Сафійка. Полацк. Родны край
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 287с.
Мінск 2017
Законы ж, сыне, учынены для людзей злых, каб тыя, баючыся смяротнай кары, утаймоўвалі сваё нахабства, не шкодзілі іншым і каб добрыя паміж злымі ў спакоі жыць маглі!..
Кожны чалавек, сыне,— прадаўжаў бацька Францыск,— павінен, маючы розум, ведаць, што ёсць злыя норавы, учынкі, бяда, бо зло — гэта і непаслухмянасць, і забойства, і нянавісць лютая, крадзеж, несправядлівасць, зайздрасць... Чаго сам сабе мець не хочаш, іншым таго не чыні!.. Памятай, сынку, што закон добры да таго, хто па закону жыве. He нам яго з табой баяцца, хай баяцца яго няправеднікі, неміласэрнікі, блуднікі, забойцы, лгары, тыя, што маці, бацьку не паважаюць.
Слухаў малы Францішак усе гэтыя наймудрэйшыя настаўленні бацькі і душой і сэрцам хацеў быць толькі дасканалым чалавекам. «Але што ўсётакі будзе з Вярзідлам і тройцаю, а цяпер ужо і не толькі тройцаю лотраў, якіх дапытваюць падручныя Грыспека?..»
— Татачка! Няўжо іх Грыспек пакарае смерцю? — пытаўся малы Францішак.
А Грыспек, аказваецца, цікавіўся не толькі зладзеямі. Ен, як і бацька Францыск, цікавіўся і ШэрШарыдлам. Дык вось, калі бацька Францыск пытаўся ў малога Францішка, да каго падобны ШэрШарыдла, то і багемскі каморнік пытаўся пра тое ж спачатку ў Вярзідлы, Гарбуна, Боцяна і Заікі, а пасля і ў наступных арыштаваных. Бо каралеўскага сакратара Грыспека вельмі ж цікавіла, хто яго нязнаны хаўруснік, хто, як і ён, цярпець не можа каралеўскага садоўніка Францыска?
Але Грыспеку пра ШэрШарыдлу нічога асаблівага не маглі сказаць ні бяззубы Вярзідла, ні бязногі Боцян, ні гундосы Гарбун, ні спалоханы Заіка. Паўтаралі адно і тое ж, як папугаі: «Частаваў пакаралеўску», «Гульдэнаў напхалі поўныя запазухі!..», «Гаварыў нібы з акцэнтам: “Памяранцэн!.. Фойгэн!..”». Вярзідлу здалося, што быў у мантыі; Боцяну, што ў кунтушы з вылётамі1 да зямлі; Гарбуну — што ў ярмолцы; Заіку — што ў чатырохвуголцы з індыйскім бліскучазялёным пяром. «Дык што, ён увесь час пераапранаўся?!» — злаваўся Грыспек,
1 Вылёты (старабел., старапол.) — доўгія — да зямлі — рукавы адзення магната ці шляхты з прарэзамі для рук.
132
АДСКАРЫНЫ ПАЧАТАК Ж
якога мучыла пытанне: з Каралеўства Польскага падасланы гэты Шарыдла ці з Вялікага Княства Літоўскага? «Галоўнае, што падасланы,— быў перакананы Грыспек. — Галоўнае, што гэты ціхенькі садоўнік не такі ціхі, калі мае ворагаў калі аж на Градчаны падсылаюць да яго Шарыдлаў!..»
Але што цікава: пра Шарыдлу сакратар Грыспек не напісаў каралю Фердынанду I ні слова. Наадварот, ведаючы пра падбухторванне, пра данос ШэрШарыдлы, Грыспек у лісце сваім да караля пісаў: «А названыя злачынцы зрабілі свае злачынствы не дзеля кашчунства і не па чужому падбухторванню, а толькі дзеля простай малой выгады, якой яны чакалі ад продажу жалязяк, як яны сказалі, прызнаючыся ў сваім злачынстве».
Што, аднак, за выгада была Грыспеку не паведамляць каралю пра падбухторшчыка? Выгада, відаць, была і не абыякая. Хаўрусу Грыспеку з ніякімі Шарыдламі не трэба. Ен сам выганіць каралеўскага садоўніка Скарыну. Сам! Кароль яшчэ можа стаць на абарону Скарыны перад рознымі Шарыдламі. Ды абароны не будзе! Пяро Грыспека — рапіра Грыспека. I так, як пяро ў Грыспекавых руках, так і лёс любімца Фердынанда I у яго ж, Грыспекавых, руках!.. Ніхто, відаць, так не падобны да ШэрШарыдлы, як ён сам — Грыспек.
