Саветы Заходнебеларускі раман-хроніка Янка Трацяк

Саветы

Заходнебеларускі раман-хроніка
Янка Трацяк
Выдавец: ЮрСаПрінт
Памер: 430с.
Гародня 2015
109.46 МБ
-	Сьцяпан, мы ж з табой парыліся на адных нарах, казаў Філя, Па старой дружбе, прыстрой дзе чалавека...
Так, неяк сядзелі яны адзін час разам на Лукішках, толькі з той розніцай, што Сцяпан праходзіў як палітычны вязень, а Філя (мянушка Храпа) як крымінальнік-рэцэдывіст. Але сябрамі яны ніколі не былі.
Невядома чым Храпа купіў Цэрбера, але і той стаў ціснуць на Сцяпана, маўляў, спецыялісты патрэбны калгасу.
-	Так, патрэбны, пагаджаўся Сцяпан, але ж не такія спецыялісты, як Любрык...
Ну, а калі сам Кацалапаў сказаў, што Любрыку трэба даць працу ў калгасе, тады Сцяпану і Казакевічу нічога не заставалася, як толькі добра падумаць, у якую такую калгасную дзюрку засунуць Любрыка, каб як надалей ад таго, што ў калгасе не так ляжыць. Калі ўлічыць, што ў калгасе ўсё ляжала не так, дык знайсці такую дзюрку было складана. Але знайшлі — прапанавалі Любрыку пакуль што збіраць і вывозіць камяні з поля, якое раней належала Дабрынскім, а зараз гэтыя гоні сталі калгаснымі палямі.
Раман, хоць і зморшчыўся ад такой прапановы, маўляў, такое поле дзейнасці і такія каменьчыкі не паводле яго спецыялізацыі, але, падумаўшы, даў згоду.
Яшчэ была адна пацешная навіна ў калгаснікаў, a менавіта: у калгас нарэшце быў прыняты Мікіта Міган. Дарэчы, вельмі рэдкі, на тыя часы выпадак, калі чалавеку актывістыя адмаўлялі ўва ўсім: напачатку не прымалі Мікіту ў камуну, а пасля гэтак жа ігнаравалі яго памкненні стаць калгаснікам. I што толькі Мікіта не рабіў: прасіўся, скардзіўся і нават не адну пляшку самагонкі прыйшлося яму выпіць з Пуценькам, Сцяпанам і Цэрберам, якія толькі шмат абяцалі, а ў камуну ўсёроўна не бралі. Быццам нейкае пракляцце было на чалавеку.
Да таго ж меў ён яшчэ нейкую незразумелую звычку: хадзіць зігзагамі і палахліва азірацца па баках. Вось так, казалі, неяк адвячоркам ён ішоў вуліцай і кінуўся зігзагам спачатку на Маню Адолеву, дзяўчыну ў гадох, трохі нязграбную і не вельмі прываблівую, а пасля гэтак жа палахліва зігзагнуў у адваротны бок. Маня так была спалохалася гэтага зігзагу, што прыйшлося бацьку ісці да знахара Чубіка і замаўляць ваду. Спалохаўся тады і сам Мікіта, бо Адоль, неяк прьі выпадковай сустрэчы, пагражаў яму, што калі Маню ад перэпалахаў перакосіць ці, не раўнуючы, спарыжуе, дык тады Мікіта сам будзе яе даглядаць, але, праўда, абышлося ўсё добра Маню не перакасіла і не спарыжавала. А Мікіта, пасля гэтага, стаў болей уважліва прыглядацца да Мані і неўзабаве зігзагнуў да Мані ў сваты. I Маня пасля нядоўгіх роздумаў зразумела, што зігзаг той Мікітаў быў з волі Божай.
Так што яго зігзагі — гэта не простыя былі кіданні ў бакі. Дарэчы, праз гэтыя зігзагі празвалі Мікіту Зігзагам, але ён не крыўдзіўся за такую мянушку, а калі хто так яго абзываў, ён з усмешкай дабаўляў «зігзаг шанцунку».
Вось толькі невядома чаму, зігзагі ў бок камуны давалі адсечку.
Можа, уся прычына была ў тым, што Мікіту яшчэ празывалі і Апосталам. На Апостала, зразумела, ён быў мала падобны: высокі, хударлявы, трохі прыгорбленыя шырокія плечы і доўгія, як у прафесійнага і прыроджанага злодзея, рукі.
