Саветы Заходнебеларускі раман-хроніка Янка Трацяк

Саветы

Заходнебеларускі раман-хроніка
Янка Трацяк
Выдавец: ЮрСаПрінт
Памер: 430с.
Гародня 2015
109.46 МБ
Але ж пра гэтыя кніжкі ніхто не ведае, ды і калі гэта было. У Антося літаратуры такой няма. Так што баяцца яму няма чаго — няма зачэпкі.
Але аднойчы Марта прыбегла позна вечарам, узрушаная, і пад вялікім сакрэтам сказала Ганьцы, што на днях, альбо ў гэтую, ці ў наступную суботку (Пуценька п‘яны прагаварыўся), вас будуць арыштоўваць і вывозіць. Марта спачувала і як магла суцяшала Ганьку. Старалася давесці, што яе муж з заскокамі, можа так пажартаваў, можа ўсё абыдзецца і будзе добра, што яна будзе і сама ўгаворваць яго, каб не чапаў іх, бо гэта не чалавечна, не па-людску і не па-суседску.
Такую ж інфармацыю неўзабаве пацвердзіў і Пецька — сын, і, ўрэшце, Казакевіч, неяк пры выпадковай сустрэчы сказаў:
-	Дрэнь вашыя паперы, дзядзька Антось, будзьце асьцярожнымі!
-	А што можа быць?
-	Усё можа быць, усё й вельмі хутка!
I больш ані слова, сказаў і пайшоў не развітваючыся.
Антось зразумеў, што можа быць вельмі хутка. У гэтай Айчыне лёгка стаць прарокам...
Ганька тады пачала ўпакоўваць клумкі і плакала разам з дзяцьмі над гэтымі клумкамі. Антось жа не ведаў, што рабіць у
тыя дні. Трэба было і пчолы паглядзець пасля зімы, і дрывотнік упарадкаваць, і загарадкі перабіць усё валілася з рук пры адной толькі думцы: для каго?.. Каму гэта ўсё спатрэбіцца?.. Паміраць збіраешся, а жыта сей... Для каго сеяць? Для тых, хто яго бяз дай прычыны абвяшчае ворагам і выганяе не толькі з хаты, але і з зямлі, з яго зямлі! Для тых, хто выганяе дзяцей на блуканне, жабрацтва і рабства? Для тых ён павінен сеяць?.. «Любіцеворагаўвашых...». Іх не любіць трэба, іх трэба нішчыць так, як вынішчаецца зараза, альбо так любіць, каб яны ад гэтай любові здыхалі самі!..
Антось тады заходзіў у гумно, зачыняў шчыльна за сабою дзверы і даставаў з схованкі стрэльбу: швагер, Ясь Качанюкоў, пакінуў яму на ўсякі выпадак. Праўда, ён называў гэта „карабінам« і казаў, што сам страляць навучышся, калі прыпрэ... Але для Антося, чалавека не вайсковага, аніякай розніцы не было ў тым, карабін гэта ці стрэльба. Антось, калі ездзіў у лес за галлём, нават пальнуў пару разоў уверх і ўся навука.
«Вось дзе недарэчнасьць сьвету, дзівіўся тады Антось, выходзіць, каб нарадзіць чалавека гэта недасканалае тварэньне Божае — выгадаваць, выхаваць і навучыць яго — трэба шмат укласьці намаганьняў і патраціцца. А вось каб забіць чалавека, аніякай навукі ня трэба на курок націснуў і ўсё».
Дык яно можа так цяпер і зрабіць: стрэліць у Пуценьку (які ён чалавек?) і забіць некалькі аператыўнікаў (хіба ж яны нармальныя людзі?)... Хіба ж гэты опер Цэрбер чалавек. Гэта ж звер, самы што не ёсць д’ябла ў чалавечым абліччы... Такога прыкончыць, дык людзі толькі дзякуй сказалі б... Але што будзе пасля?.. Прыйдуць другія і застрэляць цябе. А дзяцей, жонку вышлюць чорт ведама куды. Хіба ж ім без яго будзе лягчэй?
I Антось хаваў стрэльбу.
Падпаліць хату? Лепш анікому, чым гэтай брыдоце, Пуценьку!
А калі разбяруцца там, у раёне, што ён не вінаваты, што ён аніякі не кулак і не прыхвасцень, што ён з бедных сялянаў, што ў яго дзевяць дзяцей, якіх трэба карміць, што ён не павінен адказваць за бацькоў сваёй жонкі?! А можа там разбяруцца, і ўсё будзе добра, і адпусцяць?.. Павінна ж быць недзе нейкая справядлівасць...
