Саветы
Заходнебеларускі раман-хроніка
Янка Трацяк
Выдавец: ЮрСаПрінт
Памер: 430с.
Гародня 2015
Пішы ўсё праз «о», не памылішся, параіў яму Пуценька і той, высалапіўшы язык, старанна пачаў скрабаць пяром.
А пасля паказаў ён Антосю сваю пісаніну. Атрымалася так: «Ведомосьць о здаче куріного помёто».
Але гэта была яшчэ палова бяды. Паводле той ведамасці Ян Яскевіч стаў Іоанам Іоскевічом, Вінцук Бурка стаў Вікеньціем Бурко, Пяшкур Печкуром, Рэпа Репо, а Баран Байранам. Казалі, што пісар той нават Сцяпана і Пуценьку запісаў не так. Чуў ён, што Сцяпана называюць Дзядзькам, a Пуценька для ўсіх быў Пуценькам, дык і даў ім прозвішчы на свой капыл: адзін стаў Дядько, а другі Путько.
Калі Антось пасля расказваў гэтым Іоскевічам, Печкурам і Байранам, як пісарчук у камунарскіх дакументах перакруціў іх прозвішчы, дык яны асабліва не бянтэжыліся. Яскевіч, калі даведаўся, што ён Іоскевіч, стаў абурацца тым, што яму гэты пісар скруціў адну кілю памёту, маўляў, ён здаў шэсць кіляў, a запісана ў яго толькі пяць. Астатнія толькі пасмяяліся, а Баран дык нават усхваліў такі пачын, маўляў, усё вельмі правільна, бо колькі ўжо можна яму хадзіць Бараном, хоць пры савецкай уладзе паходзіць Байранам. Пасля, казалі, бегаў ён да таго пісарчука і прасіў, каб імя яму таксама перайнакшылі, маўляў, ну што гэта за імя такое Волюсь, ну хоць бы Валерый, а лепш за ўсё Лорд: Лорд Байран вось гэта гучыць, вось так было бы правільна.
Тады так атрымалася, што Антось Андраловіч стаў сведкам цікавай гутаркі між актывістамі. Ён зайшоў да іх у пакой (кабінет), але яны зрабілі выгляд, што не заўважылі яго. Гутарка ішла пра стварэнне нейкіх камітэтаў.
- Таварышы, нам трэба на сходзе абмеркаваць старшынь новых камітэтаў, прапанаваў Кацалапаў.
- Правільна, таварышы! падтрымаў ідэю Пуценька. На чале кожнага камітэту павінен быць таварыш кіраўнік: бедны, чэсны і з народу... як я...
- Таварышы, у нас створаны камітэт беднаты, працягваў Кацалапаў, сельскі рэвалюцыйны камітэт, аддзел Чырвонай гвардыі... У перспектыве аддзел народнай міліцыі, народны кантроль, рэвізійная камісія, камсамол, прафсаюзы... Што яшчэ? Ага, камуна... I на ўсе гэтыя арганізацыі патрэбныя не часовыя, а пастаянныя кіраўнікі. У каго якія прапановы, таварышы?
У мяне! падняўся нейкі незнаёмы чалавек, таксама, як і Кацалапаў у шынэлі, кіцялі і сінім галіфэ. Таварышы! Прапаную стварыць свой народны камітэт, скарочана нарком.
Таварышы! Нарком гэта народны камісарыят, растлумачыў Сцяпан. He зусім падыходзіць, таварыш Трэпелеў...
Хто мяне вучыць будзе! абурыўся той. Мы, таварышы, створым свой народны камітэт і прызначым старшынём камітэту не абы каго, а наркома!
У прынцыпе няправільна, таварышы не згаджаўся Сцяпан. Але, калі так хочаце, на першы раз можна і так.
А хто ў такім разе будзе наркомам, таварышы? пацікавіўся Пуценька.
Я думаю, што мы прапануем свайго кандыдата і дадзім права народу абраць сабе наркома... Правільна? — прапанаваў Кацалапаў.
Правільна! Очань дажа! адгукнуўся Казакевіч.
Таварышы, тады няхай жыве нарком усіх наркомаў таварыш Сталін! выгукнуў чалавек у шынэлі і сінім галіфэ, падняўся з-за стала і закрычаў:
Ура, таварышчы!
Усе ўскочылі, як пад каманду, і закрычалі «У-ра-а-а!».
Таварышы, тады давайце прыступім да абмеркаваньня кандыдатур старшыні камітэтаў, вёў рэй далей Кацалапаў. У мяне ёсьць некалькі вельмі вартых кандыдатур на прыкмеце... Толькі трэба іх выклікаць...
Адкуль выклікаць, таварыш Кацалапаў? не зразумеў Сцяпан.
