Сям’я
Адам Глобус
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2017
Адам I
Глобус |
Беларуская проза XXI . стагоддзя
Адам Глобус
Беларуская проза XXI стагоддзя
Сям'я
Адам Глобус Сям'я
Раман
Мінск «Мастацкая літаратура» 2017
УДК 821.161.3-32
ББК 84(4Бен)-44
Г54
Серыя заснавана ў 2005 годзе
На вокладцы карціна Адама Глобуса «Балада», 1983 г.
Выпуск выдання ажыццёўлены па заказе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь
ISBN 978-985-02-1798-1
© Глобус А., 2017
© Афармленне. УП «Мастацкая
літаратура», 2017
Беларуская проза XXI стагоддзя
Дом
Раман
Частка першая
ТАТА+МАМА
Тата
Вугаль
Тата страшэнна не любіць рыпення вугалю на зубах. Адны калоцяцца, калі нехта жалезінаю чыкірыжыць па шкле, другія не пераносяць шапацення паперы. А бацька не есць вугалю. Ён не можа пакаштаваць печанай у вогнішчы бульбы, што для беларуса — дзіва дзіўнае.
Ручкі
Калі тата нешта любіць больш за кнігі, дык гэта ручкі. Ён прывозіць іх адусюль: з Нью-Ёрка, з Парыжа, з Масквы... У татавым стале — поўная шуфляда самых розных ручак і алоўкаў. I калі збіраюся ў якое падарожжа, тата нагадвае пра ручку і сшытак. 3 дзяцінства памятаю, як ён старанна прамывае над ракавінай кітайскую асадку. Тата любіць, каб ручка
пісала тоненька і добра пускала атрамант. А першы раман, «Чужая бацькаўшчына», піша школьнай ручкаю, абмакваючы сталёвае пяро ў белую чарнільніцу. Апошнім часам тата пачынае друкаваць на машынцы, але кожнае другое апавяданне прыносіць да маёй сакратаркі Надзеі ў тонкім школьным сшытку, напісанае ручкаю.
Нажы, ножыкі, сцізорыкі...
3 вайны ў таты застаецца любоў да нажоў. Пэўна, гэта генетычнае, бо ў сялянскай хаце нашага дзеда Уладзіміра нож — культавая рэч. Ніхто без дзедавага дазволу не можа крануць нож. Ён ляжыць у шуфлядзе кухоннага стала, іншага ў хаце і няма. Гэта ў бацькоўскай кватэры шмат сталоў і безліч нажоў. Тата з дзяцінства нажы збірае. Кажа. што ў вайну меў тры казацкія шашкі. Даводзілася хаваць іх у лесе, увагнаўшы ў зямлю па самыя тронкі і замаскаваўшы мохам. Нехта высачыў і скраў бацькаву зброю. Ад усяго вайсковага застаецца толькі нямецкі штых-нож. Тата хоча назваць свае чатыры раманы, сабраўшы іх пад адной вокладкай, «Цень ад штыха». Але перавыданне раманнага цыкла адсоўваецца ў няпэўнасць. На жаль. А я дык нажы. ножыкі, сцізорыкі не шаную. Купляю наступны, калі папярэдні губляецца альбо ламаецца.
Кніжныя паліцы
Тата любіць сядзець на канапе насупраць кніжных стэлажоў і разважаць пра літаратуру. Я магу гадзінамі стаяць побач і слухаць, слухаць... Завязваецца спрэчка. Няма такога, каб не распачалася палеміка. 3-за Камю, ці з-за Дастаеўскага, ці з-за Вавенарга... Абавязкова я ці тата ловім суразмоўніка на памылцы ў цытаце ці няправільнай даце нараджэння кога-небудзь з класікаў. Спрачацца каля паліц з кнігамі — сямейная традыцыя. Мы даводзім адзін аднаму сваю праўду з томікамі ў руках. Тата паважае раманістаў, а мне даспадобы апавядальнікі. Ён выдатна ведае расійскую літаратуру, а я так ніколі сур’ёзна і не перачытваў Цютчава, бо захапляўся
Усходам — Сёнагон, Басё, Бусон, Іса. Мы розныя, але страшэнна любім сядзець на канапе насупраць кніжных паліц і весці дыялог пра літаратуру.
Сябры
У таты няма і не было сяброў у маім разуменні гэтага паняцця. Можа, у юнацтве ён і меў сябра, але я пра тое нічога не ведаю. Дый калі ўважліва прачытаць татавы творы, наўрад ці знойдзецца яскравы матыў сяброўства. Тата шмат з кім падтрымліваў добрыя стасункі, але каб ён на роўных з кімсьці сябраваў — такога не было. Ён больш за мяне еўрапеец, бо заўсёды трымаў людзей на адлегласці. Пэўна, таму тата любіць размаўляць з маладзейшымі, з тымі, хто не можа быць яму за сябра. I сваю выснову, што сябры знікаюць у пэўным веку, недзе ў гадоў трыццаць, я зрабіў, назіраючы найперш за татам, а не за сабою.
