Сям’я  Адам Глобус

Сям’я

Адам Глобус
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2017
38.85 МБ
Фотавершы
Мы сустракаемся, малюемся, фатаграфуемся, цалуемся, рвём фотаздымкі, рэжам карціны, пішам маніфесты: «Пераробім!», «Зруйнуем!», «Адновім!» Маніфест, як афарызм, будуецца на парадоксах. Весела. Шумна. Аэрадынамічна выглядаюць палёты здымкаў і малюнкаў, кінутых з моста ў рэчку Свіслач. Вынаходзім форму творчасці: фотавершы — тэксты, напісаныя на здымках, ці здымкі, аздобленыя вершамі. Робім выставу ў інстытуцкім фае. Дэкан здымае. Кажа, што ў радку «ліст паляцеў» чуецца слова «паліцай». Ідыятычны крэтынізм — асноўны стыль у паводзінах дэканаў, рэктараў і прарэктараў усіх часоў, дзяржаў і народаў. Прыхільнікаў у фотавершаў няшмат, але ёсць. Сябры, вядома. Фотавершаў робім процьму. Яны — нібыта лісцікі на дрэве нашага кахання. Я іх збіраю ў папкі. Яны і праз дваццаць гадоў у нас, у шафе кніжнай, каля ложку.
Доўгі-доўгі дзень
Калі ты некага кахаеш, абавязкова надыходзіць доўгі-доўгі дзень. Знікае ноч: ты не спіш, ты кладзешся спаць, але не можаш заснуць, устаеш і едзеш, імчыш-ляціш да яе. Яна гэтаксама не спіць. Вы сустракаецеся а пятай раніцы, каля возера. Чаму каля возера? Каб многа неба, каб неба адбівалася ў вадзе, а вада плыла ў небе. Каб усё ў свеце пераблыталася і перамяшалася. Ноч перамешваецца з днём, зямля — з небам, чорнае — з белым. Каб ты пацёк у яе, а яна — у цябе. Гэта і ёсць доўгі-доўгі дзень.
Вяселле
Мы жэнімся. Вяселле не такое, як ва ўсіх. Мы распісваемся ў вёсцы Пагост. Выдатнае месца, каб спраўляць вяселле. Могілкі люблю я. Могілкі любіць Алена. Сведак бракуе. Жанчына, якая афармляе шлюб, здзіўляецца. Дзе госці? Дзе сведкі? Дзе бацькі? У Мінску чакаюць. Вы праўда прыехалі на аўтобусе? Мы — бедныя, і прыязджаем і з’язджаем з мястэчка Пагост рэйсавым аўтобусам.
Альбом
Ёсць рэчы, якія робіш без пэўнай мэты, ці дакладней — імпульс, які штурхае іх рабіць, тоіцца ў глыбінях інтуіцыі. Таму цяжка растлумачыць іншым, нашто я перабіраю дзіцячыя фотаздымкі Алены, зробленыя цесцем, і, адабраўшы больш выразныя, клею іх у альбом. Hi жонцы, ні цесцю той альбом не быў патрэбны. Яны не выказалі нічога адмоўнага, але і ўхвалы былі толькі ветлівыя, не больш. Ёсць і ёсць, каб не зрабіў, нічога б не здарылася б і не змянілася. Зрэшты, я не разлічваю на іх захапленне. Мяне цікавіць іншае. Што? Пра тое я даведаюся пазней, калі Ядзя пойдзе ў першы клас, сядзе за парту, і яе сфатаграфуюць з букваром. Дачка прынясе са школы здымак, я пакладу яго ў «жончын» альбом і ўбачу: Алена і Ядзя — адзін чалавек, які адначасна жыве ў двух узростах. Насуперак логіцы, рацыі, розуму і папярэднім сваім ведам я ў гэта паверу, гледзячы на падабенства фотапартрэтаў дачкі і жонкі, Алены і Ядзі.