Адкуль нада, таварыш Сьцяпан! адказаў Кацалапаў. Хаця можна і з мясцовых, таварыша Пуценьку, да прыклаДУ-
— Мяне... можна, пагадзіўся Пуценька.
Але тут Сцяпан зрабіў выгляд, што быццам бы толькі цяпер ён заўважыў Антося.
— А што вы...ты... тут, таварыш, робіш? — здзівіўся Сьцяпан.
Антось не адразу зразумеў, што гэта да яго звяртаюцца.
-Я?
Ты, ты! бесцэрымонна затыкаў Пуценька.
— Наркомам хачу стаць! — раптам сур’ёзна заявіў Антось. Ня Пуценьку ж наркомам становіцца, які зь яго нарком?.. A тут, дай думаю, зайду, можа, паперу дзе якую трэба падпісаць гэтым, як іх... таварышам?..
Вы... ты... тут, дзядзька, так не жартуйце, першым адрэгаваў на рэпліку Пуценька. Ідзі...це, дахаты!
Што таварышчу нада? пацікавіўся Кацалапаў. Как я панімаю таварышч ад народа. Хадакоў ад народу завсегда нада выслушаць! Так в чом дзела, таварышч?
А справа ў тым, пан начальнік... Пачаў было тлумачыць Антось, але яго рэзка перарваў той незнаёмы:
Паны ў Варшаве!...
А-а-а... Ну! зразумеў Антось і коратка выклаў сваю праблему наконт школкі, маўляў, работу ў гаспадарцы амаль што парабілі на вуліцы кастрычнік, а цэлая класа школьнікаў на печы сядзіць і дурнотай займаецца, а ў мястэчка далекавата малым...
Атрымаўшы вельмі кароткі адказ «зайдзіце, таварышч, праз нядзельку», Антось выйшаў з «кабінету».
У карыдоры яго нагнаў Пуценька:
Вы што, дзядзька Антось, мяне перад таварышамі прынізілі?
— А што я такога сказаў? здзівіўся Антось.
Нічога... Толькі трэба неяк болып далікатней... Я ўсё ж такі начальства...
Ах вось яно што! зноў здзівіўся Антось. Наркомам хочаш стаць?!.
Хачу-не хачу ня ваша справа. Таварышу Кацалапаву больш відней...
Касалапаву, кажаш? Ну-ну! тады толькі і сказаў Антось і пайшоў.
Дарэчы, у былых панскіх пакоях найболып важнай персонай і сапраўды быў ўпаўнаважаны таварыш Кацалапаў.
Таварыш Кацалапаў звярнуў на сябе ўвагу тым, што гаварыў узважана, коратка і стараўся гаварыць па сутнасці. Праўда, гэтая сутнасць была нейкай затуманенай і абстрактнай, але яна, як не дзіўна надавала яго прамовам воблік складанасці і важнасці праблемы. Яго слова было апошнім і вырашальным, ад яго залежала ўсё, што мела адносіны да кожнага актывіста, да кожнага селяніна і яго сям’і, да кожнай панскай і сялянскай гаспадаркі. «Я есьмь альфа і амега, апошняя інстанцыя», часта любіў гаварыць Кацалапаў у вельмі цесным коле актывістаў, і тут ён меў рацыю. Гаварыў ён на расейскай мове, але, каб не вылучацца стараўся ўжываць беларускія словы, асабліка, калі гутарка была звернута да сялян. Таварыш Кацалапаў кантраляваў увесь працэс фармавання савецкай улады і накіроўваў яго туды, куды трэба. I ён ведаў куды. Але стараўся рабіць гэта вельмі далікатна і асцярожна, быц-
цам бы ён тут і не пры чым, быццам усё тут ідзе ад народу, ідзе з ініцыятывы мясцовых актывістаў, а ён так, збоку...
Хітры быў таварыш.
Недзе ў Расеі засталася яго сям’я. Але па ім не было відаць, каб ён моцна тут нудзіўся без жонкі і дзяцей. Асабісты бок гэтага чалавека быў шчыльна закрыты для кожнага цікаўнага і дапытлівага. Здавалася, што ўвогуле ў гэтага чалавека няма нічога свайго, асабістага: адно толькі -Ленін, Сталін, партыя, саветы... Адно, што часам было недарэчным, дык гэта тое, што яго прозвішча Кацалапаў часта блыталі з Касалапавым, альбо з Кацапавым. На што Кацалапаў далікатна папраўляў субяседніка і гаварыў, каб запомнілі правільнае прозвішча, маўляў, так будзе лепш. За вочы Кацалапава празвалі Мядзведзем; і быў ён трохі падобны на мядзведзя такі ж непаваротлівы і трохі касалапы.
