Санеты. Трагедыі
Вільям Шэкспір
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 479с.
Мінск 1989
КЕНТ
Хадзем, на вас хачу пакінуць Ліра.
He адлучайцеся i наглядайце.
Я вымушан таіць сваё імя.
Прычына ёсць. Дазнаецеся, хто я,— Лічыце другам. Пойдзем, калі ласка.
Выходзяць.
Сцэна чацвёртая.
Французскі лагер. Палатка.
Уваходзяць Ка рд э лі я, лекар, афіцэр і салдат ы.
КАРДЭЛІЯ
Ах, гэта ён! Яго сустрэлі ў полі Шалёнага, як мора ў непагоду,— Хаваўся ў жыце і спяваў. На ім Вянок з чартапалоху, крапіва, Куколь, валошка, дзікія званочкі, Балігалоў і ўсякая трава, Што глушыць збожжа.— Выдзеліце сотню. Няхай агледзяць поле, абшукаюць Усе куткі і прывядуць яго.
Афіцэр выходзіць.
Якія сродкі ад хвароб душэўных Ёсць у навуцы? Выратуй яго, Табе я ўсё аддам.
ЛЕКАР
О каралева! Навука-медыцына мае сродкі. Найпершы наш збавіцель — гэта сон. Галоўнае, што ён не спіць. Ёсць зёлкі, Якія твораць цуд: ён вып’е зёлак, Уціхне і засне.
КАРДЭЛІЯ
Ўсе таямніцы Нявыведаных сіл зямлі і неба, Паўстаньце ад слязы маёй, вярніце Яму здароўе і спакой.— На пошук! Знайсці абавязкова! Бо іначай
Ён можа з роспачы і адзіноты Пакончыць самагубствам.
Уваходзіць гане ц.
ГАНЕЦ Каралева,
Дакладваю: брытанцы недалёка.
КАРДЭЛІЯ
Я гэта ведаю, мы іх чакаем.—
О бацька мой, о дарагі мой бацька, Іду, каб заступіцца за цябе.
Крануты слёзнай просьбаю маёй, Кароль французскі пасылае войска. Паднята зброя наша не для славы: Любоў і гнеў вядуць у бой крывавы. Хутчэй бы з ім пабачыцца!
Выходзяць.
Сцэна пятая
Пакой у замку Глостэра.
Уваходзяць Рэга на і Освальд.
РЭГАНА
А герцаг, брат наш, войска выслаў?
ОСВАЛЬД
Выслаў.
РЭГАНА
Паехаў сам?
ОСВАЛЬД
Паехаў сам, мілэдзі,
Хаця і неахвотна. Герцагіня, Сястра ваша, намнога лепшы воін.
РЭГАНА
А што рабіў граф Эдмунд? Меў размову Ён з вашым герцагам?
ОСВАЛЬД
He давялося.
РЭГАНА
Дык, значыцца, ў цябе пісьмо да графа.
А што ў пісьме?
ОСВАЛЬД
He ведаю, мілэдзі.
РЭГАНА
Паехаў ён адсюль па пільнай справе.
Было памылкай пакідаць жывым Сляпога Глостэра! Прагнаны з дому, Ён супраць нас пачне ўзбунтоўваць людства. I Эдмунд, літасць маючы, рашыў Прыкончыць старца, на той свет справадзіць, Каб нам не замінаў, і заадно
Разведаць сілы ворага.
ОСВАЛЬД
Мілэдзі, Перапрашаю, я павінен ехаць. РЭГАНА
Куды? Чаго? Мы заўтра выступаем.
Паедзеш заўтра з намі. Небяспечна Быць аднаму ў дарозе.
ОСВАЛЬД
Выбачайце, Я слова даў, мой абавязак, гонар...
РЭГАНА
Аб чым пісаць ёй Эдмунду? Цікава?
Тут нешта ёсць.— Паслухай, а на словах Ты мне не перакажаш? Грошай дам. Я толькі гляну.
