Санеты. Трагедыі
Вільям Шэкспір
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 479с.
Мінск 1989
Глядзі, глядзі!
ЛАЭРТ
Які яшчэ абрад?
СВЯШЧЭННІК
Хаўтурны чын працягнуты і так, Наколькі можна; скон яе няпэўны: Каб не парушан быў царкоўны статут Загадам найвышэйшым, то яна Ляжача б у зямлі неасвячонай Да страшнага суда; замест малітвы Ёй кідалі б чарэп’е і каменне;
А мы далі ёй провады і звон, На ёй вянкі дзявочыя і кветкі. ЛАЭРТ
Усё, нічога больш?
СВЯШЧЭННІК
Нічога больш.
Мы б апаганілі святую службу, Каб рэквіем над ёю праспявапі, Як над душой, што ў міры адышла.
ЛАЭРТ
Бярыце дамавіну, апускайце,— Няхай жа з хараства і чыстаты Фіялкі ўзыдуць! — Знай, бяздушны non, Мая сястра сярод анёлаў будзе, Калі ты ўзвыеш у смале.
ГАМЛЕТ
Афелія!..
КАРАЛЕВА
(кідаючы кветкі)
Прыгожыя — прыгожай. Выбачай! Я думала назваць цябе нявесткай, Твой шлюбны ложак кветкамі убраць, А не труну тваю, маё дзіцятка.
ЛАЭРТ
О, трыццаць бед трохкратных на таго, Хто адабраў твой розум малады Учынкам злосніцкім! — Зямлі не рушце, Хачу ў апошні раз яе абняць.
(Саскоквае ў магілу.)
Цяпер завальвайце жывога з мёртвай. Жвір, жвір у вочы! Насыпайце насып Вышэй за Пеліён і за Алімп Да самых да нябёс.
ГАМЛЕТ
(выходзячы наперад)
Чый гэта сум Так пышна выяўляецца? Хто той, Што заклікае зоры ў буйным смутку I прымушае іх нямець ад дзіва?
Я — Гамлет, дацкі прынц.
(Саскоквае ў магілу.)
ЛАЭРТ
Няхай цябе Ухопіць д’ябал!
(Кідаецца да яго біцца.)
ГАМЛЕТ
Дрэнная малітва.
Будзь ласкаў, не душы мяне за горла: Я стрыманы, я ціхі, але ўсё ж Ёсць нешта небяспечнае ва мне, Чаго табе лепш сцерагчыся. Прэч! Прэч рукі!
КАРОЛЬ
Разніміце.
КАРАЛЕВА
Гамлет, Гамлет! УСЕ
Панове...
ГАРАЦЫО
Супакойцеся, мой прынц.
Прыдворныя іх разнімаюць, і яны выходзяць з магілы.
ГАМЛЕТ
О, я за гэта буду біцца з ім Насмерць.
КАРАЛЕВА
За што, сынок?
ГАМЛЕТ
Ды я ж любіў Афелію, любіў; і сорак тысяч Братоў з усім сваім каханнем братнім Са мною не зраўняцца.— Скажы мне, Што ты гатоў зрабіць дзеля яе?
КАРОЛЬ
Лаэрт, не слухай,— ён вар’ят.
КАРАЛЕВА
Пабойся бога, пашкадуй яго.
ГАМЛЕТ
Што ты гатоў зрабіць?
Рваць валасы? Пасціцца? Біцца? Плакаць?
Ніл выпіць? Кракадзіла праглынуць?
I я таксама. Ты прыйшоў тут енчыць?
Ты мне на злосць ускочыў у магілу?
Хацеў, каб пахавалі з ёю разам?
I я таксама. Ты тут горы кідаў?
Няхай жа мільёны дзесяцін
На нас узваляць, каб курган высокі Апёк свой лоб у зоне агнявой,
3 прышчом зраўняўшы Оссу! Ты хваліўся,— I я магу не горш.
