• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сафійка. Полацк. Родны край

    Сафійка. Полацк. Родны край


    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 287с.
    Мінск 2017
    86.41 МБ
    139
    ^Ш САФІЙКА ПОЛАЦК. РОДНЫ КРАЙ
    Яго пражскі перыяд друкаў — гэта сапраўды самы высокі ўзлёт яго як друкара, кнігавыдаўца. Што значыць адна кніга «Песня песняў», аддрукаваная ў дзвюх фарбах — чорнай і чырвонай. Чорная — будзённая, чырвоная — святочная. Святочная і прыгожая, бо ўсё прыгожае, велічнае, самае любае ў ягоным Полацку называлі красным, гэта значыць прыгожым. I ён радаваўся святу чырвонага колеру, які так любіла і яго маці, і яго каханая жонка Маргарыта!..
    Але пра Маргарыту ён і не мроіў у пражскай друкарні Паўла Севярына. Яе, вільнянку, сустрэў калісьці каля Полацка падлеткам на гуканні вясны — на капішчы ля Валоўяга возера. Гучалі вяснянкі. Хлопцы вялі за срэбную вуздэчку белагрывага каня. А на ім сядзела яна, абранніца карагода, палачанскага свята гукання вясны. Калі і ў Вільню выбіраўся пасля, то не толькі дзеля вучобы. Затым і вяртання ў Вільню з Прагі баяўся не адной толькі бояззю за ўкладзеныя ў бочкі, скручаныя ў трубачкі адбіткі надрукаваных балонак, за друкарскі спрат, за дрэварыты, шрыфты буквіцаў і літараў.
    Ды пасля вяртання з Прагі ў Вільню ён бачыць найперш сябе поруч з Якубам Бабічам — віленскім бурмістрам. Бачыць сябе найперш у доме Бабіча, а не ў мураванцы ўдавы Маргарыты. Сыны! Абодва яны добра ведаюць, што такое жаль, спагада, любоў да кнігі. Але што такое аўдавець, ці ж у іхнія гады разумеюць? Ці ж разумеюць у такія гады трагедыю смерці? I ўвогуле, ці разумеюць людзі, што такое каханне?..
    Ён вяртаўся ў Вільню не да ўдавы Маргарыты. Вяртаўся, каб прадоўжыць справу свайго «кніжнага тружання», як ён сам тады гаварыў, каб пачаць Вялікую Справу Друкара і на Радзіме. I ён пачаў яе. Цяпер здавалася бацьку Францыску, што ў адзін год запар аддрукаваў ён у Вільні і «Малую падарожную кніжку», і «Апостала». Але не так было: «Малую падарожную кніжку» ён трымаў у руках у 1522 годзе, «Апостала» — толькі ў 1525 годзе. To першыя даты друку ў Вялікім Княстве Літоўскім, у Літве і Беларусі,— ягоныя даты, Скарынінскія. I яны былі толькі ягонымі, а не Маргарыцінымі. Маргарыта стала ягонаю жонкай толькі пасля смерці Юрыя Адверніка — яго равесніка, слаўнага купца віленскага.
    Маргарыта! Маці яго сыноў. Толькі грудок, жменька ўсохлай зямелькі з віленскіх могілак на самым дне куфра ягонага засталася з таго вялікага гора, у якое абярнуліся мімалётныя хвілі спазнанага ім з Маргарытай зямнога, людскога шчасця. I калі б не страціў ён Маргарыту, можа, болып міласцівы быў бы лёс і да яго сыноў?
    Вось тут і пачыналася тое, чаго ніяк не мог сказаць дзецям сваім бацька Францыск, пра што нават думаць было яму цяжка. Адныя думкі пра тое ўжо ўніжалі ягоную душу, ягоную гордую натуру. Нясцерпнаю была ўбогасць, на якую свядома асуджаў яго сакратар Багемскай каморы Фларыян Грыспек. Ды тое было стакрат нясцерпней! I хоць
    140
    АДСКАРЫНЫ ПАЧАТАК
    абаронены быў ён ад усяго таго кракаўскімі прывілеямі Жыгімонта I, ды прывілеі былі ўсё ж для бацькі Францыска толькі паперкамі, што ляжалі на дне куфра, і таго, што было на дне душы бацькі Францыска, не супакойвалі. I асабліва яго растрывожваць сталі пытанні малога Францішка, які быў проста неадчэпны ў сваёй спагадзе да катаваных у старамесцкай Катоўні, да зняволеных у ёй Вярзідлы, Боцяна, Гарбуна і Заікі. Збродам іх абзываў Грыспек. Але ж збродам ён лічыў і італьянскіх скульптараў і архітэктараў — ягоных калегаў па працы на Градчанах. Відаць, Грыспек лічыць збродам і іх, абодвух каралеўскіх садоўнікаў.