ОСВАЛЬД
He магу, мілэдзі.
РЭГАНА
Яна не любіць мужа, гэта факт.
Калі яна была тут, то ўвесь час На графа кідала агністы позірк, Прываблівала вокам. Ты ў яе Давераны па справах сэрца?
ОСВАЛЬД
Я?
РЭГАНА
Кажу, бо гэта так, не адпірайся.
Дык вось, мая табе парада, думай:
Мой муж памёр, мы з Эдмундам у згодзе, I лепей быць яму маім законна, Чым у сястры ў любоўніках. Узваж.
Сустрэнеш графа, перадай яму Мой падарунак. А сястры скажы,
Каб у чужое рук не запускала. Няхай астыне трошкі. Можаш ехаць. Калі дзе зловіш здрадніка сляпога, Сячы, рубі і галаву ў мяшок, За галаву яго — кішэня грошай.
ОСВАЛЬД
Адно каб ён папаўся мне, мілэдзі, Жывым не выпушчу.
РЭГАНА
Да пабачэння.
Выходзяць.
Сцэна шостая
Мясцовасць каля Довера.
Уваходзяць Глостэр і Эдгар адзеты ў сялянскую вопратку.
ГЛОСТЭР
Калі ж мы узбяромся на гару?
ЭДГАР
Мы узбіраемся. Уздым круты.
ГЛОСТЭР
А мне здаецца, роўна.
ЭДГАР
Што вы? Круча.
Вы чуеце шум мора?
ГЛОСТЭР
He, не чую.
ЭДГАР
Тады у вас баляць не толькі вочы,
А вушы і ўсё цела.
ГЛОСТЭР
Мо і праўда.
I голас у цябе перамяніўся,
I мова складная.
ЭДГАР
Падман пачуццяў.
Я толькі ў новай вопратцы.
ГЛОСТЭР
Магчыма, Магчыма, але ты гаворыш лепей.
ЭДГАР
Трымайцеся, ўзышлі.— Якая круча! Зірнуць уніз, аж сэрца замірае.
Вароны, галкі кружацца пад намі, Як чорныя жукі, і чалавек, Адважна учапіўшыся за выступ, Павіс між небам і зямлёй: Збірае кроп. Жахлівая работа! Як дзіўна меншацца усе прадметы! Вунь рыбакі праходзяць чарадою, Драбнейшыя, чым мышы, Карабель Стаіць на якары, зусім як лодка, А лодка з паплавок, ледзь-ледзь прыкметна. Высокі вал бяжыць, у бераг плешча, Шаруе шэры камень, але гул Сюды і не даносіцца.— Даволі!
Мне млосна робіцца. Яшчэ раз глянуць, I я сарвуся ў прорву.
ГЛОСТЭР
Пастаў мяне туды, дзе ты стаіш.
ЭДГАР
Бярыцеся, сэр, за маю руку.
Вы на краі прадоння. Ой, як страшна! Я б не саскочыў нізашто на свеце.
ГЛОСТЭР
Пусці ж мяне цяпер і не трывож.
Вось кашалёк яшчэ, ў ім дыямент: Для беднякоў, як ты — вялікі скарб. Хай духі светлыя табе спрыяюць! Ідзі сабе. Забудзь усё ліхое!
Ідзі, каб я пачуў.
ЭДГАР
Мой добры сэр, Бывайце, шчыра дзякую.
(Адыходзіць на некалькі крокаў.)
ГЛОСТЭР
Шчасліва!
ЭДГАР
(убок)
Клін выб’ю клінам. 3 горам не жартуюць.
ГЛОСТЭР
О богі моцныя ў прасторах вечных! Адрокшыся ад свету, перад вамі Складаю я сваю тугу і боль.
He маю сіл трываць. Бунтуе дух мой. Даруйце мне, што я не дачакаўся, Пакуль жыцця майго агарак чадны Пагасне сам.
Благаславіце Эдгара, сыночка! — Ну, дружа мой, бывай!
