Саветы Заходнебеларускі раман-хроніка Янка Трацяк

Саветы

Заходнебеларускі раман-хроніка
Янка Трацяк
Выдавец: ЮрСаПрінт
Памер: 430с.
Гародня 2015
109.46 МБ
Сам жа панскі эканом быў вельмі рашучым і напорыстым.
-	Хто сунецца першым таго і засяку! -злосна крычаў ён на ўвесь двор і трос сякерай у паветры.
Пасля ўсяго гэтага вяскоўцы сталі сціплай кучкай і спакойна паглядалі, як работнікі ўкладвалі панскі нажытак на фурманкі.
Сцяпан, Пятро і Стрыга з Ракуцева (мянушка Коля-Камсамоля) залёталі каля грамады, заклікаючы да актыўных дзеяў:
-	Што пасталі як бараны! Спалохаліся?! Яны вашу кроў пілі, нажываліся, а вы, можа, шкадуеце іх?! падбухторваў Сцяпан.
Але людзі стаялі і панура маўчалі. Больш таго, колькі сялян выйшла з натоўпу і стала памагаць пакаваць клумкі. Тады Сцяпан і Пятро падбеглі да воза і давай скідваць клумкі на зямлю. Да Сцяпана падскочыў Паўлюк Картановіч:
-	Быдляк, ты цо робіш?
I між імі завязалася звычайная бойка, і чым бы яна закончылася невядома, калі б пляменнік Пятро не залемантаваў:
-	Дзядзька Сцяпан, уцякай! і Сцяпан, калі ўбачыў, што да яго бяжыць эканом і размахвае сякерай, тут жа спрытна перамахнуў праз плот.
Лёнька Валюк, адзін з батракоў Карчэўскага, падышоў да людзей і ціха прагаварыў:
-	Пан тут быў нядаўна, казаў, што, калі каму нешта будзе патрэбным, хай ідзе ў двор і бярэ, толькі каб нічога не ламалі і не палілі...
Але нават і пасля такой прапановы бальшыня засталася стаяць на месцы, толькі некалькі чалавек, радасныя, накіраваліся былі ў панскую канюшню, але і яны спыніліся на вокрык Пятра, пляменніка Сцяпана:
-	Ніхто нічога самавольна браць ня будзе! зяпярэчыў ён Усё мы разьмяркуем зь дзядзькам самі па хатах, каб не было крыўды.
Неўзабаве павозка, напоўненая клумкамі, выехала з двара Карчэўскага.
-	Ну, што, так і стаяць будзем, бараны?! крычаў Сцяпан. Дабро само з рук вашых, з кішэняў вашых выцякае, а мы бу-
дзем глядзець... Можа сьлязу пусьцім?.. Загалосім: «На каго ж вы нас пакідаеце, родныя?..».
Але людзі стаялі моўчкі, і толькі, калі панская павозка загрукацела брукам, выскачыў аднекуль з-за ліпаў Колякамсамоля з стрэльбай у руках і з крыкам: «Стаяць!» стаў страляць услед. Неўзабаве грукат заціх, і толькі тады людзі зайшлі ў двор Карчэўскага, але браць там, каб нешта надта патрэбнае, не было чаго. Сцяпан пакінуў некалькі чалавек для варты, а сам з большай групай накіраваўся ў двор Дабрынскіх.
У доме Дабрынскіх у гэты час заставаліся старая пані Марыля і дзве яе непаўналетнія дочкі Ірэна і Ліля. Сыны Сева і Слава былі мабілізаваныя ў Войска Польскае. Жанчыны, пачуўшы нейкі шум і гоман на падворку, выйшлі з дому.
Калі сялянскі натоўп падышоў трохі бліжэй, Сцяпан гучна абвясціў:
Іменем сялянскага рэвалюцыйнага камітэту...
Пані, калі ўбачыла нядобразычлівыя твары сялян і Сцяпана з яго «камітэтам», адразу зразумела, у чым была справа, і залямантавала на ўвесь падворак:
— А людцы ж мае добрыя, што ж я вам дрэннага зрабіла?.. Сьцяпанка, Косьця, Пуценька, я ж вас верашчакай карміла...
-	А мяса не давала! нагадаў Пуценька.
-	А ці, можа, я каго абманула, а ці, можа, не заплаціла каму?.. А ці, можа, мой пакойны чалавек каму што кепскае зрабіў... А ці, можа, мае дзеці пакрыўдзілі каго?.. працягвала лямантаваць пані.
-	Чулі мы, што пані ўцякаць збіраецца, болын далікатна пачаў Кастусь Казакевіч.
-	А куды мне ўцякаць? пані зноў залямантавала. — У гэтай зямлі чалавек мой ляжыць... Усё ад палякаў хацеў уцячы...
