Шалом
Артур Клінаў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 334с.
Мінск 2010
Ён прачнуўся ад рэзкага пляску дзьвярэй. 3 трывогай зірнуўу акно. Цягнік стаяў на пэроне вялікай станцыі. Каля вагону мітусіліся нейкія людзі. «Халера, рэзкія гукі пачалі палохаць мяне. Нэрвы зусім расхісталіся. Мусіць, гэта Познань», — падумаў Андрэ і агледзеўся ў купэ. no634 сядзела пажылая пані, мабыць, яна ўвайшла на гэтай станцыі. Два ранейшыя спадарожнікі ўжо не чыталі газэтаў. Мабыць, адчуўшы, што іх дзіўны візаві не ўяўляе пагрозы, яны таксама расслабіліся і цяпер драмалі кожны ў свайм закутку.
Спаць ужо не хацелася. Выцягнуўшы з заплечніка маленькую пляшку, Андрэ зрабіў пару глыткоў. Трывога пакрысе стала адпаўзаць, і ён прыгадаў апошні мірны вечар у Бэрліне, калі яны зь есаулам вялі душэўныя размовы пра Хведара Міхайлавіча, пра вайну і мір, мастацтва, звышчалавека, Раскольнікава, старую працэнтшчыцу і Ніцшэ. Тады яны ўсё ж дамовіліся пра будучую канцэсію. Ідэя здавалася надта прывабнай, каб проста так выпусьціць яе на вецер. Вырашылі, што Андрэ вернецца ў Магілёў, а празь нейкі час прыедзе назад у Бэрлін са сьвежай візай. Пачатак новых гастроляў канцэсіянэры заплянавалі на пачатак вясны. А да таго часу Хведар падбярэ трупу, адшукае на флюмарктах неабходную амуніцыю, прыкупіць патрэбную колькасьць прускіх шаломаў, зладзіць павозкі ды ўтрасе шмат іншых пытаньняў.
У той жа дзень з раніцы яны давалі прадстаўленьне на подступах да Выспы
Музэяў. Як і раней, усё прайшло нядрэнна. Канцэсіянэры зноў сабралі неблагую касу. Публіка зь цікаўнасьцю слухала расповеды Андрэ пра падступную змову Аптанты, зьверствы імпэрыялістаў, прадажнасьць тылавых інтэндантаў, пацукоў, што заселі ў штабе, жахі Чарнобылю, балотных ваўкалакаў, сінюю водарасьць ды гістарычны разгром іхняга полку пад Псковам у дзень 23 лютага, які потым шмат гадоў адзначаўся за БугахМ як Дзень Чырвонай Арміі. Кляўся, што не вінаваты ў сьмерці Афэліі, што Палёній сам недарэчна падвярнуўся яму пад руку. Зноў нёс ахінею пра Аўстэрліц, Напалеона, Ватэрлёо. Казаў, што асабіста быў знаёмы з Розай Люксэмбург, Кларай Цэткін, кайзэрам Вільгельмам, бачыў у Разьліве Леніна, быў таемным сувязным між германскім штабам і бальшавікамі і ў сувязі з гэтым паводле службовых абавязкаў неаднаразова піў гарэлку з Камо, Арджанікідзэ, Фэліксам Дзяржынскім і нават з самім Іванам Васілевічам Чапаевым.
Некалькі разоў да яго падыходзіла паліцыя, але, пабачыўшы такое неардынарнае шоў, ня ведала, што рабіць. У такі момант зьяўляўся Хведар і тлумачыў, што яны артысты. А гэта ёсыдь ні што іншае, як вулічны пэрформанс, які дае іх трупа, што ненадоўта спынілася ў Бэрліне, перад тэатральным фэстывалем у Авіньёне. Толькі аднойчы, калі Андрэ ўжо зусім, набраўшыся нахабства, забраўся на прыступкі Домскага сабору ды пачаў з жарсьцю прапаведаваць цікаўным турыстам нешта пра Страшны Суд, пра тое, што яны немінуча адкажуць за нячуласьць і
сквапнасьць, падышоў паліцыянт і папрасіў яго прыбраць сраку з гэтай шыкоўнай паперці, перамясьціўшы яе ў якое-небудзь меней прэстыжнае месца.
У наступны дзень была субота, і з нагоды шабату Андрэ вырашыў папрацаваць толькі да трох, а потым пайсьці ды нарэшце купіць гэтыя чортавыя боты для цешчы. Бліжэй да вечара, здаўшы Хведару павозку і драўляную руку, ён разам зь Інгрыд выправіўся па крамах пашукаць нешта адпаведнае. У адным шматпавярховым шопе яны знайшлі патрэбную пару, і фасбіндэраўскі анёлак нават прымерыў яе на сябе. Пабачыўшы, як крылы анёлка раптам урасьлі ў зямлю двума чорнымі высокімі абцасамі, крыху зьніякавеўшы, Андрэ хуценька сьцягнуў зь Інгрыд боты і пабег зь імі да касы.
