Саветы
Заходнебеларускі раман-хроніка
Янка Трацяк
Выдавец: ЮрСаПрінт
Памер: 430с.
Гародня 2015
Яшчэ людзі гаварылі пра Чубіка, што быццам на гарышчы яго дома жыве самы што не ёсць звычайны чорны чорт, які яго і інфармуе з той ці іншай нагоды... Іншыя даводзілі, што ён сам і ёсць той самы пераапрануты чорт.
Халера яго ведае, як там было на самай справе, а розныя гэтыя чуткі, можа, тыя бабы з болькамі і распускалі.
Няпроста было трапіць да Чубіка і лячыцца ў яго. Каб дарма не ездзіць, лепей было ехаць праз знаёмых, альбо з чыёй парады. Маўляў, так і так, параіў да вас звярнуцца такі і такі паважаны чалавек... Вось ён і гасцінцы перадаў... Хоць і крывіўся іншым разам Чубік на гасцінцы, відаць, што не кожны прыезджы быў ад таго паважанага, але ці гасцінцы, ці паважаны, ці нешта іншае, вядомае толькі Чубіку, рабілі сваю справу, і тады Чубік стараўся дапамагчы.
На ўсё жыццё запомніўся Антосю выпадак, калі ён упершыню звярнуўся да Чубіка. Нагодай для гэтага быў недарэчны выпадак з Ганькай. Так, аднойчы Антось з Ганькай ехалі возам з мястэчка, а тут раптам ім насустрач нейкі незнаёмы чарнявы чалавек з нейкай жанчынай таксама на возе і ў парцы коней. Як толькі вазы зраўняліся, той весела прагаварыў:
- Чалавек, давай мяняцца кабетамі!
- Пацалуй у ср..! толькі і адказаў Антось.
- Глядзі, чалавек, каб сам не цалаваў! пракрычаў чарнявы і імгненна знік у краявідах.
А як прыехалі дахаты, Ганьцы раптоўна зрабілася нядобра: разбалелася галава, цягнула на ваніты, кідала ў гарачку. Наступнага дня Ганька ўвогуле не падымалася з ложка, а на трэці дзень счарнела і пачала рыхтавацца да смерці: слабым голасам казала Антосю і дзецям, як і што рабіць з яе паховінамі і як ім жыць далей. Што толькі тады не рабіў Антось: і малако кіпяціў з мёдам, і
зёлкі нейкія парыў, і тэрпатынай націраў анічога не дапамагала. Болей таго, ён конна злётаў да Далмана, той даў нейкіх лекаў, але і яны былі, не раўнуючы, што мёртваму прыпаркі.
Вось тады Антось, упершыню, кінуўся да Чубіка. Расказаў яму ўсё, як было.
Чубік маўчаў.
- Што, вашамосьць, можна зрабіць, парадзіць? нясмела спытаўся Антось.
Чубік маўчаў і думаў пра нешта сваё.
- Вашамосьць? зноў нясмела звярнуўся Антось. Што можна...
Як ты сказаў? ажывіўся Чубік і пальцам адтапырыў вуха.
Вашамосьць... А што?.. насцярожыўся Антось і засумняваўся сам ў «вашамосьці». Прызнацца, дык ён і не думаў пра тое, як будзе звяртацца да Чубіка, не гэтым была галава забітая, але ж і не хацелася пры сустрэчы з Чубікам здацца такім некультурным мужыком.
Як? Чубік стаяў з адтапыраным вухам.
Вашамосьць...
Чубік скрывіўся.
Васпане! паправіўся Антось.
Але Чубік скрывіўся яшчэ болей.
Можа, ваша благародзьдзе? нясмела гадаў Антось.
Сьвінні ў агародзе! гаркнуў Чубік і зарагатаў.
Антось не адразу зразумеў, пра якіх свіней гаварыў Чубік, і пакуль ён рагатаў, Антось яшчэ падумаў, што трэба было сказаць проста «дзядзька» і усё. Праўда, назваць яго дзядзькам язык не паварочваўся. Чубік, калі і быў старэйшы за Антося, дык, можа, на гадоў якіх дзесяць, не больш. Ва ўсякім разе, выглядаў ён прыкладна так.
Абзывай мяне альбо дражні, як хочаш, а сама лепш, проста: Чубік. Зразумеў? Чубік і ўсё! на дапамогу ў такой сітуацыі прыйшоў сам Чубік.
А вы, Чубік...
- 1 ня выкай мне! Я тут табе ня бацюшка які і не чыноўнік царскі!
- Але ж, пэўна, пан спадар мае прозьвішча, імя і імя па бацюшку? нясмела ўсумніўся Антось у прапанове Чубіка.