ЭДГАР Пайшоў. Бывайце!
Глостэр кідаецца і падае.
(Убок.)
Гавораць, што і думка забівае, Калі няма жадання жыць. Каб ён Быў там, дзе думаў, быў бы ён нябожчык.
(Мяняючы голас.)
Жывы ці мёртвы? Сэр, што з вамі? Сэр? Сэр, адгукніцеся! Скажыце слова! — Відаць, разбіўся.— He, ён ажывае!
Адкуль вы? Хто вы?
ГЛОСТЭР
Прэч! Дай мне памерці.
ЭДГАР
Ты, чалавеча, з пуху альбо з пер’я? Зваліўшыся з такое вышыні, Ты трэснуў бы, як яйка, ўвесь бы выцек. Але ты дыхаеш, крыві ні знаку, Здаровы, цэлы! Дзіва, проста цуд!
У дзесяць мачтаў не ўвабраць гару, 3 якой ты паляцеў старчма ў прадонне. Вялікі цуд! Яшчэ раз адгукніся.
ГЛОСТЭР
Я падаў ці не падаў?
ЭДГАР
Ты упаў
Са страшнай вапняковае скалы.
Зірні уверх. Сцяна падперла неба!
I жаўранка, што звонка славіць сонца, Пачуць адгэтуль нельга. Паглядзі!
ГЛОСТЭР
Я, братачка, сляпы.
Няўжо няма канца маім пакутам?
I смерць забраць не хоча. Прабаваў Бядняк зламаць ярмо, знайсці збавенне Ад тыраніі панскае — не выйшла. ЭДГАР
Дай мне руку. Устань. Ну, што? Як ногі? ГЛОСТЭР
Стаяць-то я стаю.
ЭДГАР
He даў бы веры, Але сам сведка. Цуд! Скажы мне, старча, А хто там быў з табою на гары, Прывёў цябе?
ГЛОСТЭР
Жабрак адзін убогі. ЭДГАР
А мне здалося знізу — нехта іншы. Жах агарнуў мяне. Увесь у шэрсці, Блішчалі вочы, як у поўню месяц, I сто насоў жывым клубком звісалі, Як гады, варушыліся, і рогі Тырчалі пакручастыя. To быў, Напэўна, д’ябал. О шчаслівы старац, Падзякуй жа багам! Мяжы няма Для волі найвышэйшай. Ты збавёны. ГЛОСТЭР
Век буду памятаць. Што ж мне рабіць?
Зноў сваё гора пакладу на плечы I панясу, пакуль яно само He крыкне: «Досыць!» I тады памру. А я прыняў яго за чалавека.
Ён нездарма ўвесь час шаптаў мне ў вуха: «Злы дух, злы дух». Павадыром быў чорт.
ЭДГАР
Цяпер ты можаш уздыхнуць свабодна. А гэта хто яшчэ?
Уваходзіць Л і р, дзівосна прыбраны ў палявыя кветкі.
Здаровы розум He выдумаў бы гэткага убрання.
ЛІР
He, не, яны мне не забароняць чаканіць чырвонцы. Я — кароль.
ЭДГАР
О жаласны малюнак!
ЛІР
Прырода ў гэтай справе найлепшы мастак. Вось вам грошы, найміце салдат. Як ты трымаеш лук? Варона! Пудзіла! Нацягвай стралу як след! Гляньце, гляньце — мыш. А мы яе на сыр. Хап! Ёсць. Кідаю жалезную рукавіцу. Выклікаю на бой велікана. Падаць сюды алебарды! Трапна паляцела птушка. Ф’ю!.. У морду, у самую пысу.— Пароль?
ЭДГАР
Духмяны маяран.
ЛІР
Праходзь.
ГЛОСТЭР
Знаёмы голас!