КАРАЛЕВА
Ён непрытомны;
Але прыпадак гэты хутка пройдзе,
I стане ціхі ён, як галубіца
Над залатымі дзеткамі ў гняздзе.
ГАМЛЕТ
Скажыце,
За што вы абражаеце мяне?
Я меў да вас любоў. Але ўсё роўна, Што б ні рабіў на свеце Геркулес, Кот мяўкае, а воўк глядзіць у лес.
Выходзіць.
КАРОЛЬ
Гарацыо, прашу, сачы за ім.
Г ар а цыо выходзіць.
( Лаэрту.)
А ты не забывай умовы нашай.
Мы справе зараз жа дадзім штуршок.— Гертруда, учыні нагляд за сынам.— Мы тут паставім манумент жывы: Тады супакаенне будзем мець, А покуль што — прыходзіцца цярпець.
Выходзяць.
Сцэна другая
Зала ў замку.
Уваходзяць Гамлет і Гарацыо.
ГАМЛЕТ
Пра гэта досыць; слухай жа далей.
Ці помніш ты апошнія падзеі?
ГАРАЦЫО
Мой прынц, я помню ўсё.
ГАМЛЕТ
У маем душы Ішло змаганне нейкае, і сон
Мяне не браў; ляжаць было мне мулка, Горш, чым якому арыштанту. Раптам — Няхай жыве раптоўнасць! — Ведай, дружа: Часамі рызыка ратуе нас
I не ўдаецца план. Адгэтуль вывад: Ёсць нехта, хто канчае нашы справы Па-свойму, не зважаючы на нас.
ГАРАЦЫО
Напэўна.
ГАМЛЕТ
Апрануўшыся наспех, 3 каюты выйшаў я. Ноч. Цемната. Шукаю гэтых двух. Знаходжу. Спяць. Схапіў пакет і да сябе ў каюту.
Ад страху забываецца прыстойнасць; Я дзёрзка ўскрыў пасланне караля. Што ж там было, Гарацыо! О подласць! Там быў загад, нашпігаваны густа Траскучай балбатнёю аб дабры Англійскае і дацкае дзяржавы,
I ў ім — о, слухай! — столькі начапляна Чарцей і д’яблаў на маё жыццё, Што безадкладна, у адну мінуту, He навастрыўшы нават тапара, Мне б галаву адсеклі.
ГАРАЦЫО
Быць не можа! ГАМЛЕТ
Вось гэтае пасланне; прачытай У вольны час. Сказаць табе цяпер, Што я зрабіў?
ГАРАЦЫО
Цікава; раскажыце. ГАМЛЕТ
Аблытаны навокал ліхадзействам, Мой розум не прыдумаў і пралога, Як распачаў ігру. Я сеў за стол, Склаў новы ліст, перапісаў прыгожа; Я некалі, як нашыя міністры, Лічыў за сорам мець прыгожы почырк, Стараўся развучыцца; але тут Маё уменне на карысць пайшло. Ты хочаш ведаць, што я напісаў?
ГАРАЦЫО
Хачу, мой прынц.
ГАМЛЕТ
Ад караля сур’ёзнейшая просьба,— Паколькі Англія ягоны даннік, Паколькі паміж іх квітнець павінна Любоў падобна пальме, гэтаксама, Паколькі мір пшанічнаю гірляндай Вісіць над імі, як злучок сяброўства,— I шмат яшчэ «паколькі» і «злучкоў»,— Па атрыманні гэтага паслання, Без разважанняў, доўгіх ці кароткіх, Падацеляў схапіць, звязаць і знішчыць, He даўшы памаліцца.
ГАРАЦЫО
А пячаць?
ГАМЛЕТ
I ў гэтым мне дапамагала неба.
Я пры сабе меў бацькаву пячатку. Мадэль сучаснай дацкае пячаці. Згарнуўшы ўсё так, як было раней, Я падпісаўся, прылажыў пячаць I не прыкметна ім падкінуў ліст. Назаўтра быў на моры бой; далей Ты ведаеш.