- А па матушцы ты яшчэ ня хочаш, га? Ня хочаш, каб я цябе па матушцы сустрэў і адправіў, га?
«Дрэнь справы, падумаў тады яшчэ Антось. Чаго добрага, возьме й скажа: ...Маць тваю, едзь дахаты, дурань! I адправіць ні з чым. Зь іншымі былі ўжо такія выпадкі».
- Дык жа па матушцы гэта ж будзе ўжо не па-нашаму, не патутэйшаму... Па-маскальску будзе, асмеліўся запярэчыць Антось, нягледзячы ані на што.
Чубік зноў зарагатаў.
Антось тады яшчэ адзначыў сам сабе, што гэта добры знак, калі чалавек смяецца. А калі смяецца такі чалавек, як Чубік, дык гэта, трэба думаць, што пашэнціла.
Антосю тады пашэнціла. Чубік яшчэ раз перапытаў у яго пра таго сустрэчнага чарнявага, і, здавалася, ён ім зацікавіўся болей, чым Ганькай і яе хваробай.
- Неданосак! ціха гаварыў Чубік, відаць, сам сабе. Зрабіць дык здолеў, а адрабляць хто будзе?!. Чубік?..
Чубік тады даў Антосю звычайную бутэльку з вадой, сказаў, каб вадой гэтай хворая апырскала сваё цела і твар, а заўтра каб ён прывёз Ганьку да яго. Усё было зроблена, як сказаў Чубік. Назаўтра Чубік прама на возе агледзеў Ганьку і абурыўся на Антося:
- Чаму адразу ня ёхаў, на што спадзяваўся, хваробу толькі ўдражнілі сваімі зёлкамі!
- Дык жа...
- Што твой Далман, не па яго гэта часьці!
Антось тады здзівіўся: адкуль ён ведае пра Далмана ані Ганька, ані ён пра гэта не гаварылі.
Пасля Чубік хадзіў нечага ў хату, пасля нешта шаптаў над Ганькай, вадзіў рукамі, мазаў нейкімі зёлкамі скроні, абліваў вадой, пасля сказаў Антосю прывезці другі раз Ганьку праз дзень да яго ў Лоска. А на трэці раз Чубік прыехаў сам. Тады Антось якраз збіраўся ў полі бульбу ганяць прыйшлося адкласці. I сустрэў ён тады Чубіка на падворку, і, пасля кароткіх вітанняў, Чубік папрасіў Антося ў хату не заходзіць, маўляў, каб не мяшаў яму, што вельмі здзівіла Антося, і нават насцярожыла. Яшчэ болей Антось быў здзіўленым, калі праз нейкіх хвілін пяць Чубік выйшаў з хаты, а за ім выйшла Ганька: і жаднага следу хваробы на ёй як і не было.
«Ну вось, і дзякуй Богу, ачуняла», падумаў тады Антось. Пасля ўжо разам з Ганькай яны ўручылі Чубіку «гасцінец у дарогу»: літровы слоік мёду, кавалак сланіны і дзве каўбасы.
Яшчэ раз дзякую! сказала Ганька і шпарка пайшла Ў хату.
Антось праводзіў Чубіка да варотаў.
— Ну, калі што — ведаеш, дзе жыву, — прагаварыў Чубік.
Ну, калі што, ведама...
I, ужо седзячы ў сваім вазку, Чубік раптам кінуў:
У цябе дзіцё памрэ ў гэтым годзе...
Як памрэ? не зразумеў Антось.
— Ад няшчаснага выпадку, — і лупцануў каня пугай. — Но, пайшоў!
Антось тады на момант здранцвеў, а калі стаў адходзіць, хацелася кінуцца наўздагон Чубіку і запытацца, якое дзіцё — у яго іх дванаццаць. Але вазок з Чубікам выязджаў ужо на гасцінец і там неўзабаве весела забарабаніў брукам. I толькі тут Антось быццам бы ўпершыню заўважыў, што ў яго пад рукамі ўвесь гэты час круціўся і круціцца Вацік. Малы нешта пытаўся ў бацькі, але Антось яго не чуў. У Антося гучалі ў вушах, адбіваліся рэхам недзе ў сэрцы, душы, вантробах словы Чубіка, і быццам бы застыў прад вачамі момант: Чубік глядзіць на Ваціка і гаворыць пра дзіцё, якое памрэ.