А тым часам падзеі на Градчанах ішлі сваёй чарадой. 4 красавіка Грыспек пісаў Фердынанду I: «Мы лічым, што сад трэба даручыць аднаму з садоўнікаў і гэтым самым сэканоміць расходы, якія ідуць на дваіх...» Першым садоўнікам, вядома, Грыспек лічыў не Францыска, а Хугу Веліума — доктара з Фландрыі, які зусім нядаўна прыбыў для расшырэння саду Яго Каралеўскай Вялікасці. Але кароль у лістападзе гэтага ж года дасць разлік і Францыску і Веліуму. Грыспек жа, відаць, з самага пачатку ведаў, што другі садоўнік непатрэбны. Непатрэбны ён быў саду, але патрэбны Грыспеку. Караля можна было адгаварыць ад найму другога садоўніка з самага пачатку, бо і Грыспеку з самага пачатку было ясна, што ў яры за мастамі, папершае, вузка, а падругое, там заліўны луг, паводка напрадвесні заўсёды бушуе... Ды на тое Грыспек быў Грыспекам: яму трэба было займець другога садоўніка, каб затым пазбавіцца ад першага.
He! He ШэрШарыдлам быў Грыспек, бо ён не ведаў таго, што ведаў ШэрШарыдла. ШэрШарыдла ж ведаў і пра друкі доктара Францыска, і пра яго прадмовы і пасляслоўі, і пра ўсе Францыскавы каралеўскія прывілеі. I не проста выгнаць з Градчан майстра Францыска карціла Шарыдлу. Шарыдла быў пасланы на іншае. Ён заставаўся для Францыска Скарыны ў тумане. Той, хто паслаў Шарыдлу ў Прагу, заставаўся ў тумане. Грыспек проста выжываў садоўніка Францыска з Градчан, зайздросцячы светламу розуму Скарыны і пашане, якую ён
133
САФІЙКА. ПОЛАЦК. РОДНЫ КРАЙ
выклікаў не толькі ў караля Фердынанда I, але і ў многіх Грыспекавых каморнікаў. Шарыдла не выжываў Скарыну з таго ці іншага месца на зямлі,— ён павінен быў проста зжыць Скарыну са свету!..
«I ўсё ж дом — крэпасць мая. Куфар — крэпасць мая»,— мог сказаць майстар Францыск, маючы на ўвазе сваё памяшканне ў доме ксяндза Яна з Пухава. Грыспек быў усёмагутны над Багемскай каморай, над Катоўняй і ўсімі рынкамі і пляцамі Прагі, але што думаў, што пісаў, што хаваў у куфры сваім і ў душы сваёй садоўнік Францыск, таго Грыспек не ведаў. Бо інакш Грыспек быў бы другім ШэрШарыдлам.
Францыск Скарына, калі ён стаў вучоным мужам, ніколі не разумеў, як гэта людзі могуць не прымаць саджанцы, кветкі, вучонае слова, калі яно ці зза мора, ці зза гораў высокіх, ці зза далінаў далёкіх. Памяранец, ці ж ён не памяранец, калі заружовіцца пад вокнамі Багемскай каморы? Ці ж фінікаваму дрэўцу не ўсё адно, якая зямля пад ім, італійская ці чэшская? Ці ж не ўсе кветкі аднолькава прыгожаць зямлю?..
А слова, яно ўсёмагутнае, асабліва слова мудрае.
На лацінскай мове яно ці на стараславянскай, на арабскай ці на грэчаскай, нямецкай, чэшскай, слова, як бог,— над усімі. Чалавек у слове, як бог, бо тварэц слова. У слове — дух чалавечы, душа, любоў.
— Ты разумны ў мяне, малы Францішак! Разумны! — радуецца бацька Францыск. — Дзякую табе, Божа, за малога Францішка і табе, Маргарыта, гора маё, жалоба мая! Але для мяне ёсць і дні радасці — дні розуму твайго, сынку. Шарыдла! Шэрая, цёмная сіла, што пад’юджвае, што аплятае ліянамі лжы, атуманьвае зрок і думкі,— Шарыдла! Шэрасць, туман. Туманоў хапае і тут, над Влтавай і Лабай. А колькі іх, сыне, над нашымі рэкамі — над Дзвіной і Віленкай, над Дняпром, Нёманам, Ушачай, Улой, Свіслаччу і Ясельдай! Колькі над азёрамі Белай Русі!