ЛІР
А! Барадатая Ганерылья! — Абрасла? Пасівела? — Яны мяне гладзілі, як сабачку. Гаварылі: беленькі, сівенькі! Ці ж я ўвесь час быў сівенькі? Маладосці не меў? Што б я ні сказаў, на ўсё яны — так, так, так альбо — не, не, не. Гэта не па-сяброўску: і хвастом віляць і кусацца. Вось як прамачыў мяне дождж, як заляскаў я зубамі ад холаду, загадаў грому спыніцца, а ён не паслухаўся, тады я зразумеў, убачыў іх наскрозь. Ёсць людзі шчырыя і няшчырыя. Яны мне казалі, что я магутны. Хлусня! Я не магу абараніцца ад прастуды.
ГЛОСТЭР
Я добра ведаю, чый гэта голас.
Ці не кароль?
ЛІР
Кароль, кароль ад галавы да пят.
Ад позірку майго ўсё халадзее,
Дрыжаць рабы.— Хто там укленчыў? — Дарую вам жыццё. У чым віна?
За блудадзейства?
За гэта вешаць? He, ты не памрэш.
I верабей, і залатая мошка
Без сораму адкрыта твораць грэх.
Пладзіцеся! Сын Глостэра пабочны Дабрэйшы быў да бацькі, чым мае Законныя дзве дочкі.
Распуста, радуйся! Больш, болып дзяцей!
Патрэбны мне салдаты.
Прашу зірнуць на гэту лэдзі: лёд, Святая дабрачыннасць, твар адверне, Пачуўшы слова «асалода», Але ні тхор, ні жарабец стаенны He паляцца так прагна.
Да пояса жанчына — чалавек,
Ніжэй — цэнтаўр, пачвара з капытамі;
Палова зверху — спадчына нябёс, Спадыспаду — маёнтак чортаў: Там пекла, змрок, смалы кацёл кіпучы, Дым, чад, смурод, прадонне, прорва... Тфу, тфу! Фэ! — Калі ласка, пане аптэкар, дайце мне унцыю мускусу асвяжыць мазгі. Толькі не ў крэдыт, калі ласка. Я заплачу.
ГЛОСТЭР
Дазвольце мне пацалаваць вам рукі.
ЛІР
Іх трэба выцерці, тухлінай пахнуць.
ГЛОСТЭР
Прыроды зруйнаваная часціна!
I свет увесь калі-небудзь таксама Разваліцца дарэшты. А мяне Вы помніце?
ЛІР
А як жа, добра помню.
Асабліва вочы. Чаго ты іх вытрашчыў, сляпы Купідон! He спакушай, усё роўна любіць не буду.— Выклікаю на паядынак, чытай; бачыш, як складна напісана.
ГЛОСТЭР
Каб літары свяціліся, як сонца,
Мне не разгледзець іх. Мой зрок пагас.
ЭДГАР
(убок)
Душа баліць, зайшлося з жалю сэрца.
Хто даў бы веры?
ЛІР
Чытай жа.
ГЛОСТЭР
Чым? Вачніцамі пустымі?
ЛІР
Ого! Знайшоўся і мне таварыш. Лоб дзіравы, кішэня распората, вочы пасеяў, галаву прапіў, а грошы дзындзын, гоп і пакаціліся. Ты бачыш, што робіцца на свеце?
ГЛОСТЭР
Я адчуваю. ЛІР
Ты што, вяр’ят? Чалавек і без вачэй павінен бачыць, што робіцца на свеце. Натапыр вушы і глядзі. Злодзея прывялі да суддзі. Чуеш, як суддзя языком лапоча. Стой ціха. Я табе нешта пакажу. Раз, два! Суддзю за каршэнь, а злодзея ў крэсла. Цяпер угадай: хто з іх злодзей, а хто суддзя? А ці бачыў ты, як хутарскі сабака брэша на жабрака?
ГЛОСТЭР
Бачыў, сэр.
ЛІР
А як жабрак уцякае ад сабакі, ты бачыў? Дык вось запомні: і сабака начальнік, калі ён на службе. He пярэч і не супраціўляйся.