Саветы Заходнебеларускі раман-хроніка Янка Трацяк

Саветы

Заходнебеларускі раман-хроніка
Янка Трацяк
Выдавец: ЮрСаПрінт
Памер: 430с.
Гародня 2015
109.46 МБ
Сцяпан супакойваў Антося, маўляй, не хвалюйся, з табой будзем асобна разбірацца, будзем улічваць пры раздзеле колькасць душ.
Хаця і ад такіх слоў не надта, каб Антось заставаўся задаволеным. Чаму яны павінны дзяліць чужое дабро? Ён жа не лезе ў іхнія гумны, хаты, хлявы. Якое яны маюць права дзяліць тое, да чаго рук не прыкладалі. Другая справа панскае дабро, там уся вёска працавала, а ў яго, у Антося, хто працаваў: ён і дзеці, дык чаму павінны дзяліць іншыя?
* * *
Першы дэкрэт, які выдаў новы камітэт пад кіраўніцтвам Пуценькі (камітэтам фактычна кіраваў камісар Кацалапаў), быў дэкрэт аб зброі: «...кожны павінен здаць органам савецкай улады агнястрэльную зброю дабравольна, альбо паведаміць,
дзе такая знаходзіцца. У праціўным выпадку той, хто будзе захоўваць зброю, будзе падвергнуты арышту, суду і зняволенню на доўгія тэрміны пакарання як вораг народу і савецкай улады ».
Дакумент гэты Пуценька стараўся давесці да кожнага. Людзі згадвалі, што нешта падобнае было і пры паляках, і нешта здавалі, а ў каго пасля выпадкова знаходзілі незарэгістраваны рэвальвер ці карабін, прысуджалі вялікія штрафы. Праўда, усё залежала ад сітуацыі. Болюсь Бутка расказваў, як ехаў на кірмаш у мястэчка і прыхапіў з сабою рэвальвер мала што можа быць у дарозе. А на кірмашы тым быў нейкі ператрус, і знайшлі паліцэйскія рэвальвер той пад сядзеннем. Выкруціўся Болюсь тым, што стаў даводзіць, як ён у пастарунак вёз зброю тую, каб здаць уладам, але напачатку хацеў парасё купіць на кірмашы, пакуль быў гандаль... Рэвальвер, праўда, забралі, але прыйшлося і парасё аддаць, каб адпусцілі... I адпусцілі і нават падзякавалі.
— Гэтыя не падзякуюць, — заўважыў Болюсь Будка.
Сам начальнік, Пуценька, гаварыў так:
— Для мяне тут анічога няма новага — усё робіцца так, як рабілася ў Магілёўшчыне: напачатку трэба забраць зброю ў людзей, а хто ня здасьць таго ў Сібір зь сям’ёй і з канфіскацыяй... А пасьля мы забяром дабро і золата яго будзе лягчэй забраць тады, калі ў людзей ня будзе зброі, а забіраць трэба, бо золата толькі бэсьціць людзей!..
I цяжка было зразумець, ці гэта Пуценька так жартуе, ці ён так усур’ёз, але на ўсякі выпадак пачалі патроху зносіць у панскі дом усё тое, што можна было назваць зброяй: паляўнічыя стрэльбы, дубальтоўкі мінулага стагоддзя і нават нехта прынёс мушкет. Людзі спакойна аддавалі тое, што ім было непатрэбным і цяжка было паверыць, што гэтая зброя была ў іх апошняй. Камісар Трэпелеў, які прымаў зброю, крывіўся, гледзячы на такі арсенал:
А кулямёт дзе дзеў? дапытваўся ён у дабравольца з абрэзам. Прызнавайся, лепей будзе... Горш будзе, як адкапаем на тваім агародзе, у нас рыдлёўкі доўгія, нямецкія...
I запісваў камісар прозвішчы дабравольцаў у асобны спіс. Спіс той уважліва і прыдзірліва вывучалі Пуценька, Сцяпан і Казакевіч — было падобным на тое, што пойдуць хатамі з ператрусам у пошуках прыхаванай зброі.
10. Прак/іятае зо/іата
Апрача савецкіх вайсковых структураў, актыўна сталі дзейнічаць розныя стыхійныя ўзброеныя групы (атрады), якія рабілі напады на польскіх асаднікаў, ляснічых, ураднікаў і паліцэйскіх. Атрады тыя складаліся, у асноўным, з тых, хто напачатку хаваўся ад мабілізацыі ў Войска Польскае, а пасля ад набору ў Чырвоную Армію. Праўда, былі і такія, якія ў Чырвоную армію ішлі нават з ахвотай. Так, Вася Старлецкі з Равоў у дзень прыходу чырвонаармейцаў угаварыў камандзіра забраць яго з сабою ў якасці навабранца, бо яму ўсёроўна гады ўжо падышлі і ён хацеў бы прыняць удзел у вялікім гістарычным вызвольным паходзе Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі.
