Сям’я  Адам Глобус

Сям’я

Адам Глобус
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2017
38.85 МБ
Ток
Нарадзілася мая Ядзя не ў сем і не ў дзевяць месяцаў, як звычайна родзяцца, а ў восем. Неданасіла жонка дзіця, а ўсё з-за празмернай працавітасці. Трэба было ёй ставіць вопыты ў Акадэміі навук з нейкай там цэнтрыфугаю? Трэба было даследаваць нейкія перагародкі мембран і іх уплыў на працэсы старэння чалавечага арганізма? Можа, і трэба. Але праз любоў да ўсяго чалавецтва мы ледзь не згубілі нашае дзіця. Трыклятая цэнтрыфуга ўдарыла Алену токам, ды так лупанула, што арганізм не ўтрымаўся — і давялося нараджаць. Дачка была зусім маленькая, важыла крышку больш за два кілаграмы. I яе, бедную, адразу змясцілі ў празрысты бокс на цэлы, недаходжаны жонкаю месяц. Акадэмію навук, з яе вайсковым рэжымам, доследамі над жывёламі, таталітарным мысленнем, я не любіў даўно. Пасля ўдару токам па маіх жонцы і дачцэ гэтую ўстанову наогул узненавідзеў і зрабіў усё, каб Алена не вярнулася на працу ў Інстытут геранталогіі. Яна і не вярнулася, стала мірным і рэвалюцыйным фатографам і зрабіла безліч партрэтаў нашай Ядзі.
Розум
«Не збірай дзецям грошы, збірай розум»,— казала баба Броня. I не толькі казала, а і вывучыла сыноў. Гэтым афарызмам-сентэнцыяй карыстаюся і я. Збіраю, праўда, грошы, каб Ядзя хоць колькі магла павучыцца ў Лонданскім універсітэце. Наколькі вучоба і веды дадаюць розуму, можна дыскутаваць. Аляксандра Македонскага вучыў Арыстоцель — атрымаўся заваёўнік. Нерона спрабаваў адукаваць Сенека — а тыран спаліў Рым. I ўсё ж англійская адукацыя адрозніваецца ад беларускай у лепшы бок. Вярнуўшыся з Лондана, Ядзя абняла мяне, пацалавала і сказала: «Татачка, я так табе ўдзячна,
так удзячна... Ты сам не ведаеш, што ты для мяне зрабіў» Хіба ўдзячнасць — не праява розуму? Праява, самая натуральная.
Кефір
У Алены не хапала свайго малака, каб карміць Ядзю. На такі выпадак была ў Мінску дзіцячая кухня. Штораніцы я бег у тую кухню з бутэлечкамі, выстойваў чаргу. Чаму ў чарзе амаль не траплялася мужчын? Чаму цёмнымі зімовымі ранкамі ў мароз і снег па кефір для немаўлят прыходзілі цёткі і бабулькі? He ведаю. Але мне ад гэтага было толькі лепш, бо «тату» пускалі без чаргі. 3 кухні, пазвоньваючы бутэлькамі, я бег у радзільню, дзе мая дачка вельмі добра ела і праз месяц стала звычайнай дзяўчынкай, якую мне аддалі ў ружовай капэрце вясёлыя медсёстры.
Cool
Найлепш нашыя стасункі можна пазначыць англійскім паняткам «сооі». Паміж мной і Ядзяй заўсёды былі прахалода, свежасць, не існавала напалу і страсці. Спакой, незамутнёнасць, халадок застаюцца і цяпер. Часам і я, і яна бываем дзёрзкімі, бессаромнымі, нахабнымі, але і гэта ўкладаецца ў слова «сооі». Калі адбываюцца сутыкненні, дык гэта сутычкі двух круглых рэчаў, двух шароў Паміж намі няма вуглоў, фактур, шурпатасцяў. Пасля ўдару мы разлятаемся ў розныя бакі, як два більярдныя шары. I астываем хутка — як гарбата на скразняку.
Кручэнне галавой
Спачатку ні я, ні жонка не заўважалі, як Ядзя круціць галавою. Мы яе кладзём у ложак, а яна заплюшчвае вочы і пачынае матляць галавой то ўправа, то ўлева. Заўважылі — занерваваліся. У каго ні спытаем, ніхто не ведае. Нават дасведчаныя дактары хмыкалі і паціскалі плячыма. Гэтае кручэнне мы ўбачылі праз тыдні два, як забралі дачку з радзільні.