Зялёны акіян
Тата спакойна кажа пра смерць. Яшчэ ў сорак ён пачаў гаварыць сваім раўналеткам, што стары, што адмаўляецца ад той ці іншай справы або пагулянкі з-за свайго веку. «Які ж ты стары, Чэсь? Ты ж маладзейшы за нас на дзесяць гадоў!» — здзіўляліся некаторыя. «Не-не, я стары»,— настойваў тата. Таму, калі ён мне з братам Міраславам сказаў, што хоча сур’ёзна пагаварыць пра сваё пахаванне, мы ўспрынялі тое як належнае. Гэта было ў 1998 годзе, улетку. Мы сядзелі за сталом на татавай кухні, калі ён сказаў: «Я хачу знікнуць у зялёным акіяне. Мне не падабаюцца мінскія могілкі. Я хачу вярнуцца на сваю Наваградчыну, у Варакомшчыну, у свае лясы, і назаўсёды знікнуць у зялёным акіяне».
Прыніжэнні
Значна лягчэй перанесці ўласную знявагу, чым бачыць прыніжэнне таты. А можа, яно толькі здаецца. Адно ведаю дакладна: глядзець, як тата прыносіць скрэмзаныя рукапісы
сваіх твораў ад цэнзараў-рэдактараў, больш чым непрыемна. Яны выкрэслівалі палітыку, бурылі сюжэт, кастрыравалі вобразы і мову. Апавяданне «Кароль Нябожа»: ад 32 старонак засталося 18. I так праз усё жыццё, праз усю творчасць. Пэўна, таму большасць сваіх кніжак я выдаваў уласным коштам, паўлегальна і без цэнзараў.
Галенне
Тата голіцца перад выхадам з дому, а ў выхадныя — перад прыходам гасцей. Я — наадварот, галюся з самага ранку, не магу сесці снедаць, не пагаліўшыся. Тата можа да вечара прахадзіць па кватэры няголены, але спаць, не пагаліўшыся, не ляжа. Барады ён ніколі не насіў, бачыў у барадзе азіятчыну, а ён — еўрапеец, католік, і мусіць галіцца.
Голас
Які запаволены, слабы зрабіўся татаў голас. У тэлефоне ледзь чуваць. Даводзіцца перапытваць пра тое самае па некалькі разоў. Раней тата гаварыў у тэлефон вельмі гучна, ледзь не крычаў, баяўся, што не дачуюць, не зразумеюць. A цяперака гаворыць ціха і не баіцца.
Сэрца
У 1971 годзе ў таты схапіла сэрца. Ён ляжаў апрануты на засланым ложку. Панаехала дактароў. Усе паўтаралі страшныя словы: «Схапіла сэрца!» I мне ўяўлялася нейкая рука ў гумавай пальчатцы, якая хапае татава сэрца. Сперажываліся мы тады. Дагэтуль не магу спакойна сказаць два гэтыя словы: «схапіла сэрца».
Уражлівасць
Тата вельмі ўражлівы чалавек, акуратны і асцярожны. Ён не любіць чужога ў побыце і інтыме. Калі тата вучыўся ў Літаратурным інстытуце, ён у бібліятэцы памыў рукі і выцер іх ручніком агульнага карыстання. Праз гадзіну рукі
пакрыліся чырвонай высыпкаю. Можа, з месяц ён не мог пазбавіцца зудлівых плямін, ажно пакуль доктар не здагадаўся, што высыпка не інфекцыйная, а нервовая: псіхалагічна тата настроіўся на хваробу і захварэў. Праз такія здарэнні ён і не любіць усяго чужынскага, агульнага, грамадскага.
Трускалкі
Днямі зайшоў да бацькоў. Проста, каб пасядзець з імі. Маці запарыла гарбаты і пачаставала мяне трускалкамі. Тата працягнуў руку, каб узяць ягаду, а маці далікатна адсунула талерку. «Табе яшчэ няможна сырога». I яна і я ледзь стрымаліся, каб не заплакаць. Але стрымаліся і пачалі гаварыць пра палітыкаў. Тата захваляваўся, і да яго вярнуўся голас.
Лес
Тата ў бальніцы просіць Міраслава, каб звазіў яго ў лес. Яны заязджаюць у яліннік. Бацька адмаўляецца выходзіць з машыны. Адчыніў дзверцы, паглядзеў, і яны вярнуліся ў бальніцу.