Зразумела, што Апосталам быў бы Мікіта кепскім, калі б толькі выпала такое шчасце. Быў неяк Мікіта кінуўся ў веру. Рэгулярна, кожную нядзельку і ў вялікія святы, ён запрагаў сваю дохленькую кабылку і разам з сваёй Маняй, такой жа страшненькай, як кабылка, трохі прыадзеўшыся ў што лепшае, яны важна бралі кірунак, як ён казаў, да Бога. Але празвалі яго Апосталам не праз гэта памкненне, бо ў вёсцы амаль што ўсе ездзілі ў нядзелю да Божага храма, але ж нікога так не празывалі. Атрымаў ён такую высокую мянушку, дзякуючы аднаму выпадку. Недзе ў пачатку 20-х гадах у Барунах ладзілі вялікі фэст з нагоды каранацыі абраза Барунскай Божай Маці. Каранавалі тады абраз Багародзіцы на Валадарку польскага народу і кароны Польскай Рэчы Паспалітай. Мясцовы пробашч тады загадзя, за колькі месяцаў, нагадваў аб вялікім свяце, на якое прыедуць апосталы польскай веры, апостальскія нунцыі, візітатары і кардыналы не толькі з Вільні і Варшавы, але нават і з Апостальскай Сталіцы, з Рыму. Зра-
зумела, што кожны сапраўдны вернік прагнуў хаця б адным вокам зірнуць на тых прадстаўнікоў каталіцкай веры, якія з'яўляюцца паслядоўнікамі Хрыста і яго Апосталаў, ды і самі, з сутнасці, з’яўляюцца Апосталамі. Таму і не дзіўна, што цёплым жнівеньскім днём, у дзень каранацыі, усё мястэчка было абкладзена вазамі. Старыя людзі казалі, што, колькі помняць сябе, столькі людзей у Барунах аніколі не бачылі. У час урачыстага набажэнства большая палова людзей тапталіся на бабінцы, і нават на дарозе каля касцёла. Мікіта ж здолеў неяк прасунуцца да касцёла і пры ўваходзе прыпаў да распяцця сваімі тоўстымі і тлустымі лупамі, перахрысціўся і кінуўся на каленні, як грэшнік сама першы, і пацеры згаварыў усё як мае быць. А пасля, штурхаючыся, падаўся прама да амбона, спыніўся насупраць яго і, зыркаючы ў бакі, стаў слухаць казанне. Казанне было на польскай мове. Нейкі ксёндз доўга і нудна гаварыў не столькі пра Багародзіцу, колькі пра Рэч Паспалітую і што галоўны абавязак кожнага католіка і кожнага Апостала перад Богам — гэта аддаць усе свае сілы, намаганні і сродкі на аднаўленне польскай дзяржаўнасці. Менавіта так зразумеў Мікіта казанне, не будучы вялікім спецыялістам у польскай мове і ў апостальскіх дзеях. Мікіта агледзеўся навокал і ўзрадаваўся побач з ім стаяла Марыська, суседка, а воддаль яе маці, а ззаду сусед Лявон.
-	Марыська, прабубнеў Мікіта, Нешта я ня бачу гэтых, як іх... прыезджых...
-	Каго, дзядзька?
-	Ну, гэтых, як іх... павінны былі прыехаць з Варшавы і яшчэ знекуль... асталопаў...
—	Дзядзька Мікіта, можа, апосталаў? перапытала дзяўчо.
— Ага-ага, во, іх, заківаў Мікіта, але было ўжо позна. На Мікіту зашыпелі з усіх бакоў, а Лявон, які чуў усю гэтую гутарку, не вытрымаў і зарагатаў. Смех у касцёле — праява нявыхаванасці і дурноты. Тут жа каля іх апынуўся нейкі клерык далікатна сцвярджаючы: «Прошэ выйсць, прошэ выйсць!» Мікіту і Лявону анічога не заставалася, як толькі паслухацца клерыка. Трэба было перажыць такі сорам і ганьбу: праз увесь касцёл яны ішлі, апусціўшы галаву, а людзі навокал услед кідалі ім нешта кшталту: «дэманаў, дэманаў злавілі».
Пасля гэтага выпадку Мікіта на нейкі час перастаў хадзіць у касцёл. Баяўся, што пробашч прылюдна пачне ганьбіць і пагоніць з касцёла, але неяк сустрэўся ён лоб у лоб з тым пробашчам, і пробашч, быццам і нічога такога не было, сам
прапанаваў падысці да споведзі і ўзяць камунію. Адно толькі цікавіла пробашча: каго меў Мікіта на ўвазе пад асталопамі?
Розгалас пра гэты выпадак быў вялікі. Людзі заўсёды любілі пацешыцца з асталопаў, якія мецілі ў апостальг. Ад таго часу за Мікітам так і замацавалася мянушка: Апостал. Цяжка сказаць, чаму менавіта Апостал, а не Асталоп, відаць, так было болып пацешней, асабліва, калі супастаўляць сапраўднага Апостала і Мікіту. Праўда, Мікіта не крыўдзіўся і на такі зварот да сябе, а хто ж будзе крыўдаваць на Апостала.
