Санеты. Трагедыі
Вільям Шэкспір
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 479с.
Мінск 1989
ГАМЛЕТ
А калі я яўлю дрэнную волю і скажу: не?
ОЗРЫК
Я хачу сказаць, калі ваша высокасць дасць згоду на паядынак.
ГАМЛЕТ
Я буду хадзіць па гэтай зале. Калі яго вялікасць жадае, цяпер якраз мой адпачынак. Няхай прынясуць рапіры. Калі ёсць згода Лаэрта і кароль не адмяніў свайго намеру, то я паспрабую выйграць для яго заклад, а калі не, то будзе сорамна вачам маім і накладна бакам маім.
ОЗРЫК
Загадаеце так і перадаць?
ГАМЛЕТ
У такім сэнсе, пане, з акрасамі ў вашым гусце.
ОЗРЫК
Даручаю сябе міласці вашай высокасці.
ГАМЛЕТ
Цалкам ваш, цалкам ваш.
Озрык выходзіць.
Добра, што ён сам сябе даручае, другі б язык за яго не павярнуўся.
ГАРАЦЫО
Пабегла кнігаўка з яечкам на макаўцы.
ГАМЛЕТ
Ён, мабыць, і за матчыны грудзі не браўся без кампліментаў. Такія людзі, як ён (а іх ёсць многа — пестуноў нашай засмечанай эпохі), коўзаюцца па паверхні сучаснасці, засвойваючы толькі моду і знадворныя прыёмы абыходжання, нейкую пеністую сумесь, з якою яны плаваюць у лужыне нікчэмных і вымучаных думак. Дзьмухні на праверку, і бурбалкі палопаюцца.
Уваходзіць вяльможа.
ВЯЛЬМОЖА
Прынц, яго вялікасць вітаў вас праз маладога Озрыка, які далажыў, што вы чакаеце яго тут у зале. I выслаў ён дазнацца, ці воля ваша будзе зараз жа спаборнічаць з Лаэртам, ці вы жадаеце мець адтэрмінаванне?
ГАМЛЕТ
Я нязменны ў сваіх рашэннях; яны супадаюць з воляю караля. Калі ён хоча, то я гатоў. Цяпер альбо пасля, мне ўсё роўна, абы я быў у настроі, як цяпер.
ВЯЛЬМОЖА
Кароль, каралева і ўсе ідуць сюды.
ГАМЛЕТ
У добры час.
ВЯЛЬМОЖА
Каралева жадае, каб вы перад пачаткам паядынку як найлепш абышліся з Лаэртам.
ГАМЛЕТ
Жаданне добрае.
Вяльможа выходзіць.
ГАРАЦЫО
Вы прайграеце заклад, мой прынц.
ГАМЛЕТ
He думаю; з таго часу, як ён паехаў у Францыю, я не пераставаў практыкавацца і налаўчыўся. Калі я буду мець ачкі наперад, я выйграю. Але, каб ты знаў, як мне сумна, як цяжка на сэрцы; але гэта ўсё роўна. ГАРАЦЫО
He, дарагі мой прынц...
ГАМЛЕТ
Я ведаю, што гэта глупства. У мяне нейкае як бы прадчуванне; жанчыне — той бы стала страшна.
ГАРАЦЫО
Калі ваш дух ухіляецца, не пачынайце. Я папярэджу іх, я скажу, што вы не ў настроі.
ГАМЛЕТ
He трэба. Што нам прадчуванні! I ў гібелі вераб’я відна рука лёсу. Адбудзецца цяпер, не адбудзецца пасля; не адбудзецца пасля, адбудзецца цяпер; не адбудзецца цяпер — усё роўна калі-небудзь адбудзецца. Быць напагатове — вось і ўсё. Раз ні адзін чалавек не ведае, з чым ён разлучаецца, ці ж не ўсё роўна калі ён разлучыцца рана? Хай жа адбудзецца!
Уваходзяць кароль, каралева, Лаэрт і вяльможы, Озрык ды іншыя прыдворныя з рапірамі і рукавіцамі; стол, на ім гладышы з віном.
КАРОЛЬ
Прымі ад нас руку Лаэрта, Гамлет.