Ад прызыву ў Чырвонае войска сталі хавацца пасля таго, як стала вядомым, што маладых хлопцаў з Заходняе Беларусі адразу кідаюць на Фінскую вайну1. А даведаліся пра гэта ад навабранцаў, якія праз нейкіх паўтары месяцы службы парадавалі ў сваіх лістах бацькоў тым, што «вызваляюць працоўных Фінляндыі ад паганых белафінаў». А неўзабаве прыйшла сумная вестка: загінуў недзе, вызваляючы белас}йнаў, Вася Старлецкі.
Тое, што хлопцы не хацелі ісці служыць, а ў перспектыве і ваяваць, можна было зразумець з нейкіх пацыфісцкіх меркаванняў. Ім прыходзілася хавацца ў лесе як ад саветаў (чырвонаармейцаў, народнай міліцыі і гвардыі), так і ад польскіх узброеных груповак. Такія лясныя атрады паступова павялічваліся за кошт дызертыраў, крымінальнікаў і люмпенпралетарыяту, і, часцей, розныя крымінальныя рэцыдывісты рабіліся камандзірамі. Неўзабаве гэтыя людзі пачалі ўзбройвацца у той сітуацыі, відаць, інакш і нельга было. У асноўным гэта былі абрэзы з вінтовак Мікалаеўскай вайны і рэвальверы. Усякіх сутычак з вайсковымі фармаваннямі, як польскімі, так і савецкімі, яны пазбягалі, але спецыялізаваліся на дробных дыверсійных вылазках у адносінах да мясцовага начальства і насельніцтва. На гэтым заканчваўся іх пацыфізм. Зразумела, што ў гэтых атрадах шмат было аднавяскоўцаў альбо людзей з суседніх вёсак. Але вяскоўцам ад гэтага лепш не рабілася свае добра ведалі, што ў каго і дзе было, і як, дзе і што можна было ўзяць; і хто як жыў і чым хто дыхаў... I такія веды вельмі часта прымяняліся «сваімі» для шантажу: альбо перад палякамі, альбо перад Саветамі — у залежнасці ад сітуацыі і выгады. А яшчэ невядома дзе былі і што рабілі тыя
Савецка-фінская вайна-узброенны канфлікт між СССР і Фінляндыяй у перыяд ад 30 лістапада 1939 г. да 13 сакавіка 1940 г.
прызыўнікі Войска Польскага з краю, якім вяртацца дахаты было небяспечна: наўрад ці маладыя Лакуціеўскія, Ластоўскія, Страчыцкія паўцякалі ўслед за сваім урадам да ангельцаў.
Савецкая ўлада такія атрады, як і ўсякія іншыя несавецкія ўзброеныя фармаванні, тут жа празвала «бандамі». На іх сталі спісваць крадзяжы коней у людзей і ў камунараў, якія апошнім часам зачасцілі. Яны, відаць, выкопвалі і бульбу людскую і выводзілі ноччу з хлява скацінку, і выносілі з людскіх хатаў цёплыя рэчы і прадукты. «Бандыты» не толькі рабавалі людзей, яны сталі прэтэндаваць на такую кантралюючую інстанцыю ў арганізацыі зямельнага пытання і жыццёвых праблемаў у вёсцы. Да іх меркаванняў прыслухоўвалася мясцовае начальства і простыя людзі. Аслухацца іх было раўназначным таму, што падвергнуць сябе і сям’ю небяспецы — маглі прыйсці ноччу і расквітацца. I калі раптам узнікалі пытанні наконт таго, чаму той чалавек не бярэ такі добры надзел панскай зямлі альбо чаму нехта адмовіўся ад панскай каровы ці каня, дык можна было здагадацца, што зямля тая і карова, паводле некага, павінны быць перададзены ў іншыя бедныя рукі, звычайна гэтыя рукі былі бацькоў і сваякоў тых, хто ў гэтых бандах быў завадатарам.