Алена здагадалася патэлефанаваць туды і запытацца ў нянек. Тыя і адказалі, смеючыся з нашых страхаў: «Гэта яна сама сябе гушкае, закалыхвае, каб хутчэй заснуць». Сапраўды, хто гэта будзе гушкаць-закалыхваць чужое дзіця ў пластыкавым боксе? Вось яно само і закалыхваецца. А яшчэ гэты бокс прывучыў Ядзю жыць па бальнічным раскладзе: уночы спаць, есці ў тэрмін, не капрызіць. Нам ад гэтага было значна лягчэй. Выспацца ўночы пры малым дзіцяці — вялікая раскоша.
Дзіцячы сад
Уладкаваць Ядзю ў дзіцячы сад, як высветлілася,— вялікая праблема. Месцаў, бач ты, няма. Загадчыцы гэтага праклятага садка я паабяцаў зрабіць роспіс на калідорнай сцяне, толькі каб яна знайшла месца. Панамалёўваў я розных пеўняў ды катоў з сабакамі. Тады і месца адшукалася ў кругласутачнай групе. «Паходзіць спачатку «на суткі», а потым перавядзём у звычайную групу». Ядзя адбыла ў тым садку тры дні і захварэла. Прастудзілі гадаўкі-выхавацелькі маё дзіця. I не толькі прастудзілі... 3 садка мы забіралі зусім іншую дзяўчынку, чым адводзілі туды. Мурзатую, прапахлую камбітлушчам і млоснай прэласцю, маўклівую і злосную. «На сутках» было толькі дзевяць дзяцей: два мурыны, два кітайцы, армяначка і нашы бязбацькавічы. Можна было б і даглядзець, здаецца. Але гэта адно здаецца. Таму, вылекаўшы Ядзю, мы ў садок яе не павялі, пакінулі гадавацца ў бабы Жэні і дзеда Вані. Ну a роспіс, пэўна, дажыў да першага рамонту.
Холад
Сяброўка спытала, чаму ў мяне працоўны кабінет пазавешаны Ядзінымі фотапартрэтамі. Я сказаў: пішу пра дачку, фоткі мне дапамагаюць. Вось і слова знайшлося, якое характарызуе нашы адносіны,— «сооі». «Гэта ж «халодны».— Сяброўка нібыта і пакрыўдзілася.— «Не «халодны», а «прахалодны». «Якая розніца? Вось магу расказаць пра сваю дачку... Самы запамінальны, самы кранальны для яе эпізод у стасунках з татам звязаны з цяплом, з шалікам... Ён павёз яе
ў бальніцу на аперацыю. Апендыцыт мусілі выразаць. Медсястра сказала, каб паабразалі ўсе пазногці, і дала нажніцы. Муж разуў дачку, а каб яна не ставіла босыя ногі на халодны цэмент, зняў шалік і паслаў на падлогу. Холадна было, снежань. Дачка запомніла татаў цёплы шалік на ўсё жыццё. A ты — «сооі».— «Правільна, cool. Каб не халодная падлога, каб не снежань, не бальнічныя скразнякі, не адчула б твая дачка цеплыні татавага шаліка».
Валасы
Адна з самых яскравых праяў у канфлікце паміж бацькамі і дзецьмі звязана з валасамі. Калі адно пакаленне носіць доўгія валасы, дык другое пастрыжэцца «пад нуль». Калі «нулявая» мода стане традыцыйнай, дык наступнікі расфарбуюцца ва ўсе колеры вясёлкі ці надзенуць парыкі. I так з веку ў век. Ведаючы гэта і памятаючы, як сам гадаваў непаслухмяны кудлаты хаер. чакаў, калі ж Ядзя пачне дэманстраваць сваю дзёрзкасць і непаслухмянасць на галаве. Дачакаўся. Дзесяцікласніцай яна была і чырвонай, і сіняй, і зялёнай, і каштанавай, і ў белыя пёры, і з жоўтым вожыкам. Я не абураўся, адно прасіў, каб купляла якасную фарбу і не перапальвала валасы, бо лысая жанчына, як і рэдкавалосая, не зусім прывабна глядзіцца пасля грыццаці. Mae парады ўспрымаліся кепска, але той цырульна-фрызурны пратэст мы даўно перажылі, і цяпер у дачкі натуральныя цёмна-русыя валасы, якія аздабляюць твар вялікімі кудзерамі.