«Халера, а так добра ўсё пачыналася! Дзіўная рэч — жыцьцё. Увечары ты сядзіш за сталом у цёплай кампаніі й разважаеш пра старую, якой табе, дзякуй Богу, ня трэба забіваць для сьцьвярджэньня ўласнай годнасьці, а ўжо празь дзень лёс пасылае табе менавіта гэтую старую, якая сама кідаецца пад сякеру. Ты ўцякаеш ад яе, спрабуеш унікнуць гвалту, але яна ўпарта бяжыць табе напярэймы, чапляецца за ногі, б’е па шчоках, упіваецца ў руку, патрабуе, каб ты схапіў тапарышча і апусьціў цяжкое лязо ёй на галаву!»
Старая вынырнула зь цемры, калі Андрэ задаволены, у цудоўным настроі вяртаўся зь Інгрыд з крамы, трымаючы ў руках вялізарную скрынку толькі што набытых прыўкрасных дарагіх ботаў. Мінаючы сквэр паміж вуліцай Араніенбургер і
Музэйнай выспай, ён нечакана пачуў, як хтосьці за сьпінай паклікаў яго:
— Гэй, чувак! Пачакай!
Ен павярнуўся і ўбачыў тую самую — ідыёцкуіо, непазьбежную старую. На выгляд ёй было гадоў васямнаццаць: даўгалыгая, каротка стрыжаная, у цяжкім скураным паліто, падобным да таго, што было на Андрэ. Побач стаяла яшчэ адна «бабулька» — ніжэйшая, нашмат таўсьцейшая, у плямістых вайсковых нагавіцах з чаравікамі на шнуроўцы. У гэтай «бабкі» галава была цалкам паголеная, толькі на макаўцы мелася выспачка кароткіх валасоў у форме свастыкі, падобнай ці то да лішая, ці то да вялікай брыдкай радзімай плямы, парослай шэрым мохам.
«Во дзярмо! Толькі гэтых прыдуркаў нам бракавала!» — падумаў Андрэ.
Абедзьве «старыя» былі відавочна чымсьці абдзяўбаныя і тарашчыліся на яго поглядам, які не прадвяшчаў нічога добрага.
—Дай на піва! — нарэшце прагундосіла першая.
Андрэ крыху падумаў, палез у кішэнь і выцягнуў два эўра. У яго яшчэ заставалася надзея, што можна пазьбегнуць размовы з «калчаногай і крывою» невялікімі грашыма. Але адкупіцца ад непрыемнасьцяў малой крывёй сёньня відавочна не выпадала.
— Што так мала? Давай, гані бабос! Я бачыў, як ты сёньня разводзіў лахоў каля Домскага сабору.
Андрэ пачынаў нецярплівець:
— Я ў шабат фашам болыл за два эўра на піва не падаю!
—А! Дык ты яшчэ й жыд! Ха-ха! Глядзі, Тобі, які вясёлы жыд трапіўся: ён нам у суботу больш за два шэкелі не падае!
— Гэй ты, засранец! Валі адсюль! — раптам умяшалася ў гутарку Інгрыд.
—Хто засранец? Я засранец? А ну-ка, Тобі, увалі гэтай сучцы!
— Гэй-гэй, хлопцы! Спакайней! — Андрэ стаў на шляху тоўстага Тобі, які ўжо папёр з кулакамі на Інгрыд.
—Ды што зь імі размаўляць? Валіць іх, казлоў, трэба! — закіпеў таўстун і вырачыў на Андрэ свае маленькія нацыянал-сацыялістычныя вочкі.
— Здымай шалом! — прамовіў даўгалыгі. — Вам, марамоям, нельга датыкацца дасьвятыняў.
Андрэ ўжо зразумеў, што мардабою пазьбегнуць не атрымаецца, зрабіў крок назад і пракрычаў:
— А не пайшоў бы ты, Адольфік, са сваім тоўстым Борманам у дупу?
Тое, іпто здарылася далей, відавочна: «старыя» наляцелі на Андрэ, як два злыя, намуштраваныя на людзей сабакі. Адзін учапіўся ў шалом, другі пачаў калашмаціць яго кулакамі. Утварылася каша. Андрэ кінуў скрынку з ботамі і адной рукой стаў адмахвацца ад нападнікаў, іншай ён спрабаваў утрымаць на галаве шалом, які вось-вось быў гатовы сасьлізнуць зь яе. Інгрыд, падхапіўшы бот, што вываліўся са скрынкі, стала хвастаць ім «бабулек» па сьвіных лычах. Калі б не яна,
шалом, хутчэй за ўсё, пакінуў бы галаву Андрэ. Але «старым» даводзілася адмахвацца яшчэ і ад цешчынага бота, што запавольваў іх набліжэньне да мэты.