Кароль кладзе руку Лаэрта ў руку Гамлета.
ГАМЛЕТ
Прабач, Лаэрт, цябе пакрыўдзіў я;
Ты мне прабач, як дваранін і рыцар.
Вядома ўсім прысутным, ды і ты Напэўна чуў, як цяжка пакарала Мяне хвароба.
Учынак мой, які абразіў груба Тваю прыроду, гонар і пачуцці, Я ў гэтым прызнаюся, быў вар’яцтвам. Каб Гамлет крыўдзіў друга? He, ніколі. Лаэрта Гамлет не хацеў пакрыўдзіць.
Калі, разлучаны з сабою, Гамлет Лаэрта нечакана крыўдзіць,— гэта He Гамлет робіць; Гамлет адмаўляе. А хто? Яго вар’яцтва. Калі так, Сам Гамлет з ліку тых, хто быў пакрыўджан,— Вар’яцтвам быў пакрыўджан бедны Гамлет. I тут, перад высокай грамадою, Адмовіўшы наўмыснае злачынства, Я гавару: прабач велікадушна За тое, што, стралу пусціўшы ў доме, Параніў брата.
ЛАЭРТ
Злосці я не маю, Адбушавала помста у душы. Я — чалавек. Але мой гонар вольны; He прымірыўся, пакуль хто старэйшы, Спрактыкаваны у пытаннях чэсці, Нас не рассудзіць і не скажа — мір, Каб я быў чысты. Да тае пары Любоў я вашу як любоў прымаю I не пакрыўджу вас.
ГАМЛЕТ
Я цалкам згодзен I буду біцца ў братнім паядынку. Падайце нам рапіры.
ЛАЭРТ
Мне адну. ГАМЛЕТ
Табе маё няўменне будзе грунтам. Як зорка на пустынным фоне ночы, Лаэртава майстэрства заблішчыць. ЛАЭРТ
Насмешка, прынц?
ГАМЛЕТ
О не, рукой клянуся. КАРОЛЬ
Падай рапіры, Озрык. Любы Гамлет, Табе заклад вядомы?
ГАМЛЕТ
Так, вядомы;
Ваш, уладар, на старане слабейшай. КАРОЛЬ
Я не баюся, бачыў вас абодвух, Ён мо спрытнейшы, але ў нас ачкі.
ЛАЭРТ
He, гэта цяжкая; другую дайце.
ГАМЛЕТ
Мне да рукі; якраз. А даўжыня У іх адна?
ОЗРЫК
Аднолькавыя, прынц.
Рыхтуюцца да паядынку.
КАРОЛЬ
Віно на стол пастаўце. Калі Гамлет Яго кране адзін раз і другі Альбо на трэцім разе адаб’ецца, Давайце гучны залп з усіх гармат; Кароль за Гамлета падыме кубак I кіне ў кубак неацэнны жэмчуг, Каштоўнейшы, чым той, які насілі Чатыры дацкіх каралі. Віна!
I хай літаўры знак даюць фанфарам, Фанфары канваірам на байніцах
I гром з зямлі уторыць грому з неба, Што п’е за Гамлета кароль. Пачніце. А вы уважна прымячайце, суддзі.
ГАМЛЕТ
Пачнём.
ЛАЭРТ
Пачнём, мой прынц.
Б'юцца.
ГАМЛЕТ
Раз.
ЛАЭРТ
He.
ГАМЛЕТ
На суд.
ОЗРЫК
Удар, удар выразны.
ЛАЭРТ
Добра,— зноў.
КАРОЛЬ
Чакайце, вып’ем. Гамлет, жэмчуг — твой. Здаровы будзь!
Трубныя гукі і стрэлы з гар.мат за сцэнай.
Нясіце кубак прынцу.
ГАМЛЕТ
Пастаўце. Потым. Трэба перш закончыць.
Пачнём.
Б'юцца.
Ізноў удар. Што, мо няпраўда?
ЛАЭРТ
Так, так, крануты; прызнаю.
КАРОЛЬ
Наш сын напэўна выйграе.