    «Зброд? Божа! Сапраўды, як зброд,— мучыўся душой бацька Францыск. — Зброд, бо сышліся тут з розных канцоў свету,— дзе тая паўдзённая Мілета, дзе той паўночны Полацк! Ці ж да таго Грыспеку, што звяла іх на Градчанах прага прыгожага, ведаў, мудрасці?! Зброд! Батанічны сад! Якая тут мудрасць? Бяры лапату, садзі! Дрэва і так расце! Вунь колькі на зямлі пушчаў, джунгляў, тайгі! I дзе тут даказаць чыноўніку з чарнільнай крывёй, што сад — гэта мудрасць. Мудрасць далучэння дрэва да гармоніі, да прыгожага...
    Думкі аб садзе заўсёды супакойвалі дуіпу Францыска, настройвалі на філасофію. I дагледжаны сад пачынаў бачыцца яму правобразам прыгожага адзінства не толькі дрэваў, кустоў, кветак, але самых розных людзей, звычаяў, моваў. Урываўся, аднак, у «сад» ягоных думак хрып Грыспека: «Збрроод!..», і, нібы чорнае ляда, нібы выпаленая, у неастылым прысаку зямля, абпальвалі ступні каралеўскага садоўніка мармуровыя лесвіцы, выкладзеныя Паолам дэ ла Стэлам з Мілеты.
    Надзвычай любячы святло, Скарына ненавідзеў цемру. I калі ён можа сёння, нібы малы Францішак, забаўляючыся, даставаць з куфра свае светлыя гады, то як даставаць яму з куфра мінуўшчыны гады змрочныя? Як дакаснуцца яму, напрыклад, да 1532 года, да тых 120 цёмных дзён і начэй, што ён адсядзеў у цямніцы пад Пазнанскай ратушай, абвінавачаны ў зладзействе, бадзянні, нявыплаце даўгоў. Ад торбы і турмы — не заракайся! А калі ты — сумленны і твой жыццёвы клопат — аб справядлівасці і мудрасці, то чаму ты не павінен заракацца ад турмы?! I ён — заракаўся, не ведаючы, не здагадваючыся, што ўжо над ім навісла пагроза арышту, суда, расправы. Суд не суд, калі ён расправа. Калі суд — расправа, то гэта не суд, а судзілішча. Да суда ў Познані не дайшло. Але ж кароль Жыгімонт I змацоўваў сваёй пячаткай не толькі прывілеі ў абарону Францыска Скарыны,— змацоўваў ён пячаткай і ўказы на ягоны арышт, на ягоны суд. Аж два ўказы змацоўваў, не падазраючы, што патурае расправе. Спроба ж расправы была не за багацце брата, якім нібыта завалодаў Францыск Скарына, а за тое, што ён нібыта ўцякае ад платы. To была ўвогуле спроба
    141
    ўД. САФІЙКА. ПОЛАЦК. РОАНЫ КРАЙ
    расправы з ім як з сакратаром і лекарам віленскага біскупа Яна, як з вучоным мужам. Расправа з пачынальнікам справы, непажаданай моцным свету гэтага — справы друкавання на мове паспалітай, вульгарнай, на мове асобнага народа. Гэта была спроба расправы за незвычайную дзейнасць. За ўпартасць у дзейнасці. Бадзягам, злодзеем, лотрам яго аб’явілі! Як расказаць пра гэта сынам сваім? Як увогуле, не паніжаючы сваёй чалавечай годнасці, прымерваць да сябе ўсе марныя, непраўдзівыя словы ганьбавання?
    Што яго ганьбуюць,— гэта было Скарыну ясна. Але чаму не пасадзілі ў якуюнебудзь вежу Чортавага бацькі ў Вільні, а далёка ад Вільні ў лёхі Пазнанскай ратушы? Пасадзілі яго, таго, хто штодзень у доктарскай мантыі сваёй уваходзіў як сакратар біскупа Яна ў вялікі Белы зал капітулы. Раптам запраторылі ў падзямельную цямніцу. Дзе ж справядлівасць?.. I як сказаць пра гэта сынам сваім?!.
    I ці ж ён вінаваты, што быў апантаны, што, хоць і разумеў, хто яго прыяцель, хто — вораг, не здолеў, аднак, ворага зрабіць прыяцелем. Застаўся незразуметы. Застаўся адзін. Што рабіць? Плакацца сынам сваім, што незразуметы, што адзін, калі ён верыць, спадзяецца, поўны надзеі: свайго — даб’ецца! I будзе ў раз трэці друкаваць усё тое, што пераклаў.
