Санеты. Трагедыі
Вільям Шэкспір
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 479с.
Мінск 1989
ПАЛОНІЙ
А ў мяне ёсць свежыя навіны, прынц.
ГАМЛЕТ
I ў мяне ёсць свежыя навіны. Калі Росцый быў акцёрам у Рыме...
ПАЛОНІЙ
Акцёры прыехалі, прынц!
ГАМЛЕТ
Быць не можа!
ПАЛОНІЙ
Дальбог...
ГАМЛЕТ
«I кожны ехаў на асле...»
ПАЛОНІЙ
Найлепшыя акцёры ў свеце — для выканання камедый, трагедый, гісторый, пастаралей, п’ес пастаральна-камічных, гістарычна-пастаральных, трагічнагістарычных, трагічна-камічна-гістарычна-пастаральных, сцэн непадзельных. I Сенека ім не лішне цяжкі, і Плаўт ім не лішне лёгкі. Для тэкстаў пісаных і тэкстаў няпісаных — незаменлівыя людзі.
ГАМЛЕТ
«Іефай, ізраільскі суддзя», якім вялікім скарбам ты валодаў!
ПАЛОШЙ
А якім ён валодаў скарбам, прынц?
ГАМЛЕТ
Якім?
«Была ў яго адна дачка —
Адзіначка-каханачка».
ПАЛОНІЙ
(убок)
Усё пра маю дачку.
ГАМЛЕТ
Што, мо няпраўда, стары Іефай?
ПАЛОНІЙ
Калі вы мяне называеце Іефаем, прынц, то ў мяне ёсць дачка, якую я вельмі люблю.
ГАМЛЕТ
Там гэтага не сказана.
ПАЛОНІЙ
А што там сказана, прынц?
ГАМЛЕТ
Што?
«I паслаў яму лёс,— А далей ты ведаеш.— Прычакаў ён таго, што спаткала яго». Працяг ты знойдзеш у першым радку каляднае песні. Выбачай, мая пацеха блізіцца.
Уваходзяць а к ц ё р ы.
Прывітанне вам, майстры! Заходзьце, калі ласка! — Вельмі рад, што ты тут.— Прывітанне вам, сябры мае.— А, мой стары прыяцель! Што гэта ў цябе за махры на твары? Іх жа раней не было. Ці не думаеш ты сваёю барадою засланіць ад мяне Данію? — А-а! мая паненачка, мая панначка! Маці божая, якая высокая! Стала бліжэй да неба з таго часу, як мы бачыліся, на цэлы абцас. Дай божа, каб твой голас не патрэскаўся, як чырвонец, якім не карыстаюцца. Майстры, вітаю вас. Мы, як французскія сакольнічыя, паляцім на першае, што ўбачым. Зараз жа рыхтуйце прамову. Дайце ўзор вашага мастацтва. Гарачую прамову! ПЕРШЫ АКЦЁР
Якую жадаеце, прынц?
ГАМЛЕТ
Аднойчы я чуў, як ты гаварыў маналог; яго не давалі на сцэне, а калі давалі, то не больш аднаго разу, бо п’еса, помніцца мне, не спадабалася гледачам. Для большасці гэта была ікра, недаступны далікатэс, але то была (як успрыняў я і другія, чыя думка ў пытаннях мастацтва перавышае маю) — дасканалая п’еса, удала падзеленая на сцэны, напісаная тонка і проста. Я помню, нехта сказаў: у вершах няма прыправы, каб закрасіць змест і зрабіць яго смачным, але сэнс кожнае фразы сведчыць аб шчырасці аўтара. Ён назваў яго метад здаровым і добрасумленным, прыгожым без афектацыі. Найбольш мне спадабаўся ў ёй адзін маналог: Энеева апавяданне Дыдоне, асабліва той урывак, дзе ён расказвае аб забойстве Прыяма. Калі ён жыве ў тваёй памяці, пачні з гэтага радка; чакайце, чакайце.
«Суровы Пір, як той гірканскі звер...» He так; пачынаецца з Піра.
«Суровы Пір, што быў у чорнай зброі,
Такой жа чорнай, як яго намеры, Як тая ноч, калі ў кані злавесным Ён, грозна прытаіўшыся, ляжаў, Сваю пахмурна жудасную постаць Цяпер размаляваў яшчэ страшней; Чырвоны ўвесь ад ног да галавы, Умурзаны у кроў мужоў і матак, Дачок, сыноў, у полымі падпалаў, Якімі асвятляўся шлях забойчы, Раз’юшаны агнём, злабой і кроўю, Што накарэла згусткамі, з вачамі, Як два карбункулы, пякельны Пір Выгледжвае старэнькага цара Прыяма...»
Ну вось, гавары далей.
ПАЛОНІЙ
Дальбог, прынц, вы добра прачыталі, і вымаўленне добрае, і вытрымана ўсё, як трэба.
