Сям’я
Адам Глобус
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2017
Скаціна
Біць скаціну — вялікае майстэрства. Далёка не кожны зможа закалоць кабана ці хоць бы папрысутнічаць пры гэтай падзеі. Брат б’е скаціну па-майстэрску. Навучыўся ён гэтаму мужчынскаму рамяству на бульбе. Студэнтаў ганялі выбіраць калгасную гародніну. Гатаваць яны мусілі сабе самі. На сотню дзевак на філалагічным факультэце, дзе вучыўся брат, было менш за дзесяць хлопцаў, адпаведна на мужчынскую работу — упраўляцца з коньмі і біць скаціну — выбар быў небагаты. Каб накарміць сто ратоў, штодня трэба было або цяля забіць, або падсвінка зарэзаць. I не толькі забіць, а і скуру злупіць, і разабраць. Біццё скаціны — работа цяжкая, жывое-маладое паміраць не хоча, супраціўляецца, ірвецца, трапечацца... Яшчэ Эзоп заўважыў вінаватасць жывёлы ў тым, што нам хочацца есці, асабліва пасля цяжкай працы на полі, якая зноў жа мусіць карміць іншых... Бясконцае харчаванне, бясконцы канвеер прыро-
ды... За месяц брат так прапах жывёльнай смерцю, што вясковыя сабакі, толькі ўчуўшы яго, змаўкалі, падціскалі хвасты і хаваліся ў будкі.
Размовы
Ёсць шмат рэчаў, пра якія магу пагаварыць толькі з братам. Пра падарожжы... Мы разам ездзілі ў Афрыку. Тата яшчэ папрасіў: раскажыце пра пустэльню. Я спрабаваў апісаць словамі той жах, які выклікае бясконцая хвалістасць пяску пад цалкам пустым небам. Аповеды не ўражвалі. А ў размове з братам мне дастаткова сказаць: «Памятаеш Сахару?», каб ён зразумеў. Мешаніну іклатых і кіпцюрастых рэптыліяй на кракадзілавай ферме, дзе смурод гніення ўвабраў у сябе ўсе найсмуродлівейшыя водары планеты, таксама можа ўспомніць толькі брат. Як толькі я магу зразумець, чаму ён вырашыў аб’ехаць Калізей на кані. Падарожжы — гэта лірыка, грошы — вось кроў эканомікі нашай вялікай сям’і. Сур’ёзна пра капітал толькі з братам і гавару. Грошы — рэчыва цякучае, патрабуе штодзённага догляду і новых формаў. Таму адной размовы ў дзень пра фінансы нам замала. А ёсць такія дні, калі мы зачыняемся і дзень навылёт гаворым толькі пра грошы. Сям’я, як і грошы, таксама аб’ект зменлівы і непрадказальны. Тут у нас погляды розняцца, але разуменне захоўваецца; у сям’і галоўнае — разуменне і дараванне недаравальных учынкаў. Таму нам лёгка, адносна лёгка, гаварыць пра нашыя недахопы і памылкі, ведаючы, што можна не толькі сказаць, а паверыць, што цябе пачуе хоць бы адзін чалавек. А яшчэ з братам магу пагаварыць пра мару. He саромеючыся, сказаць пра самае патаемнае, якім бы прымітыўным і плыткім яно ні выглядала звонку, як тое скаканне на кані па Рыме, вакол вечнага Калізея.
Чорная рука
Больш гавораць пра расійскае п’янства і меней — пра зладзейства, хоць варта гэтыя заганы суседняга народа памяняць месцамі і паверыць Салтыкову-Шчадрыну, які на
просьбу імператара ахарактарызаваць адным словам ягоны народ сказаў: «крадуць», а не сказаў: «п’юць». У брата ўкралі п’есы. Прыехаў у Мінск віхлясты круцель з часопіса «Піянер», выпрасіў п’есы, ажно чатыры — «Чорная рука», «Белая прасціна», «Чырвоная пляма» і «Пацук-людажэр», і з’ехаў... He, ён не прапаў, ён даслаў ліст, у якім прапаноўваў перарабіць п’есы ў аповесць. У круцяля было вельмі літаратурнае прозвішча — Шаўчэнка. He менш літаратурнае прозвішча было і ў таго аўтара, які ўсё ж зрабіў з п’ес аповесць,— Успенскі. Толькі гэта не бацька расійскай педагогікі Успенскі, а той Успенскі, які прыдумаў Чабурашку і розную падобную дрэнь. He скажу, што Мірык прыдумаў Чорную руку, нават пісаць літаратурныя творы на матыў дзіцячых фолк-гісторый пра гарадскія жахі ён пачаў з Клімковічам — зразумела, не з аўтарам ажно двух гімнаў Беларусі, а Максімам Клімковічам, які стварыў першы новабеларускі дэтэктыў «Сцэнарый смерці». Карацей, п’есы скралі і перарабілі ў аповесць. Што-небудзь давесці ў судзе немагчыма, ды што гэта за пісьменнік, калі ён у судзе адстойвае аўтарскія правы... Літаратар даводзіць сваю праўду творамі. Напісаныя ў нашым выдавецтве аповесці пра чарапашак-ніндзя проста замачылі чабурашак на рынку. I калі пакрыўджаны Успенскі абураўся на тэлеэкране і заклікаў рускіх дзяцей не чытаць кнігі пра амерыканскіх чарапашак-ніндзя, брат толькі пасміхаўся, бо якія яны амерыканскія, калі яны — ніндзя, калі клічуць іх Леанарда, Мікеланджэла, Данатэла і Рафаэль, а напісалі пра іх у нашым мінскім выдавецтве «Літаратура».