Яе mama
У жонкі ёсць адзін чалавек, які любіць толькі яе і больш нікога. Калі я гавару з ім, мне падаецца, што ён нікога і не любіў за сваё доўгае жыццё, акрамя яе. За гэтае пачуццё, за гэтую адданасць і шчырасць Алена хоча аддзячыць і запісацца мардвінкаю, як бацька. Яны абое ганарацца сваёю прыналежнасцю да вугра-фінаў. Усё фінскае, эстонскае, вугорскае ў іх добрае апрыоры. Каб не мая цешча. у жончыным пашпарце стаяла б: «мардвінка». Але цешча, мудрая жанчына, сказала, што, жывучы ў славянскім свеце, трэба выбіраць славянскую нацыянальнасць. Прозвішча Бяляеў, якое носіць сям’я, выдуманае для жыцця ў савецкай імперыі. Сапраўднае прозвішча цесця — Ісаеў. Так мая жонка робіцца беларускай.
Вершы
Пісаць вершы недасягальнай каханцы, адсылаць іх у лістах, чакаць адказаў. Ну вядома, такога ў літаратуры безліч.
Дульсінеі, Лауры, Анабэлі Лі... А каб жонцы пісаць? Нашто? А таму, што ў Алены да мяне быў іншы муж. А таму, што ў Алены і пасля мяне можа быць іншы муж. Таму, што на Алену наплывае наркатычны сон, і жыццё страчвае вартасці, каштоўнасці і прывабнасці. Яе жыццё крышыцца і рассыпаецца. Побыт яе прыгнятае. Прэснасць патрабуе кіслаты, вогненнасці і вастрыні. Ёй балюча і нясцерпна, яна такая:
Жонка
У сне сустракаеш другога, А ўдзень ты не помніш яго. Мяцеш і шаруеш падлогу, Чакаючы мужа свайго. Крухмаліш, прасуеш кашулі. Дзіцяці гатуеш абед, Намыўшы да бляску каструлі,— Вось так і трымаецца свет.
Вось так трымаецца свет? He. Ён няўстойлівы, нетрывалы, самаразбуральны і самастваральны. Прынамсі, у Алены ён такі. У ім, як у кожным мастакоўскім жыцці, святы пераблытваюцца з шэрымі буднямі...
Свята
Панурым восеньскім дажджом
Цякла нудлівая нядзеля.
Ты праз вакно на свет глядзела.
Твая душа плыла за шклом
I клікала пакінуць дом.
Ты нечакана спахмурнела —
Схапіла за крыло душу...— Спыніся,— я цябе прашу.
Прашу. Яна спыняецца. Дзякуючы вершам?.. Спыняецца, і дзякуй богу.
Пераклады
Спачатку жонка з захапленнем перакладае маю прозу. Чытае Белага, гартае слоўнік Даля. Яна сябруе з расійскімі метафарыстамі — Паршчыкавым і Яроменкам, што выкладаюць мае вершы з маскальскіх слов. Чым больш я пішу, тым меншае жончын імпэт да перакладаў... Пазней яна наогул пакідае чытаць мае тэксты. Знаходзяцца іншыя перакладчыкі. Рэч не ў гэтым, а ў тым, што я герметычна запакоўваюся ў сваю мову. Пераклады Алены — аматарскае захапленне, якое сваечасова згасае.