Праўда, калі прыйшлі саветы, Мікіта напачатку зігзагнуў у бок палякаў і аднёсся да саветаў вельмі крытычна. I толькі, калі пачалі арганізоўваць камуну, Мікіту, як не дзіўна, зігзагам кінула да камунараў, але тыя з вялікім недаверам аднесліся да Апостала, а Сцяпан, кіраўнік камуны, так і сказаў, узрадаваўшыся:
-	Толькі ў маёй камуне Апосталаў і не хапае!..
-	А што, ў тваёй камуне павінны быць толькі бараны? нявінна запытаўся Мікіта, чым вельмі і вельмі пакрыўдзіў Сцяпана, бо да Сцяпана і яго роду прычапілася была чамусьці такая мянушка Бараны.
Адмовіў Сцяпан Мікіту ў яго жаданні будаваць новае шчаслівае жыццё ў камуне, і Мікіта зразумеў, што з яго няправільнымі мянушкамі нялёгка будзе ў гэтым жыцці пры новай уладзе, але ён не траціў надзеі быць шчаслівым. Параіўся Мікіта з камісарам Кацалапавым наконт камуны, і той яму растлумачыў, што зігзагі можна зразумець як перагібы, а апосталы гэта цемрашалы: адно і другое «чуждае» савецкай уладзе... I даў яму Кацалапаў слушную параду: маўляў, табе перш-наперш трэба змяніць мянушку альбо псеўданіму ўзяць якую-небудзь пралетарскую, каб гучала, а пасля ўжо думаць наконт камуны.
-	Ты сам падумай, Мікіта, гаварыў Кацалапаў, а раптам даведаецца таварыш Сталін, што ў нас у камуне ёсць Апосталы усіх жа на крыж пасадзяць! Дарэчы, і Ленін, і Сталін гэта псеўданімы...
Пераканаўчыя прыклады прыводзіў камісар.
А Мікіта тады быў вельмі здзіўлены тым, што Ленін і Сталін гэта не сапраўдныя іх імёны...
-	Як жа так, гаварыў ён расчаравана кожнаму пры сустрэчы. А я так верыў Леніну і Сталіну, а гэта толькі псеўданімы...
— А чаго ты хочаш, супакойваў яго Давід Рабіновіч з Мястэчка. — Джугашвілі перакладаецца як сын яўрэя... ты хочаш, каб Сталін так сябе называў?...
I ў Мікіты зноў вочы рабіліся з добры кіслы яблык ад такога дзіва.
Пакуль арганізоўваўся калгас, думаў Мікіта наконт сваёй псеўданімы, каб з новым рэвалюцыйна-пралетарскім абліччам з’явіцца ў тым калгасе. Што сам думаў, што раіўся з людзьмі, бо зразумеў Мікіта, што толькі людзі могуць прычапіць якуюнебудзь мянушку.
-	Вось як ты думаеш? пытаўся ён неяк у Антося. Як можна мяне яшчэ назваць так, каб не называць майго імя і прозьвішча?
-	Ну, Апостал, Зігзаг, што ты яшчэ хочаш? не зразумеў просьбы Антось.
-	Гэтыя мянушкі ня ў лік... Інакш неяк трэба, каб папралетарску...
У Антося былі свае меркаванні на гэты конт, але, за лепшае, ён вырашыў прамаўчаць.
Ведаеш, Мікіта, тут цяжка сказаць, Антось задумаўся. -Ну, назаві сябе Лапіндракус Лапіндрус...
А што гэта такое?
— А я й сам ня ведаю... першае, што прыйшло ў галаву...
Можа з латыні які-небудзь свінтус-грандыёзіс?.. Хадзі тады Свінтусам... Лапіндракус... Ня пойдзе! Мікіта без сумневу адхіліў мянушку. Нешта трэба прыдумаць больш вартаснае, гучнае...
— Каб прыдумаць што-колечы вартаснае, трэба добра падумаць, падсказаў Антось.
А што тут прыдумаеш? Дадуць людзі якую-небудзь некультурную мянушку, і хадзі тады, як той Баран, а ён жа яшчэ актывісты, камуністы і начальнік...
Ты што, нядобра хадзіць з такой мянушкай начальніку! падтрымаў Антось Мікіту. — He мянушка патрэбна чалавеку, а добрая псеўданіма.
Дык вось і я пра што! I Кацалапаў кажа, прыдумай сабе псеўданіму якую-небудзь і прыходзь у камуну...