Лекі
Міраслаў пытаецца ў доктара, чаму так мала лекаў ён прызначыў нашаму тату. «А ў нас больш няма, прывозьце свае лекі, і мы ўсё зробім». Тых лекаў і ў Мінску няма. Даводзіцца тэлефанаваць у Вільню, каб купілі і перадалі. Там запісваюць грувасткую назву, купляюць, перадаюць. Лекі не тыя. Што з імі рабіць? Доктар суцяшае: спатрэбяцца вашай маці.
Колер твару
У таты зусім кепскі колер твару. Як цяжка пра такое думаць! Калі ён быў дома з мамаю, я адганяў ад сябе гэтае назіранне. Але ў бальніцы зноў убачыў на бацькавым твары жоўты колер смерці. Такі колер быў на твары ў маёй хворай
на рак бабы Ядзі, калі яна сустрэла мяне ў бальнічным двары. Такі самы колер меў твар дзядзькі Чэся ў калідоры ракавага корпуса. Каб жа я памыліўся!
Сваё
Зрэдку ў іншых бачыш самога сябе. Так дзяды бачаць сябе ва ўнуках. Так я назіраю ў зыходзе таты ўласную нямогласць, слабасць і бездапаможнасць у бязлітасным свеце. Тата — частка мяне. Сумна і балюча ўсведамляць незваротнасць зыходу.
Тэрмін
Калі выпісвалі з лякарні бабу Ядзю, дактары напрарочылі ёй месяц жыцця. Яна пабыла з намі месяц і тры дні. Цяпер, калі мы забіралі тату, лекары сказалі, што пражыве ён толькі тры месяцы. Ад гэтых думак у мяне халадзее кроў і калоціцца сэрца. 3 усіх сіл стараюся хоць бы выглядаць спакойным.
Агрэсія
Бываюць імгненні, калі мая жывёльная сутнасць паўстае супраць відовішча памірання. Нехта нябачны падштурхоўвае ўдарыць тату і ўцячы. Я саромлюся гэтых думак, гэтых біялагічных жаданняў. Стрымліваюся. Пераступаю праз іх. Гавару з татам. Услухоўваюся ў ягоныя часам блытаныя сказы. Імкнуся зразумець, падтрымаць. Бывае, што ён ужо і не зусім побач і не зусім са мною. На сонечны дзень ён можа сказаць: «Вось і дождж пайшоў. У Бога ўсё гатова!» А жывёліна зноўку прачынаецца. I, каб стрымацца, я кусаю сваю шчаку да болю, да крыві.
Мама
Мама надзявае акуляры, і я бачу, якія ў яе вялікія і якія заплаканыя вочы. Мама ўспамінае, як яна з татам і са мною, трохгадовым, ішлі па вуліцы. Я — у самаробных валёнках. «Каціўся наперадзе». Вялікі п’яны дзядзька прысеў перада мною, працягнуў руку і павітаўся: «Сяргей». Я таксама даў
яму руку і сказаў: «Адамка»,-— «Ну, ён у вас маладзец! Адам яго завуць?» — «Не, гэта прозвішча»,— сказаў тата. Мама ўспамінае рознае, добрае, вясёлае, каб не закрычаць, не завыць, калі глядзіць на свайго Чэся.
Маркі
Далёкія і нязначныя дэталі маіх стасункаў з татам пачалі набываць патрэбнасць і выразнасць. Гэта выключна нашае з ім, яно нікому іншаму не належыць. Вось паштовыя маркі. Тата дасылаў іх мне з Масквы ў канвертах, разам з лістамі да маці. Я наклейваў маркі ў альбом для фотакартак і безнадзейна псаваў іх як калекцыйныя рэчы. Сутнасць таго збірання, дасылання і наклейвання была ў нашым разуменні адзін аднаго. Мы сядалі за стол, разглядалі маленькія карціны, гаварылі пра далёкія краіны, пра Бурундзі, пра Індыю, пра Алжыр...
Спадчына
Тата шмат напісаў. Апошнія гады ён пісаў па маіх замовах і нейкім чынам асабіста для мяне. Цяпер я разумею, што большасць напісанага татам зроблена дзеля мяне і майго брата, дзеля ўнукаў. Смешна згадваць тут аўтарскія правы і наогул нейкае там заканадаўства. Але татава літаратурная спадчына належыць мне, я гэта адчуваю. I законы мяне не абыходзяць, хоць большасць нашчадкаў і спадкаемцаў творчага чалавека якраз цікавяць законы і грошы, выгандляваныя за спадчыну. Звычайна гэта людзі бедныя, ва ўсіх сэнсах.