сынтаксычнае функцыі ў сказе.
У абсягу лексыкі РВ вельмі супярэчлівая. 3 аднаго боку, для яе ўласьціва вялікая сынанімія лексыкі, зьвязанай з абрадам.
Так, панятку "хвалебен" у РВ адпавядае каля 50 сынонімаў. 3 другога боку, тэматыка хвалебнаў вельмі абмежаваная, таму з агульнага гледзішча лексычная разнастайнасьць РВ досыць скупая. Акрамя таго, у РВ сустракаецца нямала адзінкавых, так бы мовіць, спробных формаў, якія ў пазьнейшай літаратуры зусім не ўжываюцца.
Лексыцы РВ уласьцівая высокая сынкрэтычнасьць значэньняў. Так, слова go'карова' ўжывалася таксама ў сэнсе малака, масла, папругі з каровінай скуры. У міталёгіі ж каровы сымбалізавалі сабою ранішнія зоры, адпаведна слова gdўжывалася ў гэтым значэньні. Магло быць і наадварот: так, слова usra'карова, зара' ўзыходзіць да us'зара'.
На асаблівасьці мовы РВ паўплывала і сувязь помніка зь міталёгіяй. Найбольш яскрава гэта праяўляецца ў дзеяслове: пры згадваньні нейкага міталягічнага сюжэту дзеяслоў нярэдка ставіцца ў адмысловую форму, якая аніяк не вызначае дзеяньне часава, а толькі называе яго як факт. Такім чынам падкрэсьліваецца пазачасавасьць міту, яго актуальнасьць у тым ліку тут і цяпер. Калі ў хвалебне, дапрыкладу, ідзе гаворка пра забойства Індрам зьмея Врытры, то даўнімаецца ня толькі мінулы факт, але й тое, што Індру давядзецца паўтарыць гэты вычын зноў таму дзеяслоў можа спакойна стаяць у загадным ладзе ("о Індра, забі зьмея!"), хаця папярэдняя частка аповеду нібыта стаяла ў прошлым. Такая часавая абыякавасьць формаў дзеяслова адзначалася ўжо ў граматыцы Паніні. Таму пры чытаньні перакладу чытач заўжды мае разумець, што згадваныя ў хвалебнах міталягічныя сюжэты былі для тагачасных слухачоў не гісторыямі, а хутчэй расповедам актуальных падзеяў.
Але, бадай, найвялікшы ўплыў на мову РВ зрабіла сувязь з абрадам. Як адзначаюць дасьледнікі, першыя хвалебны РВ былі шчыльна зьвязаныя з рытулам: яны сьпяваліся
падчас рытуалу, суправаджаючы дзеяньні, якія прыгэтым адбываліся. Адсюль вынікае некалькі важных наступстваў. Па-першае, гэта вялікая пашыранасьць эліпсысу. Апускацца могуць дзеясловы (пры захаваньні напрамкавых прыслоўяў), цэлыя часткі ўсталеных выразаў, якія былі добра зразумелыя тагачаснаму слухачу, канец параўнаньняў-штампаў (напр., "як каровы", дзе апушчана "ідуць на пашу"), нават цэлыя сказы. Па-другое, гэта тэкставая сынанімія. Так, сынонімамі дажджу маглі быць малако, жыр, мёд, Сома.
Акрамя таго, значэньне словаў магло зьмяняцца адпаведна таму, да якой сфэры яно належала: спрыяльнай-неспрыяльнай, боства-ўгоднік. Так, слова агімагло азначаць 'сябар, часьцівы', а магло азначаць 'хцівы, чужынец, вораг' (хаця этымалёгіі для гэтых значэньняў могуць быць розныя). Корань ^das з боку ўгодніка трэба перакладаць, як 'чціць, служыць, гадзіць', а збоку боства як 'дарыць, рачыць'.
Камунікацыйны характар хвалебнаў вызначыў яшчэ адну цікавую асаблівасьць мовы РВ: фактычнае неразрозьненьне другой і трэцяй асобы ў дзеяслове. У суседніх радкох да бога могуць зьвяртацца на "ты", а потым тут жа пераходзіць на "ён". Іншымі словамі, значэньне мела толькі апазыцыя адрасант-неадрасант, бо адзіным адрасатам хвалебну магло быць толькі боства.