Шмат для каго прыйшоў час згадаць старыя крыўды і, пры першай жа магчымасці, адпомсціць. Найбольш распаўсюджаным быў метад даносу. Маўляў, той і той пры паляках, альбо ў часы рэвалюцыі і той яшчэ польска-савецкай вайны, альбо яшчэ пры царскай Расеі, быў тым і тым, рабіў тое і тое, з чым сёння савецкая ўлада змагаецца і гаварыў непрыстойнасці пра Леніна і Сталіна. Праўда, даносчыкі, у хуткім часе, становіліся вядомымі, бо звычайна праходзілі як сведкі. Другім метадам была помста. Таму і не дзіўна, што з прыходам Саветаў зачасцілі няшчасныя здарэнні і выпадкі: там, недзе каля вёскі, знайшлі чалавека мёртвага, а там нейкія бандыты забілі чалавека ў яго ж хаце, а там, недзе, падпалілі хату і ўся сям’я згарэла, бо дзверы былі падпёртыя знадворку.
Мясцовы ляснік, Гоман з Мазалёў, неаднойчы даводзіў рэвалюцыйным камітэтам ў Ракуцеве і Ракавічах пра тое, што ў лесе ён часта знаходзіць абсталяваныя шалашы і ляжанкі з недапалкамі — з усяго было відаць, што нехта хаваецца і, можа, з нядобрымі намерамі хаваецца ад людзей, але мясцовае начальства аніякай увагі на гэтыя факты не звяртала не было калі.
А тут, неяк аднойчы, усё наваколле жахнулася ад страшнай весткі: у Няроўцы да смерці замучылі старога Сака. Яго не
проста прыйшлі і забілі, а доўга катавалі: падвешвалі да бэлькі і білі, ламалі пальцы, распальвалі на грудзях агонь... Вось тут і ўзнікае тое пытанне, якое можа ўзнікнуць толькі ў такой сітуацыі: за што?
Прыехалі следакі, некалькі чырвонаармейцаў, міліцыянераў пачалі распытваць: што, дзе, да чаго...
Але ніхто нічога толкам не ведаў, не чуў, не бачыў...
Праўда, следакі асабліва і не капаліся ў гэтай справе. Тым болей, хутка стала вядомым, што Сак быў у спіску ворагаў народу і вось-вось яго павінны былі арыштаваць. Меў ён заможную гаспадарку і праходзіў як кулак. Пуценька, у сувязі з яго забойствам, гаварыў, што, маўляў, так будзе з кожным ворагам народу, маўляў, народныя мсціўцы вынеслі народны прысуд і героі палічылі за лепшае застацца невядомымі.
Такія высновы Пуценькі толькі рассмяшылі людзей. У вёсцы шмат хто ведаў, што магло б стаць нагодай для дзікай расправы над Сакам, але гаварыць пра гэта асцерагаліся. Пры Саветах вельмі хутка кожны зразумеў, што залішняя асвядомленасць можа быць нагодай для бяды, і куды лепей было прамаўчаць, маўляў, чалавека ўжо не вернеш з таго свету, a сабе можаш толькі нашкодзіць.
Прынамсі, Сцяпан інфармаваў старшага аператыўнай групы, уводзіў у курс справы, і можна было толькі здагадацца, пра што ў іх ішла гутарка: Сцяпан, як актывісты і камітэтчык, мог расказаць пра тое, што іншыя гаварыць не адважыліся б, a менавіта пра падзеі дваццацігадовай даўнасці. Пра гэта вельмі шмат гаварылі ў сярэдзіне дваццатых гадоў, тады, калі Сак купіў дрэва, пашырыў хату, паставіў гумно, разбудаваў хлеў, а ў ім завёў чатыры каровы, тройку коней, свінні, куры, гусі і, што сама галоўнае стаў купляць зямлю ў фантастычных, для беднага селяніна, памерах... На якія такія «шы-шы», не маглі дацяміць людзі? Альбо скарб знайшоў Сак, альбо пабратаўся з чортам, які яму тыя грошы торбамі носіць.
Вось тады і сталі людзі гаварыць адкрыта пра тое, адкуль можа быць такое багацце ў Сака.
У Мікалаеўскую вайну Сак не ваяваў тады ўжо быў у гадах. Паспрабаваў быў бежанства, але праз два месяцы здолеў нейкім чынам вярнуцца. Вярнуўся якраз у той момант, калі рускія салдаты здзіралі салому з страхі хацелі разабраць хату на ўмацаванне акопаў. Так і стаў жыць у суседстве з рускімі салдатамі, прынамсі, так жылі ўсе ўздоўж лініі фронту, хто не кінуўся ў бежанства. Што гэта было за жыццё не пажадаеш нават лютаму ворагу усё, як на вайне: бомбы, снара-