• Газеты, часопісы і г.д.
  • Саветы Заходнебеларускі раман-хроніка Янка Трацяк

    Саветы

    Заходнебеларускі раман-хроніка
    Янка Трацяк

    Выдавец: ЮрСаПрінт
    Памер: 430с.
    Гародня 2015
    109.46 МБ
    —	Ты меней гавары! перабіў яго Тытуш, але Сева не звяртаючы ўвагі працягваў:
    -	Трэцяе, калі што каму трэба, хай ідзе ў двор і бярэ, Сева гаварыў вельмі спакойна. Я не шкадую.
    -	Нам альбо ўсё, альбо анічога, удакладніў камунарскую пазіцыю Пуценька.
    -	Ну, наконт усяго трэба пачакаць, шматзначна заявіў Сцяпан. — А сёньня будзем лічыць, што мірныя перамовы скончыліся нечаканым панскім аскалам і фіяскам...
    -	Як хочаце, так і лічыце сваімі аскаламі, абыякава адказаў Сева і пайшоў у дом.
    Пры такой сітуацыі не было сэнсу ставіць пытанне наконт кватэры для камунараў, але Сцяпан асабліва не перажываў. Загадаў яму Кацалапаў падрыхтаваць спісы польскіх асаднікаў, служачых, ляснічых і тых, хто быў мабілізаваны ў Войска Польскае. Спісы тыя ўзначалівалі ажно два Дабрынскія: Усевалад (Сева) і Слава. Так што, відаць, нядоўга Дабрынскім быць на волі.
    Актыву прыйшлося перабрацца, як яны даводзілі «часова», у хату Сцяпана.
    Такім чынам, далейшае фармаванне часовай управы, чырвонай гвардыі, камітэту беднаты, нейкіх сельрэўкомаў, камісій, арганізацый, суполак, камуны і нешта кшталту сельскага савету працягвалася ў Ракавічах: абмяркоўвалі і абіралі «прадсядацеляў і начальнікаў дзярэўні», нейкіх старшынь, намеснікаў, сакратароў, загадчыкаў, розных сяброў, як яны казалі членаў. Адным словам, выпрацоўваліся, як і абяцаў упаўнаважаны, планы стратэгіі і перспектывы развіцця савецкай улады на вёсцы.
    Для гэтай справы былі прысланыя спецыялісты з усходу: адзін з іх быў вядомы ўжо ўпаўнаважаны таварыш Кацалапаў, а астатнія гэта атрад, чалавек дваццаць чырвонаармейцаў.
    Такім чынам была створана сялянская нацыянальная чырвоная гвардыя.
    Чырвонаармейцаў раскватэравалі ў людскія хаты, па дватры чалавекі ў кожную. У першую чаргу, салдатаў бралі да сябе актывістыя для іх гэта быў вялікі гонар: жыць у адной хаце з вызваліцелямі. Праўда, некаторым салдатам прыходзілася спаць на падлозе, на саломе, а што зробіш не хапала ўсім канапаў... Але ў большасці было наадварот: на падлозе, альбо ў сенях спалі гаспадары, а «вызваліцелі» ў святліцы на канапах. А вось есці яны сядалі дружна разам з актывістамі і іх сем’ямі за адзін стол.
    У Дойневічах чырвонаармейцы кватэравалі ў трох хатах: у Міхася і Юзы Будкевічаў, і, зразумела, у Пуценькі. Пуценька паказаў ім дарогу за Антосева гумно (у Пуценькі не было сваёй уборнай) і салдаты, відаць, былі непераборлівымі, дружна туды хадзілі. Неяк Антось спрабаваў паўшчуваць, маўляў, «нехарашо» гэта — за чужое гумно лётаць да ветру, а вас тут трох, Пуценька чацвёрты, можна выкапаць яму, доскамі абкласці і рабі што хочаш... Але салдаты, відаць, выхаваўчага працэсу так і не зразумелі і гадзілі разам з Пуценькам Антосева гумнішча і надалей.
    Другі раз меў гутарку Антось з салдатамі на сваім падворку. Яны зайшлі проста так, паглядзець, як тут жывуць нармальныя людзі. Слова за слова разгаварыліся. I тады Антось нясмела запытаўся:
    -	А што, таварышы салдаты, як далей што будзя?
    I тады адзін салдат, трохі старэйшы за іншых, сказаў:
    -	Калі, гаспадар, салам пачастуе, скажам, што будзе...
    Антось кіўнуў галавой Ганьцы і тая вельмі хуценька прынесла колькі кавалачкаў парэзанай сланіны, пару цыбулін, хлеба перакусіць можна было. А пасля прапанавала кожнаму па кубку малака.