КАРАЛЕВА
Ён цяжкі
I задыхаецца.— Хадзі сюды,
Вось хустачка,— утрыся, Гамлет. П’е
За поспех сына каралева.
ГАМЛЕТ
Дзякуй.
КАРОЛЬ
He пі, Гертруда!
КАРАЛЕВА
Выбачай, мой друг.
Я вып’ю.
КАРОЛЬ
(убок)
У келіху атрута. Позна, позна.
ГАМЛЕТ
Цяпер яшчэ не буду піць, пасля.
КАРАЛЕВА
Хадзі сюды, я абатру твой лоб.
ЛАЭРТ
А зараз я крану яго.
КАРОЛЬ
Наўрад.
ЛАЭРТ
(убок)
Нядобра на душы, сумленне мучыць.
ГАМЛЕТ
Давай у трэці раз, Лаэрт; без жартаў;
Будзь ласкаў, выпадай з усёю сілай, He трэба шкадаваць мяне, не трэба.
ЛАЭРТ
Вы так гаворыце? Пачнём.
Б'юцца.
ОЗРЫК
Абодва ўнічыю.
ЛАЭРТ
Гэй, сцеражыся!
Лаэрт раніць Гамлета; пасля, у разгары бою, яны мяняюцца рапірамі, і Гамлет раніць Лаэрта.
КАРОЛЬ
Яны забыліся. Разняць.
ГАМЛЕТ
О не, Давай яшчэ.
Каралева падае.
ОЗРЫК
Ой, гляньце,— каралева! ГАРАЦЫО
Яны ў крыві. Што з вамі, любы прынц?
ОЗРЫК
Лаэрт, і вы, што гэта значыць?
ЛАЭРТ
Озрык,
Улез кулік сам у сваё сіло.
Я паміраю за маю нявернасць.
ГАМЛЕТ
Што з каралевай?
КАРОЛЬ
Яна самлела, гледзячы на кроў.
КАРАЛЕВА
He, не, пітво, пітво.— Сынок мой родны, Мяне атрутай напаілі... О!
(Памірае.)
ГАМЛЕТ
Злачынства! Гэй! Замкніце дзверы! Здрада!
Шукайце, дзе яна!
Лаэрт падае.
ЛАЭРТ
Яна тут, Гамлет. Гамлет, ты забіты,
Ніхто нічым не вылечыць цябе,
I паўгадзіны ты не пражывеш;
Мая рапіра у тваёй руцэ, Атручаная, вострая; за грэх
За свой я заплаціў; глядзі, Вось я ляжу і больш не ўстану; маці Твая не ўстане больш; я не магу... Кароль... кароль падстроіў.
ГАМЛЕТ
A! I тут? Дык давяршай, атручанае джала!
(Коле караля.)
УСЕ
Здрада! Здрада!
КАРОЛЬ
Я толькі ранены. Сябры, ратуйце! ГАМЛЕТ
Дык вось табе,
Забойца, блудадзей, кароль пракляты! Пітво тваё! I жэмчуг твой! Напіся! Ідзі за маткай.
Кароль памірае.
ЛАЭРТ
Кара па заслугах;
Ён сам складаў атруту. Чэсны Гамлет, Даруй жа мне, як я табе дарую.
Хай кроў мая і бацькава не пляміць Тваёй душы, як і маёй — твая.
(Памірае )
ГАМЛЕТ
Няхай табе прабачыць неба. Следам Іду і я. Гарацыо, я гіну.— Бывай, няшчасная царыца! — Вы, Збялелыя і ўзрушаныя сведкі Падзей трагічных, о, каб меў я час (Бязлітасная смерць хапае хутка), Я расказаў бы вам. Але ўсё роўна,— Гарацыо, я гіну, ты жывеш.
Дык раскажы ўсю праўду пра мяне Тым, хто не ведае.
ГАРАЦЫО
Ніколі;
Я рымлянін душой, а не датчанін; Яшчэ не ўсё дапіта.
ГАМЛЕТ
Мужным будзь, Дай кубак мне; пусці; я так хачу.
О друг, якая раненая слава, Калі ты змоўчыш, ляжа на мяне! Калі мяне любіў ты, ухіліся Часова ад збавення, пагаруй На свеце жорсткім, каб вядомай стала Мая гісторыя.