ПЕРШЫ АКЦЁР
«Раптам ён яго знаходзіць
У бойцы з грэкамі. Прыямаў меч He слухаецца больш рукі нядужай, Дзе ўдарыць, там і ляжа. Нібы звер, У бой няроўны кідаецца Пір;
Са страшным свістам меч яго узвіўся I аглушыў бяссільнага Прыяма, I ён упаў. Змярцвелы Іліён, Нібы адчуўшы на сабе удар, Агністае чало схіліў, хіснуўся I паваліўся. Енк і страшны грукат Чаруюць Піра. Гляньце, меч яго, Занесены над снежнай галавой Цара Прыяма, вісне у паветры. Нібы тыран, намаляваны пэндзлем, Пастылы Пір стаіць, не давяршае Ліхое справы.
Але, як часта бачым перад бурай: У небе цішыня, як горы хмары, Вятры нямеюць, і зямля унізе Ляжыць панурая, як смерць, і — трах! Вось ляснуў, бліснуў грамавы пярун,— Дрыжаць прасторы... Так пасля зацішша Ізноў да помсты ірвануўся Пір. Яшчэ ніколі кавалі-цыклопы
He білі малатамі ў Марсаў панцыр Так ярасна, як Пір мячом крывавым Прыяма біў і сек.
Прэч, прэч, Фартуна-здрадніца! О богі, Паўстаньце ўсе на подлую і кола Разбіце ёй, зламайце спіцы, вобад, А шворан так шпурніце з вышыні, Каб даляцеў да д’яблаў!»
ПАЛОНІЙ
Доўга вельмі.
ГАМЛЕТ
Трэба пакараціць, як і тваю бараду.— Будзь ласкаў, гавары, не слухай. Калі няма скокаў альбо пахабшчыны, ён спіць. Гавары далей. Цяпер пра Гекубу. ПЕРШЫ АКЦЁР
«Ці бачыў хто пакутніцу-царыцу...»
ГАМЛЕТ
Пакутніцу-царыцу?
ПАЛОНІЙ
Гэта добра; пакутніцу-царыцу — добра.
ПЕРШЫ АКЦЁР
«Як з плачам бегла босая яна, Слязамі горкімі пажар гасіла; Замест вянца на галаве ануча, Худыя лоні, змучаныя ў родах, Наспех прыкрыты посцілкай. О гора! Хто б гэта бачыў, той гадзючай слінай У твар Фартуны плюнуў бы. О богі, Дзе вы былі ў той час, калі яна Угледзела, як мужавае цела Крышыў мячом асцервянелы Пір? Нялюдскі лямант залунаў над трупам,— Яна рыдала. Богі, каб хоць кропля У вас была спагады, то з вачэй Нябесных, ясных паліліся б слёзы, I вы б не выцерпелі...»
ПАЛОНІЙ
Глядзіце, ён змяніўся з твару, ён плача. Калі ласка, даволі.
ГАМЛЕТ
Добра, рэшту мне даскажаш пасля.— He палічыце за клопат, пане, прыняць і пачаставаць акцёраў. Глядзіце, абыходзьцеся з імі добра. Гэта наглядчыкі і лета-
пісцы часу. Лепей табе мець пасля смерці паганую эпітафію, чым благое слова ад іх пры жыцці.
ПАЛОНІЙ
Прынц, я прыму іх як належыць.
ГАМЛЕТ
Прымі іх лепей. Каб кожнага прымалі як належыць, наўрад ці знайшоўся б такі чалавек, якому б не належала даць у морду. Прымі іх як належыць твайму гонару і тваёй годнасці. Чым меншыя ў іх заслугі, тым большага будзе варта твая дабрата. Вядзі іх.
ПАЛОНІЙ
Прашу вас.
ГАМЛЕТ
Ідзіце за ім, сябры. Заўтра мы даём спектакль.
Выходзяць П алоній і а к ц ё р ы, за выключэннем першага.
Паслухай, стары прыяцель, ці можаце вы сыграць «Забойства Ганзага»?
ПЕРШЫ АКЦЁР
Можна, прынц.
ГАМЛЕТ
Вось гэта мы і дадзім заўтра ўвечары. А ці можна, у выпадку патрэбы, вывучыць маналог, так радкоў на дванаццаць альбо на шаснаццаць, які я напішу і ўстаўлю ў п’есу, можна будзе, а?
ПЕРШЫ АКЦЁР
Можна, прынц.
ГАМЛЕТ
Вельмі добра. Ідзі за гэтым чалавекам... Толькі, будзь ласкаў, не рабі з яго жартаў.
Першы акцёр выходзіць.
Дарагія сябры мае, я развітаюся з вамі да вечара. Рад вас бачыць у Эльсіноры.
РАЗЕНКРАНЦ
О найдабрэйшы прынц!
Разенкранц і Гільд энст э рн выходзяць.
ГАМЛЕТ
Бывайце ўсе, і — я адзін цяпер.
Якая дрэнь, які нявольнік я!