Брат-нябожчык
Брат у Алены быў—прыгожы, чарнавокі, добры і таленавіты. Прынамсі, усе такім яго ўспамінаюць. Брат прападае. Апошні раз яго бачаць каля Акадэміі навук. Знікае ён зімою, а цела чалавека, падобнага да Аленінага брата, знаходзяць у Свіслачы, за 30 кіламетраў ад Мінска ўніз па плыні, толькі ўвесну, калі лёд сышоў. Ёсць шмат версій, хто і як яго забіў. Аленін тата наогул адмаўляецца прызнаваць у нябожчыку сына. Алена застаецца з перакананнем, што яе брата забіваюць з-за музыкі... Так-так, ён выдатна грае на гітары, ён захапляецца бітам і рок-н-ролам, ён у 1968 годзе ўдзельнічае ў першым савецкім рок-фестывалі. А саўдэпаўская імперыя змагаецца са шкоднай ідэалогіяй усімі метадамі, не грэбуе і забойствамі. Я, працуючы журналістам, спрабую шукаць праўду, але не знаходжу. Знікненне, забойства, пакуты жончынага брата застаюцца ў цемры таямнічасці. У гэтай безнадзейнасці для ўсёй Аленінай сям’і ярка і выразна гучыць адно імя — Валодзя. Таму і мой прыход у жончыну сям’ю вітаецца напачатку з-за імя. Я мушу крыху кампенсаваць сваёй прысутнасцю іх страту. Гэта не гаворыцца, не абмяркоўваецца — так ёсць.
Падарожжы
Што мяне, што яе, нас заўсёды некуды нясе, гоніць у блізкі і далёкі свет. Ёй хацелася стаць акіянолагам, а я марыў пра
археалагічныя экспедыцыі. Яна пачала фатаграфаваць, а я — маляваць і апісваць. Мы разам аб’ездзілі больш за дваццаць краін. Толькі ёсць істотная розніца паміж намі як падарожнікамі. Мяне зусім абыходзяць знаёмствы з абарыгенамі. I справа не ў моўным бар’еры, хоць і ў ім таксама... Проста я не лічу, што ў Барселоне магу пазнаёміцца з кімсьці больш цікавым за Гаўдзі, Пікаса ці Міро, а ў Рыме мяне захапляюць архітэктурныя абломы, бачаныя Цэзарам і Неронам. Я шукаю месцы, дзе мог бы пачуць іх галасы... Алена знаёміцца з рознымі нікчэмнасцямі... Яна вельмі дзівіцца, што я з такімі хабламі не жадаю нават бачыцца. I на яе экстравагантных фота яны выклікаюць у мяне гідоту. Каб не гэтае жончына захапленне, каб не чалавекападобная садавіна-гародніна, мы б падарожнічалі разам значна болей, а так мы шмат ездзім паасобку.
Геніяльнасць
Табе кажуць: «Твая жонка — геній!.. А ты — ніхто?!» Мне такое гавораць. I хто? Крываногая палюбоўніца кінарэжысёрадакументаліста, жоўтазубая, як нутрыя. Атручаная злосцю сліна ляціць мне ў вочы. Я не лезу на сцяну. He пускаю з рота пену. He б’юся ў істэрыцы... Пагаджаюся. Ветліва ківаю галавою. Так, так... У адоранага чалавека ўсё мусіць быць выдатнае: і адзенне, і творы, і заробкі, і жонку ён выбірае адпаведную: таленавітую і разумную. Можна і наадварот... У таленавітай жанчыны — муж, адораны прыродаю, лёсам, Богам і яшчэ немаведама кім і чым.
Любіць — не любіць
Ненавіджу вяселлі, банкеты, пахаванні, урачыстасці і ўсё астатняе, звязанае з народнымі масамі, класамі, пралетарыямі, сялянамі і элітамі. Алена таксама не любіць, не шануе і не фатаграфуе: працэсіі, ускладанні вянкоў, мітынгі, маніфестацыі, ветэранаў, ветэрынараў, дзяцей з малпамі, шлюбныя ўрачыстасці, вайсковыя парады, трупы і ружы цялеснага колеру. Яна здымае іншае. Сябровак, сяброў, сухія кветкі, чаўны, гаражы, лімоны, сінія бутэлькі і мяне. Яна любіць мяне, Пла-
тона, Магрыта, італьянскае Адраджэнне, англійскі рок-н-рол, Вільню, срэбра, Барселону, дачку Ядзю, Амстэрдам, Бэрклі з ягоным вечназменлівым дрэвам, сына Міколу і Кёльн... Яе любяць нашы дачка і сын, манекеншчыцы, японка Акеці, натуршчыкі, гаспадары вялікай маёмасці, уладальнікі заводаў, рэдактары часопісаў, рэкламныя агенты, яўрэі, кіношнікі, разумныя кабеты... Неразумныя кабеты яе таксама любяць і ў якасці доказаў шчэраць пашчу і гавораць мне: «Твая жонка — геній! А ты — ніхто!»