    Чаму ж ён адзін, чаму ад яго ўсе адвярнуліся, супраць яго ўсе? Альбрэхту Гаштаўту — канцлеру Вялікага Княства Літоўскага — ён прапанаваў надрукаваць Статут Вялікага Княства Літоўскага, напісаны русчызнаю. Падтрымкі не знайшоў. He падтрымалі яго друкарскую справу і ў праваслаўнай Маскве: вялікі маскоўскі князь Васілій III быў у адлучцы. Мітрапаліт Данііл прыняў яго варожа, бо справу кнігадрукавання лічыў д’ябальскай, бо ўбачыў у Скарыне ерэтыка і шпіёна з боку караля Жыгімонта I, пра якога ў пасляслоўі да «Апостала» вычыталі яму як пра «наласкавшего господаря» Францыска Скарыны. Да найласкаўшага свайго гаспадара і адаслаў друкара маскоўскі мітрапаліт Данііл.
    Але як ён, Скарына, мог пасля таго, калі ў Маскве збіраўся ў трэці раз за друкарскі варштат стаць, вярнуцца пад скіпетр Жыгімонта I? Канцлер Альбрэхт Гаштаўт першым аб’явіў бы яго здраднікам, асуджаным на вечнае выгнанне. Дык лепш быць самавыгнаннікам, як ён тут, на Градчанах, чакаючы шчаслівай пары вяртання на Белую Русь. Абавязковага вяртання ды з поўнай перамогай.
    I не гаворыць бацька Францыск сынам сваім таго, чаго сказаць не можа. I паўтарае ён ім увесь час толькі адно: «Птушкі ведаюць гнёзды свае, звяры ў пустыні — ямы свае, рыбы ў моры і рэках — віры свае... Птушак з выраю да гнёздаў сваіх нішто не стрымае!..»
    142
    АЛ СКАРЫНЫ ПАЧАТАК 
    Развітанне
    Кухарка Магдалена стаяла ў дзвярах вялікага пакоя, што вялі на кухню. Кожны дзень выходзілі з вялікага пакоя праз кухню на вуліцу бацька Францыск, малы Францішак і сама кухарка Магдалена, і ў тым не было нічога незвычайнага. Бо калі выходзілі раніцай, вярталіся апоўдні — на абед, выходзілі пасля абеду, вярталіся да вечара — на вячэру. Сёння ўсе ведалі, што бацька Францыск, выйшаўшы з вялікага пакоя, ні на абед, ні на вячэру не вернецца. Для малога Францішка незвычайнасць моманту звязвалася і з тым, што ў вялікім пакоі сёння быў і Сімяонка, хоць вучоба ва ўніверсітэце пачалася ўжо. Усю папярэднюю ноч шастаў за сценамі нудны дождж, цурчэла са страхі. На дварэ стаяла восень — слотная, непрытульная, а бацька вымушаны быў выбірацца ў Крэмс. Грыспек дапёк так, што іншага выхаду не было. Заставалася шукаць абароны і справядлівасці толькі ў караля Фердынанда I. Сыны, аднак, ведалі, што не з адным гэтым да караля выбіраўся бацька. Чым больш бушаваў у сваёй непрыязнасці да каралеўскага садоўніка Грыспек, тым больш як бы натхняўся на новы паварот у сваім жыцці бацька Францыск. I малы Францішак не раз ужо проста не пазнаваў свайго бацькі, бо хмурнасць, памаўклівасць, раздражнёнасць як бы здзьмухваліся з яго твару новай надзеяй, новымі планамі, пра якія бацька гаварыў усё больш і больш адкрыта.
    — Вільня, сыны мае, Вільня чакае вас! He магу я не вярнуць вас туды, дзе на свет вы прыйшлі, дзе маці ваша прачакалася пакланення магілцы яе... Птушкі ведаюць гнёзды свае, рыбы чуюць віры свае...
    Ды калі ўспамінаў бацька Францыск, што яго выгнала з Вільні, ён раптам змаўкаў. Пачыналіся ў яго іншыя думкі. У Вільні сярод жывых не было ўжо ні Багдана Онкава, ні Якуба Бабіча, якія дапамагалі яму.
    — He! — нанова пачынаў разважаць бацька Францыск. — Сімяонка застанецца ў Празе: кончыць універсітэт, стане доктарам у лекарскіх навуках, і тады...
    Малы Францішак з бацькам згаджаўся, але ў душы яму не хацелася пакідаць Сімяонку аднаго. Ды і як яму, Францішку, аднаму будзе ў Вільні? Тут Сімяонка з ім усё лета і ў кожную святую нядзельку бывае дома. А там?..