Але ж і цесць так думаў, маўляў, што яны яму тут зробяць, бо супраць Саветаў не ваяваў і не заклікаў да гэтага... Зямлю і хату аддаваў, казаў, хай бяруць, у куратніку будзем жыць... Яны хочуць, каб мы ўсе ў куратніках жылі... I спадзяваўся на нешта... На што спадзяваўся цесць?..
«Усё можа быць вельмі хутка», а калі надыдзе гэтае «хутка»?
Згадвалі з Ганькай, у які дзень вывозілі Качанюкоў, Саковічаў, Страчынскіх, Дайновічаў выпадала альбо субота, альбо нядзеля.
На іх жа і нядзелькі няма! прыгаворвала і плакала Ганька.
3 вялікім напружаннем і страхам чакалі кожнай суботы і кожнай нядзелі. Так было і ў гэту суботу. Але на раніцы Пецька раптам абвясціў, што ані сёння, ані заўтра ніхто іх нікуды не павязе. Сказаў і замоўк. I колькі ні дапытваліся Ганька з Антосем ані слова. I толькі пасля палудня Пецька сказаў бацьку, што ў сельсавеце прапалі паперкі на іх арышт, а яны, бальшавікі, без патрэбнай паперы баяцца пальцам шавяльнуць...
Тут таксама было над чым падумаць: можа, тыя паперы загубіліся сярод іншых папер і заўтра знойдуцца... Але ж, калі б тыя паперы прапалі выпадкова, дык ці даведаўся б пра іх Пецька? А яшчэ, нехта, відаць, папярэдзіў Пецьку і наконт жывёлы, бо адкуль Пецька даведаўся пра планы Пуценькі. Дарэчы, і вясной Пецька прапанаваў адвесці жывёлу, і толькі адвялі, як Пуценька ў хлеў прыляцеў. Так і з гэтымі паперамі.
Але калі меч занесены над галавой, дык ён рана ці позна апусціцца. Калі не вывезлі ў адну нядзелю, дык у другую вывязуць абавязкова: у гэтым ужо ніхто не сумняваўся.
I так амаль што ўсю вясну: бяссонныя і неспакойныя ночы з пятніцы на суботу і з суботы на нядзелю. Ганька звычайна малілася і плакала. He спалі і старэйшыя дзеці: дарослыя дочкі плакалі разам з маці, а хлопцы панура маўчалі і толькі пад самую раніцу пачыналі драмаць. Антось амаль што цэлыя ночы праводзіў на падворку: альбо хадзіў каля хлева і паветкі, альбо хадзіў па садку, альбо сядзеў на калодзе на дрывотніку і ўсё думаў і думаў. Згадвалася пражытае жыццё... Бацька... Антось заўважыў, калі яму прыходзілася стаяць перад нейкім жыццёва важным выбарам, тады заўсёды ўспамінаўся бацька. Бацька быў строгім, кемлівым і дасціпным у жыцці. Успомнілася, як бацька частаваў сланінай рускіх салдатаў у Мікалаеўскую вайну, а яны сланіны той, відаць, ані разу не елі, і бацька даводзіў на поўным сур’ёзе, што гэты далікатэс расце на агародзе... Альбо, як капалі з бацькам яму, у якой хавалася ўся сям’я ад бомбаў і снарадаў... Альбо, як яны з Бронькам бегалі глядзець нямецкі падбіты аэраплан у Дзёснах, a тут пачаўся гарматны абстрэл рускіх пазіцый; як яны тады ўцалелі дзіва і толькі... А бомба ад той вайны і сёння тар-
чыць хвастом уверх на Антосевым падворку як кайзераўскі падарунак. Хацеў неяк бацька з дзедам адцягнуць яе куды далей, але так і засталося... На гэтым падворку прайшло Антосева дзяцінства і юнацтва. А пасля рэвалюцыі і зноў войны. Тады ўжо не бьіло ані дзеда, ані бацькі ён быў старэйшы ў сям’і і быў за гаспадара. А пасля тут з’явілася Ганька. За Ганулю сваю прыйшлося трохі «паваяваць» з Качанюком — заместа Ганулі хацеў Качанюк падсунуць яму Маньку-Качанянку, якая была пры калецтве, маўляў, і зямлю даваў, і карову, і каня, a Антось у аніякую, і настаяў на сваім. Праўда, будучы цесць тады сказаў, што за гэтую (за Ганьку) ані халеры не дасць. «I не давай!» сказаў Антось. Тады Антось мала што ведаў пра цесця, апрача таго, што ў вёсцы гаварылі пра строгі, амаль дэспатычны характар Аляксандра Качаноўскага. Так, Лёнька Тытуш (па-суседству) расказваў як ён неяк зайшоў на падворак Качаноўскага, а там дзеці ходзяць у зімовых шапках, кажухах, валёнках... На вуліцы травень месяц, салаўі, сонца, гарачыня. На дзіўнае пытанне Лёнькі дзеці адказалі, маўляў, тата сказаў, што на двары дваццаць градусаў марозу і снег... Тады яшчэ Лёньку здзівіла тое, што і дзецям гэтым было ўжо каля дзесяці-пятнаццаці гадоў.