Дамова
Я ніхто? Я муж геніяльнай жонкі! Я люблю яе. Каб зберагчы каханне, я не купляю фотапаштовак, не фатаграфую, не здымаю кіно, не працую на TV, не малюю аголеных натуршчыц. Алена ўсё можа сфатаграфаваць і зняць у кіно. Бывае, вельмі хочацца фатаграфаваць і маляваць голых баб, дзяўчат, кабет, дзевак, дзяву-у-уль... Стрымліваюся. А бывае, Алена папросіць сфатаграфаваць яе. Толькі тады. Раз на год... Фа-та-гра-фую! А яна не піша вершаў, эсэ і апавяданняў. Такая ў нас дамоўленасць. I яшчэ ёсць дамова: пасля смерці нашы душы будуць жыць разам на Кальварыйскіх могілках, на высокіх клёнах.
Негатывы
Тысячы і тысячы негатываў. Вялікія шафы з негатывамі. У тэчках, у капэртах, у скрынях... Алена іх разразае і загортвае ў аклееную белую паперу. Яны складваюцца і чакаюць, каб... I ніхто ці амаль ніхто не вяртаецца, не просіць надрукаваць сябе ізноў. Вяртаюцца па негатывы негатыўныя жанчыны. Яны пагражаюць, патрабуюць грошай і знішчэння тых негатываў. Яны абвінавачваюць Алену ў распаўсюджванні парнаграфіі, у сквапнасці і ў пахабстве, у хлусні і бяздарнасці. Яны таму і негатыўныя, бо ва ўсім бачаць негатыў: чорнае, злое і лжывае. Даводзіцца ўмешвацца мне, казаць: негатывы і ўся Аленіна творчасць належаць нашай сям’і. Гэта спрацоўвае. Негатыўныя бабы і дзядулі сыходзяць, а негатывы застаюцца ў шафе чакаць.
Утульнасць
Натуршчыца Вольга сказала: «У вашым доме нельга адпачыць. Вы самі ўвесь час працуеце, і робіцца няёмка адпачываць...» Сапраўды, я ўвесь час імкнуся зрабіць пустату, a жонка імкнецца яе запоўніць. Мне патрэбна майстэрня, дзе можна засяродзіцца на адной рэчы, на той, над якой я працую ці збіраюся працаваць. Астатняе мне перашкаджае. Жонка, наадварот, запаўняе прастору рэчамі, якія будуць дапамагаць у будучай працы. Я раблю кабінет-майстэрню, а яна — майстэрню-лабараторыю. Людзі вакол яе — натуршчыкі і лабаранты. Іншых не бывае. Натуршчыкі пераўвасабляюцца ў лабарантаў, а лабаранты ў натуршчыкаў, як плады ў кветкі, а кветкі ў плады. 3 кветак, пладоў, натуршчыкаў і лабарантаў жонка спрабуе стварыць утульнасць. Я ссоўваю гэтую ўтульнасць у адзін пакой, а яна распаўзаецца па ўсіх пакоях. Працэс перасоўвання перманентны, таму адпачываць у ім немагчыма. У нашым доме ніколі не бывае выходных дзён, усе дні святочна-будзённыя і будзённасвяточныя ў адначассе. Такая ў нас квяціста-рухомая ўтульнасць.