Сярод найпашыраных стылістычных прыёмаў, ужываных рушамі, варта перадусім згадаць figura etymologica гульню аднакаранёвымі словамі. Яна можа быць неабавязковаю, т.б. абыгрываныя карані будуць адрозьнівацца ў розных аўтараў, а можа быць сталым прыёмам, як у выпадку імя бога Савітара, калі абыгрываецца ^sil 'пабуджаць'. Другім пашыраным прыёмам быў гукавы намёк на імя бога, якому прысьвячаўся хвалебен. Так, для імені Вішну гэта будуць словы, якія пачынаюцца складам vi, а для Індры зьбег зычных -nd(r)(перадусім, у слове indu 'кропля соку Сомы').
Трэці прыём гэта абавязковае згадваньне імені боства ў кожным слаўні: альбо наўпрост (клічная форма як правіла ставіцца ў сярэдзіну радка, а іншыя склонавыя формы часта пачынаюць радок), альбо ў выглядзе займеньніка, альбо гукавога намёку, пра што ўжо казалася вышэй. Чацьверты прыём гэта шматлікія паўторы. Паўтарацца могуць цэлыя радкі ў якасьці прыпеву, паўтарацца могуць асобныя словы ў розных месцах слаўню (анафара, хіязм, радзей эпіфара). Урэшце, тая самая думка можа выражацца некалькі разоў іншымі словамі. Што датычыць рыфмы, то ў РВ яна мае пераважна выпадковы характар. Наўмысна могуць рыфмавацца аднолькавыя склонавыя формы назоўнікаў альбо фінітныя формы дзеясловаў.
Мове РВ уласьціва знарочыстая, наўмысная цёмнасьць, заблытанасьць, недасказанасьць. у адным месцы паэт наўпрост завецца vankii'які йдзе ўлукаткі, віхляе' (РВ 1.114.4). Хвалебны могуць мець і прамую форму касмалягічных загадак brahmodya(РВ 1.164), якія супернік-руш мусіў адгадваць на хаду пад час спаборніцтваў, прымеркаваных перадусім да галоўнага сьвята Навалецьця. Нспасьвечаны ў таемную веду, зразумела, даць адказаў на іх ня мог. Эліптычнасыдь стылю РВ тлумачыцца і гэтым фактам таксама: заблытаць суперніка, правяраючы такім чынам ягоныя веды, было адною з задачаў хвалебнаў-загадак.
Цёмнаму стылю гюмніка спрыяе і тое, што сытуацыя абраду, да якога хвалебны былі адпачатку прымеркаваныя, становіць сабою памежную сытуацыю, у якой зямное й нябёснае, міталягічнае й актуальнае зьлівалася ў адно цэлае. Адпаведна, задачаю старажытнага паэта было стварэньне такога тэксту, які мог бы суадносіцца з усім адначасова, служачы адмысловым правадніком для такога "зьліцьця". У выніку перакладаць такі тэкст становіцца звышскладана, і тут магчымая толькі прыблізная перадача.
Асаблівасьцяў мовы й стылю РВ значна больш, чым было згадана тут. Ім прысьвечаныя вялікія манаграфіі, зь якімі чытач можа пры жаданьні азнаёміцца самастойна. Галоўнаю ж задачаю гэтага кароткага агляду было паказаць, што для болый-менш адэкватнага перакладу РВ нерадусім патрэбная моВа, сувымерная мовс самае РВ. Сваёю словаўтваральнаю свабодаю ды словазьмяняльнаю варыятыўнасьцю мова РВ чымсьці нагадвае мову беларускіх народных песень і замоваў у параўнаньні зь літаратурнаю беларускаю моваю. Гэтае назіраньне, выказанае ўпершыню М. Баярыным, часткова вызначыла лексычныя пошукі пры рабоце над перакладам.
У выніку чытач пабачыць у гэтым перакладзе нямала наватвораў, зьяўленьне якіх абумоўлена ня толькі імкненьнем перадаць як мага дакладней сэнс і стыль, але й само адчуваньне мовы. Нямала ў перакладзе і словаў архаічных, а таксама проста рэдкіх, у тым ліку гэта датычыць і націскаў (напр., у формах дзеяслова радавацца, якія цяпер зусім не ўжываюцца з націскам на 'у': раді/ецца; грсімада з націскам на другім складзе). Націск у складаных словах нярэдка падпарадкоўваецца рытму, таму, калі першая частка мае больш за адзін склад, яна заўсёды пішацца бяз аканьня: напр., слова многаўмелы часта трэба скандаваць менавіта з двума націскамі як многаўмелы. (!!! гэта датычыць толькі вершаванай часткі перакладу; у астатняй частцы кнігі аканьне адлюстроўваецца на пісьме, калі ў другой частцы складанага слова націск прыпадае на першы склад: багарушны; вынятак становяць словы жаротва, жортва ды некаторыя іншыя.)