Нарэшце яны павалілі Андрэ на зямлю і прыняліся лупцаваць яго нагамі. У нейкі момант Інгрыд з усяго размаху заехала абцасам тоўстаму па воку. Той зароў ад болю і кінуўся на яе. Андрэ скарыстаўся гэтай сэкундай і, зрабіўшы рэзкі рух, паспрабаваў ускочыць, але якраз даўгалыгі нахіліўся над ім, і ў наступную сэкунду Андрэ адчуў, што шпіль шалома ўвайшоў у нешта мяккае, быццам чэлес у жаночае цела.
Падскочыўшы на ногі, ён убачыў, што Адольфік ляжыць на зямлі й храпе крывёю, якая льецца ў яго проста з горла. Наканечнік шалома патрапіў яму дакладна ў рот, пратыкнуўшы ў ім нейкія мяккія тканкі. Борман звар’яцелымі вачыма вылупіўся на даўгалыгага і ў паніцы залямантаваў:
—Забілі!!!
Андрэ, яшчэ толкам не зразумеўшы, што адбылося, са словамі: «Што, гніда! I ты хочаш?!» — падаўся на тоўстага. Той у жаху адскочыў і, мільгаючы чэрапам з касматай свастыкай, імгненна нырнуў у цемру.
—Капец! Толькі гэтага не хапала! Трэба змывацца! Патэлефануй у хуткую — можа, яшчэ адкачаюць! — Андрэ шпульнуў у скрыню цешчын бот, і яны кінуліся бегчы ў напрамку Хаакішэ Маркет. На вуліцы Інгрыд папрасіла ў выпадковага мінака тэлефон і, паведаміўшы пра месца здарэньня, выклікала хуткую дапамогу.
Далей усё адбывалася, як у нейкім кашмарным сьне. Яны дабеглі нэрвовым трушком да Хаакішэ Маркет, падняліся на прыпынак у-бану і селі ў першы-лепшы цягнік. Праехаўшы адну станцыю, выйшлі на Фрыдрыхштрасэ і рушылі ў напрамку Унтэр-дэн-Ліндэн. Адплжалі на бульвары вольную лаву, нарэшце прыселі і, .запаліўшы, моўчкі сталі асэнсоўваць тое, што здарылася. Адчыніўшы скрынку, Андрэ пабачыў у ёй толькі адзін цешчын бот.
— Чорт! Чорт! Чорт! Яшчэ і гэта! Прыдуркі!
—У рэшце рэшт, гэта быў напад. Калі ён нават і скапыціцца, цябе апраўдаюць, — прамовіла Інгрыд, зацягваючы другую цыгарэту ад яшчэ недапаленай першай.
—Можа, ён выжыве, — з надзеяй і нясьцерпным жаданьнем, каб менавіта так і адбылося, адказаў Андрэ. Думка, што ён забіў чалавека, няхай нават гэта была старая са свастыкай на ілбе, ня ўкладвалася ў галаве. Ен ня быў здольны гэтагаўцяміць. Усё, што здарылася, здавалася нерэальным трызьненьнем, тым, што магло стацца з кім заўгодна, але ня зь ім. Прызнаць гэтую думку значыла прызнаць іншую рэальнасьць, іншае жыцьцё, у якое ты раптоўна ўвайшоў хвіліну таму. Увайшоў рэзка і нечакана, быццам немавед чаму выскачыў на прыпынку мэтро і забег у цягнік, які рушыць у наўпрост процілеглым напрамку.
I цяпер, седзячы на бульвары Унтэр-дэнЛіндэн сярод шматлюднага і абыякавага натоўпу, Андрэ жадаў толькі аднаго: саско-
чыць на найбліжэйшым пэроне і вярнуцца ў ранейшы вагон. Але магчымасьць рушыць у папярэднім напрамку цяпер залежала толькі ад таго чалавека, якога пад завываньні сырэны хуткая дапамога везла ў гэтыя хвіліны па вуліцах вечаровага Бэрліну да ўжо накрытага апэрацыйнага стала пад вялікай нэонавай лямпай. На якім ён, як сьвежы ласунак, будзе зьедзены іншай вядомай старой, ці ёй давядзецца яшчэ пачакаць, здаволіўшы свой голад кімсьці другім.
— Пазьней трэба будзе празваніць шпіталі — даведацца, што зь ім, — вымавіў Андрэ, і з прыкрасьцю дадаў: — Вось крэтынізм!
Ен дастаў са скрынкі адзіны бот, скамечыў кардон і кінуў у сьметніцу. Хацеў было адправіць туды і бот, але перадумаў і паклаў яго ў заплечнік.