    Калі салдаты падсілкаваліся, старэйшы з іх падзякаваў і сказаў:
    -	Я гляджу ў гаспадара ёсць сала, малако, жыта ў арудзе, бульба ў склепе...
    -	Ну, гэта як сказаць...
    —	Пуценька казаў, што ў цябе ўсё ёсьць... Дык вось, дзядзька пытаўся, што будзе... Дык вось, анічога такога ў цябе ўжо ня будзе...
    -	Як гэта анічога, — перапытаў Антось.
    -	А вось так: ані сала, ані малака, ані жыта...
    Наколькі салдат гэты меў рацыю, стала зразумелым Антосю праз колькі дзён. Неяк пад вечар зайшоў на падворак да
    Антося Юза Будкевіч і стаў скардзіцца на сваіх пастаяльцаў, маўляў, як пацукі якія, анідзе анічога не паложыш усё пажыраюць, усё, што на кухні, у каморы, у склепе, у арудзе... Мусіць, і сапраўды анічога ня будзя...
    А неўзабаве і пуценькавыя чырвонаармейцы прыйшлі да Антося ўзяць трохі бульбы, пасля мукі, а пасля запатрабавалі кавал сланіны...
    * * *
    На чарговым сходзе актыву стала вядомым, што, на сённяшні дзень, улада працоўных і сялянаў у Ракавічах і Дойневічах валодае яснай і выразнай стратэгіяй. Пра гэта паведаміў народу таварыш камісар Кацалапаў, які спецыяльна падзеля гэтага прыехаў з мястэчка. Для пацвярджэння сказанаму ён агучыў свае патрабаванні. Першым патрабаваннем быў загад аднесці назад усе панскія рэчы: посуд, мэблю, інструмент, інвентар і іншыя, нават дробныя рэчы — усё, што людзі парасцягвалі з панскіх пакояў у час стыхійных бунтаў. Маўляў, гэтыя рэчы з'яўляюцца сацыялістычнай уласнасцю і павінны належаць народу, у сувязі з гэтым іх трэба абавязкова аднесці, каб не было горш... Праўда, некаторыя бедныя сяляне сталі абурацца, маўляў, якому народу?.. А яны тады хто, хіба не народ?.. Але панскія рэчы, і не толькі Карчэўскага, але і навакольных паноў, якія пакінулі свае гаспадаркі, паціху зносілі ў спецыяльнае памяшканне ў былым складзе Карчэўскага. Зносілі, каб не было горш.
    А назаўтра, на досвітку, да склада пад’ехала грузавая машына і старую панскую мэблю, посуд, будаўнічы інструмент, панскае адзенне (кажухі, касцюмы, сукенкі, швэдры) і іншыя болей-меней каштоўныя рэчы Мечык з Славіком па загаду Кацалапава сталі рупліва ўпакоўваць у кузаў.
    -	Куды гэта? шмат хто цікавіўся такой загрузкай.
    -	На кудыкіну гару, весела адказваў усім Кацалапаў.
    Праўда, калі ж з такім пытаннем звярнуўся Сцяпан, Кацалапаў адказаў вельмі коратка:
    -	Народу!
    -	Якому народу? нечага, відаць, не разумеў Сцяпан.
    -	Нармальнаму народу! растлумачыў Кацалапаў.
    А пасля добра загружаная машына паволі пасунулася ў бок Менску.
    Наступным крокам таварыша Кацалапава была пагроза арышту старога Карчэўскага. Пан, за гэтыя дні, заместа таго, каб акалець, пайшоў раптам на папраўку. Тут, праўда, і мяс-
    цовыя людзі трохі дапамаглі пану, не далі памерці галоднай смерцю, маўляў, навошта нам такі грэх на вёску, і хто што мог, той і прыносіў пану: хто зёлкі і адзенне, хто ежу і напоі.
    Толькі вось Кацалапаў, Сцяпан і два чырвонаармейцы нічога не прынеслі паміраючаму старому чалавеку, калі зайшлі яго адведаць. Болей таго, іх здзівіла чыстая падлога ў хаце, ложак з падушкамі і коўдрамі, на якіх сядзеў пан Карчэўскі.
    -	Ты глядзі што робіцца! не хаваў свайго здзіўлення Кацалапаў. Жывы...
    -	Т-а-а-а-к! шматзначна затакаў Сцяпан. Прыйдзецца прымаць стражайшыя меры.
    -	Жастачайшыя! удакладніў Кацалапаў.
    Пан Карчэўскі асабліва не абрадаваўся іх прыходу.