He паслухацца Аляксандра Качаноўскага было роўназначным самагубству. Тады Антось не паслухаўся і недзе каля дзесяці гадоў дзверы цесцевай хаты для яго былі шчыльна зачыненыя.
А ў Антося з Ганькай усё было, як у людзей: і шлюб узялі ў мястэчку, і вяселле справілі, і дзеткі пайшлі адзін за адным. А пасля і хату новую паставілі. I адпусціўся тады цесць калі ўбачыў, што ўсё ідзе толкам у Антося: і чатыры дзесяціны зямлі даў, і каня ў прыдачу, і цялё. I стала ў яго восем дзесяцінаў. Трое дзетак, праўда, не збераглі: адно скроней стукнулася насмерць, а двое з хваробы не стала... Але Антось не выкрэслівае іх з памяці і, калі гутарка ідзе пра дзяцей, ён звычайна гаворыць, што ў яго дванаццаць дзяцей, бо столькі і павінна быць. Старэйшыя дочкі, — Стэфаніі дзвятнаццаць, а Стасі — васямнаццаць, ужо дзеўкі; добра дапамагаюць і без іх анічога Антось не зрабіў бы ў гаспадарцы. Вось ужо і хлопцы падрастаюць — старэйшаму Пятру ўжо шаснаццаць, астатнім трохі меней з розніцай у два гады глядзіш, і падменяць бацьку, пакуль самі не стануць на свае гаспадаркі. Антось думаў ужо і пра пасаг нейкі дзяўчатам, і каб хлопцам нешта даць, а таму і заводзілася гаспадарка, і збіралася нейкая капейка... I вось усё гэта можа рухнуць заўтра. Заўтра ўсё адбяруць і вытрасуць да апошняй капейкі. Заўтра ён стане з сваёй сям’ёй не проста жа-
браком заўтра яны стануць ворагамі і катаржнікамі, альбо, як казаў Яська Качанюкоў: «у рабочых павінны быць рабы», яны стануць савецкімі рабамі.
I толькі пад раніцу думкі рабіліся абыякавымі ў адносінах да ўсяго, што адбывалася навокал. А і сапраўды, колькі можна было знібець і душой і сэрцам у гэтым чаканні. Ходзіш ні жывы ні мёртвы. Хай лепш прыходзяць і вывозяць, чым такое жыццё на клумках, як у бежанцаў якіх, ці наадварот тых, каго дэпартуюць за межы сваёй радзімы — парадокса нейкая. Адно зразумела, што тут ужо няма чаго чакаць. He дадуць тут жыцця, не дадуць. Дык яно, можа, хай вязуць хутчэй у Смургоні. А там яшчэ паглядзім, там ён раскажа пра Цэрбера, пра Пуценьку і пра хату, можа там, у Смургонях, разбяруцца, не можа быць, каб там такія ж асталопы сядзелі, як тут, не можа быць... Павінен быць шанцунак, павінен... Ды і ў Сібіры тым можа і не так страшна, у канцы мінулага стагоддзя натоўпам туды ехалі з сем'ямі, і дабравольна...
* * *
Аднаго разу Пуценька прыйшоў неяк пад вечар і строга загадаў, каб Антось падышоў на сход. Антось падумаў і вырашыў пайсці. А можа, там што праясніцца, можа, там што гаварыць будуць, пра перахілы, да прыкладу, пра памылкі лініі, пра злоўжыванні і пра галавакружэнні...
Сход вёў новы, прыезджы старшыня калгаса, нехта Буцейка. Гаварылі пра свае калгасныя і сельсавецкія справы, і Антосю, «адналічніку», гэта было не надта цікавым, але паслухаць было можна. Дарэмна на нешта спадзяваўся Антось, калі ішоў сюды: ніхто нават і не заікнуўся пра нейкія памылкі і злоўжыванні, наадварот, павысіць, узмацніць, павялічыць — і гэта адносілася да ўсяго: да планаў, падаткаў, пільнасці і да колькасці «ворагаў народу».