Далёкі марш і стрэлы за сцяной.
Што там за стрэлы?
ОЗРЫК
Прынц Фарцінбрас нарвежскі з перамогай Вярнуўся з Польшчы, аддае салют Англійскаму пасольству.
ГАМЛЕТ
Гарацыо, я паміраю.
Магутная атрута цісне дух.
He прыйдзецца мне чуць навін англійскіх, Але кажу наперад,— каралём Абраны будзе Фарцінбрас. Яму — Перадсмяротны голас мой. Скажы Яму аб гэтым; выяві прычыны Усіх здарэнняў. Цішыня — канец.
(Памірае.)
ГАРАЦЫО
Пагас вялікі сэрцам. Спі, мой прынц, Адпачывай сярод мелодый райскіх. Хто там ідзе пад барабан?
Марш за сцэнай.
Уваходзяць Фарцінбрас і а н г лі йс к і я паслы, з барабанным боем, са сцягамі і з дружынай.
ФАРЦІНБРАС
Дзе гэтае відовішча?
ГАРАЦЫО Чаго
Шукаюць вочы вашы? Калі дзіва, Tvri і болю, стойце,— вы знайшлі. ФАРЦШБРАС
Якая жудасная бойня! Смерць, Што за банкет у сутарэнні вечным Спраўляеш, гордая, пасекшы столькі Князёў зямлі?
ПЕРШЫ ПАСОЛ
О, страшная карціна! Спазнілася англійскае пасольства; Нас не пачуе той, каму прыйшлі мы
Паведаміць, што выканан загад, Што Разенкранц і Гільдэнстэрн — забіты. Хто выкажа падзяку нам?
ГАРАЦЫО
He ён, Хоць бы і мог ён дзякаваць; ніколі Ён не загадваў пакараць іх смерцю. Але паколькі на крывавы суд Вам з Англіі, вам з Польшчы давялося Якраз паспець, хай на памост высокі Нябожчыкаў паложаць на віду;
Я раскажу усім, хто хоча ведаць, Як гэта адбылося; гэта будзе Аповесць аб забойчых, зверскіх справах, Аб помстах, гвалтах, хітрасцях, аб тым, Як абваліўся гмах нялюдскай здрады На тых, хто збудаваў яго. Хай праўда Аб’явіцца.
ФАРЦІНБРАС
Паслухаем; сабраць На сход усіх магнатаў. Засмучоны, Я сустракаю свой шчаслівы лёс; Я маю права на дзяржаву гэту, Аб чым і абвяшчаю ўсенародна.
ГАРАЦЫО
Мне і аб гэтым прыйдзецца сказаць Таксама; ад імя таго, чый голас Прывабіць многіх. Злосць бушуе ў людзях; Прыступім зараз жа, каб не было Памылак, змоў і новае бяды.
ФАРЦІНБРАС
Хай Гамлета выносяць на памост, Як змагара, чатыры капітаны;
Напэўна, калі б ён быў каралём, Ён даў бы прыклады вялікіх спраў;
Хай музыка і воінскі абрад Яго суправаджаюць урачыста. Бярыце трупы, тут не месца ім, Лепш паміраць на полі баявым. Загадваю страляць.
Жалобны марш. Выходзяць, выносячы нябожчыкаў, пасля чаго даецца залп з гармат.
КАРОЛЬ ЛІР
Пераклаў Юрка Гаўрук
A C O Б Ы
ЛІР КАРОЛЬ ФРАНЦУЗСКІ ГЕРЦАГ БУРГУНДСКІ ГЕРЦАГ КОРНУАЛ ГЕРЦАГ АЛББАНІ ГРАФ KEHT ГРАФ ГЛОСТЭР ЭДГАР ЭДМУНД КУРАН СТАРЫ СЕЛЯНІН ЛЕКАР БЛАЗЕН ОСВАЛЬД АФІЦЭР ПРЫ ЭДМУНДЗЕ ДВАРАНІН СА СВІТЫ КАРДЭЛІІ ГЕРОЛЬД СЛУГІ ГЕРЦАГА КОРНУАЛА