Уся справа была ў тым, што старога Аляксандра Дабрынскага недзе напрыканцы 1920-х гадоў пахавалі павесіўся (іншыя казалі, што атруціўся). Што стала нагодай для такога трагічнага зыходу, ніхто толкам не ведаў. Быў ён сынам Антона Дабрынскага, царскага генерала, расейскага сенатара і тайнага саветніка цара. Антон Дабрынскі недзе пасьля 1863 году набыў сваім дзецям землі і фальваркі роду Карчэўскіх (былых паўстанцаў) у Багданоўцы, Парловай Гары і ў Лошы (недзе за Ашмяной). Казалі, што маці Аляксандра мела дэспатычны характар, была праваслаўнай і лічыла сябе «рускай», хоць у жыцці гаварыла «папросту», у доме забараняла спяваць польскія патрыятычныя песні.
Сам жа Аляксандра перад Першай сусветнай вайной быў маршалкам дваранства Ашмянскага ўезду, пасля ваяваў супраць Кайзера, меў узнагароды. Быў ён праваслаўным, меў цягу да расейскай культуры, але ў жыцці карыстаўся змешанай мовай, хоць добра ведаў і польскую, і беларускую, і расейскую.
Жонка яго, пані Марыля, была з Баліцкіх, з мясцовай беларускай акаталічанай шляхты, вельмі прыгожай і добрай была жанчынай. Нейкім асаблівым польскім патрыятызмам не вылучалася, алюдзі на яеказалі: «сваяпані». Перад Першай сусветнай вайной пані Марыля вучыла ў Багданоўцы дзетак пачатковай грамаце; вучыла на расейскай мове і, дзякуючы ёй, сёння некалькі дзясяткаў дарослага насельніцтва вёсак Дойневічы, Ракавічы і Мазалі ведаюць «рускія» літары і могуць добра чытаць.
У Мікалаеўскую вайну ўсе пабудовы ў Багданоўцы былі знішчанымі: што рускія салдаты разабралі на бліндажы і акопы, а што згарэла ад нямецкіх гарматаў. Пасля 1921 года сям’я вярнулася ў Багданоўку на папялішча і пустое месца. Занава трэба было будавацца і распачынаць новую гаспадарку. А тут новыя польскія ўлады нагадалі Аляксандру пра верную службу расейскаму імператару, завялі нейкія судовыя справы і паводле адной з іх ён павінен быў выплаціць вялікія грошы за быццам бы незаконна набытую яго бацькам зямлю, а тут яшчэ з’явіліся нашчадкі роду Карчэўскіх і сталі патрабаваць ад яго кампенсацыю. (Так атрымалася, што на гэтай зямлі сутыкнуліся дзеці бацькоў, якія бязлітасна між сабою ваявалі: сын рускага генерала і сын камандзіра атраду паўстанцаў). Аляксандар Дабрынскі аформіў тады пазыку ў банку, але выплаціць у час працэнту не мог. Другім палякі спісвалі такія крэдыты, але толькі не яму. A тут яшчэ асаднікі сталі шкодзіць на кожным кроку: то работнікаў пераманяць у час сезону, то рэвізію нашлюць, каб давесці, што Дабрынскі не гаспадар, што ён не здольны да аплаты крэдыту і паставіць пытанне пра канфіскацыю зямлі. I Дабрынскаму прыйшлося прадаць некалькі дзясяткаў гектараў лесу і амаль што палову зямлі, але гэтага было мала. А тут яшчэ сталі патрабаваць яго пераходу ў каталіцтва. Вярнуўся ён з Вільні аднойчы невясёлым і паведаміў сваім сумную вестку, маўляў, быў у банку, быў у судзе... і анічога з дня на дзень павінна адбыцца частковая канфіскацыя маёмасці... Вось тады і не вытрымаў пан Аляксандра Дабрынскі... Адны казалі, што павесіўся, другія што выпіў нейкай гадасці звечара, а пад раніцу пан ужо быў акалеўшым.
Але той факт, што пахавалі пана на закрытым родавым магільніку Карчэўскіх, а не на праваслаўным у Мястэчку, гаварыў пра свядомае самагубства.
-	Чаго пан падвіс? пыталіся людзі ў эканома.
На што той злосна адказваў:
-	Ты ў папа спытайся, перада мною пан не спавядаўся!
Казалі, што ў смерці Дабрынскага вінаватымі былі яшчэ і асаднікі, якія хацелі завалодаць гэтай зямлёй.
3 асаднікамі былі праблемы ў шмат якіх мясцовых паноў.
Дабрынскія не былі такімі багацеямі, каб тут можна было добра пажывіцца сялянам. Праўда, 70 гектараў зямлі, 8 кароў, 6 коней, свінні, куры, індыкі, зерне, бульба...
-	А мне ад каго ўцякаць? I куды я ўцяку з непаўналетнімі дочкамі? лямантавала пані.