I мне не сорамна!.. Вось тут акцёр
У пустаце, у выдуманым горы
Аддаў душу ва ўладу уяўлення: Ў запале творчым пабляднеў увесь, Набеглі слёзы буйныя на вочы, Зламаўся голас, твар яўляе роспач, I кожны рух яго уторыць марам. А ўсё дзеля чаго? Дзеля Гекубы! Што ён Гекубе, што яму Гекуба, Каб так аб ёй рыдаць? Што ён зрабіў бы, Каб меў прычыну сталую ддя смутку, Як я!.. Ён бы заліў слязамі сцэну, Грамадскі слых рассек бы страшным словам, Давёў бы вінаватых да вар’яцтва, Бязвінных да адчаю, слепакам Адкрыў бы вочы, ўзварушыў бы ўсіх, I ўсе б зжахнуліся. А я,— Балван, нікчэмная разява, я Стаю, ўздыхаю, як дзіця малое, He ведаючы сам, чаго мне трэба;
Маўчу, не заступаюся ні словам За бацьку роднага, скарб і жыццё Ў якога ўкрадзены агіднай здрадай, Я — баязлівец?
Гэй, вы! Хто абзаве мяне падлюгай?
Хто дасць у морду мне? За нос пацягне? Хто вырве бараду і ў твар мне кіне?
Хто скажа «здраднік», «хлус», абразу ўсадзіць У горла мне да самых лёгкіх? Хто?
Эх!
Я б гэта выцерпеў, не абазваўся б; Я — голуб, печань у мяне без жоўці, Каб горыч крыўды адчуваць, a то Даўно ўжо накарміў бы ўсіх варон Раба разлезлым трупам. Блудадзей! Паскуднік, крывапівец, гад, падлюга! О, я адпомшчу!
Ну і асёл жа я! Які адважны! Сын любага, загубленага бацькі, Закліканы да помсты небам, я Душу адводжу лаянкай, як шлюха, Мялю ўпустую языком, як баба, Як пакаёўка.
Цьфу, брыдка, брыдка! Цьфу! Мазгі да справы! Гм? Чуў я, што ў тэатры ліхадзеі Бывалі так мастацкаю ігрою
Узрушаны часамі, што нарэшце Публічна прызнаваліся ў злачынствах. Дык вось няхай акцёры перад дзядзькам Пакажуць што-небудзь, што б нагадала Яму забойства брата. Пагляджу, Што будзе з гэтага, як ён успрыме. Калі ён дрогне,— ясна ўсё. Той дух Мог быць і д’яблам, д’ябал жа умее З’яўляцца ў вобразе спакусным. Так, Магчыма. Я аслаб, засумаваў;
Ён гэтым карыстаецца і хоча Згубіць мяне. Патрэбен цвёрды грунт. Паставім п’есу: пастка і пятля,— I выявім сумленне караля.
(Выходзіць.)
АКТ ТРЭЦІ
Сцэна першая
Пакой у замку.
Уваходзяць кароль, каралева, Палоній, Афелія, Разенкранц і Г і льд эн ст э рн .
КАРОЛЬ
I вы ніяк не можаце дазнацца, Што значыць гэты бунт, што затрымала Так раптам плынь яго спакойных дзён
I ўкінула яго у вір шаленства?
РАЗЕНКРАНЦ
Ён прызнаецца, што яму нядобра;
Але, чаму нядобра, не гаворыць.
ГІЛЬДЭНСТЭРН
I нельга выведаць; як толькі мы
Яго на шлях прызнання накіруем, Ён ухіляецца з вар’яцкім спрытам У іншы бок.
КАРАЛЕВА
А як ён вас прыняў?
РАЗЕНКРАНЦ
Зусім прыстойна. ГІЛЬДЭНСТЭРН
Але занадта стрымліваў сябе.
РАЗЕНКРАНЦ
Пытаўся мала: больш адказваў сам,
I вельмі востра.
КАРАЛЕВА
А вы не прабавалі намякнуць
Яму на гульні?
РАЗЕНКРАНЦ
Вашая вялікасць, Дарогай нам сустрэліся акцёры, Аб гэтым мы паведамілі прынцу;
I ён адразу нейк павесялеў.
Яны ўжо тут, і ён ім загадаў Увечары паставіць п’есу.
ПАЛОНІЙ
Так.
I праз мяне ён запрашае вас З’явіцца на спектакль.
КАРОЛЬ
Прыемна чуць;
Згаджаюся і вельмі задаволен Падобным намярэннем.
Панове, я прашу вас, і далей
Уцягвайце яго ў свае забавы.
РАЗЕНКРАНЦ
О, мы з ахвотай, вашая вялікасць.
Р азенкранц і Г і льд э н с т э рн выходзяць.
КАРОЛЬ
Пакінь і ты нас, любая Гертруда;
Мы толькі што па Гамлета паслалі, Каб мог ён тут, нібыта ненарокам, Знайсці Афелію.
Мы з бацькам, як законныя шпіёны, Пастанем так, каб, бачачы нябачна, Абмеркаваць спакойна іх спатканне I вырашыць паводле слоў і рухаў, Ці то каханне кроіць сэрца прынцу, Ці мо што іншае.
КАРАЛЕВА
Дык я пайду.
Афелія, жадаю ад душы, Каб Гамлета рабіла непрытомным Адна твая прыгожасць; спадзяюся, Што чыстата твая ўзвядзе яго Ізноў на шлях звычайны і праславіць Вас абаіх.