    -	Заўтра ж вы будзеце арыштаваныя паўторна і накіраваныя туды, куды вы не даехалі з першага разу! — Кацалапаў гаварыў так, быццам аддаваў загад на расстрэл, і толькі пасля трохі больш лагодней. Савецкая улада любіць справядлівасць... Таварыш Сьцяпан, вы адказваеце за дастаўку!
    Адкажам!
    А назаўтра пан Карчэўскі недзе прапаў. Калі Сцяпан з чырвонаармейцамі прыйшлі яго «забіраць», ў хаце анікога не было. Прайшліся па вёсцы, пашукалі ў суседніх хатах, у тых, хто дапамагаў Карчэўскаму — нідзе няма пана, як скрозь зямлю праваліўся сын былога паўстанца.
    Прапаў, дык прапаў — актывістаў гэта мала турбавала. Пад радасныя крыкі і лозунгі яны вярнуліся ў дом Карчэўскага, каб прадоўжыць сваю дзяржаўную справу. Пакуль актывісткі наводзілі ў панскіх пакоях рэвалюцыйны парадак, два чырвонаармейцы да вугла дому прыбілі чырвоны сцяг. Відаць, з тым намерам, што нішто так не спалохала б старога Карчэўскага (калі б ён надумаў вярнуцца), як гэтае рэвалюцыйнае палотнішча.
    У гэтым жа доме, пад чырвоным сцягам, камісар Кацалапаў адвёў сабе невялікі пакой-спальню, як ён казаў, на ўсякі выпадак. Кватэраваў упаўнаважаны ў Мястэчку, а ў Багданоўцы ён бываў толькі па справе арганізацыі.
    Яшчэ адзін пакойчык (сенцы) у панскім доме занялі салдаты.
    Пад арганізацыйную кантору камбеда заставалася невялікая панская гасцінная.
    Пасля Кацалапаў загадаў Сцяпану напісаць шыльду, якая сведчыла б пра тое, што ў гэтай мясцовасці ёсць арганізаваная афіцыйная савецкая ўлада. Шыльду трэба было павесіць на відным месцы пры ўваходзе ў панскі дом, каб усе бачылі.
    Назаўтра здалёку кідаўся ў вочы над дзвярыма надпіс чырвонымі фарбамі на габляванай дошцы: «Часовая Ўправа Савецкай улады тут».
    Каля ганку дзяжурыў Сцяпан і кожнаму, хто праходзіў побач Сцяпан неяк усхвалявана паказваў на дошку:
    Мая работа, бачыш!
    Але людзі хто як аднёсся да гэтай «работы». Адны казалі «здорава», другія анічога не казалі, а Зінка, мясцовая актывістка, сказала: «Як красіво...»
    Правісела, праўда, дошка нядоўга да першага прыезду Кацалапава. Глянуў ён на шыльду і скрывіўся:
    — Что это за «часовая управа?..». Здесь, что — часы вправляют? Вправо, влево... He пойдёт! Надо как-то іначе...
    Сцяпану прыйшлося добра падумаць, як жа засведчыць тут прысутнасць савецкай улады.
    Назаўтра на будынку вісела шыльда, на якой не зусім роўнымі літарамі было напісана: «Временное правітельство Советской Власті».
    Камісар, калі ўбачыў такі надпіс, аж прысеў ад нечаканасці:
    — Вы что здесь, ох... крычаў ён на Сцяпана. В Сібір захотелі? Временное правітельство... Зімні тут устроілі!.. Немедленно убрать!
    Прыйшлося Сцяпану зноў перарабляць надпіс. На гэты раз ён доўга не думаў і напісаў: «Главное сельское управленіе Советской Народной Власті» і такі варыянт быў прыняты камісарам з адабрэннем.
    Шумеў тады панскі дом шматгалоссем, быццам пчаліны вулей, у якім завяліся не то шэршні, не то восы, не то трутні...
    Неяк апынуўся ў гэтым доме і Антось — трэба было ўдакладніць адну паперку наконт зямлі і заадно пацікавіцца, калі адкрыюць школку ў вёсцы каляды ўжо на носе, а дзеці ў хаце сядзяць. Тады Антося ўразілі гэтыя ў асноўным маладыя хлопцы і дзяўчаты, якія весела і з нейкім натхненнем пісалі паперкі, паказвалі іх адзін аднаму і ўсё хадзілі панскімі пакоямі адзін за адным. Тады Антось нават трохі пазайздросціў ім ён у свае маладыя гады на полі спіны не разгінаў, а гэтыя, быццам няма для іх аніякага поля.
    Нейкі пісарчук, прыехаў аднекуль з-пад Бабруйска, хадзіў і пытаўся, як правільна напісаць на расейскай мове «ведамосьць», ці «ведомость», ці «ведомасть»?