ГАРАЦЫО
Дык Гільдэнстэрн і Разенкранц плывуць?
ГАМЛЕТ
Няхай плывуць, ім гэта даспадобы. Сумленне не гняце мяне. Іх смерць Ёсць вынік умяшання. Небяспечна Істотам нізкадушным поўзаць там,
Дзе скрыжаваны коп’і і мячы Магутных ворагаў.
ГАРАЦЫО
Вось дык кароль!
ГАМЛЕТ
Скажы, ці ж не павінен я паўстаць
Супроць таго, хто атруціў мне бацьку, Зняславіў маці мне, убіўся клінам Паміж абраннем і маёй надзеяй, Жыццё маё на вудачку лавіў
3 такою хітрасцю? Ці ж я не ў праве
3 ім расквітацца гэтаю рукой?
Ці ж не пракляты буду я навек,
Калі дазволю чарвяку ліхому
Прыроду нашу грызці?
ГАРАЦЫО
Мабыць, хутка
Ён атрымае весткі аб падзеях, Што адбыліся ў Англіі.
ГАМЛЕТ
Напэўна;
Але пакуль што перапынак мой;
Жыццё людское — скарацечны міг.
Шкада, шкада мне вельмі, друг Гарацыо, Што я з Лаэртам груба абышоўся,— Мой лёс і лёс яго зусім падобны.
Хачу мірыцца з ім; але, павер,
Ён так крычаў, так задаваўся горам, Што я не мог стрымацца.
ГАРАЦЫО
Ціха; хто там?
У ваходзіць Озрык.
ОЗРЫК
Дазвольце, прынц, павіншаваць вас з прыездам. ГАМЛЕТ
Дзякую, пане. (Ціха Гарацыо.) Ты ведаеш гэтага матыля?
ГАРАЦЫО
(ціха Гамлету)
He, мой прынц.
ГАМЛЕТ
(ціха Гарацыо)
Тваё шчасце. Той, хто яго ведае,— няшчасны. Гэта
абшарнік. Зямлі ў яго многа, поле яго родзіць; а калі скаціна пануе над быдлам, то яе жолаб будзе заўсёды пры каралеўскім стале. Гэта шпак, але, як я ўжо сказаў, прасторна абложаны брудам.
ОЗРЫК
Святлейшы прынц, калі ваша высокасць мае вольны час, то я меў бы нешта сказаць вашай высокасці ад імя яго вялікасці.
ГАМЛЕТ
Я вас уважна слухаю. Зрабіце з вашым капелюшом тое, для чаго ён прызначаны: надзеньце яго на галаву. ОЗРЫК
Удзячны вашай высокасці; вельмі горача.
ГАМЛЕТ
Што вы? Паверце мне, вельмі холадна: вецер з поўначы.
ОЗРЫК
А яно такі халаднавата, мой прынц.
ГАМЛЕТ
Наадварот, па-мойму, вельмі горача; мне проста душна пры маёй камплекцыі.
ОЗРЫК
Надзвычайна, мой прынц. Так душна, так душна, як... я не магу вам выказаць. Ваша высокасць, яго вялікасць запрапанавалі мне давесці да ведама вашай высокасці, што яны пайшлі на вялікі заклад адносна вас; справа ў тым...
ГАМЛЕТ
Калі ласка, не забывайце.
(Прымушае яго надзець капялюш.)
ОЗРЫК
Мой добры прынц, слова гонару, мне так лепей, слова гонару. Ваша высокасць, нядаўна пры двары з’явіўся Лаэрт. Паверце мне, гэта дасканалейшы дваранін, поўны самых выдатных асаблівасцей, выключна далікатнага абыходжання і вялікай імпазантнасці. Калі гаварыць аб ім з належнай чуласцю, то гэта каляндар і карта прыстойнасці, бо вы ў ім знойдзеце злучэнне тых якасцей, якія жадаў бы мець кожны дваранін.