-	I сапраўды, анікуды яны ня дзенуцца, разважыў Сцяпан. Трэба будзе паставіць на ўлік запасы зярна і бульбы... Ты, Пятро, паглядзі тут, пасьля раздзелім, а я з хлопцамі — у Ходзькі і Людвінова!
Колькі чалавек з Сцяпанам ускочылі на воз і пагналі каня на Крыжавыя Дарогі.
Ходзькі ад Багданоўкі былі не болей за дзве вярсты; Людвінова трохі далей. Ходзькамі называліся таму, што некалі тут была сядзіба вядомага роду Ходзькаў, з якога выйшаў не адзін выбітны чалавек. У другой палове XIX ст. сядзіба перайшла ў рукі паноў Лакуціеўскіх. Зараз там гаспадарыў пан Мечыслаў Лакуціеўскі правая рука віленскага ваяводы.
Зямля ў Людвінова некалі належала паўстанцу Людвіку Расальскаму — адсюль і назва, а пасля некалькімі валокамі зямлі завалодаў пан Кісялеўскі.
Ехаць шыбка на возе не выпадала, бо дарога была ўся ў калдобінах і калюжынах, але, наколькі можна было, Сцяпан гнаў каня. На двары ў Лакуціеўскіх стаялі тры павозкі і нейкія людзі насілі і ўкладвалі клумкі чуткі наконт іх ад’езду пацвердзіліся.
-	Паспелі! абрадаваўся Сцяпан, калі пад’ехалі да варотаў. Але тут раптам бабахнулі запар два стрэлы, а пасля яшчэ два. Хлопцы прытуліліся да коней, ад’ехалі ўбок і схаваліся за ліпы. Ніхто ж не думаў, што паны Лакуціеўскія пачнуць адстрэльвацца з сваіх пакояў і, такім чынам, узяць іх будзе не так проста, бо толькі ў Сцяпана і Грышкі Картановіча былі стрэльбы, а ў астатніх — сякеры і косы. Штурм адкладваўся, бо сілы былі няроўныя.
-	Нічога страшнага, гаварыў Сцяпан. Вось-вось павінны падысьцічырвонаармейцы, а мы ім такія падарункі!.. Галоўнае затрымаць паноў.
Але тут заместа чырвонаармейцаў раптам наскочыла невялічкая група польскіх жаўнераў, відаць, з ініцыятывы аднаго з сыноў Лакуціеўскага, які служыў у Войску Польскім. I тут распачаўся сапраўдны бой, у выніку якога Сцяпан з сваімі хлопцамі вымушаны былі ўцякаць і хавацца ў лесе. Тады Сцяпан сказаў Калістрату, каб выпраг каня і скакаў у вёску па дапамогу, галоўнае, каб людзі ўзялі стрэльбы і прыехалі конна, а сам з некалькімі хлопцамі прытаіліся каля дарогі. Лакуціеўскія асабліва не спяшаліся, укладвалі нешта ў фурманкі, воддаль спакойна салдаты палілі папяросы.
Калістрат абвярнуўся даволі шыбка. Якраз Лакуціеўскія збіраліся выязджаць на двух фурманках і ў суправаджэнні групы салдатаў, сярод якіх былі свае хлопцы, мабілізаваныя тыдні два-тры таму назад у Войска Польскае. Сцяпан спрабаваў уступіць з імі ў перамовы, але хлопцы былі незгаворлівымі. А тым болей, што сярод іх былі і такія, якія вельмі падазрона глядзелі на савецкую ўладу і разам з ёю на Сцяпана. I тады Сцяпан загадаў страляць. Салдаты пачалі адстрэльвацца. Але, нягледзячы на страляніну, Лакуціеўскім удалося выехаць. Сцяпан арганізаваў пагоню, але і пагоня гэтая скончылася нічым. Дзве панскія фурманкі, кожная запрэжаная ў парку дагледжаных жарабцоў-стаеннікаў, суправаджаліся тымі ж салдатамі страляць жа ў сваіх хлопцаў не было вялікай ахвоты. Сцяпан паслаў некалькі хлопцаў напярэймы праз Чаркасы і Чухны, маўляў, пакуль паны аб’едуць Татарскія горы, можна будзе зрабіць за Камяніцай засаду і ўзяць іх ў аблогу. Але да паноў у Мястэчку далучыліся яшчэ з добры дзесятак уланаў, і падаліся яны не на Баруны, як разлічваў Сцяпан, a на Мірклішкі. Хлопцам нічога не заставалася, як толькі пагалёкаць услед і пастраляць наўздагон. А скакаць за імі да Вільні было не разумна. Праўда, даходзілі пасля такія чуткі, што быццам бы старую пані Лакуціеўскую ці то паранілі, ці то забілі, але, як там было на самай справе, ніхто не ведаў. Яшчэ некалькі чалавек атрымалі лёгкія раненні з абодвух бакоў, хоць у сваё апраўданне ўсе казалі, што стараліся страляць у паветра.