Шалом  Артур Клінаў

Шалом

Артур Клінаў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 334с.
Мінск 2010
70.81 МБ
Неўзабаве жоўтая «газэль» пакінула цэнтар гораду, і ён апынулася ў зоне пустак і бязьлюдных, неабжытых новабудоўляў. Углядаючыся ў закрапаныя дажджом вокны маршруткі, Андрэ падумаў: «Незразумела,
за што я люблю гэты горад. Пад восеньскім дажджом гэтыя недарэчныя раёны, дамы без намёку на архітэктуру, здаюцца яшчэ больш панурымі. Ну вось гэты дом. Якая бязглузьдзіца! Няўжо можна пачувацца шчасьлівым, жывучы ў такой халупе? He. Тут альбо ў дзэн, альбо на Марс. Праўда, тутэйшыя людзі даўно марсыяне, толькі ня ведаюць гэтага! Вось хоць бы тая баба, што сядзіць празь сядзеньне — аж галаву скруціла, разглядаючы мяне. Мусіць, думае, што я псых. А ў самой ужо даўно дзьве антэнкі з макаўкі тырчаць. Добра, пад’яжджаем. Хутка прыпынак».
Андрэ выйшаў з маршруткі і накіраваўся да доўгага дзевяціпавярховага дома, такога ж панурага, як і тыя, што ён бачыў з вокнаў машыны. Праз кепскае надвор’е народу ў двары не было. Зайшоўшы ў цёмны сьмярдзючы пад’езд, ён сеў у сьпісаны ўсялякімі непрыстойнасьцямі ліфт, націснуў напаўабгарэлую кнопку і падняўся на апошні паверх.
У хаце нікога не было. Андрэ жыў з жонкай, дзьвюма дачкамі й цешчай Мар’яй Іванаўнай у невялікай трохпакаёвай кватэры на ўскрайку Магілёва. Гадоў дзесяць назад, калі памерла ягоная маці, яны зьмянялі два пакоі ў камуналцы з выгодамі на вуліцы і двухпакаёўку жонкі на гэтую кватэру, дзе ім упяцёх усё ж такі жылося даволі цесна. 3 гэтай прычыны бальшыню часу ён праводзіў у майстэрні, якую атрымаў ад мясцовага ўнівэрсытэту затое, што некалькі разоў на тыдзень выкладаў студэнтам малюнак.
Хоць майстэрня была ня надта шыкоўная — падвальнае памяшканьне бяз вокнаў, але там Ан-
дрэ пачуваўся нашмат лепей, чым дома, і часта заставаўся на ноч, асабліва калі напаткоўвала безграшоўе і ў хаце пачыналіся доўгія нудныя сваркі. Вось і цяпер, вырашыў ён, калі ягонае зьяўленьне ў шаломе выкліча нэўратычную рэакцыю жонкі, ён возьме патрэбныя рэчы і адправіцца начаваць у майстэрню.
Пабадзяўшыся па кватэры, ён прыгатаваў гарбату і ўлучыў тэлевізар. Неўзабаве ў калідоры шчоўкнуў замок. У адлюстраваньні трумо ён убачыў, што гэта была жонка.
— Ты дзе швэндаўся? Выстава адкрылася болыл як тыдзень таму! 3 унівэрсытэту некалькі разоўтэлефанавалі, пыталіся, чаму не выходзіш на заняткі! Грошай хоць колькі прывёз? Боты купіў? А падарункі дзецям? А гэта што ў цябе на галаве?
—Ты хочаш ведаць усё адразу ці па парадку? — Андрэ ўжо зразумеў, што сёньняшнюю ноч ён правядзе ў майстэрні. — Ну слухай, мы з Генрыхам на адкрыцьці крыху выпілі!
— Што яшчэ за Генрых? Тое, што ты алькаголік, увесь горад ведае! Але ты ўмудраесься ў кожнай краіне і выпівохаў да сябе падобных знаходзіць!
— Паслухай, даражэнькая, Генрых не выпівоха! А ў гэтым горадзе, а асабліва ў нашым раёне ня быць алькаголікам проста непрыстойна.
— Слушна, бо ўсе, хто не алькаголікі, ужо даўно жывуць у катэджах у прыстойных раёнах! — Сьвета ведала пра алькагалізм усё і магла гаварыць на гэтую тэму гадзінамі. Яна куп-
ляла адмысловую літаратуру і беспамылкова ставіла дыягпаз любому, нават таму, каго бачыла ўпершыню. Як правіла, мала хто пазьбягаў гонару атрымаць ад яе званьпе алькаголіка першай, другой альбо трэцяй ступені. Нават у дзецях яна бачыла патэнцыйных выпівохаў, бо лічыла алькагалізм захворваньнем, якое перадаецца дзіцяці ў спадчыну адразу па зачацьці.
— Я ўжо даўно не алькаголік іп’ю толькі па сыстэме Хведара Міхайлавіча. Ты ж ведаеш! — Андрэ намагаўся захоўваць спакой.