Найболып набліжанай асобай да таварыша Кацалапава з мясцовых актывістаў стаў Сцяпан Андраловіч.
Сцяпан Андраловіч быў правай рукой Кацалапава. Калі трэба было каму звярнуцца да новага начальства, ішлі не да Кацалапава ішлі да Сцяпана. У Сцяпана пыталіся, з ім раіліся, у яго прасілі; яму верылі і спадзяваліся на яго дапамогу. I хаця ў Сцяпана было нямала ворагаў сярод вяскоўцаў, але балыпыня яго падтрымлівала, маўляў, калі і быць некаму начальнікам пры новай уладзе, дык каму ж яшчэ як не Сцяпану, чалавек гэтую ўладу выпакутваў ад 1918 г., ад арганізацыі тых яшчэ саветаў у Ракавічах і Солах, праз Грамадзянскую вайну, праследаванні польскіх уладаў за беларускасць, мардаванні ў пастарунках, турэмныя краты на Лукішках і ў Бярозе Картузскай за прыхільнасць да камуністычньіх ідэяў...
Сцяпан і раней быў прыхільнікам сацыялізму, але не такім апантаным, як рабіўся зараз. Зараз ён быццам бы памаладзеў на гадоў дваццаць у плане актыўнасці, як малады насіўся полем, арганізоўваў нешта з моладзю, тлумачыў актывістам, нешта абмяркоўваў з Кацалапавым і з Калманамі, лётаў калі што ў Мястэчка за нейкай новай даведкай альбо інфармацыяй. Сцяпаніха (жонка) скардзілася неяк на вёсцы, што здурнеў чалавек, дахаты прылятае толькі на некалькі хвілін, на хаду перакусіць і зноў некуды ляціць... Забыўся, што ёсць дзеці, гаспадарка нейкая, што ёсць жонка, урэшце... Пахудзеў, абнасіўся, толькі вочы блішчаць нейкім нездаровым бляскам...
Сцяпан выступаў як пасярэднік між упаўнаважаным Кацалапавым і народам. Усе планы, задуманыя ўпаўнаважаным,
супадалі чамусьці з планамі Сцяпана і ажыццяўляліся ім на практыцы. Такі тэндэм абяцаў даць добры плён.
Апошнім часам Сцяпан стаў хадзіць з нейкім падазроным невядомым чалавекам у такой форме, што і ў Кацалапава: шынэль, кіцель і сіняе галіфэ. Прозвішча ў яго было таварыш Трэпелеў. Цікавіўся ён ўсім: і людзьмі, і людскімі гаспадаркамі, і хто што рабіў пры Польшчы, і хто і як сустракаў чырвонаармейцаў, і хто куды ездзіў і чаго, і хто куды ходзіць і да каго. Казалі, што гэты ўпаўнаважаны ў кіцялі будзе новым савецкім начальнікам з’яднаных вёскаў: Бяляніцы, Дойневічаў, Мазалёў і Ракавічаў, бо Кацалапаў пойдзе вышэй. Калі хто пытаўся ў Сцяпана наконт новага начальства, ён адказваў неяк цьмяна, маўляў, хутка будзе сход, на якім народ сам будзе абіраць сабе найбольш вартаснае начальства, бо савецкая ўлада гэта, у першую чаргу, і ёсць воля і ўлада народу.
Другім чалавекам сярод прасавецкага актыву з мясцовых стаў Кастусь Казакевіч.
Кастусь Казакевіч яшчэ зусім нядаўна абсалютна нічым не вылучаўся: не быў ён змагаром за беларускасць, як, прыкладам, Сцяпан, і не быў ён вялікім прыхільнікам Саветаў, як Стрыгі з Ракуцева. Але чалавекам ён быў разважлівым, памяркоўным і беспрынцыповым. Па ім ніколі немагчыма было пазнаць, што ён думае і адчувае: твар, як маска аніякай эмацыйнасці, аніякай радасці і амбітнасці, а яго ўласная пазіцыя заўсёды супадала з аўтарытэтнай думкай, прапановай і пазіцыяй канкрэтнага чалавека. Такімі аўтэрытэтамі раней былі пан Лакуціеўскі і войт і яны былі станоўчай думкі пра Казакевіча, а цяпер таварыш Кацалапаў.
Сваімі паводзінамі Казакевіч быццам паказваў, што нястолькі яму патрэбна гэтая ўлада, колькі ён патрэбен ёй. Ніхто з мясцовых не змог бы так спрытна ўлагодзіць нейкую канфліктную сітуацыю, як гэта мог зрабіць Казакевіч, зрабіць сваёй памяркоўнасцю, беспрынцыпнасцю і абыякавасцю.