Царства Шарыдлы — туман. Падпаўзае нячутна, ахінае — нячутна, душыць — нячутна. I ніхто нічога не бачыць у тумане. Сынку мой, будзь вятрыскам, што развейвае туман, будзь сонцам, што прабівае свае прамяні праз яго тоўшчу. I няхай на кожным прамені, як на піцы, калмацее ашмоцце слепаты, глухасці, немасці. Царства яснасці — сонца і маладзік. Няхай будуць яны, як і мне, табе, сыне, пуцяводнымі. Hi ты, ні Сімяонка, ніколі не забудзьцеся, што гэта бацька вам казаў, што гэта ён вам і пісаў, калі вас яшчэ на свеце не было, пра звяроў, што ходзяць у пустыні, знаючы ямы свае; пра птушак, што лётаюць у небе, ведаючы гнёзды свае; пра рыб, што плаваюць у морах і рэках, чуючы віры свае; і пра пчолаў і да іх падобных, што бароняць вуллі свае. I вам гэта, сыны мае, пісаў я, пішучы ратаям палёў сваіх, кавалям зброяў сваіх, сцвярджаючы, што як звяры, птупікі, рыбы і пчолы, так
134
АДСКАРЫНЫ ПАЧАТАК 'Ш
і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены пад Богам, да таго месца вялікую ласку маюць!..
«Але ці мае хто на свеце права,— разважаў у думках сваіх бацька Францыск,— за вялікую ласку да роднай зямлі кагосьці не любіць, кагосьці ненавідзець, як Грыспек, Шарыдла. А мяне, Скарыну, калі не любяць, то перш за ўсё за маю ласку найвялікую да слаўнага горада майго нараджэння Полацка, за мову.
Каго я, Францыск Скарына, падданы? Падданы перш за ўсё слова і ўсіх моваў, якія ведаю, падданы простага народнага слова Белай Русі. Вучоны муж, я і беларусін, і паляк, і немец, і чэх. I вучоная лацінская мова не перашкодзіла мне ведаць вучоную мову стараславянскую. I я горды, што простая мова майго народа паслужыла Бібліі — паслужыла грамадскаму дабру, памнажэнню мудрасці, умельства, розуму. Я горды за свой народ. He іншым якім народам, а свайму пакіну я мудрасць кніжную, замілаванне да навукі і да клопату аб спажытку дзеля душы, дзеля дабра агульнага. I ўхваляць мяне іншыя народы, бо ўмудроны кніжнасцю народ дастойны славы, дастойная яе брація мая русь, людзі паспалітыя і вы, сыны мае, браты Русы. Мара мая, мае сыны, каб вы сталі волатамі духа, народа свайго. Толькі ж ці не я сам адарваў вас ад народа свайго? Ці не аградчаніў вас я, сыны мае, ці не ў зацені куфра адно пра вырай для вас марыў, а самога слова майго вы і не разумелі? Ды ці зразумееце, бо так шмат пра мяне, бацьку свайго, не ведаеце...»
Так дні і ночы ўсё думаў і думаў бацька Францыск, у думках сваіх звяртаючыся і да Градчан, і да сыноў сваіх, і да Грыспека, што паходжваў у сваім чырвоным каптане баварскага рыцарства па Градчанах, і да Шарыдлы, які па Градчанах не паходжваў. А найбольш у думках сваіх бацька Францыск звяртаўся да роднага Полацка, да Белае Русі. Калі ж скончыцца яго вырай тут, на Градчанах? Калі ж вернецца ён сам на кругі свае і сыноў сваіх на кругі спрадвечнае бацькаўшчыны верне? Калі?!.
Чаго бацька сынам сваім сказаць не мог
Вясна на Градчаны прыходзіць рана, не тое што ў паўночным Полацку, дзе сады расцвітаюць толькі ў канцы травеня. Тут, на Градчанах, і зімы часам не бывае: у снежні снег пракінецца і растане; у студзені сцюдзёны вецер наляціць, дзьмухне разы са два — і зноў адліга; a люты тут — зусім не люты, бо ўжо ваўсю гаспадараць на Градчанах гракі. I ў чорнай мантыі разам з гракамі топчацца ўжо ў разорах
135
Л САФІЙКА. ПОЛАЦК. РОАНЫ КРАЙ
паміж саджанцаў каралеўскі садоўнік Францыск Скарына. Гракам весела: іх многа. Скарына — адзін, хоць у яры за мастамі ёсць і доктар з Фландрыі. Але іх з Францыскам збліжаюць не саджанцы, а Багемская камора, куды яны штодня наведваюцца да Грыспека. Ніяк не могуць дабіцца яны ў Грыспека выплаты належных ім за работу на Градчанах гульдэнаў.