— I ты, і твой Хведар Міхайлавіч — усе вы алькаголікі! Прытыму цяжкай, запушчанай форме! «Злачынства і пакараньне» толькі сапраўдны абстынэнт мог напісаць!
— Ну навошта ты так пра клясыкаў! Хочаш ведаць, што было далей? Або ў нас сёньня дыскусія аб алькагалізьме?
—Дзе боты? — нечакана запытала Сьвета, мабыць, не жадаючы слухацьусё па парадку.
— Вось! — Андрэ выцягнуў з заплечніка адзін бот.
— Што вось? А дзе другі?
— Разумееш, сонейка, у Бэрліне на мяне напалі фашысты, і бот застаўся ляжаць на полі бою.
— Няўжо? I колькі іх было?
— Каго?
— Ну, фашыстаў! Дывізія або дзьве?
— Ну, я да канца не разглядзеў. Але ня менш адной дакладна!
—Атанкі таксама былі? А авіяцыя? А падводныя лодкі? А як дывізія звалася — «Жалезная галава»?
— Ну ведаеш....
— Што ты вярзеш!!! Якія ў Нямеччыне фашысты? Усе фашысты ўжо даўно жывуць тут! I ты першы зь іх! Якая я была дурніца, што з табою зьвязалася! Колькі гадоў згубіла! Ідыётка!
— Сьветачка, не перабольшвай! Хоць, зрэшты, ідыятызм — нармалёвы стан чалавека! — Андрэ бачыў, што ў Сьвятланы пачынаецца некантраляваная псыханэўратычная рэакцыя, і каб крыху супакоіць жонку, правільней будзе падтакваць ёй.
— Скажы лепш праўду: нажэрся, як скаціна, ды пратрахаў адзін бот па дарозе!
— Так! Маеш рацыю! Мы напіліся з Хведарам да сьвінскага віскату і ўтапілі адзін бот у Шпрэе! Як Муму! Памятаеш Муму Чэхава? Іёрасім выплыў на сярэдзіну возера, прывязаў камень да шыі і ўтапіў сабачку. Ня ведаю, чаму мы так зрабілі! Сам не магу растлумачыць!
—Таму што ты крэтын! I нават ня ведаеш, што «Муму» напісаў Тургенеў!
— Так, так, прабач, вядома, Тургенеў!
— Камень вялікі прывязалі?
—Да чаго?
—Да бота!
—Дзьве цагліны. Абматлялі ізастужкай.
—А лодку дзе ўзялі?
— Мы з моста тапілі. Ведаеш, такі маленькі масток каля Бодэ-Музэўм.
— Герасім з вамі таксама быў?
— Герасім ня змог, яго кудысьці выклікалі.
—А другі бот чаму пакінулі?
— He пасьпелі. Пад’ехала паліцыя, давялося тэрмінова ногі рабіць!
— Няхай так. А потым што?
— Потым я апрануў паранджу і неадкладна зьехаў з Бэрліну!
—Якую паранджу?
— Вось гэтую! — Андрэ дастаў з заплечніка паранджу.
—Ах! Вось гэтую? Я так разумею, гэта і ёсьць сукенка, якую ты прывёз мне.
— Увогуле тое... Калі табе падабаецца, канечне!
—Яшчэ б не спадабалася! Якая прыгажосьць! Я заўтра ж апрану яе на заняткі ў школу! Уяўляю, як абзайздросьцяцца мае калегі. Асабліва дырэктрыса Вера Пятроўна будзе ў захапленьні! Уяўляю, як палезуць на лоб яе акуляры, калі яна ўбачыць мяне ў паранджы!
—А гэты прыўкрасны падарунак, як я разумею, ты купіў сабе? — Сьвета паказала на шалом.
— Сьветачка, гэта больш за падарунак! Я вырашыў пачаць новае жыцьцё і ніколі болып не здымаць шалома з галавы! Ужо дзесяць дзён я нашу яго, бо ўсе, увесь навакольны сьвет проста прымушае мяне рабіць гэта! А аднойчы ўначы яго нават хацелі скрасьці. Мне давялося прымацаваць шалом да галавы скотчам!
—Ай! Ай! Няшчасны! Які кепскі сьвет! Якія нядобрыя людзі! Мусіць, дарагая рэч?
— Гандляр у Боне прасіў пяцьсот эўра, але я старгаваўся за чатырыста восемдзесят!
— Чатырыста восемдзесят!!! Але ж, зусім нядорага за такую прыгажосьць!
— Паглядзі, як зіхаціць! Цудоўны прускі шалом! У добрым стане. Дыхтоўная праца пачатку мінулага стагодзьдзя!
— I ў нас пачнецца новае жыцьцё? Мы будзем па суботах шпацыраваць па вуліцы Леніна: я ў паранджы, а ты, мой прынц, у гэтым цудоўным прускім шаломе?