Антось тады яшчэ нейкі момант пахадзіў з Вацікам па садку, думаючы над тым, што рабіць, і калі, збольшага, супакоіўся, зайшоў у хату і расказаў пра прароцтвы Чубіка Ганьцы. Ганька, рэч вядомая, залямантавала і загаласіла. Антось ужо і не рады быў таму, што расказаў Ганьцы. Можа, і лепей было б, каб яна нічога не ведала: памрэ дык памрэ... Але рабіць яму, Антосю, усёроўна зараз, сёння, заўтра нешта трэба абавязкова, толькі што?.. Развязка прыйшла сама сабой, больш дакладней, яе падказаў сам Вацік:
«Я хачу на печ», — папрасіўся ён, і Ганька з ім палезла на печ. У наступную хвіліну Антось ужо быў у паветцы і выбіраў больш менш добрыя дошкі, і неўзабаве печ аказалася адгароджанай разам з Вацікам. «Год будзеш сядзець тут, тлумачыў Антось Ваціку, калі жыць хочаш... Хіба што землятрус які...». У той год Ваціку трэба было ісці ў школку, якая школка... Часам Вацік на той печы крычаў і галасіў — так хацелася малому палётаць у садзе, на вуліцы, пакоўзацца на санках, пагуляць з дзяцьмі, але Антось быў непахісным у сваім рашэнні. Амаль што цэлую зіму малы прасядзеў на печы. На двор Антось малога не выпускаў. Так і прайшоў год.
У той дзень, калі трэба было злазіць, сам Антось здымаў Ваціка з печы. Колькі радасці, колькі эмоцый было ў малога. Здымаў Антось асцярожна, і зняў, і паставіў на падлогу, і Вацік зрабіў нават крок наперад, і тут раптам, ні з таго ні з сяго, як быццам нехта з неймавернай сілай штурхануў малога, і Вацік паляцеў старчма і ўдарыўся віском аб вугал печы... Цяжка было гадаць, з якой такой нагоды не ўтрымаўся малы на нагах: ці галава закруцілася, ці ногі аслаблі, але ўдар быў для дзіцяці смяротным прароцтвы Чубіка здзейсніліся.
А калі Ваціка пахавалі, Ганька расказала яшчэ адну неймаверную гісторыю. Тады, як прыязджаў Чубік, калі яна хварэла, ёй ці не здалося, ці прыснілася, бо ўсё было, як у нейкім тумане, адно здарэнне, якое зараз не выходзіць ў яе з галавы. Тады, калі Антось выйшаў з хаты, Чубік ў яе запытаўся:
Чуў я, сама прыктыкуешся, людзей лечыш...
Ат, якое там лячэньне, слабым голам адказала Ганька.
Ну, чаму? Ангельку, гішпанку, халярынку, падучку лечыш...
Так і лячу, што малітвамі, што зёлкамі... юдрыцай, да прыкладу... Ад бабунькі гэта ўсё...
А хочаш навучу: будзеш дапамагаць людзям так, як я?!
Дапамагаць? Чаму ж не!..
Тады слухай і рабі так, як я скажу: адкрый рот!..
— Я хачу ведаць: навошта?
Я запушчу ў нутро, такую маленькую істоту...
— Якую істоту?
Маленькую, яна ўскочыць туды і там схаваецца.
Дзе схаваецца?
Там, у сярэдзіне... Яна там знойдзе месца...
Ці ня чорт гэта?..
Разяў рот, ты ж ня ведаеш, ад чаго адмаўляешся!..
He хачу!.. Душу прадаць! катэгарычна заявіла Ганька.
Дык жа можаш і не ачуняць, баба дурная...
Хай лепш памру, але душа застанецца чыстай...
— Ну, глядзі сама... Дзяцей у цябе шмат... Пасьля каб не шкадавала і не раскайвалася...
— Як Бог дасьць, і Ганька стала гаварыць пацеры.
Ну-ну! толькі і сказаў тады Чубік і выйшаў з хаты.
Тады і яна паднялася з ложка, адчула нейкую лёгкасць і, як ні ў чым не бывала, выйшла на двор услед за Чубікам.
Але з таго часу Ганьку ніколі не пакідаў сумнеў у тым, ці было гэта на самай справе, ці гэта быў толькі нейкі дзіўны сон. I Чубік, можа, анічога ёй такога і не прапаноўваў на самай справе.
Але вось гэты выпадак з Вацікам? Ёсць тут нейкая сувязь з Чубікам, ці не? Ці гэта якраз той няшчасны выпадак, ад якога Чубік проста хацеў папярэдзіць, ці гэта яго помста?..
Антосю тады было над чым падумаць.
I варта, можа, было б спытацца ў Чубіка наконт Ваціка і Ганькі калі пры нагодзе, але нагоды, як такой, не выпадала. А яно, можа, і лепей, што так атрымлівалася. Бо нагоды гэтыя былі невясёлыя, як нейкае насланнё.