ГАМЛЕТ
Акрэслены вамі вобраз не пацярпеў ніякіх страт з вашага боку. Хаця я ведаю, што пералічэнне ўсіх яго ўласцівасцей можа натрудзіць арыфметыку памяці і ўсё ж застацца адсталым у параўнанні з яго
імпэтам па шляху дасканаласці; аднак у мэтах праўдзівага праслаўлення дзіўлюся яму, як істоце вялікіх артыкулаў годнасці. Перад намі футарал такіх неацэнных дыяментаў і крышталяў духу, што яму падобным можа быць толькі яго ўласнае адлюстраванне; той жа, хто ў захапленні кінецца наследаваць яму, будзе яго ценем, не болей.
ОЗРЫК
Ваша высокасць, вы атэстуеце яго беспамылкова.
ГАМЛЕТ
Але якое ён мае да нас дачыненне? Навошта мы абдаём яго высокае імя нашым грубым дыханнем?
ОЗРЫК
Прынц?
ГАРАЦЫО
Мабыць, вы разумееце толькі тое, што вы самі гаворыце. У вас пытаюцца?
ГАМЛЕТ
Навошта вы яго ўспомнілі!
ОЗРЫК
Лаэрта?
ГАРАЦЫО
(ціха Гамлету)
Яго кашалёк парожні. Чырвонцы сваіх слоў ён растраціў.
ГАМЛЕТ.
Так, Лаэрта.
ОЗРЫК
Мне вядома тое, што вы ведаеце...
ГАМЛЕТ
Рад за вас; але калі вам вядома тое, што я ведаю, то мне невялікі гонар. Прашу далей.
ОЗРЫК
...Што вы ведаеце здольнасці Лаэрта.
ГАМЛЕТ
He адважуся гэта сцвярджаць, каб не зраўняцца з ім у здольнасцях; ведаць добра чалавека — гэта значыць ведаць самога сябе.
ОЗРЫК
Я маю на ўвазе яго здольнасці па часці зброі; паводле агульнага прызнання, у гэтым ён найвыдатнейшы мастак.
ГАМЛЕТ
Якая яго зброя?
ОЗРЫК
Рапіра і кінжал.
ГАМЛЕТ
Дзве зброі; прымем пад увагу. Ну і што ж?
ОЗРЫК
Кароль, ваша высокасць, залажыўся з ім на шэсць берберыйскіх коней, супроць якіх ён паставіў, як я дачуўся, шэсць французскіх рапір і шпаг з усімі іхнімі прыладамі, гэта значыць з паясамі, рамянямі ды іншым; сярод якіх ёсць трое набедраў самых адмысловых форм, вельмі адпавядаюць рукаяцям,— надзвычайна зграбныя набедры,— тонкага густу і добрай выдумкі. ГАМЛЕТ
Што вы называеце набедрамі?
ГАРАЦЫО
(ціха Гамлету)
Я так і думаў, што тут без каментарыяў не абыдзецца. ОЗРЫК
Набедры, прынц, гэта партупеі.
ГАМЛЕТ
Ваша слова было б болей дарэчы, каб мы цягалі на сабе гармату; а пакуль што няхай будуць партупеі. Такім чынам: шэсць берберыйскіх коней супроць шасці французскіх шпаг з прыналежнасцямі і трох адмысловай формы набедраў; дацкі заклад супроць французскага. Дзеля чаго ж гэта ўсё «пастаўлена», як вы толькі што вельмі трапна сказалі?
ОЗРЫК
Кароль, мой прынц, паспрачаўся, мой прынц, што пры дваццаці сутычках ён вас не абгоніць больш як на тры ўдары. Лаэрт жа закладаецца на дзевяць, і можна зрабіць зараз жа спробу, калі ваша высокасць явіць добрую волю і скажа: так.