— Канечне! I дачушак возьмем, і Мар’ю Іванаўну!
— I Мар’я Іванаўна абуе свой адзіны чырвоны бот? I будзе сьвяціць сонейка, і птушачкі будуць цвыркаць?
— Так! I квітнець ружы! А вакол матылькі! Такія вялікія белыя матылі! I неба будзе блакітнае-блакітнае, як на карцінах Буяна!
— Каго?
— Неістотна!
—I мы падыдзем да шапіка з марозівам і купім пяць эскімо ў шакалядзе?
—А потым сядзем за столікі ў летняй кавярні! Я замоўлю вам ліманад і крэм-бруле, а сабе вазьму куфаль халоднага піва!
— I ўсе будуць зайздросьціць нам і шаптацца: якая цудоўная пяра!..
—Так, так...
— Паразыт!!! Крывасмок!!! Падонак!!! Ды ў цябе ж белая гарачка!!! — раптам закрычала Сьвета. — Табе ж далі грошы на боты і пакупкі! Дзе гэтыя грошы?
— Вось! Яны тут! — Андрэ паказаў пальцам уверх.
Сьвета налілася чырваньню і, выкаціўшы вочы, залямантавала:
— Ты што, ідыёт?!! Аддаў чатырыста восемдзесят эўра за гэтую дрэнь?!!
— He перабольшвай! Гэта ня дрэнь! Прыўкрасны прускі шалом. Між іншым, у добрым стане!
— Як ты мог пасьля гэтага прыперціся сюды?!! Ты мусіў самутапіцца ў Шпрэе разам са сваім Хведарам і Герасіма на шыю павесіць! — з гэтымі словамі жонка схапіла чырвоны бот і запусьціла ім у Андрэ. Бразнуўшы абцасам аб шалом, бот адляцеў ад яго галавы. Тады Сьвета кінулася з кулакамі, але, балюча стукнуўшыся аб клыкі Валенрода, адскочыла і, схапіўшыся за руку, села на канапу.
— Тое, што ты алькаголік, крэтын, прыдурак, я ведаю! Але аднаго не магу зразумець... Растлумач, навошта ты гэта зрабіў? Чаму на апошнія грошы купіў гэтае паскудзтва? Скажы, які, ну які ў гэтым сэнс?
— Ён ёсьць, гэты сэнс! Дзе ён? Што ён? Сядзець усё жыцьцё ў вас пад абцасам? Хопіць!!! Дастала!!! Надакучыла!!! He жадаю!!! Замест вашых абцасаў я купіў свой абцас! Вялікі абцас! Залаты абцас! На ўсю галаву абцас! Аб чым не шкадую. I я не зьбіраюся яго ніколі здымаць! Чуеш?!! Ніколі!!! На злосьць вам усім ні-ко-ліне-зды-маць!!!
— Вымятайся з маёй хаты!!! Крэтын!!! Ладна я — хоць бы пра дачок падумаў! Хто іх возьме замуж з бацькам-ідыётам, які цягаецца па Магілёве з абцасам на галаве?! Правальвай да д’ябла!!! I ня ўздумай заяўляцца сюды, пакуль у цябе гэтая хрэнь на галаве!!! Прэч!!! Наўдурак
на белым кані! Прэч!!! Крывасмок! Прэч адсюль!!! Геній недароблены!
Апошняя Сьветчына фраза разьбілася аб ягоную галаву ўжо ў пад’езьдзе. Парцалянавая ваза бразнулася аб шалом і са звонам рассыпалася па пляцоўцы. Стрэсшы з плечаў аскепкі, распасьцершы перапалоханых Сьвятаполка і Валенрода, Андрэ ў ганарлівым маўчаньні выйшаў з дома.
Прыехаўшы ў майстэрню, Андрэ раскінуў на падлозе матрац і заснуў. Наступнага дня ён мусіў рана ўзьняцца і пайсьці ва ўнівэрсытэт на заняткі. Тое, што казала Сьвета пра званкі з катэдры, было праўдай. Зьязджаючы ў Нямеччыну, ён дамовіўся, што напрыканцы верасьня зьявіцца на працы. Але ён затрымаўся на тыдзень, таму калегі ўжо некалькі разоў тэлефанавалі, каб даведацца, ці зьбіраецца ён сёлета пачынаць заняткі.
Што праўда, працу гэтую ён ня надта любіў, аднак залежаў ад яе — ня столькі ў сэнсе мізэрнага заробку, але хутчэй праз майстэрню, якая апошнімі гадамі заставалася ягоным галоўным сховішчам, дакладней, бомбасховішчам у Магілёве. Гадзінаў ва ўнівэрсытэце Андрэ вёў нямнога і выходзіў на заняткі толькі па аўторках, серадах і пятніцах. А заўтра якраз была серада, таму ён мусіў нарэшце паўстаць перад студэнтамі — будучымі пэдагогамі ў вясковых школах.