Пялюшкі
Цяпер, у часы памперсаў з блакітнымі тэлевізійнымі сікунамі і празрыста-зялёнымі тэлекакамі, развагі пра мыццё, сушэнне і прасаванне мяккіх пялюшак выглядаюць архаікай. Такі ўжо ў чалавека лёс — бегчы за хутказменлівай рэчаіснасцю, стаміцца і назаўсёды застацца ў мінулым. Толькі мне дарагія ўсе Ядзіны перамытыя мной і Аленаю пялюшкі. Колькі мы іх папаласкалі? Безліч, сказаў бы я, каб не ведаў Юру Маліноўскага, які палічыў усе пялюшкі, перамытыя за сваім сынам. У яго атрымалася 1700, і амаль столькі ж перамыла ягоная жонка. Ядзіны
пялюшкі я не лічыў. Пэўна, яно і правільна — не ўсё трэба падлічваць у нашым свеце. I колькі мы яшчэ перамылі б, перапаласкалі, перапрасавалі, каб толькі Ядзя была здаровая, чыстая і вясёлая? Тут ужо дакладна — безліч.
Нянавісць
Падзелы, перабудовы, пераарыентацыі, што адбыліся ў нашым грамадстве за апошні час, вельмі моцна ўдарылі па маіх анарха-дэмакратычных перакананнях. Адбылося тое праз Ядзю. Яна марыла стаць доктаркаю, паступіць у медыцынскі інстытут і лячыць людзей. Таму ў школе выбрала бальніцу, каб хадзіць на практыку. Там яе на працягу трох месяцаў прымушалі мыць прыбіральні, нібыта іншай працы для медсястры і быць не можа. Ядзя паскардзілася дырэктарцы школы, а тая, паабяцаўшы дапамагчы, насамрэч затаіла сваю сацыяльную нянавісць і падчас агульнашкольнага сходу сказала, што такія, як Ядзя, калі не хочуць мыць прыбіральні, хай «валяць» да сваіх багатых бацькоў і ў іх працуюць, і ў іх вучацца, як нажывацца на бедах народа. Ну і якая пасля гэтага дэмакратыя і талерантнасць? Вядома, Ядзя пачала працаваць у мяне, і жадання стаць медыкам у нашай краіне ў яе паменела, а потым і зусім знік намер вучыцца на доктарку.
Несупадзенні
Чым болей думаю пра Ядзю, чым далей пішу пра яе, тым больш бачу несупадзенняў паміж створаным мною вобразам і рэальнасцю. Мая Ядзя значна меншая за сапраўдную. Так скульптура, зробленая ў натуральную велічыню, выглядае заўсёды меншай за жывога чалавека. Каб каменная ці бронзавая постаць не была замалай, яе трэба выляпіць на траціну большай. Жывы заўсёды ў руху, заўсёды змяшчаецца ў прасторы, дыхае, паварочваецца, узаемадзейнічае з асяроддзем, падпарадкоўваецца яму і ў той самы час падпарадкоўвае яго сабе. Нават адбітак у люстэрку меншы за таго, хто ў ім адлюстроўваецца. Таму я ніколі не разумеў Нарцыса, закаханага ва ўласны твар на паверхні вады. Таму напісаць з натуры
партрэт любімай дачкі, ведаючы наперад пра паразу, цяжка. I ўсё ж...
Адчужанасць
Ядзя прынесла відэакасету «Вяртанне ў пекла». Насамрэч у англійскім варыянце фільм называўся «Сын, які прапаў». Мы селі глядзець яго пасля вячэры. Жонка, дачка і я глядзім нейкі трылер з мажным французскім кінаакторам, які даволі няўмела іграе прыватнага дэтэктыва, што намерыўся перамагчы сусветную мафію педафілаў Сюжэт квалаваты. Ну, пераможа ён вычварэнцаў, гандляроў мексіканскімі дзецьмі. Таму разглядаем Лондан. Стараемся пазнаць гатэлі і вуліцы, дзе здымалі трылер. Гэтымі размовамі перакрываем сцэны гвалту над хлопчыкамі. I я лаўлю сябе на адчуванні, што Ядзя зусім дарослая, зусім не дзіця. I калі ўранку, запаўняючы анкеты на новы пашпарт, я з сумам прапусціў графу дзеці, дык увечары парадаваўся, што мая малодшая і любая дачка вырасла. Цяпер яна дарослая і чужая. Ці дакладней, не такая блізкая і залежная, як раней.
Школа
Мая асабістая нялюбасць да школы перарасла ў нелюбоў да Ядзінай школы ды і да школы ўвогуле. У Ядзінай школе я быў усяго два разы. Першы раз я прывёў яе, упрыгожаную белымі бантамі, у першы клас, а другі раз занёс дырэктару заяву, каб дачку вызвалілі ад працоўнай практыкі ў калгасе, бо мы ехалі на Балтыйскае мора адпачываць. I ўсё. За адзінаццаць гадоў два разы. Вучылася Ядзя добра, паводзіла сябе прыстойна, на бацькоўскія сходы хадзіла баба Жэня. Школу мы перажылі лёгка.