Выбар
Выбіраючы паміж сябрам і братам, заўсёды выбіраю брата.
Кот
Калі нарадзіўся брат, да нас зайшоў мой найлепшы з тагачасных сяброў першакласнік Юра. Ён вельмі сур’ёзна агледзеў тады яшчэ безыменнага чалавека і сказаў: «Што такое брат? Вось у мяне ёсць кот Мурза, ён лепшы за твайго брата...»
Юравы словы зняважылі мяне страшэнна. Які кот? Які Мурза? Я ледзь стрымаўся, каб не ўдарыць Юрку, але пашкадаваў брата будзіць. Братаў сон у тыя дні быў найкаштоўнейшым скарбам у нашай сям’і. Тую знявагу я не забыў і таму не спачуваў Юру, калі ягоны Мурза здох. Кот заблыхасціў. Юраў бацька памыў яго дустам, знакамітым ББТ. Кот аблізаў сябе і атруціўся. А я, грэшны, радаваўся сябравай бядзе. Толькі тая брыдкая радасць не змыла крыўды. Дагэтуль я не дараваў з’едлівага «што такое брат?», недзе там, у самых глыбінях душы, не дараваў. Ёсць рэчы, якія проста не даруюцца ніколі.
Падарункі
Брат любіць рабіць падарункі. Больш скажу, ён робіць падарункі заўсёды завышанага кошту. Што б ні казалі, a выбіраючы падарунак мы так ці інакш ацэньваем чалавека, якому збіраемся зрабіць прэзент. Чым большая розніца паміж коштам падарунка і ўласнымі магчымасцямі чалавека нешта сабе набыць, тым больш шанцаў яго прынізіць і зняважыць. Адна рэч — падарыць свайму супрацоўніку на юбілей траціну ягонага месячнага заробку. I зусім іншая — таму самаму супрацоўніку набыць кватэру ў крэдыт, калі памер крэдыту перавышае трохгадовы заробак. У першым выпадку супрацоўнік будзе вельмі ўдзячны і набудзе сабе спінінг і блёсны на шчупака. У другім варыянце ён абразіцца і паспрабуе ўсімі праўдамі і няпраўдамі ўцячы ад цябе. Hi на якую ўдзячнасць у выпадку з кватэраю спадзявацца не даводзіцца. Брат падарыў людзям пяць кватэр. He без майго ўдзелу тое рабілася, але ініцыятыва сыходзіла ад яго. На ўлазінах ён быў толькі ў адной кватэры з пяці. «Нічога страшнага, што твой учынак, твой падарунак не ацанілі цяпер, галоўнае — твой жэст запомнілі, запомнілі назаўсёды. Нават і добра, што людзі не разумеюць значнасці твайго ўчынку і каштоўнасці падарунка. Чым надалей адкладаецца іх удзячнасць, тым лепей».
Каронка
Бываюць рэчы, якія мяне ў Мірыку страшэнна раздражняюць. Да прыкладу, жалезная каронка на зубе. Служба ў войску прывучала абыякава ставіцца да ўласнага аблічча. З’явілася самурайская суіцыднасць у паводзінах. Ад кепскага харчавання на палігоне ў брата пачалі развальвацца зубы. Ягоных роўных вялікіх зубоў яму было не шкада. I ў кароткім адпачынку яго ледзь угаварылі паставіць на зубы металічныя часовыя каронкі. Маўляў, прыйдзеш з войска, памяняеш. Прыйшоў — і яшчэ гадоў пяць бліскаў жалезнай усмешкаю. Паступова вярнулася стыльнасць аблічча: чаравікі, гарнітур, гальштук, роўная акантоўка валасоў, механічны гадзіннік, скураны пас... Нарэшце знікла і жалеза з усмешкі. Вядома, я мог пераканаць яго і раней зняць каронкі, але нашто раздражняць адзін аднаго па дробязных справах?
Скандаі
Брат не любіць скандалаў. Хто іх любіць? Толькі бізнес ёсць бізнес, і надыходзіць момант, калі хочацца набыць пісталет і зняць праблему. Каб не набываць зброі, каб не выкарыстоўваць кулак, даводзіцца павышаць голас. Аднойчы брат так крычаў на людзей, вінных нам грошы, што свядомасць пакідала яго, а калі вярталася, даўжнікі, што імгненне таму стаялі зусім побач, былі ўжо за метры тры ад брата. Калі свядомасць вярнулася другі раз, даўжнікі былі далёка-далёка, у самым канцы даўжэзнага калідора. Дзіўна, але ўзброеная ахова тых людзей зусім не рэагавала на крык, пэўна, яна была абучаная прыпыняць фізічную, а не вербальную агрэсію. Брат крычаў пра купленыя ордэны і званні акадэмікаў, пра гандаль міністэрскімі партфелямі і разбазарванне агульных сродкаў на непатрэбныя камандзіроўкі і ўтрыманне раздзьмутага штату супрацоўнікаў, пра абяцанкі-цацанкі і нетрыманне слова. Ён усё казаў слушна і лагічна, не лаяўся, не абражаў, не
параўноўваў людзей з жывёламі. Ён браў крыкам і ўзяў, бо пасля тэлефонных прабачэнняў усе зрабілі выгляд, што ніхто ні на каго не крычаў. Важна, што брат умее крычаць да страты свядомасці.
Драматургічнасць
Гадоў дзесяць у мінскім тэатры «Вольная сцэна» ідзе братава п’еса «Чорны квадрат», кабарэ-дэтэктыў пра Казіка Малевіча і Віцебск 20-х гадоў рэвалюцыйнага XX стагоддзя. Каб у Мінску былі вартыя павагі тэатры, брат пісаў бы п’есы. Павагі да беларускіх тэатраў у брата няма. Яму сорамна глядзець на свае спектаклі. Але жаданне ствараць драматургію ў кішэню не схаваеш. Адно тое гатэльнае перасяленне чаго вартае. Пачалося ўсё з таго, што наш аўтобус заглух у джунглях. 3 аднаго боку дарогі была вада, якая называлася Сіямскім морам і плаўна пераходзіла ў Індыйскі акіян, з другога — джунглі, варухлівая пыльна-зеленаватая мешаніна з флоры і фаўны. Над аўтобусам вісела тайландскае сонца, якое стварала на дарозе саракаградусную гарачыню. Пакуль кіроўцы поркаліся ў маторы, мужчыны спраўлялі патрэбы перад аўтобусам, a жанчыны — за ім, брат прыдумаў п’есу. Трэба ўдакладніць, што людзі, здатныя дабрацца з Мінска да тайландскіх джунгляў, дзе ў той час дажываў свае апошнія дні крыважэрны сацыяліст Пол Пот, мелі ўсе характарыстыкі байцоў. Сутнасць п’есы — помста за пакуты ў джунглях. Ідэя — мы павінны пасяліцца ў гатэль, лепшы за той, што нам прапануюць. Калі аўтобус завёўся і прывёз нас у патайскі чатырохзоркавы гатэль, брат нібыта незнарок гучна кінуў падпальны сказ: «Я ж казаў, гатэль будзе найгоршым!» I пачалося... «Ды не будзем мы тут жыць!» — «Сметніца, а не гатэль!» — «Шукай нам нармальнае жытло». Адказныя за рассяленне сварыліся і рассялялі людзей шэсць гадзін... Я паспеў паплаваць у моры, паспаць і павячэраць, пакуль дайшла наша чарга перасяляцца. Нас прывезлі ў цудоўны шматпавярховы шкляны будынак з вялікім басейнам і фантанам у фае. Вакол басейна стаялі светлыя лакіраваныя сталы, на адным была засцелена
газета, на якой стаяла бутэлька «Сталічнай» і ляжаў накроены хлеб з салам. Тры бандзюганы пілі гарэлку проста з рыльца. Ну няма ў Тайландзе чарак, няма, а піць гарэлку з рыльца ці з кубка — якая розніца! Убачыўшы нашага гіда-паляка, адзін з бандзюганаў узрадаваўся і сказаў: «Што, пшэк, усё дурыш рускага брата!» Тут і пачалася мая маленькая роля... «Паехалі назад!» — «Як назад, гэты гатэль лепшы»,— паспрабаваў спыніць мяне паляк. «Рускія тут. Рускія. Тут жыць нельга!» — «Разумею, рускія...» Па дарозе ў стары гатэль брат расказваў, як напіша п’есу пра скандал у гатэлі. He напісаў. Зрэшты, напісаў, проста не запісаў яшчэ.